Сумная гісторыя пра Трасцянец
Сумная гісторыя пра Трасцянец
Аўтобусы са школьнiкамi штодзённа пад’язджаюць да мемарыяльных комплексаў "Хатынь", "Брэсцкая крэпасць-герой", да Кургана Славы... Але ёсць адно святое для Беларусi месца, пра якое школьнiкi могуць толькi прачытаць у падручнiках па гiсторыi — гэта лагер смерцi "Трасцянец". Вялiкага мемарыяла ў Трасцянцы сёння няма. У Асвенцыме, Майданэку, Трэблiнцы, Дахаў, Бухенвальдзе, Бабiным Яры — ёсць. А у нас — няма... ...У лiпенi 1941 года акупанты канфiскавалi гаспадарку калгаса iмя Карла Маркса, якая знаходзiлася пад Мiнскам (на выездзе з горада ў магiлёўскiм напрамку) каля вёскi Малы Трасцянец, i пераназвалi яе ў маёнтак "Трасцянец". У лiстападзе таго ж 41-га года начальнiк палiцыi бяспекi Мiнска Эрых Элiнгер выбраў урочышча Благаўшчына за 13 кiламетраў на паўднёвы ўсход ад Мiнска для масавага знiшчэння яўрэяў. Мiнула зiма, i вясной 1942 года немцы пачалi пераўтвараць былы калгас у лагер прымусовай працы. Вось так i з’явiўся ў гiсторыi сумна вядомы лагер смерцi "Трасцянец", чацвёрты па колькасцi ахвяраў пасля Асвенцыма, Майданэка i Трэблiнкi. Тут загiнула 206,5 тысячы чалавек — савецкiх ваеннапалонных, яўрэяў Беларусi i заходнееўрапейскiх дзяржаў, падпольшчыкаў i партызан, жыхароў Мiнска... Але вось парадокс — ужо шостае дзесяцiгоддзе мы, нашчадкi, не можам стварыць мемарыяльны комплекс, а гэта значыць, як мае быць увекавечыць памяць дзвюхсот тысяч ахвяраў фашызму. Я ўзброiўся картамi з пазначанымi межамi лагера смерцi "Трасцянец", планам Мiнска за 2008 год, гiстарычнымi апiсаннямi i рушыў на пошукi гэтага трагiчнага месца. Прыбыццё Пачаць трэба з месца дастаўкi вязняў. На 9-м кiламетры Магiлёўская шаша перасякаецца з чыгуначнай веткай. Вось сюды i прыходзiлi эшалоны з людзьмi з розных канцоў Еўропы. Вязняў жа з Мiнска прывозiлi сюды на аўтобусах або машынах. У жнiўнi 1942 года тут быў пабудаваны часовы вакзал з рампай. Адсюль частка вязняў адпраўлялася ў лагер, а частка — адразу на знiшчэнне ва ўрочышча Благаўшчына. На гэтым месцы нiякiх слядоў былога вакзала мне адшукаць не ўдалося. Чыгуначнае палатно месцамi знятае... Далей уздоўж шашы па правы яе бок растуць таполi, магчыма, тыя самыя таполi з сумна вядомай алеi смерцi. Калi будавалася дарога ад чыгункi да лагера, немцы загадалi самым першым вязням пасадзiць паабапал яе таполi. Абелiск без вечнага агню Далей трэба крочыць уздоўж шашы, праз вулiцу Ротмiстрава. На супрацьлеглым баку магiлёўскай шашы трохi ў глыбiнi знаходзiцца абелiск у памяць вязняў трасцянецкага лагера. Аднак гэта тэрыторыя непасрэдна да лагера "Трасцянец" нiякiх адносiнаў не мае, але ў 1963 годзе абелiск быў пабудаваны чамусьцi менавiта тут. Ля помнiка ёсць месца для Вечнага агню. Якi... не гарыць! Пра гэта "ЗВЯЗДА" пiсала ўжо (чытайце № 34 ад 21 лютага 2008 года). Ды толькi з моманту выхаду артыкула у лепшы бок змянiлася не шмат: толькi месца для Вечнага агню пафарбавалi ў залацiсты колер. А сам агонь, на вялiкi жаль, так i не з’явiўся. Алея смерцi Пераходзiм зноў на правы бок шашы. Адразу за аўтобусным прыпынкам "Вялiкi Трасцянец" управа адыходзiць невялiкая тупiковая вулiца, паабапал якой з аднаго боку растуць вялiкiя таполi. Вось гэта — рэшткi алеi смерцi... Нам трэба пакiнуць тэрыторыю Шабаноў i перайсцi вулiцу Сялiцкага. Там — працяг алеi смерцi. Гэты ўчастак захаваўся лепш за папярэднiя: вялiкiя дрэвы на асобных участках стаяць з абодвух бакоў. Апошнi хлеў За вясковымi могiлкамi знаходзiцца памятны знак на месцы апошняй трагедыi Трасцянца: на гэтым месцы 29 чэрвеня 1944 года, за тры днi да вызвалення Мiнска, па загаду намеснiка каменданта лагера Рыдэра ў былым калгасным хляве былi расстраляныя, а потым спаленыя 6,5 тысячы вязняў турмы па вулiцы Валадарскага i лагера па вулiцы Шырокай... Цудам выратавалiся толькi два чалавекi — Сцепанiда Савiнская i Мiкалай Валахановiч. Вось што ўспамiнала Сцепанiда Iванаўна: "Мы па камандзе немцаў вылезлi з машыны i таксама ўзлезлi на верх складзеных трупаў, i нас пачалi расстрэльваць. Я ўпала, была лёгка паранена ў галаву. Я працягвала ляжаць на трупах да позняга вечара. Нямецкiя каты ў гэты дзень прывезлi ў хлеў яшчэ 2 машыны з жанчынамi, якiя былi расстраляныя на маiх вачах. Там былi i дзецi ад 3 да 10 гадоў. Увечары, аблiўшы дровы бензiнам, немцы падпалiлi хлеў...". Уласна лагер Нарэшце таполi заканчваюцца i алея ўпiраецца ў поле. Вось недзе тут i стаялi лагерныя баракi... Калi пахадзiць па выпаленай траве, то можна там-сям натыкнуцца на рэшткi фундаментаў. Цалкам магчыма, што гэта фундаменты менавiта баракаў... Па левы бок ад поля — рэчка Трасцянка i невялiчкае возера. Абодва вадаёмы зараслi лазою i закiданы розным смеццем. Але гэта не замiнае адпачываць тутэйшым жыхарам: уздоўж усяго берага плыў пах шашлыка, дымiлiся вогнiшчы... Яма-печ у Шашкаўцы Iду па полi ў бок труб станцыi аэрацыi i натыкаюся на яшчэ адзiн памятны знак. На гранiтным камянi сухi надпiс: "На этом месте фашистскими палачами сжигались мирные советские граждане". Усё правiльна, тут у кастрычнiку 1943 года была пабудавана крэмацыйная яма-печ: выкапаная ў зямлi яма з пакатым падыходам, абнесеная калючым дротам i шчыльным дашчаным трохметровым плотам. У ёй было спалена каля 50 тысяч чалавек. Вось што распавядала сведка тых падзей, Ганна Барысава, жыхарка вёскi Малы Трасцянец: "Калi прывозiлi людзей для спальвання ў печы, я працавала на палявых работах каля аранжарэi. Мела магчымасць назiраць за гэтымi жахамi... Людзi яўна не ведалi, куды iх вязуць, бо ехалi ў адносна спакойным стане. Машыны спыняў Рыдэр, станавiўся на прыступку i заварочваў, загадваў выходзiць. Тады людзi ўжо здагадвалiся, крычалi i плакалi. Усё канчалася хутка, праз паўгадзiны зноў станавiлася цiха наўкола...". Стаю ля памятнага знака. Азiраюся навокал. Спрабую адшукаць нейкiя сляды ад былой ямы-крэматорыя, бо спецыялiсты кажуць, што знак стаiць метраў на 5—10 далей ад былой печы. Вось зусiм побач — нейкая яма ў зямлi. Мо гэта i ёсць рэшткi крэматорыя? Падыхожу блiжэй, каб разглядзець. У гэтай яме нейкiя "добрыя" людзi зрабiлi сметнiцу, i смецце чамусьцi ляжыць у мяшках, у якiх звычайна бульбу захоўваюць... Благаўшчына Апошнiм пунктам маёй вандроўкi было ўрочышча Благаўшчына. Каб туды дабрацца, мне прыйшлося прайсцi ўсю вёску Малы Трасцянец, перайсцi поле (запомнiце гэтае поле, яно нам яшчэ спатрэбiцца) i перабрацца на левы бок Магiлёўскай шашы. Знайсцi Благаўшчыну вельмi проста — побач высiцца вялiкая гара. Гара штучная. Са смецця, прысыпанага зямлёй. Гэта стары палiгон звалкi "Трасцянец". Трэба прайсцi ўздоўж яго крыху ўглыб ад магiлёўскай шашы — i тады вы ўбачыце яшчэ адзiн памятны знак, апошнi на сёння. Вось недзе каля яго знаходзяцца 34 ямы-магiлы ад 25 да 50 метраў даўжынёй, 5 метраў шырынёй i 3 метры глыбiнёй, у якiх пахавана больш за 150 тысяч чалавек... З успамiнаў Пятра Галавача, мясцовага жыхара: "Я асабiста бачыў вельмi часта непасрэдныя расстрэлы, чуў стогны i крыкi людзей, бачыў, як немцы дзяцей бралi за ногi i забiвалi аб кузавы машын. Я асабiста бачыў, як немцы трупы расстраляных у ямах утрамбоўвалi гусенiчным трактарам...". Цяжкi шлях да мемарыяла Пагадзiцеся са мной, што апiсанае вышэй на мемарыял мiжнароднага ўзроўню ну зусiм не цягне. I наўрад цi Трасцянец пакiне глыбокi след у душы тых жа школьнiкаў, якiя ўсё-такi выкажуць жаданне атрымаць уяўленне пра Трасцянец не з падручнiка, а пабачыўшы яго на ўласныя вочы. Тры гранiтныя камянi — гэта вам не мемарыял Хатынi. Таму цалкам натуральна, што на месцы былога лагера смерцi "Трасцянец" павiнен быць мемарыяльны комплекс. Як у iншых еўрапейскiх краiнах, дзе былi канцлагеры. I такi мемарыял ёсць, але... толькi на паперы. За некалькi дзясяцiгоддзяў толькi паспелi зрабiць, што ўнесцi Трасцянец у спiс помнiкаў гiсторыi i архiтэктуры, абазначыць апошнi хлеў i яму-печ памятнымi знакамi, пабудаваць абелiск ды распачаць звалку бытавых адходаў у Благаў-шчыне... Больш актыўная праца закiпела ўжо пасля распаду СССР. 27 чэрвеня 1994 года Савет Мiнiстраў Беларусi выдаў Пастанову № 473 "Аб стварэннi мемарыяльнага комплексу "Трасцянец", якая ставiла на мэце распрацоўку канцэпцыi мемарыяла i пошук у архiвах адпаведных матэрыялаў i дакументаў. Канцэпцыя была распрацавана, але яе прызналi непераканаўчай — i справы спынiлiся ажно да 1999 года. У студзенi 1999-га Савет Мiнiстраў зноў даручае распрацаваць канцэпцыю, вызначыць ахоўныя зоны будучага мемарыяла, правесцi навукова-даследчую працу, а фiнансаванне паэтапна ўключаць у Рэспублiканскую праграму па ўвекавечваннi памяцi абаронцаў Айчыны i ахвяраў вайны. 4 студзеня 2001 года пры Мiнгарвыканкаме быў створаны аргкамiтэт па стварэннi Мемарыяльнага комплексу "Трасцянец". А 22 мая 2002 года выходзiць яшчэ адна пастанова Саўмiна за № 654 "Аб стварэннi мемарыяльнага комплексу "Трасцянец". Канцэпцыю ўхвалiць. Мiнгарвыканкам надзялiць функцыямi заказчыка. Распрацаваць генеральны план стварэння мемарыяльнага комплексу. Арганiзаваць мiжнародны конкурс праектаў... Быў распрацаваны i зацверджаны ў 2003 годзе генеральны план (трымаў яго у руках i гартаў — таўсценны дакумент, дзе пазначана ўсё да дробязяў). У 2004 годзе быў арганiзаваны мiжнародны конкурс на лепшае архiтэктурна-мастацкае вырашэнне толькi цэнтральнай часткi будучага комплексу, якая, дарэчы, да трагiчных падзей Трасцянца нiякага дачынення не мае (гэта тое самае поле, праз якое я шыбаваў i прасiў вас звярнуць на яго ўвагу). Аднак пераможцаў у конкурсе не было — прысудзiлi толькi 4 заахвочвальныя прэмii. Далей Мiнгарвыканкам больш нiякiх конкурсаў не праводзiў, а вызначыў у лiстападзе 2004 года заказчыка мемарыяльнага комплексу — УП "Упраўленне камунальнай гаспадаркi Мiнгарвыканкама". Гэтае падраздзяленне заказала УП "Мiнскграда" распрацаваць праект гiстарычных зонаў мемарыяльнага комплексу, якi пасля быў спачатку ўхвалены ў 2005 годзе на пасяджэннi архiтэктурна-горадабудаўнiчага Савета, а зусiм нядаўна, 23 лiстапада 2007 года, зацверджаны пастановай Мiнiстэрства культуры. Так што зараз можна быць больш-менш спакойнымi — на тэрыторыi былога лагера смерцi мiкрараёнаў з хмарачосамi будаваць не будуць i новых звалак не адкрыюць. Акрамя гэтага, УП "Мiнскграда" i УП "Мiнскпраект" распрацавалi эскiзнае вырашэнне будучага комплексу (усёй тэрыторыi, а не толькi цэнтральнага кавалка). Яго перада-лi ў Камiтэт архiтэктуры i горадабудаўнiцтва. Там гэтае эскiзнае вырашэнне разгледзелi i нiбыта ўхвалiлi. I разам са службовым лiстом накiравалi ў жнiўнi 2006 года на разгляд у Мiнгарвыканкам. Вось тут сляды i згубiлiся, бо далей нiякiх рашэнняў прынята не было. Цытата з афiцыйнага адказу Камiтэта архiтэктуры i горадабудаўнiцтва на запыт рэдакцыi: "Аднак з улiкам вялiкага аб’ёму плануемых работ да гэтага часу не прынята канчатковае рашэнне аб ходзе далейшага праектавання аб’екта i чарговасцi яго будаўнiцтва...". Пры падрыхтоўцы матэрыялу мне давялося пагутарыць з даволi вялiкай колькасцю розных спецыялiстаў, аднак нiхто з iх не сумняваўся ў мэтазгоднасцi стварэння вялiкага мемарыяла. Але вось варыянты далейшага развiцця падзей будаўнiцтва могуць быць розныя. Напрыклад, першы. Эскiзнае вырашэнне нарэшце адляжыцца ў шафах Камiтэта архiтэктуры (бо пастановы Саўмiна, у рэшце рэшт, трэба выконваць), будзе ўхвалена на гарадскiм савеце i мемарыяльны комплекс "Трасцянец" будзе пабудаваны ў адпаведнасцi з гэтым праектам. Але ёсць i другое вырашэнне праблемы, пра якое мне распавёў архiтэктар Леанiд Левiн, лаўрэат Ленiнскай прэмii, заслужаны архiтэктар Беларусi, старшыня гiстарычнага аб’яднання "Трасцянец". Ён не згодзен з тым, што мiжнародны конкурс 2004 года быў праведзены толькi на цэнтральную частку мемарыяла (тое самае поле), якая да трагедыi не мае нiякага дачынення, i прапануе аб’явiць новы конкурс, але на ўсю тэрыторыю былога лагера смерцi, i конкурс не мiжнародны, а заказны. — Што значыць заказны? — кажа Леанiд Левiн. — Гэта калi горад заказвае, напрыклад, шэсць, сем, тры (як пажадаюць) праектаў канкрэтным людзям — вам, мне, яшчэ каму. Усiм плацяць якiя-небудзь грошы, хай i невялiкiя, але гэта дае аддачу, таму што ўсе працуюць. I не трэба творцам звязваць рукi: тэрыторыя для конкурснага праектавання павiнна быць дадзена ўся. Адзiнае, што яны павiнны пазначыць, што вось тут быў крэматорый, вось тут — баракi, тут — магiлы, тут — алея, па якой гналi, тут — чыгунка, па якой падвозiлi i гэтак далей. А ўсё астатняе, прабачце, не iх справа. Можа вы iнакш канцэпцыю ўбачыце? Гэта ж творчасць. Тады мы зможам выбраць 6—7 праектаў i ўбачыць, дзе тое моцна зроблена, дзе гэтае. А потым можна папрасiць групы i аб’яднацца, каб працягнуць працу. Зараз Леанiд Левiн з прапановай аб заказным конкурсе збiраецца звяртацца ў Адмiнiстрацыю Прэзiдэнта Беларусi, а потым — у Савет Мiнiстраў. Чым скончыцца гiсторыя з мемарыяльным комплексам i якi з варыянтаў пераможа — пакажа час. У кожнага з iх ёсць свае перавагi: на ўжо распрацаваны эскiз выдаткавана шмат грошай i працы, а прапанова Леанiда Левiна прываблiвае сваёй дэмакратычнасцю, бо гэта аб’ект нават не дзяржаўнай, а мiжнароднай важнасцi... 11 красавiка, у Мiжнародны дзень вызвалення вязняў фашысцкiх канцлагераў, ля абелiска ў Трасцянцы я пазнаёмiўся з Леанiдам Рубенштэйнам, былым вязнем мiнскага гета i канцлагера Дахаў. I вось якiя ён сказаў словы: — Нам вельмi цяжка казаць пра тое, што мы перажылi. Гэта страшна казаць. I ўся трагедыя, што з кожным годам нас становiцца ўсё меней i меней. Гэта жыццё. Народжаны чалавек павiнен памерцi, гэта зразумела. I прыйдзе час, калi не будзе нiводнага вязня. I калi мы сёння не будзем расказваць, то праз 10 гадоў, праз 20 наогул забудуцца на гэтую трагедыю. Калi пачалася вайна, мне было 14 гадоў. Сёння мне ўжо 81. Колькi я яшчэ буду жыць? Ну яшчэ паўгода, ну яшчэ год. I няма маладых вязняў канцлагераў. Усiм сёння за 70 гадоў. Мы памром. Але мы хочам, каб пасля нас застаўся якi-небудзь след... ...Я нават не сумняваюся, што ў нашай дзяржавы знойдуцца сродкi на будаўнiцтва мемарыяльнага комплексу ў Трасцянцы... Павел БЕРАСНЕЎ. Фота аўтара.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Аўтобусы са школьнiкамi штодзённа пад’язджаюць да мемарыяльных комплексаў "Хатынь", "Брэсцкая крэпасць-герой", да Кургана Славы...
|
|