Хачу, каб у мяне было многа лiлей
Лiпень — месяц, калi ў садах цвiтуць чароўныя лiлеi. Якраз у сярэдзiне месяца я завiтала на падворак Таццяны i Валерыя Юковiчаў, што ў вёсцы Шуневiчы Глыбоцкага раёна. I хоць гасцiнная гаспадыня сустрэла на прыпынку цягнiка (бо да сядзiбы было яшчэ добрых кiламетраў пяць), пераблытаць iх двор было немагчыма — адразу звяртаеш увагу на разнаквецце ў палiсаднiку, пад самымi вокнамi. Прычым уся гэтая прыгажосць спалучаецца з чароўным водарам, якi асаблiва адчуваўся на зыходзе дня.
Вядома ж, выдзяляюцца пляцiстыя ружы, гордая чырвоная манарда красуецца на фоне белай гартэнзii, кляматысы трымаюцца крыху ўбаку, быццам хочуць каб iх не зблыталi з iншымi кветкамi; пачынаюць зацвiтаць самых розных адценняў флёксы: белыя, ружовыя, фiялетавыя; тут жа лекавыя эхiнацыя i расходнiк (очиток); васiлькi, мяцёлкi астыльбы чырвонай i ружовай. I, вядома ж, упрыгажэннем палiсаднiку з’яўляюцца лiлеi. Белыя, жоўтыя, ружовыя, з фiялетавай акантоўкай, аранжавыя ў крапiнку. — Мне падабаюцца ўсе кветкi, ад самых раннiх крокусаў да познiх хрызантэм, — гаворыць Таццяна. — Каб iх не прыхапiў мароз, бо цвiтуць яны ў мяне аж да снегу, на ноч iм на «галоўкi» адзяваю навалачкi, а калi мароз не адпускае i ўдзень, тады зразаю ўсё гэта i прыгажосць стаiць ў мяне ў хаце. I ўсё ж лiлеi мяне асаблiва радуюць, з iх цвiценнем расцвiтае ў мяне душа. — Яшчэ ў старажытнасцi гэтыя кветкi служылi сiмвалам нявiннасцi i прыметай вытанчанага густу. А самыя старажытныя звесткi аб iх звязаны з Кiтаем. Iх бутоны i маладыя парасткi ўжывалi ў ежу, выкарыстоўвалi ў медыцыне. Лiлеi — адзiн з любiмых матываў для малявання. Затым гэта кветка была незаслужана забытая. — Каб стварыць багатую калекцыю гэтых цыбульных раслiн i авалодаць сакрэтамi iх вырошчвання, патрабуецца многа часу, цярпення i ведаў, — працягвае Таццяна. — Яны вельмi адчувальныя да вiрусных хваробаў. Ужо ў мiнулым стагоддзi быў адкрыты шэраг марозаўстойлiвых i вынослiвых вiдаў, а гiбрыдныя лiлеi паклалi пачатак новым стандартам велiчынi кветак. Дыяметр кветкi вагаецца ад 2,5 см да 30 см. Малюткi, такiя, як карлiкавая лiлея, прыгодныя для ракарыя, а двухметровыя гiганты высаджваюць на заднiм плане бардзюра. Прыхiльнiкi лiлей часта для iх адводзяць асобную клумбу, але хачу сказаць, што большасць лiлей добра адчуваюць сябе сярод кустоў i iншых кветак, вось як у мяне. А пры правiльным падборы гатункаў iх кветкi могуць радаваць вока з мая па кастрычнiк. Амаль пра кожную кветачку ў гаспадынi ёсць гiсторыя цi легенда аб яе паходжаннi. Напрыклад, маргарыткi, якiя бы жамчужынкi зiхацяць то тут, то там у палiсаднiку, маюць многа легендаў. Таццяна расказвае адну з iх, згодна з якой кветку называюць «вечнай прыгажуняй». Расказваецца, як вельмi прыгожую дзяўчыну праследаваў стары. Страцiўшы надзею пазбавiцца ад яго, яна звярнулася да багоў. Каб выратаваць дзяўчыну, багi ператварылi яе ў сцiплую кветачку, якая цвiце круглы год. У многiх народаў маргарытка з’яўляецца сiмвалам дабрынi i сардэчнасцi. Цi яшчэ такая нi чым не прыметная кветка як расходнiк (очиток, седум), акрамя ўсiх яе вартасцяў, з’яўляецца i лекавай. Легенда гаворыць, што ў караля не было дзяцей. Слынныя лекары старалiся вылечыць першую асобу дзяржавы, але нiкому не ўдавалася. I вось неяк завiтаў да яго дзядок i прапанаваў свае паслугi. «Ты што, жартуеш, стары, медыцынскiя свяцiлы спрабавалi вылечыць мяне. Я загадаю цябе пакараць за такое нахабства.» «Пакараць мяне ты заўсёды паспееш, паспрабуй сродак, якi я прыгатаваў для цябе.» Цi доўга прымаў той напой кароль, невядома, але ў хуткiм часе нашчадак з’явiўся. Таццяна — аграном па спецыяльнасцi, можа таму такая любоў да зямлi, да кветак, усяго, што звязана з зямлёй. Але, на жаль, нават у вёсцы пасада агранома незапатрабаваная. Незапатрабаванымi застаюцца i «залатыя рукi» мужа Таццяны — Валерыя. Два самаробныя трактары, сабраныя з дэталяў, падабраных на звалцы, дапамагаюць у гаспадарцы. Ды часам вясковыя хлопцы на iншамарках пад’язджаюць з просьбай: «Iванавiч, паглядзi, што з маёй машынай». Дэталi з iншамарак не часта выкiдваюць на звалку, i тады Валерый, калi не можа дапамагчы, то дыягназ машыне паставiць дакладны. Кветкi з Таццянiнага саду бываюць упрыгажэннем любой урачыстасцi: вяселля, дзён народзiнаў, школьных святаў. «Я iх даю людзям, а iх у мяне ўсё больш расцвiтае», — усмiхаецца яна. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Лiпень — месяц, калi ў садах цвiтуць чароўныя лiлеi. Якраз у сярэдзiне месяца я завiтала на падворак Таццяны i Валерыя Юковiчаў, што ў вёсцы Шуневiчы |
|