Шчасце — гэта...
Шчасце — гэта...
Цi не першы ўспамiн, з маленства? Свята на вулiцы. Я — дома i чамусьцi адна, — мама пайшла на фэст. Значыць, адтуль, ну напэўна ж, прыйдзе з гасцямi? Чакаючы iх, я падцягваю да стала табурэткi, зношу талеркi-вiдэльцы, чышчу... селядцы. Што ў дзiцяцi гадоў трох-чатырох з гэтага магло атрымацца, уявiць не цяжка. Цяжка, мусiць, было ўбачыць, бо мама, адразу, з парога, стала сварыцца. Нават набiла б... Калi б не госця (бабулiна сястра), што ўсё-ткi прыйшла!.. I засланiла. Сабой... Тым самым паказаўшы, якое ж гэта шчасце, калi хоць нехта бачыць не толькi тое, што ты зрабiў (умоўна — з тымi селядцамi, з новай сукенкай, з чыстым настольнiкам), але i тое, што хацеў... Таму — iзноў — што бачу... Бабам — цiкава Унiвермаг. Аддзел бялiзны — прычым мужчынскай, але ж ля прылаўка i тут выключна мы, бабы. У сэнсе — жанчыны. Чацвёрка нас. Наперадзе — самая маладая. Гадоў, мо, 30... Трусы выбiрае. — Мне — на 50-ы памер. Вось такiя, такiя... Вунь такiя яшчэ, — камандуе яна, тыцкаючы пальцам у вiтрыну. Прадавачка зважае, падае: праз хвiлю прылавак — лiтаральна — усцелены. — Усе паказалi? — удакладняе маладзiца. — Тады я бяру: гэткiх (зноў паказвае пальцам) — двое, гэткiх — трое, вось такiя — адны, такiх — таксама трое... Жанчыны, што стаяць побач, здзiўлена глядзяць — на прадавачку, што складае ў стос усё адабранае, на цiкавую пакупнiцу i нарэшце — адна на адну: — Мусiць, нейкi мужык прыбiўся? — цiха, па-змоўнiцку зазначае першая. — Ну-у... — згодна кiвае другая i праз паўзу дадае: — Але чаму без трусоў? ...Народ здавён прыкмячаў — баба, пакуль з печы ляцiць, сем дум перадумае. Што цiкава — заўсёды знойдзе, пра што. Праверана Сталiца. Ранiчка. Праспект: машын на дарозе — гiблота, пешаходаў на ходнiку — не, раз, два i аблiчыўся. Прычым лiтаральна: мужык наперадзе — гэта раз, я — два, сабачка — маленькi, беленькi... Толькi што быў... Ёсць — вынырнуў вунь з-за куста, падбег "пазнаёмiцца", паганяў галубоў, зноў схаваўся ў прысадзе i раптам — сэрца зайшлося — рвануў на дарогу, пад колы машын. — Джэк, Джэк! Назад! — загалёкаў мужык. Сабачка — ужо на тым баку вiрлiвага праспекта — на iмгненне замёр, спынiўся i... даўся назад, на голас. Яшчэ раз завiсчэлi тармазы, яшчэ раз здалося, што ўсё — не жылец, загiне. Пранесла, дзякаваць Богу. — Шчаня яшчэ... Пяць месяцаў толькi, — падхапiўшы малога на рукi (павадка няма), стаў тлумачыць мужык. — А вы ж чулi выраз: "Дурны, як сабака да году"? Праверана — праўда! ...Як i тое, вiдаць, што кожны сабака (узрост яго нi пры чым) падобны... Да гаспадара. Рамантыка? Вечар. Вецер... Як ратунак ад яго — мой дом, мой пад’езд: на паверх бы подбегам, па прыступках?.. Сёння — не, еду ў лiфце, бо на лесвiцы — пара: ён i яна, гадоў па 16—17. Сядзяць, размаўляюць. А яшчэ, тромкаючы штось на гiтары, ён спявае... Ёй... Вясна... Рамантыка. Ранiца — як пахмелле, бо на тым самым месцы, дзе толькi што сядзелi двое, ды-ва-ном шалупiнне ад семак, дзве "пластмаскi" з-пад пiва, два акуратныя "стажкi" недакуркаў. Рамантыкi — як не было. Цi яна цяпер вось такая? Не пытанне Абутковы ля дома — з усмешлiвымi прадавачкамi, з багатым асартыментам. Яшчэ ўзiмку там боты нагледзела — "мой памерчык", мой фасон. Адно — кошт не мой быў... Але ж цяпер там знiжкi: абутак (зiмовы) — за паўцаны прадаюць. Яшчэ раз зайшла ў магазiн, яшчэ раз памерала. I, напэўна, купiла б, каб ведала, што налета (i ў прынцыпе...) зiма будзе. А калi зноў не?.. Роздум над пытаннем парушыў калега. Ён з камандзiроўкi прыехаў, з Целяханаў; расказаў, колькi там лыжаў на складах ляжыць! А людзi ж працавалi, выпускалi iх, хацелi прадаць, чакалi прэмiй, прыбыткаў... На фоне iх праблем — маёй... не стала. Калi — "з гранатай" Тралейбус спынiўся (памiж прыпынкамi), гучна ляпнуў дзвярыма... Што азначае толькi адно: машына далей не пойдзе — хто спяшаецца, можа выходзiць, шукаць нейкi iншы транспарт. Зранку — толькi гэтых прыгод не хапала, але ж выйсця няма. Таму — на трамвай — подбегам, каб не спазнiцца... I яшчэ — каб убачыць, па якой (канкрэтна) прычыне запынены рух: у мачту асвятлення (вiдаць, на хуткасцi?) урэзаўся грузавiк, i яна, парваўшы ўсе правады, рухнула на дарогу — проста цудам не пахаваўшы пад сабой пасажыраў адной з легкавух... З тым жа паспехам на яе месцы (свят-свят-свят!) мог апынуцца аўтобус альбо тралейбус — дзесяткi, сотнi пасажыраў... Жыццяў... З-за аднаго... Колькi ж гора ён (стомлены? хворы? п’яны? няўмека альбо самазабойца?) можа прынесцi? Калi за штурвалам, за рулём... Калi "з гранатай"? Пафарсiла Каляжанка на грошы ўзбiлася (можна сказаць, нарэшце). Першае, што купiла — новыя, мадняцкiя джынсы. Прыбралася, у выхадныя паехала дамоў, да бацькоў — у госцi, ну i, вядома ж, пахвалiцца, калi заўважаць... Заўважылi. — Дачушка, — згледзеўшы пацёртасцi на тых джынсах, ледзь не плачучы прамовiла мацi, — цi працуеш ты? Цi плацяць табе? Ну хоць трохi? Надта ж ты абнасiлася! Адна галава — добра... Ранiчка. Амаль новы сталiчны дом. Амаль чысты пакуль што лiфт — правая сценка, адно, пакрэмзана. Значыць, працэс пайшоў... Нехта вырашыў прыпынiць — з дапамогай слова. Гэта значыць, зрабiў i на самым вiдным месцы вывесiў просьбу-плакат: "Прежде чем писать на стенах лифта, пожалуйста, подумайте!". Блiжэй да абеду просьбу ўдасканалiлi — папрасiлi падумаць i перш чым у лiфце насмечваць ды курыць. Вечарам у адным са слоў (гараджанам няцяжка здагадацца, у якiм?) пераставiлi нацiск... Адкуль вiдавочнае — ахвотнiкаў нешта новае людскае стварыць, зрабiць, напiсаць у нас няшмат. Куды больш тых, хто ў зробленым потым не ўбачыць сэнсу, знойдзе заганы, будзе крытыкаваць i, безу-моўна, удасканальваць. Што, зрэшты, мо, i заканамерна? Бо не мной заўважана: чалавек — створаны, каб думаць. Дзеянне — гэта потым. Па-брацку? Крама — невялiчкая, можна сказаць, пустая: пара-тройка жанчын ля прылаўкаў. Мужчына — адзiн. — Абслужыце нас. Хутка, — толькi падышоўшы, загадвае ён прадавачкам i адразу... адступае назад. Наперад выходзiць жонка. — Нам на старога... Майку пакажыце. Як на цябе? — удакладняе ў мужа, — 54-ы памер? — 48-га хопiць, ён за хваробу высах, — з-за спiны адказвае той. — Ага, — згаджаецца кабета. — Тады кальсоны таксама меншыя. Кашулю цёплую... I сарочку... З фланэлi ў вас ёсць? Ён любiў... Касцюм яшчэ... Па абрыўках фраз, па настроi, прадавачкi, вядома ж, здагадваюцца, што ва ўсiм гэтым, новым, не ў санаторый дзед той паедзе, — стосiк абноў ля касы расце. Туды ж, з кашальком кiруецца жонка. Муж (зноў жа з-за спiны) толькi камандуе: — Э-э! Копiю чэка вазьмi! ...Значыць, у волата таго, што "высах за час хваробы", сын быў не адзiн i ўвагу — бацька дзялiў пароўну. Таму цяпер вось i яны хочуць, каб пароўну, па-брацку... Каб не перадаць. Грошы ёсць... З дому на прыпынак, на працу... Дарога, па якой iдзеш кожны дзень, гадамi, якую ведаеш да дробных драбнiц, не кажучы пра штосьцi iстотнае. Прынамсi, ля аднаго з будынкаў гады са тры назад добры асфальт "паднялi" — замест яго ўсе тратуары-ходнiкi выклалi плiткамi (квадратнымi, бетоннымi...) Не скажу, што ад гэтага стала зручней (асаблiва жанчынам "на шпiльках"), не скажу, што нашмат прыгажэй. Але ж, як кажуць, зрабiў — не прапiў: хай будзе. Калi б пабыло... Не — у моду новыя плiткi ўвайшлi — невялiчкiя, фiгурныя, каляровыя. Таму тыя "старыя" зноў "паднялi". Зноў працавала тэхнiка, зноў шчыравалi людзi — добрае, годнае, мянялi на лепшае. ...А дрэннае дзесь (у лепшым выпадку) заставалася дрэнным. Шчасце — гэта... Жыццё — тэатр. На сцэне (чытай — на сядзеннi ў паўпустым тралейбусе) двое, а твар, можна сказаць, адзiн, бо малы, што сядзiць на каленях, усе крошачкi пабраў з "вялiкага", з бацькi — тыя ж бялявыя валасы, тыя ж блакiтна-шэрыя вочы, той жа кiрпаты нос, тыя ж рукi на "пузе" (на бацькавых). Адно — у сынка цiкаўнасцi больш да ўсяго, што бачыць: — Гля, мафына! — пальцам паказвае бацьку (i ўсiм прысутным). — Тактар!.. Паехаў... Гля — дом. Вокны свецяцца. А там — ужо спяць... — Не, сын, — усмiхаецца бацька (едзем якраз ля будынка падатковай... — Аўт.), — тут нiколi не спяць... — А чаму? — адкiнуўшы голаў назад, дапытлiва пытае малы. — Вырасцеш — зразумееш, — абяцае бацька i, каб пераключыць увагу, фукае малому ў твар. Той апускае яго, хавае ў далонькi, залiвiста смяецца, зноў падстаўляе — пад чарговую "дозу" пяшчоты... Так, дурэючы, i едуць. Яны... Людзi — глядзяць. Глядзяць на такiя падобныя, такiя прыгожыя твары, слухаюць няхiтрыя размовы, смех i, хто ведае, можа, думаюць. Думаюць, як мала чалавеку — малому, вялiкаму — трэба для шчасця? Калi яно — ёсць. Валянцiна Доўнар.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Цi не першы ўспамiн, з маленства? Свята на вулiцы. Я — дома i чамусьцi адна, — мама пайшла на фэст. Значыць, адтуль, ну напэўна ж, прыйдзе з гасцямi? |
|