Усе шапікі вернуць на прыпынкі?
Як даведалася Еўрарадыё, сталічныя ўлады пад ціскам мінчукоў гатовыя перагледзець сваё рашэнне аб зносе ўсіх камерцыйных шапікаў. Кіраўнікі сталічных адміністрацый кажуць, што знос шапікаў адклалі. І зараз на самым версе вырашаецца, што рабіць далей. Магчыма, знесеныя шапікі вернуцца на прыпынкі і будуць неяк рэарганізаваны. Пра тое, што шапікі, магчыма, захаваюцца 20 лютага нечакана заявіў начальнік упраўлення прадпрымальніцтва камітэта эканомікі Мінгарвыканкама Аляксандр Каліноўскі. Сакратарка намесніка старшыні Мінгарвыканкаму Алега Табанюхава паведаміла Еўрарадыё, што зараз кіраўніцтва вырашае, ці пакідаць тыя шапікі, што яшчэ засталіся, і ці вяртаць на месца знесеныя.
Сакратарка: “І вяртанне знесеных, і рэарганізацыя кіёскаў - варыянты разглядаюцца розныя. Пакуль нічога ніхто сказаць не можа. Як толькі гэтае пытанне будзе вырашана, абавязкова хтосьці з кіраўніцтва выступіць у СМІ”. Начальнік аддзела гандлю і паслуг Мінгарвыканкама Аляксандр Лукашэвіч гаворыць Еўрарадыё, што зараз усе службы горада падключыліся да абмеркавання гэтага пытання. Але пры гэтым ён нагадаў, што прадпрымальнікаў нібыта загадзя папярэджвалі: шапікі ім дазваляюць ставіць часова. Аляксандр Лукашэвіч: “Першапачатковае рашэнне аб зносе было разлічана на два гады. Іх час быў да 1 студзеня 2008 года. Было прынята такое рашэнне - яны ўсталёўваюцца часова. Функцыянаваць яны мусілі толькі да 1 студзеня. Потым, з улікам усіх абставінаў, разглядалася пытанне аб зносе. І зараз разглядаецца”. Нагадаем, гаспадарам усіх знесеных шапікаў чыноўнікі Мінгарвыканкама абяцалі знайсці месца ў гандлёвых цэнтрах сталіцы. Начальнік аддзела гандлю і паслуг упэўніў Еўрарадыё, што месца абавязкова знойдзецца ўсім. Але гаспадар шапіка па вуліцы Сурганава Сяргей Паплаўскі кажа, што мала хто з прадпрымальнікаў пагодзіцца працягваць бізнес у гандлёвым цэнтры. Сяргей Паплаўскі: “Вы ведаеце, якая там арэнда? Ад 30 еўра ў месяц за 1 квадратны метр. І такое месца яшчэ трэба знайсці”. Акрамя таго, кажа, уладальнікам шапікаў давядзецца амаль цалкам мяняць асартымент. З тым, чым яны гандлююць сёння, у гандлёвым цэнтры ім рабіць няма чаго. Сяргей Паплаўскі: “У нас разлічана на тое, што калі чалавек едзе на працу, дахаты альбо ў госьці, летам, калі спякотна, альбо зімой, калі холадна, ён можа набыць, што яму патрэбна імгненна. У гандлёвы цэнтр ніхто не пойдзе за шакаладкай, півам ці пракладкамі. У цэнтр мы з гэтым не пойдзем. Нам наўзамен прапаноўваць нічога не будуць”. Шапік на вуліцы Сурганава стаіць ўжо 10 гадоў. Прадпрымальнік кажа, што калі яму давалі дазвол на яго ўстаноўку, размоваў пра часовасць гэтага не было. Праўда, у апошнія тры гады, час ад часу, казалі, што магчыма давядзецца яго прыбіраць. Але кожны раз размовы заціхалі. Сяргей Паплаўскі: “Мы ставілі 10 гадоў таму. І тады ніхто пра часовасць нічога не казаў. Але гады тры таму пачалі кожны год казаць, што прыбіраем. І на гэтым усё”. Па яго словах, прэтэнзіі да нібыта забруджанай тэрыторыі вакол шапікаў, выказваюцца не па адрасе. Прадпрымальнікі плацяць па 70 тысяч рублёў штомесяц Рэмаўтадору за прыборку і вываз смецця тры разы на дзень. Намеснік кіраўніка адміністрацыі Фрунзенскага раёна Мінску Андрэй Ясючэня пагадзіўся з тым, што на тых прыпынках, дзе стаяць шапікі, парадку больш. Андрэй Ясючэня: “Гэта вялікі мінус, што трэба за прыпынкамі сачыць. А там прадпрымальнікі падтрымліваюць іх пастаянна ў задавальняючым стане”. Па словах чыноўніка, у раёне 94 шапікі. Іх ужо збіраліся зносіць, але пакуль знос адклалі - чакаюць рашэння Мінгарвыканкама. Сам намеснік кіраўніка адміністрацыі кажа, што не супраць, каб яны былі. Андрэй Ясючэня: “Я не супраць прынцыпова, калі гэта новы, прыгожы шапік. Ён, можа, і патрэбны. Я катэгарычна іх не адвяргаю - ёсць такі від гандлю”. Як даведалася Еўрарадыё, нягледзячы на тое, што чыноўнікі яшчэ не вырашылі лёс шапікаў, дакументы, на падставе якіх вырашаецца, каму і дзе можна ўсталёўваць новы шапік, ужо не дзейсныя. Андрэй Ясючэня: “Няма інструкцыі, парадку альбо распараджэння ўстанаўліваць шапікі. Яны былі, але зараз прыпыненыя. У выніку, мы не маем права ўстанаўліваць новыя”. Атрымліваецца, калі ўлады вырашаць шапікі на прыпынках пакінуць, могуць узнікнуць пытанні з устаноўкай новых. Але нам бы гэтыя захаваць. Зміцер Панямонаў Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Як даведалася Еўрарадыё, сталічныя ўлады пад ціскам мінчукоў гатовыя перагледзець сваё рашэнне аб зносе ўсіх камерцыйных шапікаў. |
|