РОСТ З «АДСТАВАННЕМ»... ПА ТРЭЦI РАЁНАЎ
Сяргей ГРЫБ.
У першай палове года ў сярэднiм па краiне былi выкананы ўсе прагнозы па росту заробкаў. Разам з тым, як адзначаюць у Мiнiстэрстве працы i сацыяльнай абароны, сiтуацыя з зарплатай аказалася далёка не адназначнай. I перш-наперш — з-за адставання асобных раёнаў i прадпрыемстваў камунальнай формы ўласнасцi.
200 долараў яшчэ не факт? Як сведчыць статыстыка, у чэрвенi памер сярэдняй зарплаты ў цэлым па краiне склаў 710,2 тыс., а па бюджэтнай сферы — 642,9 тыс. рублёў. Або адпаведна 330,7 i 299,3 долара ў эквiваленце. Адначасова рост рэальных, з улiкам змянення цэн на тавары i паслугi, заробкаў адносна аналагiчнага перыяду летась перавысiў 10-працэнтную адзнаку. Паводле слоў прэс-сакратара мiнiстэрства Галiны Трафiменкi, такi малюнак не ў апошнюю чаргу тлумачыцца павелiчэннем аб’ёмаў вытворчасцi, скарачэннем страт працоўнага часу, заменай састарэлага абсталявання, а таксама — рашэннем аб павышэннi заробкаў найбольш нiзкааплатных катэгорый бюджэтнiкаў. Пры гэтым, заўважыла Галiна Трафiменка, рост сярэдняй зарплаты назiраўся па ўсiх абласцях i сталiцы краiны, i ў тым лiку — па прадпрыемствах камунальнай уласнасцi. Праўда, якраз наконт рэгiянальнага ўзроўню i ўзнiкаюць цi не самыя вострыя пытаннi. Так, у мiнiстэрстве канстатуюць, што за студзень—чэрвень планы па павышэнню заробкаў былi не выкананы адразу па 45 са 118 адмiнiстрацыйных адзiнак. У Брэсцкай вобласцi гэта Бярозаўскi, Ганцавiцкi, Драгiчынскi, Жабiнкаўскi, Кобрынскi i Пружанскi, у Вiцебскай — Глыбоцкi, Гарадоцкi, Аршанскi, Пастаўскi i Чашнiцкi, у Гомельскай — Брагiнскi, Добрушскi, Ельскi, Жыткавiцкi, Калiнкавiцкi, Лельчыцкi, Лоеўскi, Нараўлянскi, Акцябрскi, Петрыкаўскi, Рагачоўскi, Хойнiцкi i Чачэрскi, у Гродзенскай — Бераставiцкi, Зэль-венскi, Астравецкi, Слонiмскi, у Мiнскай — Вiлейскi, Валожынскi, Клецкi, Капыльскi, Любанскi, Маладзечанскi, Мядзельскi, Нясвiжскi, Стаўбцоўскi, у Магiлёўскай — Бабруйскi, Горацкi, Кiраўскi, Клiчаўскi, Круглянскi, Мсцiслаўскi, Слаўгарадскi, Чэрыкаўскi раёны. Да таго ж у двух раёнах (Кармянскiм i Хоцiмскiм) сярэдняя зарплата так i не выйшла на «мiнiмальны» на сёння ўзровень у 200 долараў. У сувязi з гэтым, мяркуюць у мiнiстэрстве, у «складаных» раёнах трэба надаваць больш увагi фiнансаваму стану прадпрыемстваў-аўтсайдараў. Зрэшты, яшчэ адна крынiца для росту — павышэнне зарплаты работнiкам бюджэтнай сферы, дзяржслужачым i ваеннаслужачым. У прыватнасцi, такiя задачы прапрацоўваюцца зараз. Налiчыць — яшчэ не выплацiць Апошнiм часам агульныя па краiне сумы пратэрмiнаванай запазычанасцi па зарплаце вымяраюцца сотымi долямi працэнта. Нават у горшым выпадку ў сумны спiс даўжнiкоў трапляе ўсяго 1—2 прадпрыемствы. Дзеля справядлiвасцi, нельга не заўважыць, што «спiсваць у архiў» гэту праблему яшчэ заўчасна. Так, падчас праверак Дэ-партаментам дзяржаўнай iнспекцыi працы, толькi за сёлетнiя студзень—чэрвень парушэннi тэрмiнаў разлiкаў з работнiкамi адзначаны ў 931 арганiзацыi. А найбольшая колькасць такiх арганiзацый была ў Гродзенскай (283), Мiнскай (171) i Гомельскай (125) абласцях. Апроч таго, за палову года было выяўлена 42 арганiзацыi, дзе налiчэнне зарплаты рабiлася на ўзроўнi менш за «мiнiмалку». У сумных «лiдарах» тут апынулiся тыя ж Гродзеншчына i Гомельшчына. Рэгiянальныя «ваганнi» Як адзначыла Галiна Трафiменка, у пачатку лiпеня афiцыйны ўзровень беспрацоўя па Беларусi зменшыўся да рэкордна нiзкай адзнакi — 1 працэнта ад агульнай колькасцi эканамiчна актыўнага насельнiцтва. Пры гэтым сёлета знiжэнне напружанасцi на рынку працы адбылося ў 26 з 29 найбольш «праблемных» малых гарадах, зменшылася (з 9,8 тыс. да 9,5 тыс. чалавек) колькасць беспрацоўных у сельскай мясцовасцi. У рэшце рэшт, таксама цiкавая акалiчнасць — зараз колькасць грамадзян, што знаходзяцца на ўлiку ў службах занятасцi насельнiцтва, аказалася меншай за колькасць вакансiй. Дарэчы, за студзень—лiпень на створаныя вакансii былi працаўладкаваны 98,2 тыс. чалавек, 10,9 тыс. беспрацоўных атрымалi накiраваннi на прафесiйную падрыхтоўку цi перападрыхтоўку, 1,4 тыс. беспрацоўных скарысталiся магчымасцю фiнансавай падтрымкi на арганiзацыю ўласнай справы, а 144 сям’i пераехалi на сталае месца жыхарства i працы ў сельскую мясцовасць. Аднак, заўважыла Галiна Трафiменка, тут выпадае зноў весцi размову аб «рэгiянальных» адрозненнях. Скажам, выкананне цяперашнiх заданняў па працаўладкаванню беспрацоўных вагаецца ад 32,5 працэнта па Мiнску да 49,2 працэнта па Магiлёўшчыне, па прафесiйнай падрыхтоўцы i перападрыхтоўцы — ад 22,7 працэнта па Мiнску i 37 працэнтаў па Мiнскай вобласцi да 52,9 працэнта па Вiцебшчыне, а па перасяленню сем’яў на новае месца жыхарства i працы — ад 24 працэнтаў па Брэсцкай i 33,3 працэнта па Гродзенскай да 52 працэнтаў па Гомельскай i 56,7 працэнта па Вiцебскай абласцях. Дапамогi. I не толькi Яшчэ адзiн вынiк паўгоддзя — павелiчэнне колькасцi грамадзян, занятых у айчыннай эканомiцы. Паводле папярэднiх ацэнак, у студзенi—чэрвенi ў краiне працавала 4 млн 409,6 тыс. чалавек. З аднаго боку, гэта стала наступствамi таго ж стварэння новых i больш прывабных з пункту гледжання зарплаты працоўных месцаў. А з iншага сiтуацыя тлумачыцца дасягненнем працаздольнага ўзросту даволi масавым пакаленнем моладзi, якая з’явiлася на свет падчас бэбi-буму сярэдзiны 1980-х гадоў. Вялiкая колькасць моладзi ва ўзросце да 30 гадоў стала i прычынай... павелiчэння нараджальнасцi. За сёлетнiя студзень—май у Беларусi з’явiлася 41,3 тыс. немаўлят, што аказалася на 9,1 працэнта больш, чым за аналагiчны перыяд летась. Пры гэтым найбольшы рост колькасцi нараджэнняў зарэгiстраваны ў Гомельскай i Брэсцкай абласцях — 11,6 i 10,9 працэнта адпаведна. Як нагадала Галiна Трафiменка, сёлета прынята некалькi рашэнняў па падтрымцы сем’яў з дзецьмi. Прыкладам, адбылося павышэнне аднаразовых дапамог пры нараджэннi, вызначана большая «планка даходаў» для атрымання бясплатнага харчавання на дзяцей ва ўзросце да 2 гадоў, павялiчаны льготы па падаходнаму падатку для сем’яў, што маюць траiх i больш непаўналетнiх дзяцей або дзяцей-iнвалiдаў. Пры гэтым наступным крокам павiнен стаць рост «асноўных» дапамог на дзяцей ва ўзросце да 3 гадоў. У графiках. З працягам? Як канстатуюць у мiнiстэрстве, у параўнаннi з аналагiчным перыядам мiнулага года за сёлетнiя студзень—чэрвень сярэднямесячны намiнальны памер пенсii па ўзросту павялiчыўся на 18,3, а памер рэальны, з улiкам змянення цэн на тавары i паслугi, — на 10,1 працэнта. Такiм чынам, той жа сярэднi паказчык пенсii па ўзросту ў цэлым за паўгоддзе склаў 292,4, i ў тым лiку ў чэрвенi — 292,8 тыс. рублёў. Гэта, адзначае Галiна Трафiменка, цалкам адпавядае планам. Тым не менш нельга не прызнаць, што праблема даходаў пенсiянераў застаецца адной з найбольш вострых. Таму, зазначаюць у мiнiстэрстве, сёлета мяркуецца правесцi прынамсi адзiн пераразлiк пенсiй — нягледзячы на тое, выйдзе цi не рост сярэднiх заробкаў на неабходную для гэтага 15-працэнтную адзнаку. Сядзелка пакуль у дэфiцыце Паводле даных мiнiстэрства, на ўлiку ў тэрытарыяльных цэнтрах сацыяльнага абслугоўвання насельнiцтва зараз знаходзяцца больш за 1,5 млн грамадзян Беларусi. Пры гэтым, паводле слоў начальнiка ўпраўлення дзяржаўнай сацыяльнай падтрымкi насельнiцтва Валянцiны Сяргеевай, па вынiках года ў краiне павiнна з’явiцца 79 аддзяленняў i 119 сацыяльных пунктаў цэнтраў, якiя пераважна будуць адчыняцца ў сельскай мясцовасцi. Адным з найбольш «папулярных» вiдаў дапамогi па-ранейшаму застаецца абслугоўванне на даму. Але не толькi. Апошнiм часам актыўна пашыраецца пералiк паслуг тэрытарыяльных цэнтраў. I не ў апошнюю чаргу паслуг, якiя аказваюцца на платнай аснове — маецца на ўвазе апрацоўка прысядзiбных участкаў, дробны рамонт жылля i гаспадарчых пабудоў, стварэнне службаў нянечак, сацыяльнага таксi i сядзелак. Да слова, як адзначае Валянцiна Сяргеева, на сёння аказанне паслуг тых жа сядзелак наладжана паўсюль. Аднак калi ў Вiцебскай вобласцi колькасць работнiкаў, якiя даглядаюць пажылых грамадзян i iнвалiдаў, складае 645, у Магiлёўскай — 222, то ў Мiнскай — усяго 12, Гомельскай — 22, а ў сталiцы — 54 чалавекi. I асаблiва цяжка «адшукаць» кандыдата на пасаду сядзелкi менавiта ў буйных гарадах. Мiж тым, таксама не сакрэт: дапамога састарэлым i iнвалiдам «у хатнiх умовах» магчыма не заўсёды. Часам iм неабходна перасяленне ў спецыялiзаваны iнтэрнат. Так, зараз у 70 падобных установах стала пражываюць звыш 16,5 тыс. чалавек. Прычым, лiчаць у мiнiстэрстве, для прывядзення жылых памяшканняў у адпаведнасць з санiтарнымi нормамi ў iнтэрнатах патрэбна ўвесцi дадаткова яшчэ 1290 месцаў.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У першай палове года ў сярэднiм па краiне былi выкананы ўсе прагнозы па росту заробкаў. Разам з тым, як адзначаюць у Мiнiстэрстве працы i сацыяльнай а |
|