21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Сяргей Дубавец. СВАБОДА. Жыццё пад дзягаю

26.08.2009 08:54 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:


Сяргей Дубавец. Пісьменнік, журналіст, выдавец. Нарадзіўся ў 1959 годзе ў Мазыры. Пісаў усё жыццё, шмат і ва ўсіх жанрах, пераважна — у палемічным. Выдаў некалькі кніг эсэістыкі і прозы. Асноўная тэма творчасці — шуканне ўласнае тоеснасці беларуса ў сваёй краіне і ў свеце, у гісторыі і ў космасе. Быў рэдактарам газет «Свабода» (1990) і «Наша Ніва» (1991). З 1997 мае на Радыё Свабода аўтарскую перадачу «Вострая Брама». З прыездам Казуліна з зоны дадому штосьці змянілася ў беларускім паветры. Быццам дзве прасторы — зоны і дому — зліліся ў адно. Адно салодка-трывожнае прадчуванне, якое нельга выказаць словамі, бо яно там — ніжэй пояса. Нешта падобнае было, калі раптам давозілася ў пільнай сямейнай справе выехаць з піянерскага лагера альбо з вайсковае часткі альбо з зоны. І кожнага разу ў галаве круцілася думка, што па сутнасці ніадкуль і нікуды ты не выехаў. Што лагер, частка і зона — усяго толькі ўмоўнасць, бо і тут, па-за іх межамі, дзейнічаюць тыя самыя законы. Бо ўся наша краіна, уся яе тэрыторыя, куды толькі дацягваецца рука ўлады, — гэта рэжымная зона. А «Віцьба-3» — усяго толькі гульня, накшталт «Зарніцы» ў лагеры «Лясная казка». Гераізм тут лёгка аказваецца злачынствам — гэтаксама, як камсамольцы-ударнікі БАМа напавер аказваліся банальнымі савецкімі зэкамі, пакаранымі за тое, што не хацелі ніякага камсамолу. Як сотні тысяч беларускіх сялян, што трапілі ў зону з «прафесарскімі» прысудамі — за а/с (антысавецкую) агітацыю і к/р (контррэвалюцыйную) прапаганду. Як філолагі бацька і сын Вячоркі, што атрымалі свае суткі за брыдкаслоўе. Урэшце, як гэты самы прафесар Казулін — рэктар галоўнага ўніверсітэта краіны, пасаджаны на пяць з паловай гадоў за... хуліганства.

«Мы іх у гасцініцу размясцілі...»

З прыездам Казуліна адчулася, як ніколі, што ў Беларусі і сапраўды зона — паўсюль. Быццам гэта ён на вопратцы прывез яе дух у сталіцу. Ён так і сказаў, што яму цяпер усё адно, дзе жыць — у турме ці па-за турмой. Не толькі таму, што ён страціў жонку, але таму, што ў прынцыпе розніцы — няма. Прасторы зоны і нязоны зліліся, як у часы ГУЛАГу. Гэта толькі на нейкі час нам падалося, што яго больш няма. Мы крыху расслабіліся і адсунулі ГУЛАГ у сваім уяўленні кудысьці туды, у гісторыю і ў Сібір. А ён тут як тут, як і быў тут заўсёды. Між іншым, усе нашы беларускія ўдарныя прадпрыемствы, кшталту Мінскага аўтамабільнага заводу, былі такімі ж падраздзяленнямі таго турэмнага архіпелагу, як і сумнай славы Беламорканал. На МАЗе, а не дзе-небудзь, адбывалі пакаранне і гінулі ў 1950-я гады маладыя беларускія патрыёты, асуджаныя за а/с і к/р.

Калі я напісаў пра масавыя расстрэлы польскіх шпіёнаў у трыццатыя гады, мне заўважылі, што па-мойму выходзіць, быццам уся краіна, усе яе насельнікі былі задзейнічаныя ў механізмах ГУЛАГу. Маўляў, не можа гэтага быць. Можа. Нездарма кажуць, што ў тыя часы ўсе «ехалі ў трамваі» — адны сядзелі, другія трэсліся. Уся краіна была адной вялікай зонай. І застаецца. Толькі цяпер гэта аскепак вялізнага ГУЛАГу. Выступы першай асобы, хоць бы і пра таго ж Казуліна, іх манера і стыль не пакідаюць сумневу, хто на зоне пахан. Але слабасць нашага ГУЛАГу ў тым, што ён — усяго толькі маленькі аскепак таго, вялікага, на ўсю шостую частку сушы. Гэтая слабасць і прымушае яго выпускаць палітычных вязняў альбо спыняць канвеер зніклых альбо даць Казуліну «камандзіроўку». Аднак сутнасць рэжыму ад гэтага не змяняецца.

Каб зразумець яе, трэба зразумець яго прыроду. Згадайце зэка, які просіцца назад у турму. Альбо ўспомніце сваіх саслужыўцаў тэрміновае службы, якія засталіся на прапара...

Эйфарыя маладое крыві, асалода першай закаханасці і першай блізкасці, нараджэнне першага дзіцяці, — што ў Мінску, што дзесьці за калючкай у Казахстане — перажываецца аднолькава. Бо нічым не адрознівае нас ад жывёлаў. Гэта свабода — ужо ад галавы і ад сэрца. Мараль з эстэтыкай — ад галавы і сэрца. Але нам не да галавы і сэрца. Бо зона — гэта столь, якую вызначае скураная дзяга, гэта жыццё ніжэй пояса. Гэта не пакаранне ці яшчэ якое асэнсаванае дзеянне. Там няма месца думкам альбо пачуццям, бо гэта ўсё вышэй пояса. Там жа пануюць інстынкты, рэфлексы і смутныя прадчуванні. І пакаранне зыходзіць не ад злосці і не ад закона. Гэта проста такая форма жыцця. Як на калгаснай ферме. Вось і ўсё. І змяніцца такое жыццё можа толькі са зменаю пахана — як у 1953-м. Бо ў аскепка ГУЛАГу тыя самыя законы існавання, што і ў цэлага.

Прыезд Казуліна зрабіў нашу сітуацыю больш праўдзівай і лепш зразумелай, але ніяк не больш «ліберальнай». Няхай не расчароўваюцца тыя, хто шукаў праяваў чалавечнасці на калгаснай ферме. Не там шукалі. Афіцыйных спачуванняў сп. Казуліну не будзе. Бо спачуванні — ад галавы і сэрца. Ніжэй пояса ім месца няма. Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі.
Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы.
 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика