Андрэй Хадановіч. МЕРКАВАНЬНЕ. Сакавіцкая дыктоўкаПару гадоў таму я напісаў на адным літаратурным форуме такія радкі: Ня стоміцца пісаць рука Пра восьмага сакавіка! – і атрымаў не скажу каб вельмі арыгінальны адказ ад старэйшага калегі па пяры: Ня стоміцца пісаць рука Пра дваццаць пятага сакавіка! Рытмічная кульгавасьць радка пісьменьніка не зьбянтэжыла. Галоўнае – так бы мовіць, вызначыцца з прыярытэтамі. Андрэй Хадановіч. Паэт, перакладчык, выкладчык, эсэіст, аматар сьвята 8 сакавіка. Што ж, давайце вызначымся. У нас цяпер модна прапагандаваць сакавіцкія дыктоўкі, а мне якраз згадалася адна, пісаная, як ні дзіўна, таксама ў сакавіку. А дакладней, сёмага. Палова маёй пароўну падзеленай для ўрокаў францускае клясы тады засяроджана рыпела пёрамі пад дыктоўку настаўніцы: “Chère maman! A l’occasion de la fête de 8 mars…” (“Дарагая мама! З нагоды сьвята 8 сакавіка” і г.д.) Мы пісалі чарнавік віншаваньня, якое пасьля мусілі ахайна перапісаць на сьвяточныя паштоўкі. Ня ведаю, ці пісала ў той момант сваю дыктоўку другая палова клясы зь іншым настаўнікам францускае. Ці падпісвалі ў той момант у іншых клясах і школах паштоўкі мамам мае равесьнікі па-ангельску, па-нямецку, па-гішпанску. Але дакладна ведаю, што асаблівага душэўнага хваляваньня я не адчуваў, бо тое, што яшчэ летась было сьвятам мамы, раптам зрабілася сьвятам сымпатычнай аднаклясьніцы, якой падпісвалася іншая паштоўка, прычым больш нэрвова, з большай колькасьцю памылак і крэсьленьняў, хоць і зусім не па-француску. Непадзельна маміным гэта сьвята было ў дзіцячым садку (“Дети хором скажут нам: «Это праздник наших мам!»), калі штогод вучылася неймаверная колькасьць маразматычных вершыкаў на гэтую тэму. Вершыкаў, што павінны былі выхоўваць і выхоўвалі. Памятаю, як, прачытаўшы нешта накшталт: “Проснется мама – чай готов”, я адной прыўкраснай раніцы, апальваючы пальцы запалкамі, упершыню спрабаваў самастойна запаліць фаерку газавай пліты. (А чаму раней навучыліся вы: чытаць ці карыстацца запалкамі?) Але потым наставаў момант, калі ты віншаваў ня толькі маму, ня толькі бабулю ці сястру. Гэта было і не віншаваньне зусім. Тэкст францускай паштоўкі быў бы дарэчны: менавіта што “з нагоды сьвята 8 сакавіка…” Ты атрымліваў законнае права (нешта накшталт павольных танцаў для абдымкаў), цалкам легальную магчымасьць зрабіць учынак, які ў іншай сытуацыі выглядаў бы проста непрыстойным. Усе твае аднаклясьніцы сёньня атрымаюць стандартныя прэзэнты-віншаваньні ад сваіх стандартных аднаклясьнікаў, а ты рызыкнеш і нешта падарыш пэрсанальна ёй. Пэрсанальна ад сябе. Тым больш што яна ўжо рызыкнула на 13 дзён раней. Ці сьвяткуеце вы 8 сакавіка (23 лютага)? Напісаў – і адчуваю, што гэтыя дзьве даты (адна зь якіх – у дужках) надта ж нагадваюць адзін і той самы дзень, проста запісаны паводле розных – грыгарыянскага і юльлянскага – календароў (ня верыце – палічыце самі й праверце). Напраўду, ці не адно гэта і тое самае сьвята, проста адзначалі мы яго паводле двух – мужчынскага і жаночага – стыляў? Такое сабе затарможанае вясельле, дзе “перерывчик небольшой” надта ж зацягнуўся – і бацька жаніха выступае са сваім сьвяточным тостам праз 13 дзён пасьля маці нявесты. Сьвет, дыхатамічна падзелены папалам і прынесены ў ахвяру традыцыйнай (пост)савецкай гендэрнай сымэтрыі. Спачатку – мужчынскі дзень, потым – жаночы. (Цікава, як сьвяткуюць і ці сьвяткуюць гэтыя дні сэксуальныя меншасьці? Адзін мой украінскі стужкафрэнд напісаў учора ў сваім жывым дзёньніку: “лесбійкі: з 8 сакавіка!” Але ад надпісу: “гомасэксуалісты: з 23 лютага!” – чамусьці ўстрымаўся. Відаць, такі пабаяўся “абаронцаў айчыны” рознай полавай арыентацыі.) Два сьвяты ў адным на адной шостай частцы зямлі, да якой яшчэ не дайшоў місыянэр каханьня сьвяты Валянцін. А як толькі дайшоў – сьвяты імкліва пачалі страчваць свой сэнс, саступаючы больш моцнаму наркотыку, расфасаванаму па аднаразовых валянцінках. Калі ад іх сёньня і засталося хоць нешта шчырае, то гэта (як калісьці ў нашых дзяцячых садках) пачуцьці дзяцей да сваіх матуляў і татуляў. Як на мяне, беларусам цалкам хапіла б і 14 лютага – аднаго нармальнага лютаўскага і аднаго нармальнага сакавіцкага сьвята (я пра дваццаць пятага). А восьмага сакавіка засталося б днём народзінаў паэта і палітычнага пэрформэра Славаміра Адамовіча: адэпты адзначалі б гэтае міжнароднае сьвята ад Беларусі да Нарвэгіі, прычым хлопчыкі зашывалі б сабе рот, а дзяўчаткі пасьля дэфляравалі б хлопчыкам вусны нацыянальна сьвядомым пацалункам. Ці дажывем мы да лютаўскіх дыктовак, калі на ўроках замежнай мовы, сьледам за сваімі настаўнікамі, дзеткі будуць выводзіць усімі мовамі сьвету валянцінкі – віншуючы ўласных бацькоў? Калі добра выхаваныя дзяўчаткі будуць майстраваць для таты з мамай прабітае стралой Амура сэрцайка, а дрэнна выхаваныя хлопчыкі – прабіты стралой Амура кандом са сьвяточным надпісам: “Хачу браціка ці сятрычку”? Гэта будзе азначаць, што два савецкія “полавыя” сьвяты канчаткова ляснуліся. А пакуль што наш брат пісьменьнік можа цешыцца, што яшчэ існуюць два дадатковыя сьвяты, на якія па-ранейшаму дараць падарункі. Бо найлепшы падарунак у нашай краіне – па-ранейшаму кніга. Напрыклад, твая. І да цябе – як, напрыклад, сёньня – можа падыйсьці чароўная дзяўчынка-ліцэістка з тваёй кнігай і сказаць: “Спадару Андрэю, калі ласка, падпішыце кніжку (тут ты ўсьцешысься)… для маёй мамы (тут ты крыху абломісься)… на восьмага сакавіка!” – тут ты рассмяесься, і падпішаш кніжку, і, магчыма, нават закладзеш у ёй – для мамы сваёй навучэнкі – такі сакавіцкі вершык: бо сакавік разносіць па лёгкіх сваю праказу бо спаць не даюць садысты – марцовыя каты бо адзінаццаціклясьніцы думаюць зусім не пра члены сказу і ўсё пазьней штовечар прыходзяць дахаты бо пагаліцца зранку – зьбіваецца подых і лязо спатыкаецца на падбародзьдзі покуль усе капяжы крычаць аб правох і свабодах кругазвароту вясны ў прыродзе бо прадчуваючы працу касец газонаў ад хваляваньня блытае словы прызнаючыся ў каханьні касілагазонцы адаграваецца сонца па горла ў вясновай ваньне і любая выйдзе бяз шаліка па горла ў вясновым сонцы Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Пару гадоў таму я напісаў на адным літаратурным форуме такія радкі: Ня стоміцца пісаць рука Пра восьмага сакавіка! – і атрымаў не скажу каб вельмі арыгінальны адказ ад старэйшага калегі па пяры: Ня стоміцца пісаць рука Пра дваццаць пятага сакавіка! Рытмічная кульгавасьць радка пісьменьніка не зьбянтэжыла.
|
|