Чарнобыльская Радаўніца
Чарнобыльская Радаўніца
— Ражджаство Хрыстова заўсёды святкуецца ў адзiн i той жа дзень — 7 студзеня, — даводзiла мне некалi ў дзяцiнстве пра асаблiвасцi рэлiгiйных святаў мама. — А вось Вялiкдзень чысла не глядзiць. І Радаўнiца таксама... Тады мама яшчэ не ведала, што i ў яе, i ў мяне, i ў тысяч iншых людзей пасля 1986 года з’явiцца свая Радаўнiца, якая будзе "глядзець чысло" i адзначацца заўсёды ў адзiн i той жа дзень: 26 красавiка. На Радаўнiцу кожны iдзе-едзе-спяшаецца да дарагiх магiл. Каб пастаяць ля сцiплага крыжа цi дыхтоўнага помнiка, памянуць добрым словам i традыцыйнай у гэты дзень чаркай бацькоў, дзядоў, родных, сяброў, проста добрых людзей, якiя былi калiсьцi побач. 26 красавiка таксама памiнаюць. Тыя, для каго слова "чарнобылец" стала крутым зломам жыцця. Сваю радзiму, засыпаную чарнобыльскiм попелам. Родную вёску-нябожчыцу, што засталася за калючым дротам. Бярозку ля ганка, з якой няма каму спускаць вясною сок. Сяброў-аднавяскоўцаў, якiя не дажылi. Колiшняе "даваеннае", дачарнобыльскае жыццё. Дзе i як — тое кожны з чарнобыльскiх перасяленцаў, якiх раскiдала па ўсёй Беларусi, вырашае сам. Бо пакуль што няма такога месца, куды б можна — i трэба было — у гэты дзень прыехаць. Да сваёй пакiнутай хаты? Там жывуць цяпер чужыя людзi. У сваю вёску? Туды, у зону адчужэння, так проста не даедзеш... ...У 1991 годзе жыхары пацярпелых ад аварыi раёнаў, якiх хваля перасялення закiнула ў Маладзечанскi раён, 15 мужчын, сабралiся ў гэты дзень памiж вёскамi Лебедзева i Насiлава, у закiнутым садзе на мяжы двух калгасаў, якiя на той час узначальвалi перасяленцы: Пётр Андрэевiч Атрошчанка i Павел Паўлавiч Бычкевiч. Пасядзелi-пагаманiлi-паўспамiналi. Як водзiцца, узялi па чарцы. I вырашылi: 26 красавiка, на чарнобыльскую Радаўнiцу, штогод будзем збiрацца тут! Што б нi здарылася i якiя клопаты нi перашкаджалi б, гэты дзень — святы. А яшчэ вырашылi, што месца гэтае трэба зрабiць памятным. Нават не для сябе — iм той дзень, як i сваю маленькую радзiму, i так да скону не забыць. А для сваiх — ды i чужых — дзяцей. Каб помнiлi... Тут кантроль нiхто нi на кога не ўскладваў. Проста ўсе ўсведамлялi розумам i сэрцам: так трэба. I неўзабаве на месцы традыцыйных збораў чарнобыльскiх перасяленцаў узнёсся высачэнны — здаецца, што аблачынка, зачапiўшыся за верх, згледзiць абрысы пакiнутай радзiмы — крыж. Са сцiплай таблiчкай: "Крыжовае знаменне ў гонар усiх смуткуючых радасцi. Узведзена сiламi вернiкаў, што пацярпелi ад аварыi на ЧАЭС". Яго асвяцiў айцец Уладзiмiр Кудрэвiч, настаяцель Свята-Пакроўскага храма, якi, дарэчы, з таго часу на чарнобыльскую Радаўнiцу таксама штогод тут: служыць малебен за ахвяраў катастрофы. А неўзабаве побач з крыжом паўстаў i сiмвалiчны памятны знак. Вялiзны камень адшукаў Мiхаiл Марцюхоў. Устанавiлi яго таксама землякi. А потым ужо, як гэта часта бывае, да грамадскай iнiцыятывы, каардынатарам i галоўнай рухаючай сiлай якой з’яўляецца нястомны Анатоль Керус, падключылiся афiцыйныя ўлады: калi адзначалася 20-годдзе аварыi на ЧАЭС, камень быў пераўтвораны ў памятны знак, тут адбыўся мiтынг-рэквiем, у гонар сумнай даты перасяленцы пасадзiлi сквер... ...Цяпер тут 26 красавiка збiраюцца не толькi жыхары блiжэйшых вёсак, але i перасяленцы з усяго Маладзечанскага раёна. Ды i не толькi Маладзечанскага: са Смаргонi, Астраўца, Мiнска. Аляксандр Лягун, адзiн з пачынальнiкаў традыцыi, дзеля гэтай сустрэчы штогод спецыяльна прыязджае за сотнi кiламетраў з Гродна. "Хто ты, што ты?" — тут не пытаюць. Пропускам служыць "Прывiтанне, землякi!" Ды своеасаблiвы паляшуцкi говар, ды шчырая адкрытая ўсмешка. Таму i збiраюцца тут усе: хойнiцкiя i брагiнскiя, буда-кашалёўскiя i добрушскiя, калiнкавiцкiя i нараўлянскiя. Тыя, хто апынуўся ўдалечынi ад роднай зямлi пасля аварыi i хто прыехаў сюды задоўга да яе. Мне здаецца, што гэтыя энтузiясты на чале з Анатолем Керусам самi да канца не ўсвядомiлi, якi незвычайны па сiле сiмвалiчны знак стварылi. У Хатынi ёсць помнiк спаленым фашыстамi вёскам. У Хойнiках устаноўлены помнiк вёскам, што загiнулi пасля аварыi на Чарнобыльскай АЭС. Туды можна прыехаць на чарнобыльскую Радаўнiцу, пастаяць, памалiцца. А яшчэ адно месца для чарнобыльскай памiнальнай малiтвы, для сустрэчы землякоў узнiкла ў Маладзечанскiм раёне, ля вёскi Лебедзева. I з кожным годам тут збiраецца ўсё больш людзей. I з кожным разам над збуцвелым садам усё гучней звiнiць песня, якую тутэйшыя перасяленцы лiчаць сваiм своеасаблiвым гiмнам. Надрыўна, скрозь слёзы, у некалькi дзесяткаў галасоў: "Дзе б вы нi былi, дзе б вы нi жылi, вы вяртайцесь дамоў па вясне. Гусi-лебедзi, гусi-лебедзi, няма шчасця ў чужой старане"... Нiна РЫБIК.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
— Ражджаство Хрыстова заўсёды святкуецца ў адзiн i той жа дзень — 7 студзеня, — даводзiла мне некалi ў дзяцiнстве пра асаблiвасцi рэлiгiйных святаў ма |
|