"Мінiмалка" без улiку звышурочных
"Мінiмалка" без улiку звышурочных
Твае правы Цяжкасцi з "лiшнiмi" вакансiямi, больш нiзкi ў параўнаннi з буйнымi гарадамi ўзровень заробкаў, а адсюль — i па-сапраўднаму няпростыя "працоўныя" пытаннi. Як аспрэчыць вымову, чаму можа адрознiвацца зарплата пастаяннага i часовага работнiкаў i што такое "мiнiмалка"? Усё гэта стала тэмамi чарговай "выязной прыёмнай" Дэпартамента дзяржаўнай iнспекцыi працы Мiнiстэрства працы i сацыяльнай абароны, якая была наладжана днямi для жыхароў Касцюковiцкага, Клiмавiцкага, Краснапольскага i Хоцiмскага раёнаў. 3 месяцы на спрэчкi са спагнаннем Вартаўнiк своечасова не зачынiў вароты, за што атрымаў вымову i быў пазбаўлены прэмii. На першы погляд, сiтуацыя амаль што звычайная. Калi б не адна акалiчнасць: на думку непасрэдна работнiка, пакаранне аказалася занадта жорсткiм. Бо прычынай "надзвычайнага здарэння" стала... няспраўнасць самiх варот. — У дадзеным выпадку ёсць толькi адзiн варыянт, — адзначае намеснiк дырэктара Дэпартамента дзяржаўнай iнспекцыi працы Iрына Шыляева. — Незалежна ад першапачатковай згоды або нязгоды з вымовай, работнiк на працягу трох месяцаў можа апратэставаць дысцыплiнарнае спагнанне ў камiсii працоўных спрэчках сваёй жа арганiзацыi цi, калi такой камiсii няма, у судзе. Пры гэтым калi вердыкт камiсii па працоўных спрэчках не задаволiў, то на працягу 10 дзён з моманту ўручэння копii яе рашэння трэба звяртацца ў той жа суд. Як паспець у суд? Рашэнне аб незаконнасцi звальнення i аднаўленнi на ранейшым месцы прымаецца зноў-такi судом. Прычым звярнуцца сюды неабходна ўжо на працягу месяца. Аднак як укласцiся ў iскавы тэрмiн з улiкам таго, што ў арганiзацыi сказалi — выдаць патрэбныя дакументы аб рабоце "на рукi" можна не раней чым праз 15 дзён? — Заканадаўства аб звароце грамадзян вызначае, што на разгляд заявы i падрыхтоўку адказу адводзiцца да 30 дзён, — кажа Iрына Шыляева. — Разам з тым выдача копiй дакументаў аб рабоце — гэта не разгляд заявы. Паводле Працоўнага кодэкса, на прадстаўленне дакументаў аб рабоце i заробках адводзiцца iншы i меншы тэрмiн — 5 дзён. Заява далёка не ўсё Работнiку "дадалi" новыя абавязкi. З iмi ён не справiўся, таму неўзабаве кiраўнiцтва арганiзацыi прапанавала напiсаць заяву на звальненне па пагадненнi бакоў. Заява была напiсаная, i ў вызначаны тэрмiн работнiк проста не з’явiўся на сваё працоўнае месца. Вынiкам стала звальненне. Але не па пагадненнi бакоў, а... за прагул. — Каб не патрапiць у падобнае непрыемнае становiшча, нi ў якiм разе нельга пакiдаць сваё працоўнае месца да таго часу, пакуль не з’явiцца загад аб звальненнi i работнiк не азнаёмiцца з гэтым загадам пад роспiс, — зазначае Iрына Шыляева. — Такiм чынам, трэба не проста напiсаць заяву, але i прасачыць, каб яна была зарэгiстравана ў прыёмнай у часопiсе "ўваходнай" карэспандэнцыi арганiзацыi, да таго ж такi часопiс павiнен быць пранумараваным, прашнураваным i скрэпленым пячаткай. А потым варта пацiкавiцца, якую ўсё ж рэзалюцыю наклаў на заяву кiраўнiк. Прычым у выпадку нязгоды кiраўнiка многае залежыць непасрэдна ад працоўнага дагавора. Калi дагавор быў заключаны на няпэўны тэрмiн, трэба адпрацаваць роўна месяц i можна не выходзiць на сваё месца — звольнiць за прагул тут ужо нельга. Але калi быў заключаны кантракт, давядзецца дапрацаваць да заканчэння яго тэрмiну. Так, варта нагадаць, што спынiць кантракт па ўласным жаданнi нельга — зрабiць гэта работнiк можа толькi па пагадненнi з наймальнiкам. Справа ў... кантракце Два чалавекi працуюць у адным месцы, па аднолькаваму графiку, маюць аднолькавы разрад i робяць аднолькавыя нормы. Праўда, пры гэтым адзiн з работнiкаў лiчыцца пастаянным, а другi — часовым. Цi могуць iх заробкi адрознiвацца амаль у паўтара раза? I цi павiнна выдавацца часоваму работнiку спецадзенне? — З часовым работнiкам заключаецца працоўная дамова, тады як з работнiкам пастаянным можа заключацца кантракт, — працягвае Iрына Шыляева. — А адсюль i магчымыя адрозненнi ў заробках: пастаяннаму работнiку прадстаўляецца да 50 працэнтаў павышэння тарыфнай стаўкi цi акладу па кантракце, а работнiку часоваму — не. Разам з тым, падкрэслiвае Iрына Шыляева, нiхто не можа пазбавiць часовага работнiка права на неабходнае спецадзенне. Яно павiнна выдавацца нават у выпадку, калi чалавек працуе ўсяго адзiн дзень. Нестандартны варыянт Бацька шматдзетнай сям’i, якi адпрацаваў на заводзе 7 гадоў, захварэў, атрымаў групу і быў вымушаны звольнiцца. А неўзабаве паўстала пытанне аб вызваленнi службовай кватэры. З пункту гледжання заканадаўства раскладка тут такая. Калi прычынай iнвалiднасцi становiцца працоўнае знявечанне, жыллё працягвае заставацца ў карыстаннi. Аднак калi iнвалiднасць настала ад агульнага захворвання, то падстаў для захавання службовай кватэры ўжо няма. Сiтуацыя зразумелая i... тупiковая адначасова. Праўда, выйсце з яе прапанаваў старшыня Касцюковiцкага райвыканкама Мiхаiл Барысаў — уладкавацца на той жа завод аднаму з iншых членаў сям’i. I, каб не ўзнiкала праблем потым, адпрацаваць на прадпрыемстве патрэбныя 10 гадоў. Без подпiсу няма прэтэнзiй Не менш цiкавы прыклад. Цялятнiца адпрацавала месяц i атрымала зарплату... 9 тысяч рублёў. Бо, як высветлiлася, з заробкаў былi зроблены вылiкi за падзеж жывёлы. Аднак, паводле слоў жанчыны, пры гэтым нiхто так i не паспрабаваў высветлiць, што стала прычынай смерцi цялят на самай справе. I больш за тое: цялятнiцу не пазнаёмiлi з самiм актам падзяжу. — Акт падзяжу павiнен складацца на кожную галаву, i ў такiм акце абавязкова ўказваюцца прычыны надзвычайнага здарэння, — кажа намеснiк начальнiка ўпраўлення сацыяльна-прававых адносiнаў i зарплаты камiтэта па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне Магiлёўскага аблвыканкама Iрына Фабрыстава. — А ўжо затым робiцца выснова — хто вiнаваты ў смерцi цялят i хто тут нясе пакаранне. Пры гэтым падпiсаць акт у тым лiку павiнна сама цялятнiца. Калi ж яе подпiсу няма — няма i падстаў прад’яўляць якiя-небудзь прэтэнзii. Больш? З "дадатковай" аплатай Памер аплаты — тэма асаблiвая. Чалавек заняты на поўную стаўку, цэлы дзень, выконвае ўсе нормы, а плюс да ўсяго часта працуе звышурочна. Але пры гэтым атрымлiвае ўсяго 212 тысяч рублёў. Цi ёсць тут парушэнне заканадаўства? — Прынамсi, у дадзеным выпадку ўзнiкаюць вялiкiя пытаннi, — заўважае Iрына Фабрыстава. — Пры ўмове занятасцi поўны дзень i выканання ўсiх нормаў выпрацоўкi нельга атрымлiваць менш за "мiнiмалку" цi на сёння — менш за 208 800 рублёў у месяц. Прычым варта падкрэслiць: у мiнiмальную зарплату не "ўваходзяць" звышурочныя, работа ў начны час цi сумяшчальнiцтва — усё гэта аплачваецца дадаткова. Да слова, заробкi на мяжы з "мiнiмалкай" пры выкананнi звышурочных работ з’яўляюцца падставай для звароту ў раённае ўпраўленне па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне цi ў мiжраённую iнспекцыю працы. Тое ж можна зрабiць i ў выпадку, калi ў арганiзацыi проста не фiксуюцца "перапрацоўкi". Скажам, калi рабочы дзень вадзiцеля фактычна працягваецца з 9 гадзiн ранiцы да 20 гадзiн вечара. Аднак у табелi ставяцца стандартныя "8 гадзiн". I менавiта за гэты час налiчваюцца грошы. Мiж тым, зазначае Iрына Фабрыстава, пацвердзiць факт незафiксаваных звышурочных дастаткова складана, але магчыма — у якасцi "доказаў" тут могуць выкарыстоўвацца звесткi аб накiраваннi на тую цi iншую работу, пуцявыя лiсткi цi нават апытанне сярод работнiкаў. Сяргей ГРЫБ, Касцюковiцкi раён.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Цяжкасцi з "лiшнiмi" вакансiямi, больш нiзкi ў параўнаннi з буйнымi гарадамi ўзровень заробкаў, а адсюль — i па-сапраўднаму няпростыя " |
|