Добрыя людзі
Добрыя людзі
Касiрка i Vittеl Разважаючы пра краму народнага адзення Zаrа, Бегбедэр зрабiў прапанову: забаранiць багатым людзям апранацца ў Zаrа. Сапраўды, калi чалавек мае сродкi, ён мусiць спраўляць абновы ў шыкоўных буцiках, а не лезцi падчас распродажу за танным швэдрыкам. Тое самае можна сказаць i пра рэстарацыi... Заможным трэба абмежаваць уваход у народныя сталоўкi, кшталту Lidо ды MсDоnаld’s! Трэба паставiць ахоўнiкаў з заданнем — багатых не прапускаць. Толькi тут адна праблема, бо гэты багацей паспеў, гад, купiць сабе швэдрык у Zаrа, а на твары ў яго не напiсана, колькi грошай мае на картачцы. Але ён усё адно сябе выдасць, як я выдаў сябе ў вiленскiм Lidо. Паставiў на спод талерку з рысам i гароднiнай ды бутэлечку вады Vittеl. Падышоў да касiркi. На мне шэры ў палосы швэдрык ад Zаrа. А тут i пачалося: "Вы што? Вы будзеце пiць гэтую ваду за 4 лiты? Ідзiце i пастаўце на месца! У нас такой вады поўна, такой i не дарагой! А гэта простая вада, нават без газу, а каштуе ажно 4 лiты! I хто толькi прыдумаў простую ваду прадаваць за такiя грошы? Вы што, лянуецеся схадзiць па ваду? Я магу схадзiць, а Вы тут касу павартуйце..." — "Не трэба; я, з вашага дазволу, вып’ю ваду за 4 лiты". — "Ну i чалавек! Я яму прапаную быць разумным, а ён яшчэ i ўпiраецца... Не разумею я такiх!" Касiрка, вiдавочна, закрыўдавала на мяне. Ну i я на сябе зазлаваўся. Якога ражна папёрся ў Lidо? Хiба мала ў Вiльнi рэстарацыяў, дзе нiхто цябе не спытае пра выбраную ваду? Ды процьма тых рэстарацыяў, але там дачэпяцца да рысавай кашы, пачнуць прапаноўваць да той кашы аленя з шакаладнай полiўкаю цi каплуна, запечанага на вуглях. Карацей, лепей за маю домработнiцу нiхто не гатуе, але i яна, калi злуецца, кажа: "Вы што, мяса сабе шкадуеце? Чаму ўвесь час я гатую вам зялёнае бацвiнне?" Рэня i "Петушок" У горадзе Сочы жыве мая цётка, родная цётка Рэня. Неяк, ад няма чаго рабiць, я сеў i палiчыў, колькi пражыў у Рэгiны, атрымаўся цэлы год. Вялiкi, суцэльна летнi год я прагуляў на беразе Чорнага мора, сярод платанаў i бананавых дрэў. Таму я абсалютна не хваляваўся, калi ў сне прыляцеў на самалёце ў тыя Сочы. У аэрапорце я зайшоў у кнiгарню, дзе i пазнаёмiўся з тамтэйшым аматарам букiнiстычных выданняў. Мы загаварылi пра лiтаратуру, а потым i пра мову. Высветлiлася: букiнiст — беларус. Ён паскардзiўся, што ў Сочы няма з кiм пагаварыць па-нашаму. Я паспачуваў. Дарма! Нашае знаёмства мы вырашылi адзначыць у бары "Петушок". Мы iшлi ў бар па незнаёмай мне вулiцы i завярнулi ў нейкi тупiк. У тупiку новы знаёмы прапаў, знiк, як пад зямлю правалiўся. Я хацеў быў выйсцi з тупiка на вулiцу, але дарогу загарадзiлi бандзюкi. Iх было чалавек шэсць-сем. Адзiн з iх схапiў мяне за шыю, а другi так моцна ўдарыў у твар, што я ажно прачнуўся... Пакуль прачынаўся, я яшчэ паспеў пашкадаваць свой дарагi гадзiннiк, якi збiралiся адабраць бандзюкi, а яшчэ паспеў праклясцi сочынскага беларускамоўнага букiнiста. У сне шмат што паспяваеш зрабiць за адно iмгненне. Прачнуўшыся, я задумаўся... Якога чорта я павалокся ў бар "Петушок"? А якога ражна я вечарам павалокся ў рэстаран "0,5"? Выпадкова. Выйшаў прайсцiся, сустрэў Вiцьку, мянушка Банкiр, i Сяргея, мянушка Нарзан. Яны захацелi выпiць гарэлкi, i мы пайшлi ў "0,5". Нарзан з Банкiрам замовiлi гарэлку i салаты, а я — гарбату чорную. Музыка... Ну, тое, што выконвалася на музычных iнструментах у "0,5"... Тое, што павiнна быць вясёлым i лёгкiм, было гучным, цяжкiм i безнадзейным. Музыка рэстаранных лабухаў безнадзейная, у сутнасцi сваёй безнадзейная. Калi вып’еш гарэлкi, ты гэтага не пачуеш, а на цвярозую галаву — чуваць. Тут яшчэ дзеўкi з’явiлiся. Каб я выпiў гарэлкi, яны б папрыгажэлi, а так яны былi прыгожыя толькi для Банкiра i Нарзана. Я развiтаўся i пайшоў спаць, i прыснiўся мне горад Сочы... Дарэчы, даўно я не тэлефанаваў Рэгiне! Як там яна? Трэба затэлефанаваць. А можа, злётаць на пару дзён? Затэлефанаваць трэба абавязкова, толькi не ў пяць гадзiн ранiцы. А пятай ранiцы варта яшчэ спаць. I я засынаю, а перад тым як заснуць, уяўляю сочынскi тупiк з бандзюкамi. Яны зноўку пераймаюць мяне на дарозе. Адзiн хапае за шыю, а другi намерваецца ўдарыць. Ха! У мяне ў руцэ сякера, такая невялiчкая сякера для рассякання мяса. Я з усяе моцы сяку нагу таму бандзюку, што ўчапiўся ў маё горла. Лязо глыбока заходзiць пад калена. Бандзюк скурчваецца. Я вызваляюся i сяку другога па галаве, за вухам. А што ж яны сабе думалi? Што не вярнуся? Мой сон, хачу — прахоплiваюся, а хачу — i вяртаюся, прыхапiўшы сякеру. Ядзя i "Фрэскi" Дачка робiць кулiнарную кнiгу. Знакамiтыя людзi гатуюць улюбёную страву, распавядаюць гiсторыi, адкуль даставалiся рэцэпты, а Ядзя фатаграфуе i запiсвае. Просценькi праект, якi будзе трымацца на вядомасцi кухараў-аматараў. Што нi кажы, а добра, калi дзецi нейкiм чынам працягваюць справу бацькоў, у маiм варыянце — робяць кнiгi. У рэстарацыi "Фрэскi" мы з дачкою ядзiм сушы i разважаем пра кулiнарны праект. Ад кнiгi пераходзiм да абмеркавання якасцi рысу ў сушы. "Самае цяжкае ў сушы — правiльна зварыць рыс", — кажа дачка. "Праўда? А я думаў: у сушы галоўнае — свежасць прадуктаў". — "Ага! Толькi гэта не пра сушы ў Менску. У Бостане, у японскай рэстарацыi я замовiла амара. Кухар прыгатаваў яго так, што трэба было есцi амара ў той час, як ён яшчэ варушыў клюшнямi..." — "Смачны быў амар?" — "Свежы!" Цяжарная i татуiроўка Каралеўскай хадою яна спускалася ў метро. У большасцi цяжарных жанчын у паставе з’яўляецца значнасць, упэўненасць, арыстакратычнасць. Высокая, загарэлая, яна несла паперадзе сябе вялiкi жывот, шчыльна абцягнуты белай майкаю, а на плячы ў яе красавалася круглая татуiроўка з тварам сонца. I мне ўявiлася нованароджанае дзiця з блакiтнай татуiроўкаю на маленечкiм плячы. Тамара i гузiкi У стракатым натоўпе я ўбачыў Тамару, сваю першую жонку. Яна была элегантна-чорная, як заўжды. Я схапiў Тамару за руку. Так я заўсёды раблю, каб яна не ўцякла. Не схаплю — i пачне ўцякаць, а ты даганяй-лавi. Цяпер яна ўжо ведае пра мой суворы намер пагаварыць i не ўцякае, стаiць i ягамосна пасмiхаецца. "Куды ты, Тамара Iванаўна, кiруешся?" — "Нiкуды!" — "Адкуль ты, Тамара Iванаўна, iдзеш?" — "Нiадкуль!" — "Як ты жывеш?" — "Добра!" — "Як дачка?" Знарок не кажу "наша", бо для Тамары наша дачка — толькi яе дачка. "Таксама добра!" — "Працуе?" — "Працуе!" — "Дзе?" — "Табе назву фiрмы сказаць, цi проста яе спецыяльнасць?" — "Яна, як разумею, працуе па сваёй спецыяльнасцi?" — "Працуе ў камп’ютарнай фiрме..." — "Ёй падабаецца?" — "Не падабаецца. Ёй не падабаецца сядзець восем гадзiн на адным месцы..." I мне нiколi не падабалася сядзець восем гадзiн на адным месцы. "Чаго мы стаiм? Ты куды iшла? Я цябе правяду..." — "Я iду ў ГУМ па гузiкi..." — "Пайшлi ў ГУМ па гузiкi..." Мы iдзем у краму па гузiкi, i я моцна трымаю Тамару за руку. "Табе што, таксама трэба гузiкi?" — "Не, мне гузiкi не трэба. Мне трэба карцiны. Я зноў малюю карцiны..." — "Ты малюеш пэндзлямi на палатне?" — "Менавiта пэндзлямi на палатне я малюю голых жанчын!" — "Гэта ўсё памерла яшчэ ў мiнулым стагоддзi. Намаляваныя на палатне жанчыны нiкому не трэба. Табе проста няма чаго рабiць, i ад няма чаго рабiць ты малюеш нiкому не патрэбных голых жанчын!" — "Часам мне за малюнкi плацяць. Мала, але плацяць... А ты што, шыць пачала, што гузiкi спатрэбiлiся?" Тамара пяшчотна пагладжвала чорны гузiк. "Мне трэба такi, толькi без узораў, а без узораў у iх няма..." — "Тамара Iванаўна, хочаш я куплю табе гэтыя гузiкi?" — "Купi iх сабе!" — "А мне не трэба, у мяне ўсё ёсць!" — "Усё ёсць, як у каньяка Крышталь?" Я сумеўся, я не ведаў, што казаць, я нiчога не чуў пра каньяк "Крышталь". "Тамара, я не ведаю такi каньяк. Тамара Iванаўна, я так даўно не п’ю, што не ведаю назвы сучасных каньякоў!" — "I зараз ты цвярозы?" — "Канешне!" — "Ты цвярозы прыйшоў глядзець гузiкi? Так я табе i паверыла..." Сапраўды, паверыць, што цвярозы чалавек, якi два гады не бачыў сваю былую жонку, пайшоў з ёю ў краму разглядаць гузiкi, — цяжка. Але я цвярозы, i я стаю ў краме, i я трымаю яе за руку. Трэба адпускаць. Я адпусцiў руку Тамары Iванаўны. Яна ўзрадавалася. "Для цябе, Тамара, я заўсёды п’яны. Нават калi я крыштальна цвярозы, для цябе я застаюся п’яным". Яна не адказала. Яна знiкла ў стракатым натоўпе. Адам ГЛОБУС.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Разважаючы пра краму народнага адзення Zаrа, Бегбедэр зрабiў прапанову: забаранiць багатым людзям апранацца ў Zаrа. Сапраўды, калi чалавек мае сродкi, |
|