Аперацыя "...жыўцом"
Аперацыя "...жыўцом"
Алё, народ на провадзе! На маёй радзіме, на Гомельшчыне, схавалася ў лясах вёска з прыгожай назвай Дуброўка. Некалi яна была вялiкай i шматлюднай. Прычым люд там, як паўсюль на Палессi, быў вельмi працавiты i лагодны... Крыўдзiўся (зведаў на сабе) толькi на адно, прычым даўняе. Неяк у далёкiя пасляваенныя часы галодны воўк высачыў вясковага сабаку. Той, ратуючыся, лёцьма ляцеў да вёскi i там ужо сiгануў у хлеў. Воўк у азарце пагонi — даўся за iм. А непадалёк гаспадар таптаўся, убачыў i дзверы на кручок. Драпежнiк, значыць, апынуўся ў пастцы. Далей усё пайшло, як у вядомай байцы Крылова: на раду сышлося цi не ўсё сяло i, лiчы, кожны да ваўка меў свае прэтэнзii. Вiнавацiлi яго ва ўсiм... Нават у недародзе! А таму прысуд быў строгi: "Браць жыўцом!"... Для правядзення аперацыi стварылi спецыяльны атрад. Узначалiў яго старшыня мясцовай гаспадаркi, якi кожнаму i ўсiм давёў баявую задачу. Настаў i час выканання: ратнiкi "ашчацiнiлiся" каламi i вiламi, з вяроўкай напагатове замерла група захопу. Здалёк, з-за платоў сваiмi абранцамi любавалiся жанчыны. На дрэвах, у чаканнi вiдовiшча, гронкамi вiсела дзятва... І вось прагучала адпаведная каманда — дзверы хлява адчынiлiся. Воўк з нянавiсцю паглядзеў на людзей, ашчэрыў клыкастую ляпу, зрабiў крок наперад i... На адно iмгненне, не больш, мужыкi... разгубiлiся, спужалiся, i гэтага якраз зверу было дастаткова. Для таго, каб магутным кiдком парваць ланцуг добраахвотнiкаў i тут жа знiкнуць. Правал аперацыi "...жыўцом" вёска перажывала доўга. А мо, перажывае i дасюль, бо напамiнаць пра яе дуброўцам — сабе даражэй... Ну хiба здалёк? Леанiд Якаўлевiч Мiшуцiн, г. Пiнск. Нашто сабаку "трэцяя нага" Гады тры таму каля вёскi Камень, што ля Iвянца, чакалi мы са сватам аўтобуса. Сядзiм, значыць, гамонiм, — бабуля далучаецца, сватава знаёмая: нагу побач выцягнула, кавеньку ля яе палажыла. Гаворыць, што хварэла шмат, што "без трэцяй нагi" цяпер нiкуды ўжо... Не ведаю, як у яе тыя дзве (спаднiца доўгая), а гэта, "трэцяя", дык дужа страшная была — уся нейкая пагрызеная, падрэпаная, фарба аблезлая... Жанчына цi не думкi мае прачытала? Кажа: — Людцы, ды з гэтай кавенькай у мяне такая прыгода была... Зазiмкам летась выйшла ў двор, бачу: нейкi сабака ля студнi сядзiць. Ну, думаю, сцягнуць нешта хоча. Крычу на яго: "Во-он адсюль!", а той — каб з месца. Адно — прыўстаў крыху. I хвастом вiхляе. "Ах ты, думаю, гад! Яшчэ i дражнiцца... I палкай у яго. З метр недакiнула... Дык ён, не паверыце, падбег, у зубы яе ўзяў i... ходу, у лес. Я, кульгаючы, за iм — можа ж, думаю, кiне. Дзе там! Што рабiць, — пагаравала, знайшла сабе другую падпорку, жыву. Толькi неяк раз бачу — той самы сабака, на тым самым месцы. I, не паверыце, у зубах маю кавеньку трымае. Я да яго: — От, — кажу, — маладзец! Харошы сабачка — падпорачку маю прынёс. То аддай, а я цябе каўбаскай пачастую. Вярнулася ў хату, скрылёк адрэзала, вынесла. Кажу яму: "Давай мяняцца?" Ён хвастом памахаў i, падобна, згадзiўся — схапiў гасцiнец i зноўку ў лес. А кавенька во засталася i цяпер я яе нiзавошта нiдзе не кiну. А ў сабаку — тым больш. П.I.Браток, г. Мiнск. Чаго хоча жанчына... У нас на прадпрыемстве працуе многа сямейных. Так што гэту гiсторыю я чула ад дваiх. — Мяне сёння жонка падняла, — расказваў муж. — Сказала: "Уставай! Ужо гiмн быў. На работу пара". Я падняўся, памыўся, пагалiўся, пайшоў на аўтобус. На прыпынку, гляджу, нi душы. Значыць, думаю, нядаўна людзi паехалi, з-пад носа аўтобус сышоў, хвiлiн праз дзесяць яшчэ адзiн будзе, паспею.. Дзiўна толькi, што народ не iдзе. I транспарту на вулiцы мала... Нават маршрутак няма... Глуха вакол i цiха-цiха. Адно, чую, жонка з балкона нешта крычыць (прыпынак побач з домам) i рукамi размахвае... Далей расказвала жонка: — Ён з хаты, а мне ж не спiцца. Устала, глянула на гадзiннiк. Палова першай там... Ночы... Крычу яму: "Валодзя, iдзi дамоў! Я памылiлася". А ён i вухам не вядзе: стаiць, аўтобуса чакае... Паўдома падняла, пакуль ён зразумеў... Прыйшоў, распрануўся, лёг. — Во, — кажу кабеце, — якi ён у цябе старанны: па два разы на дзень на работу ходзiць. А ты ж яго, мо, для iншай працы будзiла?.. — Ды халера вас, баб, разбярэ, — сумеўся мужчына i падаўся прэч. Пад наш дружны жаночы рогат. Святлана Ярмалюк, г. Брэст. Рубрыку вядзе Валянціна ДОЎНАР.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
На маёй радзіме, на Гомельшчыне, схавалася ў лясах вёска з прыгожай назвай Дуброўка. Некалi яна была вялiкай i шматлюднай. Прычым люд там, як паўсюль
|
|