Свойсупраць сваiх
Свойсупраць сваiх
Рассакрэчаны архіў Гэты артыкул — працяг серыi публiкацый паводле толькi сёння рассакрэчаных спраў органаў дзяржбяспекi нашай краiны. I ў 70-я беларускiя чэкiсты працягвалi даказваць вiну тых, хто падчас Вялiкай Айчыннай здрадзiў Радзiме Некаторым карнiкам, якiя вынiшчалi ў вайну свой народ, у пэўнай ступенi "пашанцавала". Адразу пасля Перамогi на нейкi час у Савецкiм Саюзе адмянiлi смяротнае пакаранне, i таму злачынцы атрымалi пасля зняволення свабоду. Той жа, каго "вылiчылi" пазней, напрыклад, у 70-я, жыццём заплацiў за злачынства, якое не мае тэрмiну даўнiны. ...У 1972 годзе ўкраiнскiя чэкiсты даслалi беларускiм калегам запыт наконт ураджэнца вёскi Уснаж Васiля Пятровiча Сакаўца. Беларусы адразу ўстанавiлi, што невялiчкая вёска Уснаж, што ў Крупскiм раёне, была бязлiтасна зруйнавана фашыстамi, а памянёны ў запыце Васiль Пятровiч — расстраляны разам з жонкай. Пацвердзiлi гэта i адзiнкавыя ўснажскiя сведкi тагачасных падзей. На сучасным жа фотаздымку жыхары вёскi пазналi iншага чалавека. — Было ўстаноўлена, што чалавека, якi выдае сябе за Васiля Пятровiча Сакаўца, людзi памятаюць як Сiняка Васiля Фiлiмонавiча, начальнiка палiцыi гарнiзона Гумны Крупскага раёна, — расказвае палкоўнiк юстыцыi, следчы следчай групы ўпраўлення Камiтэта дзяржаўнай бяспекi па Мiнскай вобласцi ў 1978—1980 гадах Сяргей Мачалаў. — Калi гэтага чалавека даставiлi ў Мiнск, у нас ужо былi доказы яго вiны — паказаннi вiдавочцаў, архiўныя дакументы, крымiнальныя справы на яго колiшнiх саслужыўцаў па палiцэйскiм гарнiзоне... Да вайны Васiль Сiняк быў, як кажуць, звычайным чалавекам, працаваў бухгалтарам. У 1941-м яго прызвалi ў Чырвоную Армiю. Адразу ж трапiў у акружэнне i хутка вярнуўся дадому. У 1942 годзе вораг ачапiў радзiму Васiля — вёску Гумны. Як цяпер узгадвае жыхарка вёскi Ганна Цiхановiч, жанчын i дзяцей немцы сагналi ў хлеў, мужчын — у адну з хат. Потым мужчын пагналi капаць велiзарную яму... Сiняк не стаў чакаць, пакуль надыдзе яго чарга ўзяць у рукi рыдлёўку ды сустрэць смерць. Ён перадаў праз перакладчыка запiску з просьбай аб памiлаваннi. Па праўдзе кажучы, у Васiля Фiлiмонавiча не было асаблiвай любовi да савецкай улады, — яго трывалую, сялянскую бацькоўскую сям’ю раскулачылi згодна з колiшнiмi парадкамi. Але ўсё ж такi наўрад цi ў дадзеным выпадку Васiлём авалодалi менавiта iдэалагiчныя перакананнi i жаданне адпомсцiць за старую "крыўду". Проста ён жудасна баяўся смерцi, i гэты страх штурхаў яго на ўчынкi неверагоднай жорсткасцi. За сваё выслабаненне Сiняк адразу "выдасць" 80 аднавяскоўцаў, галоўным чынам, зразумела, жанчын i дзяцей. ...Барацьбу з партызанамi фашысцкiя захопнiкi ператварылi ў вынiшчэнне цэлых вёсак. Наш "герой", акрамя масавай карнай акцыi ў роднай вёсцы, правёў яшчэ не адно падобнае "мерапрыемства" ў раёне. — Карныя аперацыi нярэдка праводзiлiся з адцягваннем сiлаў з фронту — нямецкiх войскаў з танкамі, артылерыяй, авiяцыяй, — кажа малодшы навуковы супрацоўнiк Беларускага дзяржаўнага музея гiсторыi Вялiкай Айчыннай вайны Дзмiтрый Качук. — Усё гэта было скiравана супраць мiрных жыхароў, вайна супраць якiх забаранялася любымi мiжнароднымi законамi... Спальванне вёсак было двух тыпаў: паводле першага, жыхароў расстрэльвалi i вёску вынiшчалi, паводле другога, жыхары гарэлi жыўцом, як у Хатынi... Сiняк даволi хутка трапляе з лiку старастаў у лiк начальнiкаў гарнiзонаў нямецкай палiцыi. Ён старанна выконвае сваю "работу": рабуе вёскi, збiвае жыхароў, падпальвае дамы, расстрэльвае партызан... Неяк аднаго з партызан канваiравалi для перадачы ў вышэйстаячы палiцэйскi орган. Той паспрабаваў збегчы. Сiняк не толькi затрымаў бегляка, але i асабiста расстраляў яго. Асабiста "разабраўся" ён i з жонкай аднаго з партызан. Варвара была на апошнiм месяцы цяжарнасцi... Сiняк катаваў жанчыну, выцягнуў без адзення на мароз, стрэлiў у спiну, потым яшчэ раз... ...У 1944-м Сiняку зноў давялося паперажываць за сваё жыццё. Ён кiнуў сям’ю — жонку i дваiх дачок — i разам з немцамi збег спачатку ў Германiю, а з наблiжэннем Перамогi пераехаў у адзiн з украiнскiх пасёлкаў. Тут Васiль Фiлiмонавiч i ператварыўся ў Васiля Пятровiча ды спакойна зажыў... Ажанiўся, даў жыццё двум сынам... Старанна працаваў спачатку загадчыкам па гаспадарчай частцы ў школе, потым на дрэваперапрацоўчым камбiнаце, вёў нават гурток "Юныя сябры пагранiчнiкаў", а заадно з удзячнасцю прымаў медалi за Перамогу над фашысцкай Германiяй, даваў iнтэрв’ю мясцовай газеце. Сiняк-Сакавец "праўдзiва" расказваў пра баявы шлях звычайнага савецкага салдата, аб жонцы i дочках, якiя прапалi без вестак, ахвотна раскрываў сэрца, якое "сцiскалася ад болю, калi ён сустракаў на шляху раздзёртыя трупы дзяцей". За гэтай хлуснёй хавалася страшная праўда: за верную службу акупантам i ўдзел у карных аперацыях па вынiшчэннi мiрнага насельнiцтва Сiняк быў узнагароджаны нямецкiм бронзавым медалём... — Сiняк не раскаяўся ў сваiх злачынствах, — тлумачыць следчы Сяргей Мачалаў. — Ён проста па-ранейшаму баяўся за сваё жыццё, разумеў, якое пакаранне яму пагражае. I ў глыбiнi душы спадзяваўся, што яму ўсё ж такi яшчэ дадуць пажыць... Дзеля гэтага пасля раскрыцця тайны ён адразу прызнаў свае злачынствы i ахвотна дапамагаў следству. Амаль год Сiняк знаходзiўся ў следчым iзалятары КДБ. Прасiў аб памiлаваннi, але ў просьбе яму было адмоўлена. У 1979 годзе 64-гадовы Васiль Сiняк быў асуджаны да выключнай меры пакарання. Святлана БАРЫСЕНКА. Фота з архiва КДБ.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Гэты артыкул — працяг серыi публiкацый паводле толькi сёння рассакрэчаных спраў органаў дзяржбяспекi нашай краiны.
|
|