Чаму другому не заўсёды шанцуе
Чаму другому не заўсёды шанцуе
Забытае? Новае? Вечнае! А. Шых з Навагрудскага раёна задала нам адно надзвычай цікавае пытанне: "Цi можна спраўляць вяселле ў дзень нараджэння маладога цi маладой?" Здавалася б, ну што тут такога, калi адно сямейнае свята (вяселле) будзе прымеркавана да другога статуснага раўназначнага сямейнага свята — дня нараджэння чалавека? Святкуй i радуйся — ды i толькi. Але каб адказ на гэта пытанне быў пераканаўчым i карэктным, звернемся да аналiзу такiх супадзенняў у народным i хрысцiянскiм календарах. А перад гэтым удакладнiм часавую паслядоўнасць узнiкнення святаў, пра якiя пытаецца чытачка. Звычайная жыццёвая логiка падказвае: першым быў дзень нараджэння чалавека, а ўжо праз нейкi час ладзiлася вяселле, адпаведна яно — другое. Мы ўжо неаднаразова звярталiся да пытання надзвычайнага сацыякультурнага статусу першага ў нашай традыцыi, пры гэтым пастаянна акцэнтавалi ўвагу на тым, што яно (першае) прадвызначала, мадэлявала, праграмавала, праецыравала развiццё будучых падзей па прынцыпе "падобнае выклiкае падобнае". Асаблiвая ўвага сiмволiцы першага надаецца ў абрадавай практыцы або ў кантэксце асаблiва важных для жыцця чалавека падзей, якiя часта ўжо самi па сабе надзяляюцца статусам рытуалу. Прывядзём некалькi прыкладаў. Сярод нашага люду iснавала перакананне: пол будучага дзiцяцi прадказвае першае народжанае дзiця. Калi першае слова, якое яно скажа, будзе "мама", то наступнай (другой) народзiцца дзяўчынка, калi ж "тата", то хлопчык. Валасы першага пастрыгу дзiцяцi захоўвалi ўсё жыццё, а калi хлопец iшоў у войска або мужчына — на вайну, то на парозе хаты ў яго выстрыгалi пасмачку валасоў i клалi да валасоў першага пастрыгу i, наадварот, пасмачку валасоў першага пастрыгу давалi з сабой — каб чалавек вярнуўся жывым i здаровым i палажыў валасы назад за абраз. Як на пачатку жыцця чалавека асаблiва важнымi — лёсавызначальнымi — былi першае кармленне, першы зуб, якi прарэзаўся з дзясны, першы самастойны крок, першае слова, так i на пачатку навалецця — веснавога сегмента календара — людзi прымяркоўвалi пэўныя рытуальныя дзеяннi да першага грому, першай сустрэчы з буслам, першага дажджу, першага кування зязюлi, першай расы, якой пакрывалася зямля, першага выгану хатняй жывёлы на пашу. Вялiкае значэнне надавалася сiмволiцы пачатку (першага) i ў шэрагу iншых сямейна-родавых абрадах. У першы дзень будаўнiцтва хаты цесляры вязалi толькi першы вянок, пры гэтым першае бервяно клалi туды, дзе будзе чырвоны кут. Важнае значэнне надавалася таму, хто павiнен правесцi першую ноч у завершанай новабудоўлi, i таму, як сям’я першы раз павiнна пераступiць парог роднай хаты. У навуцы, якая вывучае раннiя этапы фармiравання культуры, пашырана думка аб тым, што першае, пачатковае, вылучаецца сярод наступных паўтарэнняў гэтага дзеяння таму, што каля вытокаў — пачатку стварэння свету стаяў Бог або багi, якiя адказвалi за тую цi iншую сферу жыццядзейнасцi грамадства або iснавання наваколля. А павага да продкаў грунтуецца на тым, што якраз яны i былi сведкамi тварэння багоў, таму людзi так моцна трымалiся сваiх традыцый — спадчыны багоў. Адсюль: парушэнне традыцыi прыводзiла да таго, што былi могуць пакараць таго, хто яе не шануе. Такiм чынам дзень нараджэння надзяляўся статусам першага ў жыццi чалавека свята. А цяпер тое, што тычыцца сiмволiкi другога, або <І>паўтарэння першага. Давайце ўзгадаем яшчэ адну памежную (будзённа-рытуалiзаваную) сiтуацыю. Мы з вамi збiраемся ў далёкую дарогу — звычайная побытавая сiтуацыя для многiх людзей, якiя часта пакiдаюць свой дом i адпраўляюцца ў дарогу, напрыклад, тыя ж вадзiцелi шматтонных фургонаў. Аднак для ўсiх нас момант развiтання з домам — сiтуацыя надзвычай рытуалiзаваная. Мы прыселi "на дарожку", закрылi засланку ў печы, форткi, стварылi сферу цэласнасцi, замкнёнасцi, "абгарадзiлi" сябе пры дапамозе спецыяльнай замовы, нарэшце, рушылi ў дарогу. I раптам нехта са спадарожнiкаў (цi сам вадзiцель) успомнiў — нешта забыўся дома. Трэба абавязкова вяртацца. I тады ў галаву палезуць розныя думкi: хоць бы што ў дарозе не здарылася. Значыць, другi ў адрозненне ад першага надзелены негатыўнай характарыстыкай. Пацвярджэнне гэтаму знаходзiм у традыцыях i культурах розных народаў свету. Напрыклад, бiблейскiя сюжэты сведчаць аб тым, што першым на свеце з’явiўся Адам — бацька ўсяго чалавецтва. Затым ужо з рабрыны Адама была створана Ева. Менавiта яна — другая — стала сiмвалам увасаблення зла, грахоўнасцi, змеепадобнай багiняй. Аднак бiблейская гiсторыя сведчыць пра тое, што на гэтым жыццёвыя праблемы Адама толькi пачалiся. Пасля таго, як ён спакусiўся пакаштаваць яблык з Дрэва Пазнання, у iх (першых людзей свету) нарадзiлiся два сыны. Старэйшым, або першым, быў Каiн, а другiм — Авель. Стары Запавет сведчыць, што Авель стаў пастырам авечак, а Каiн — земляробам. Праз нейкi час браты прынеслi ахвяру Богу: Каiн — у падарунак плады зямлi, а Авель — з першароднага статку свайго. Бог прыняў ахвяру Авеля. Разгневаўся Каiн i забiў свайго малодшага брата. Зямное iснаванне другога брата аказалася недаўгавечным. Зразумела, што гэта старазапаветная легенда абапiралася на архаiчныя (самыя старажытныя) мiфы, у аснове якiх ляжаў культ блiзнят. Мiфы сцвярджаюць, што адзiн з братоў стаў увасабленнем святла, жыцця, моцы, шчасця, а другi, наадварот, — сiмвалам зла, бяды, няшчасцяў i хваравiтасцi. На падставе гэтых мiфаў i легендаў у беларусаў сфармiравалася ўяўленне аб тым, што пры нараджэннi блiзнят той, хто з’явiўся на свет першым, будзе шчаслiвым i здаровым, а другi — нешчаслiвым i недаўгавечным. Таму i склалася традыцыя нi ў якiм разе не хрысцiць блiзнят у адзiн дзень i не спраўляць iм вяселлi не тое што ў адзiн дзень, але нават у той жа год. У такiм разе першае дзiця хрысцiлi на саракавы дзень пасля народзiнаў, а другое — у перыяд самых працяглых дзён ад Вялiкадня i да Купалля на растучай фазе Месяца. Пры гэтым нават лiчылася: калi ў вёсцы народзяцца блiзняты, то гэту вёску абавязкова ў блiжэйшы час напаткае бяда. Усе тыя факты культуры, пра якiя гаворка вялася вышэй, сфармiравалi цэлую сiстэму ўяўленняў, якая ахоплiвае i паўсядзённа-побытавыя, i святочна-абрадавыя аспекты жыццядзейнасцi соцыума. Так, лiчылася, што першы прыплод (цяля, жарабя, авечак) нiколi не прадавалi, бо не будзе шчасцiць гаспадарцы. Нiколi не пазычайце насенне або расаду гароднiнных культур суседзям да таго часу, пакуль самi не пасеялi гэтыя культуры. Не пазычайце грошы ў панядзелак — увесь тыдзень будзеце без грошай, адпаведна, у першы дзень года i на маладзiку. Затое сярод тых, хто займаецца прыватным бiзнэсам iснуе правiла (якое зноў-такi абапiраецца на старажытныя ўяўленнi i вераваннi): першаму пакупнiку трэба зрабiць скiдку, тады ўвесь дзень будзе шанцаваць. Такiм чынам, з усiх нашых разважанняў вынiкае простае i зразумелае правiла народнай культуры: вяселле зусiм непажадана прымяркоўваюць да дня нараджэння. Яно будзе другiм па статусе i жыццёвай паслядоўнасцi святам. А калi так, то шлюб можа аказацца недаўгавечным i нешчаслiвым. Можа, таму i нарадзiлася прыказка "Дзён у Бога многа", каб людзi прыслухоўвалiся да вопыту папярэднiкаў i прымалi правiльнае рашэнне. Аксана КАТОВIЧ, Янка КРУК.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
А. Шых з Навагрудскага раёна задала нам адно надзвычай цікавае пытанне: "Цi можна спраўляць вяселле ў дзень нараджэння маладога цi маладой?"
|
|