Крычаўская сакура
Крычаўская сакура
Захапленні У Прысожжы на дачным участку крычаўлянкi Нiны Афонiнай цвiце знакамiтае японскае вiшнёвае дрэва Цвiценне сакуры ў Японii лiчыцца нацыянальнай падзеяй. Там iснуе старажытная традыцыя Ханамi — любаванне кветкамi сакуры. Трэба проста атрымаць асалоду ад прыгажосцi i гармонii дрэва. У сучасным японскiм жыццi гэта выглядае наступным чынам: пакiнуць офiс i гарадскую кватэру, разам з сям’ёй i калегамi прыйсцi ў парк, наладзiць пiкнiк пад сакурай i ў поўным спакоi сузiраць дарунак прыроды. Пад Крычавам арганiзавана сваё Ханамi: у майскiя днi на дачы ў Нiны Афонiнай збiраюцца сваякi i сябры, каб сузiраць у яе цудоўным садзе ўсе дрэвы, якiя цвiтуць. Пад бесперапынны гул пчол вакол кветак добра адпачываецца ад гарадской мiтуснi i працоўных клопатаў. А любаванне экзатычнай сакурай — сапраўды асаблiвая асалода. На кусце, сярод зялёных лiсточкаў вiсяць прыгожыя бутоны — нiбыта маленькiя ружы, якiя пералiваюцца ўсiмi адценнямi белага i ружовага. — Сакура — свяшчэннае дрэва, — расказвае пра сваю любiмiцу гаспадыня саду. — Яна ў нечым падобная на войлачную вiшню, якая расце ў нас. Толькi плады войлачнай вiшнi можна есцi, а ягады сакуры — не. Калi сакура цвiце — гэта таiнства, звязанае з незвычайнай прыгажосцю. Натуральна, што гэтае свята адзначаем i мы. На свой, беларускi лад. Істотнае дапаўненне Ханамi па-крычаўску — лазня для здароўя, i потым — морс са свежых журавiнаў, якiя растуць у садзе прама на градцы. Вялiзныя чырвоныя ягады не знялi ўвосень — затое цяпер яны напоўнiлiся салодкiм сокам. Пастаянныя чытачы нашай газеты ўзгадаюць, што некалькi гадоў таму "Звязда" пiсала пра ўнiкальны сад Нiны Афонiнай. Гэта жанчына — заўзяты садавод, i на сотках у дачным пасёлку "Бярозка" каля вёскi Паклады Крычаўскага раёна пасадзiла сотнi раслiн, экзатычных для Ўсходняй Беларусi. Нiна мае прафесiю тэхнолага лёгкай прамысловасцi, але галоўнай справай яе жыцця стала хобi — сад. Усе продкi жанчыны захаплялiся агароднiцтвам, але яна пераўзышла ўсiх сваякоў па колькасцi незвычайных раслiн, на сваiм дачным участку. — У маiм садзе столькi раслiн, колькi зорак на небе — падлiчыць немагчыма, — радасна паведамляе Афонiна. — Я мяркую, што на пятую тысячу пайшла. I ўсё гэта расце на трох дзесятках сотак зямлi. Сваю калекцыю я збiраю ўжо 20 гадоў! Мастацка аформлены сад Нiны мiнулым разам давялося ўбачыць восенню: розныя адценнi хвойных i лiсцевых раслiн — ад цёмна-зялёнага да ярка-жоўтага, i нават месцамi чырвонага, моцна ўразiлi. Але веснавы выгляд пераўзышоў усе чаканнi. Сад буйна цвiце! Духмянымi дробнымi белымi кветачкамi абсыпаны кусты спiрэi. Чорная (дакладней, зялёная ў вытанчаную чорную палоску) кала — гордасць Афонiнай. Толькi бружмелю — 15 кустоў, каб нiхто не быў абдзелены ранняй ягадай з вялiкiм утрыманнем вiтамiну С i карыснымi рэчывамi для шчытападобнай залозы. У мужнiным старым боце камфортна адчувае сябе маладзiла — каменная ружа. Сярод дрэў, якiя цвiтуць у садзе Афонiнай, не знайсцi нiводнага звычайнага. Ну толькi хіба чарэшня. А побач з ёй — слiва-вiшня: плады будуць буйнейшыя за вiшню, але меншыя за слiву, а смак — модны "фьюжн", вiшня i слiва ў iм нiбыта аб’ядналiся. А гэта плумкот. Дзiўная назва, цi не так? Аказваецца, гэта гiбрыд алычы i слiвы. А ёсць яшчэ нешта невымаўляльнае, якое парадуе сям’ю i сяброў Нiны ягадамi са смакам ананаса! Усё ў садзе Афонiнай цвiце па чарзе. Гамамелiс першым адцвiў яшчэ ў лютым. Хутка пачнуць цвiсцi родадэндроны. Улетку зацвiце вялiзнае воцатнае дрэва. Яно — цэнтр саду. Лiсце як у пальмы, а кветкi — нiбыта свечкi цёмна-чырвонага колеру. Гавораць, што з гэтых "свечак" сапраўды вырабляецца воцат. Дарэчы, цяпер воцатнае дрэва ўпрыгожвае i тэрыторыю каля Крычаўскага цэментавага завода. Нiна Афонiна высадзiла там 5 раслiнаў: яны цудоўны прыжылiся i будуць выдатна глядзецца. У садзе Афонiнай з’явiлiся навiнкi. Напрыклад, гiнкго — апошняе дрэва эпохi дыназаўраў. — У нас у Беларусi такiх практычна няма, — каментуе Нiна. — Гэта паўднёвае дрэва, вельмi рэдкае. Не з iглiцай, як можна было меркаваць, а з лiсцем. Яно не вельмi хутка расце, але ў нашых шыротах больш-менш нармальна сябе адчувае. Гэта прыгожае магутнае дрэва я ўбачыла ў Нiкiцкiм батанiчным садзе, i цяпер гiнкго будзе i ў маёй калекцыi. Да канца свайго жыцця я мару ўбачыць усе раслiны Зямлi. А побач з гiнкго — хвойная метасеквоя. Гэта рэлiктавае дрэва стала сенсацыяй ХХ стагоддзя: спачатку метасеквоя была апiсана толькi па выкапнях крэйдавага перыяду, а потым яго знайшлi ў жывым стане ў Кiтаi. Цi падыходзiць крычаўская глеба для такiх экзотаў? — Дрэннай глебы няма ўвогуле, проста з ёй трэба працаваць, — упэўнена вопытны садавод. — Вы калi-небудзь бачылi, як зямля ўсмiхаецца? Я калi прарыхлю агарод, то нiбыта бачу яе ўсмешку. Зямля чыстая, i раслiны на ёй прыгожа растуць. У час цвiцення сакуры ў Японii прынята адпачываць пад дрэвамi, чытаць вершы, узгадваць продкаў (у ружовых кветках сакуры людзi бачаць душы памерлых), а таксама смачна есці i пiць — на знак далейшага дабрабыту. Афонiнай адпачываць няма калi. Пад’ём а 5-й ранiцы, i пакуль муж рыбачыць на Сажы, жанчына гуляе з сабакам i робiць зарадку. Потым, прама з кубкам кавы — да раслiнаў. Здаровы лад жыцця! — Я магу 20 гадзiн правесцi ў агародзе, i адчуваць ад гэтай працы толькi прыемную стомленасць, — смяецца Нiна. — Я не скарджуся, што спiна балiць, таму што раблю зарадку. А, па-другое, я атрымлiваю задавальненне ад зносiнаў з раслiнамi, жывой прыродай. Афонiна — творчы чалавек. Кожны куточак яе саду зроблены з любоўю. Але i з эканомiяй зямлi: садавод не можа сабе дазволiць марнаваць каштоўную зямлю. Морква, бульба i ўся астатняя традыцыйная гароднiна расце асобна, нiбыта памiж iншым. "Сквапная" на зямлю Афонiна не хавае: галоўнае, каб цвiлi яе любiмыя кветкi. Захапленне Нiны — гэта хосты, iх у садзе каля дзвюх соцень гатункаў. Толькi лiлеяў больш за 300 гатункаў, хвойных — каля 200. Нават звычайныя ягады растуць у Афонiнай незвычайным чынам. Парэчкi i агрэст у форме дрэва, на штамбе — калi ласка! Клубнiцаў — 70 гатункаў. Гэта любiмая ягада гаспадынi. Клубнiцы гатунку "раксана" будуць з паўлiтровы слоiк. А першыя ягады "Львоўскай ранняй", як i заўсёды, зачырванеюць у апошнiя днi мая. Большасць ураджаю клубнiц замарожваецца. А вось малiну Афонiна i яе сям’я ядуць у свежым выглядзе i на Новы год. Таму што гатунак малiны "Недасягальная" можна выкапаць увосень, пасадзiць у гаршчок, паставiць на падваконне, i потым смачныя i духмяныя малiны можна збiраць аж да свята 8 Сакавiка. Садовая малiна ёсць да самых замаразкаў, але яе ў гэты час нiхто не хоча есцi, скардзiцца на сваякоў Афонiна, бо надакучвае за лета. Нам бы такiя ўмовы вiтамiнiзацыi, як у гэтай крычаўскай сям’i! А вось агрэст "Чорны негус" дзелiцца памiж усiмi членамi сям’i i без нараканняў з’ядаецца свежым — гэта рэальная раслiнная прафiлактыка ракавых захворванняў. Адзiн з накiрункаў дзейнасцi таленавiтага садавода — гэта беларускiя раслiны. Нiна Афонiна сцвярджае, што ў нас пад нагамi золата расце, i каб яго заўважыць — трэба толькi прайсцiся па палях i лясах. Беларускiя раслiны — цiкавыя i, што вельмi важна, зiма- стойкiя — вельмi любяць англiчане i iншыя замежнiкi, якiя потым займаюцца селекцыяй i прадаюць нам нiбыта новыя вiды. У садзе пад Крычавам побач з экзотамi дастойнае месца займаюць, напрыклад, медунiца, воўчае лыка i чартапалох. I выдатна глядзяцца ў спалучэннi з сакурай. Дарэчы, у Iнтэрнэце шмат прапаноў наконт сакуры: можна набыць кнiгу пра стараўданiя мiстычныя паданнi пра сакуру, цi прыдбаць невялiкую штучную галiну для ўпрыгажэння тысяч за 15 беларускiх рублёў i значна даражэй — светлавое дрэва альбо выяву сакуры з крышталяў. А вось звычайная рэальная сакура — гэта ў нашых мясцiнах усё яшчэ рэдкасць. I адна з iх цяпер цвiце пад Крычавам. Iлона Iванова. Крычаўскi раён.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У Прысожжы на дачным участку крычаўлянкi Нiны Афонiнай цвiце знакамiтае японскае вiшнёвае дрэва
|
|