Уладзімер Падгол. МЕРКАВАНЬНЕ. Агульнанацыянальны дыктант у гонар 90-годзьдзя БНРУладзімер Падгол. 55 гадоў. Жанаты трэці раз. Мае трох дзяцей, аднаго ўнука. Кандыдат філасофскіх навук. Апошні запіс у працоўнай кніжцы: з лютага 1997 года — кіраўнік інфармацыйна-аналітычнага цэнтра Прэзідыюма Вярхоўнага Савета 13-га склікання. Аўтар «Падручніка па апазыцыйнай барацьбе», кнігі «Асновы палітычнай псіхалогіі», раманаў «Куля для прэзідэнта», «Валадар Кулі», «Чортавы жорны», а таксама канцэпцыі амерыканскага «Акта аб дэмакратыі ў Беларусі». Стваральнік Музея жорнаў. 90-годзьдзе БНР могуць і хочуць адсьвяткаваць значна больш людзей, чым дазваляе традыцыйная форма шэсьцяў і мітынгаў. Агульнанацыянальны дыктант можа вывесьці на шэсьці і мітынгі ў гонар 90-годзьдзя БНР значна больш удзельнікаў. Агульнанацыянальны дыктант можа яшчэ больш зьяднаць беларусаў усяго сьвету і далучыць да барацьбы за незалежнасьць новых прыхільнікаў волі. Некалькі дзён таму я меў размову з ветэранам апазыцыйнага руху, якому ўжо 75 гадоў. Шмат пра што пагаманілі, а калі пайшла гаворка пра маючае адбыцца шэсьце і мітынг на 90-годзьдзе БНР, ён сумна зазначыў: «Гады ня тыя, каб хадзіць ды з міліцыянтамі біцца. Ногі баляць, ледзь да крамы даходжу, сэрца тахкае...» А я падумаў, што ад удару міліцыянта-бамбізы гэты хрупкі дзядок можа і памерці. Жонка ягоная ўжо сышла з жыцьця. Вось і атрымліваецца, што сьвята для яго разам з аднадумцамі можа і не атрымацца. Хіба што каля радыёпрымача... Ужо пасьля той размовы даведаўся, што літоўцы 26 студзеня трэці раз правялі па ўсім сьвеце агульнанацыянальны дыктант. Прычым шмат каму знаёмы з беларусаў міністр замежных справаў Літвы Пятрас Вайтэкунас пісаў дыктоўку ў Германіі разам з кіраўнікамі літоўскіх грамадаў краінаў Эўразьвязу, дзе яны ладзілі сустрэчу. Пісалі і беларускія літоўцы ў амбасадзе Літвы ў Менску... Пісалі, каб мацаваць павагу да роднай мовы, каб яна разьвівалася. І гэта была грамадзкая акцыя ў эўрапейскай краіне, дзе дзяржаўнасьць мовы гарантуе яе няўміручасьць! Дарэчы, пераможцы конкурса дыктовак робяцца на пэўны час нацыянальнымі героямі Літвы. Я падумаў, а чаму б і нам, беларусам, 25 сакавіка за некалькі гадзінаў да шэсьця не напісаць разам агульнанацыянальны дыктант. Уявіце, як гадзін у 10 раніцы паўсюль, дзе толькі мажліва: ва ўправе БНФ, у офісах партыяў, у таварыстве беларускай мовы сядуць партыйныя і грамадзкія лідэры разам з шэраговымі сябрамі рухаў і партыяў; выбітныя пісьменьнікі, гісторыкі, навукоўцы поруч са сваімі чытачамі — і разам напішуць дыктант на тэму «Чаму і як я сьвяткую 90 годзьдзе БНР». Дыктуе аўтар тэксту па радыё Свабода. Папярэдне тэкст дыктанта можна выставіць у інтэрнэце, распаўсюдзіць на відэастужках і дысках, але без напісаньня складаных словаў і спрэчных знакаў прыпынку. А пасьля на мітынгу удзельнікам раздаецца правільны тэкст. Камісія абвяшчае пераможцаў. Поўныя тэксты друкуюцца ў «Народнай волі», «Нашай ніве»... Сама акцыя сумеснага напісаньня дыктанта ва ўсіх куточках Беларусі і за яе межамі можа стаць сусьветнай дэманстрацыяй салідарнасьці беларусаў з роднай мовай і адзін з адным. Мне могуць запярэчыць, што за некалькі гадзінаў немажліва напісаць і праверыць тэкст. Што шмат хто засаромеецца браць удзел і здаваць тэкст, каб не атрымаць адмоўную адзнаку. І гэта правільныя пярэчаньні. І здымаюцца яны проста. Па-першае, дыктоўку можна пачаць пісаць і за тыдзень да 25-га сакавіка. Але 25 лідэры мусяць сесьці разам і прадэманстраваць, што яны пішуць, як гімназісты ў школе жыцьця. Па-другое, ніхто не будзе прымушаць здаваць тэкст, здача толькі для жадаючых праверыць свае веды. Кожны можа забраць дыктоўку ў свой уласны архіў, праверыць сам сябе па матрыцы і потым паказваць дзецям і ўнукам тэкст першай агульнанацыянальнай дыктоўкі. Спытаеце: хто напіша кананічны тэкст дыктанта? Нашы пісьменьнікі і паэты здольныя гэта зрабіць. Тэкст можа быць з дзьвюх частак: верша і празачінага твора, накшталт тэкста Арлова «Незалежнасьць гэта...» Урэшце, ў СМІ трэба надрукаваць усе прапановы дыктовак, зь якіх можна потым скласьці кнігу аб першым агульнанацыянальным дыктанце, праектах тэкстаў, пераможцах. Хай нашчадкі пачытаюць, параўнаюць. Чым узнагародзіць пераможцаў? Па-першае, самая галоўная ўзнагарода — ужо само прызнаньне пераможцам у першым агульнанацыянальным конкурсе дыктанта. Вынікі і пераможцаў можна выяўляць у розных вагавых катэгорыях. Па-другое, бясплатная падпіска на Ніву, Волю, кнігі паэтаў і пісьменьнікаў зь іх подпісам і зычаньнямі. Па-трэцяе, камітэт «Звана волі», дзе сустаршынямі ёсьць Марачкін і Шатэрнік, можа ўзнагародзіць копіяй Звана волі, які стаў сімвалам беларускага супраціву, які быў зьняволены міліцыянтамі і ўрэшце вызвалены і не пераплаўлены... Марачкін ужо падтрымаў гэтую ідэю. А зараз зьвяртаюся да тых, хто лічыць сябе паліттэхнолягам ці робіцца такім напярэдадні акцыі і перад кожнай пакутуе, вынаходзячы так званыя мабілізацыйныя сродкі і метады. Калі напярэдадні шэсьця ў Дзень Волі дзесяткі сябраў сядуць побач і напішуць адзін і той жа тэкст на тэмат «Чаму я сьвяткую Дзень Волі», што яны скажуць на разьвітаньне, паціскаючы адзін аднаму рукі? Правільна, скажуць: «Да сустрэчы!» А дзе? Як кажуць, здагадайцеся з аднаго разу... Асобная тэма — звароты да ўладатрымальнікаў з прапановамі ўзяць удзел у агульнанацыянальным дыктанце. Год таму было неверагодным прадбачыць, што яны з 25 сакавіка будуць гнаць хвалю акцыяў пад лёзунгам «За незалежную Беларусь». Гэта вынік настойлівай працы актывістаў апазыцыі. Наўрад ці яны далучацца да дыктанта апазыцыі. Але з цягам часу хай самі наладзяць нешта падобнае. Калі беларусы па ўсім сьвеце будуць пісаць дыктант, дэманструючы павагу да роднай мовы, то ніякая прапаганда ня зможа ні замоўчаць, ні збэсьціць салідарнасьць з культурай, з традыцыяй. Так, як ніякі хакейны турнір з удзелам уладара пад час Раства Хрыстова ня можа ўзьняць яго вышэй Бога. У тэхналягічных момантах маёй прапановы шмат што трэба абмяркоўваць, узгадняць. Але трэба і рабіць, нават калі першы раз нешта і не атрымаецца так, як бачыцца ў ідэальнай мадэлі, далучыць усіх жадаючых па ўсім сьвеце, уключаючы і расейскія рэгіёны. Дарэчы, ідэя агульнанацыянальнага дыктанту находзіць станоўчы водгук у нашых уплывовых замежных сяброў. Яны гатовыя аказаць дапамогу з памяшканьнямі ў краінах Эўразьвязу для напісаньня тэксту нашымі зямлякамі. Тут «Бацькаўшчына» магла б таксама парупіцца. Праца мусіць быць супольнай. Сябры Рады БНР таксама могуць стаць прыкладам у дэманстрацыі салідарнасьці з нашаю моваю, якая ёсьць мова БНР. 90-годзьдзе БНР дае вельмі добрую нагоду распачаць новую традыцыю. І тады мой знаёмы, якому ўжо 75 гадоў, і другія людзі сталага веку, якім цяжка хадзіць на шэсьці і стаяць на мітынгах, а таксама малыя, якіх бацькі баяцца выводзіць пад дубінкі міліцыянтаў, змогуць вывесьці іх на гэтую сымбалічную пісьмовую дэманстрацыю ў гонар слыннай даты. І будучы змагар за Незалежнасьць з гонарам будзе помніць і распавядаць сябрам, як ня проста пісаў дыктоўку, а пісаў разам з беларусамі ўсяго сьвету, мацуючы тым самым і баронячы мову і волю. Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Уладзімер Падгол. 55 гадоў. |
|