Чэмпiянат фотапаляўнiчых
Чэмпiянат фотапаляўнiчых
Жывая зямля Пачатак мая ўнёс у жыццё беларускай фатаграфii свежы струмень — у Прыпяцкiм нацыянальным парку ўпершыню прайшоў рэспублiканскi чэмпiянат сярод фотапаляўнiчых. Першы вопыт працы фатографаў непасрэдна ва ўлоннi прыроды, можна сказаць, у экстрэмальных умовах, быў вельмi карысным для кожнага ўдзельнiка i для творчага саюза "Фотамастацтва", бо ўжо на сёлетнюю восень запланаваны наступны чэмпiянат. Тэмай спаборнiцтваў, дакладней, аб’ектам фотаздымкаў сталi птушкi, а месцам правядзення быў абраны Тураўскi луг, якi з’яўляецца Рэспублiканскiм бiялагiчным заказнiкам. Разнастайнасць птушак, якiя гэтай парою абжываюць поймы Прыпяцi, можа прывесцi ў захапленне любога арнiтолага цi фотапаляўнiчага, тым больш у час шлюбных гульняў i гнездавання, што i дазволiла кожнаму ўдзельнiку праявiць увесь свой творчы i вынаходлiвы патэнцыял. "Адкрываючы i паказваючы таямнiчы свет птушак, мы прапагандуем прыгажосць i багацце беларускай прыроды", — кажа адзiн з арганiзатараў спаборнiцтва, вядомы фатограф, галоўны рэдактар часопiса "Фотамагiя" Сяргей Плыткевiч.У незвычайным чэмпiянаце ўдзельнiчалi не толькi фатографы-профi i навукоўцы-арнiтолагi. З Круглянскага раёна прыехаў галоўны спецыялiст паляўнiчай гаспадаркi Андрэй Шымчук, для якога спалучэнне прафесiйных абавязкаў з фатаграфiяй стала штодзённай формай жыцця. З Маладзечанскага лясгаса прыехаў паляўнiцтва-знаўца i вопытны фотапаляўнiчы Вiктар Казлоўскi. А Вiктар Ярашук працуе ў Негарэльскiм вучэбна-доследным лясгасе i таксама сур’ёзна "пакутуе" ад фатаграфii. Старэйшы сярод удзельнiкаў першага чэмпiянату — 70-гадовы фотааматар, даўнi сябра часопiса "Родная прырода" Вадзiм Сугойдзь, якi ўсё жыццё працаваў экспедытарам паштовых вагонаў, ездзiў па прасторах СССР, а вольны час прысвячаў зносiнам з прыродай, адводзiў душу фотапаляваннем. Спаборнiцтвы доўжылiся толькi адны суткi. Выбраўшы найбольш птушыную пляцоўку i не нарабiўшы птаству шкоды, неабходна было выкарыстоўваць сродкi маскiроўкi — змайстраваць сховiшча цi паставiць палатку-засiдку. I, галоўнае, цярплiва i нерухома чакаць сваёй удачы. У гэты час на Тураўскiм лузе "тусуюцца" кнiгаўкi, кулiк-сарока, вераценiк, марадунка, шчогаль, турухтан, разнастайнасць чаек, не кажучы пра чапель, буслоў i лебядзiнае сямейства. Мне ж лiтаральна пашанцавала "сфоткаць" стайку дзiкiх гусей яшчэ на падыходзе, калi яна ўзлятала пасля начнога адпачынку на маленькiм астраўку затопленай поймы — бачыць гэтую птушку так блiзка раней не даводзiлася. У поле зроку патрапiў нават арлан-белахвост. Але мала бачыць птушку i зрабiць яе якасны партрэт, неабходна "спынiць" цiкавы момант жыцця крылатай iстоты, паказаць рэдкi вiд, яго хараство, характар. А гэта ўжо сапраўднае мастацтва палявання i фатаграфii. Таму сярод вялiкай армii фатографаў розных жанраў i спецыфiк фотапаляванне займае асобнае месца, i спецыялiстаў па гэтай частцы ў Беларусi не так ужо i шмат. Але менавiта на такi ўзровень разлiчваюць арганiзатары нованароджанага вiду спаборнiцтваў: Нацыянальны парк "Прыпяцкi", тэлерадыёкампанiя "Мiр", Беларускае грамадскае аб’яднанне "Фотамастацтва", Грамадскае аб’яднанне "Ахова птушак Бацькаўшчыны" i Iнтэрнэт-партал "ZНЯТА". Лепшыя фота з чэмпiянату будуць выстаўлены не толькi ў Iнтэрнэце на ўсенародныя агледзiны i абмеркаванне, але стануць ўпрыгажэннем новага часопiса "Дзiкая прырода" — яго прэзентацыю з нецярпеннем чакаюць усе фотапаляўнiчыя Беларусi. На здымках: "фота ўдзельнiкаў на памяць" перад фотапаляваннем; чародка кулiкоў шукае выспачку для кармлення; у час зацiшша кнiгаўка нiбы цалуе сваё адлюстраванне; турухтан, заняты сваёй знешнасцю на ранiшнiм сонейку; самачка чорнай крачкi з задавальненнем прымае "падарункi" ад свайго ўхажора. Анатоль Кляшчук. Фота аўтара.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Пачатак мая ўнёс у жыццё беларускай фатаграфii свежы струмень — у Прыпяцкiм нацыянальным парку ўпершыню прайшоў рэспублiканскi чэмпiянат сярод фотапал
|
|