21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

425-я вясна

26.08.2009 10:11 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

425-я вясна

Учора Нясвіжскi замак адсвяткаваў свой юбiлей

Яшчэ Караткевiч называў Нясвiж "горадам-помнiкам". І нездарма — у пералiк "сямi цудаў Мiншчыны" трапiлi адразу дзве тутэйшыя адметнасцi: палацава-паркавы ансамбль Радзiвiлаў i Фарны касцёл (якiя, дарэчы, унесены ў Спiс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА). У сваю падтрымку разам яны сабралi амаль 30 тысяч галасоў. Але адна справа даведацца "на дыстанцыi" i зусiм iншая — пераканацца на ўласныя вочы, адчуць аўру месца. Так i патрапiў у Нясвiж, хацелася на прывычныя рэчы зiрнуць з крыху iншага боку...

Круглая дата

Нясвiж нiколi не быў "звычайным" месцам — ва ўсе часы вакол яго заўсёды шмат паданняў, легендаў, кахання i, вядома ж, раскошы. Лiтаральна да апошняга часу лiчылася, што горад узнiк яшчэ ў ХIII стагоддзi. Першае пiсьмовае ўзгадванне звязвалi з князем Юрыем Несвежскiм, якi загiнуў падчас вядомай бiтвы з мангола-татарамi на Калцы 31 мая 1223 года. Таму i палiчылi: раз ёсць такi чалавек, то абавязкова павiнен быць i горад — цэнтр асобнага княства, якое прыслала дружыну. Аднак такая iнфармацыя не супадала з данымi археалагiчных даследаванняў. Тым не менш, менавiта 1223-i колькi часу вызначалi як своеасаблiвую "кропку адлiку".

Па iронii лёсу канчаткова ўсё ўдалося высветлiць толькi тады, калi ў Нясвiжы сабралiся святкаваць круглую дату. Аказалася, што загадкавы ваяр, хутчэй за ўсё, прыбыў з горада Несвiча (што пад Луцкам), якi ў той час уваходзiў у склад Галiцка-Валынскага княства. Так Нясвiж "памаладзеў" больш чым на два стагоддзi — цяпер яго гiсторыю пачынаюць з 1446 года, калi Вялiкi князь Лiтоўскi Казiмiр IV Ягелончык падарыў горад Мiкалаю Яну Немiравiчу. Такая вось атрымалася ў гэтага месца неадназначная "прэамбула". Каб не разбураць iнтрыгi, пэўна, пакiнем да ўвагi абедзве даты — каму якая больш "падабаецца". Магчыма, што адшукаецца яшчэ i iншая лiчба, хто ведае?

Помнiк на адзiнку плошчы

Напрыканцы ХV стагоддзя тутэйшыя землi — ва ўласнасцi магнатаў Кiшкаў. А ў 1513 годзе як пасаг нявесты Нясвiж пераходзiць да Яна Мiкалая Радзiвiла Барадатага. Так тут з’явiўся легендарны род. Праз пэўны час, пасля смерцi жонкi, горад становiцца поўнай уласнасцю дома Радзiвiлаў. У мемуарах першага гаспадара часта прадстаўляюць як сапраўднага рыцара. Менавiта ён узводзiць у Нясвiжы першы замак, праўда, пакуль драўляны. Магутнасць гэтага роду ўзрастала ад пакалення да пакалення — Мiкалай Радзiвiл Чорны (сын Яна Мiкалая) па сутнасцi стаў другой асобай у дзяржаве пасля вялiкага князя. У гэты час у мясцовай друкарнi былi выдадзены вядомыя кнiгi Сымона Буднага.

Мiж тым, пакуль горад заставаўся тыповым сярэднявечным паселiшчам — з хаатычнай блытанiнай вулiц, пераважна драўлянай забудовай. Грандыёзныя змяненнi прыпадаюць на часы Мiкалая Крыштофа Радзiвiла Сiроткi, якога лiчаць заснавальнiкам "новага" Нясвiжа. Асоба яскравая i вельмi неадназначная. Вядома, што ў свой час у Вiльнi iм арганiзавана "малая Варфаламееўская ноч", падчас якой знiшчана каля 400 кальвiнiстаў. Сiротка здзейснiў двухгадовае паломнiцтва ў Святую Зямлю — наведаў Сiрыю, Палесцiну, Егiпет, Лiвiю, а таксама праехаў шэраг iншых дзяржаў. Напэўна, пасля гэтага вялiкага падарожжа ў яго i з’явiлiся планы наконт пераўтварэння Нясвiжа ў сапраўдны еўрапейскi горад. I сапраўды — чаму б не "зрабiць" уласны Парыж цi Неапаль, асаблiва калi сродкi дазваляюць?

— У 80-я гады ХVI стагоддзя тут была вялiкая будаўнiчая пляцоўка, — заўважае экскурсавод Сяргей Чысцякоў. — Маштабы ўражваюць нават па цяперашнiх мерках — практычна адначасова ўзводзiлiся гарадская ратуша з гандлёвымi радамi, брамы, калегiум езуiтаў (дарэчы, другi па велiчынi пасля полацкага), касцёл, замак, тры манастыры, стваралася iрыгацыйная сiстэма.

Дасюль захавалася шмат гiсторыка-культурных каштоўнасцяў. Як кажа Сяргей Чысцякоў, горад займае ў Беларусi першае месца па колькасцi помнiкаў на адзiнку плошчы. I гэта сапраўды так.

Сакрэты крыпты

Нясвiж нездарма задумваўся сваiмi стваральнiкамi як iдэальны горад, яго сапраўдным сэрцам можна лiчыць велiчны Фарны касцёл. Адзiн з самых старых (i не толькi на тэрыторыi Беларусi), непаўторны i ўнiкальны. Напэўна, не ўсе ведаюць, што да яго ўзвядзення на гэтым месцы ўжо iснаваў невялiкi касцёл. Зразумела, адзначае Сяргей Чысцякоў, для адлюстравання магутнасцi Радзiвiлаў такi сцiплы храм не зусiм падыходзiў. Таму Сiротка дабiўся дазволу на разбурэнне касцёла, паабяцаўшы адразу пабудаваць новы. I слова стрымаў: у 1593-м адбылiся першыя месы. Усё было зроблена ў вельмi кароткi тэрмiн — практычна за тры гады (калi мець на ўвазе тое, што з вясны да восенi будоўля згортвалася). Аб якасцi яскрава сведчыць тое, што сёлета касцёл спраўляе 415-годдзе. Гэта першы на тэрыторыi Рэчы Паспалiтай i другi ў свеце храм у стылi барока. Узведзены паводле праекта вядомага iтальянскага архiтэктара Джаванi Бернардонi.

— Здараецца, што фарай называюць галоўную свяцiльню наверсе ў касцёле, — тлумачыць Сяргей Чысцякоў. — Аднак, напэўна, усё прасцей: "фарны" ў перакладзе з польскай — гэта "прыходскi".

Храм унiкальны яшчэ i таму, што за ўсе больш чым чатыры стагоддзi свайго iснавання ён нiколi не зачыняўся, тут заўжды адбывалiся службы. Над касцёлам быццам нябесны абярэг — выстаяў, не скарыўся перад часам. Сёлета плануецца правесцi больш грунтоўны капiтальны рамонт з выкарыстаннем сучасных матэрыялаў, больш лёгкiх i надзейных. Галоўнае пытанне — кансервацыя тых каштоўнасцяў, якiя знаходзяцца ўнутры касцёла. На чарзе, магчыма, i рэстаўрацыя. Паколькi, напрыклад, знакамiтыя фрэскi толькi аднойчы абнаўлялiся (гэта адбылося ў 1902 годзе), патрабуе прафесiйнага "аздараўлення" i знакамiты арган.

Унутры касцёла пад сонейкам фарбы старажытных фрэсак напаўняюцца жыццём i быццам рассоўваюцца межы храма. Цэнтральны алтар упрыгожвае знакамiтая "Тайная вячэра" — работа Ксаверыя Дамiнiка Гескага (прынамсi, так сцвярджаюць асобныя даследчыкi). А непадалёк у скляпеннi знаходзiцца радавая крыпта князёў Радзiвiлаў. Адчынiўшы абабiтыя жалезам дзверы, праз дромас (спецыяльны калiдор) па крутых сходах сыходзiм ўнiз. Сюды траплялi нямногiя — памяшканне не прыстасавана для наведвання. Сiротка нездарма наведваў Егiпет, пад уздзеяннем ад убачанага i вырашыў стварыць такi некропаль. Крыпта — цэнтральная галерэя з пяццю асобнымi склепамi, дзе стаяць 70 саркафагаў (адзiн з iх пусты — выкарыстоўваецца як рытуальны), 2 канопы (сасуды для захоўвання органаў) i ўрна з прахам Антонiя Мiкалая Радзiвiла, якая па яго завяшчаннi пасля iмшы ў чэрвенi 2000 года была змешчана ў нiшу сцяны. Да ХIХ стагоддзя памерлых бальзамiравалi, а пасля выкарыстоўвалi метад герметызацыi (запайвалi ў цынкавую труну). Пра сакрэты крыпты iмкнулася даведацца звышсакрэтная камiсiя, якая прыбыла сюды пасля смерцi Сталiна, — спецыялiсты бралi часцiнкi адзення, скуры, валасоў мумiй на экспертызу.

Магiя "маленькага Парыжа"

А ў замку цяпер праводзiцца маштабная рэканструкцыя. Дакладней, папраўляюць спецыялiсты, больш правiльна аб’ект называць "палацава-паркавы ансамбль з элементамi абарончых умацаванняў". Падчас правядзення работ удалося высветлiць "дзень нараджэння" знакамiтасцi. Пад слоем тынкоўкi знайшлi прамавугольную мармуровую плiту, дзе было пазначана, што замак (дазволiм сабе прымяняць прывычную назву) закладзены 7 мая 1583 года. Спачатку было тут тры асобныя будынкi (палац, арсенал i камянiца), а таксама ўязная брама. Вакол — сажалкi, а таксама роў з вадой. З выкапанай зямлi насыпалася так званая замкавая гара i курцiны, якiя пасля пераўтварылiся ў каменна-цагляныя бастыёны. Цяпер замак аднаўляецца ў адпаведнасцi са знакамiтай гравюрай Тамаша Макоўскага, дзе адлюстраваныя пабудовы пачатку ХVII стагоддзя.

Як паведамiў дырэктар Нацыянальнага гiсторыка-культурнага музея-запаведнiка "Нясвiж" Валерый Сталярчук, на правядзенне комплексу работ (iх плануецца скончыць у 2010 годзе) будзе выдаткавана каля 140 мiльярдаў рублёў. Ужо завершаны першы этап рэканструкцыi (так званы першы пускавы комплекс). Гэта карпусы, якiя размешчаны каля ўваходнай брамы. Адбываюцца работы з боку рову, дзе будуць адноўленыя каменныя бастыёны. Дарэчы, унутры вала ёсць галерэя падземных хадоў, яны захавалiся ў нядрэнным стане. Пасля рэканструкцыi ў замку праводзіцца карпатлiвая праца па музеефiкацыi, турыстам удасца пабываць тут толькi ўлетку. Нам пашчасцiла патрапiць у замак ужо цяпер. Экскурсiйныя памяшканнi размешчаны на другiм паверсе, дзе таксама можна будзе наведаць i кавярню. Iнтэр’еры зроблены строга па канонах таго часу. У двух вялiкiх пакоях, дзе ўладкоўваецца асноўная экспазiцыя, захавалася "родная" плiтка, якая ў савецкi час была закрытая драўлянай падлогай. У астатнiх будматэрыялы па-майстэрску скапiравалi з арыгiналаў — адразу i не заўважыш.

Цiкавасць да Нясвiжа заўсёды вельмi вялiкая: паводле слоў Валерыя Сталярчука, штогод сюды прыязджаюць каля 80 тысяч турыстаў, у тым лiку каля 3 тыс. — з-за мяжы. Колькасць гасцей стабiльна павялiчваецца, паколькi кожны жадае ажыццявiць сваю мару — адчуць магiю "маленькага Парыжа".

Мiкалай ЛIТВIНАЎ.

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА.

Мiнск—Нясвiж—Мiнск.

 

 

 

 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Яшчэ Караткевiч называў Нясвiж "горадам-помнiкам". І нездарма — у пералiк "сямi цудаў Мiншчыны" трапiлi адразу дзве тутэйшыя адмет
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика