Як не пажывiцца за кошт спажыўсаюза
Як не пажывiцца за кошт спажыўсаюза
Падрабязнасці У сiстэме спажывецкага таварыства Мiнскай вобласцi амаль 2 гады не нагадвала аб сваiм iснаваннi антыкарупцыйная камiсiя. Карупцыю, як i любое iншае злачынства, лягчэй папярэдзiць, чым потым выкараняць. Менавiта таму ў шэрагу дзяржаўных устаноў i створаны спецыяльныя камiсii, якiя павiнны знiшчаць у зародку нават самыя нязначныя ўмовы для ўзнiкнення "мафiёзнага спрута". Аднак, насамрэч, у некаторых ведамствах падобныя "антыкарупцыйныя пасты" iснуюць толькi на паперы. У гэтым пераканалiся супрацоўнiкi пракуратуры Мiнскай вобласцi, праверыўшы арганiзацыi аблспажыўсаюза. Як паведамiла "Звяздзе" старшы памочнiк пракурора сталiчнай вобласцi Таццяна Калiнiна, пракурорскiмi праверкамi было ўстаноўлена, што антыкарупцыйная камiсiя ў сiстэме спажывецкага таварыства Мiнскай вобласцi яшчэ ў 2006 годзе прыняла рашэнне патрабаваць у кандыдатаў на кiруючыя пасады дэкларацыi аб даходах i маёмасцi. Але пра гэтую антыкарупцыйную меру адразу ж забылiся i не ўспамiналi амаль 2 гады. Увогуле, сама камiсiя апошнi раз збiралася ў жнiўнi 2006 года для абмеркавання "карупцыйнай сiтуацыi" ў аблспажыўсаюзе. Пасля гэтага яна не нагадвала аб сваiм iснаваннi. Не дзiва, што ахвотнiкаў пажывiцца за кошт спажыўсаюза за той час з’явiлася нямала. Паводле звестак пракуратуры, за мiнулы год i сёлета ў сiстэме спажывецкага таварыства Мiнскай вобласцi зафiксавана 14 злачынстваў, якiя маюць прыкметы карупцыi, узбуджана 13 крымiнальных спраў супраць матэрыяльна адказных асобаў. Пракурорамi выяўлены факты няправiльнага выкарыстання бюджэтных сродкаў. У прыватнасцi, як сведчаць вынiкi праверак, спажывецкая арганiзацыя Смалявiцкага раёна набыла не па мэтавым прызначэннi тавараў амаль на 62 мiльёны рублёў, з якiх прыкладна 6 мiльёнаў рублёў патрачана за кошт бюджэтнай пазыкi. Некаторыя службовыя асобы нарыхтоўчых прадпрыемстваў райспажыўтаварыстваў актыўна дапамагалi разбагацець камерсантам, якiя спецыялiзуюцца на гандлi мясам. Схема вельмi простая. Па дамоўленасцi з памянёнымi асобамi "мясныя каралi" ад iмя спажыўсаюза набывалi ў сельгаспрадпрыемстваў буйную рагатую жывёлу па фiксаваных закупачных цэнах, нiбыта для дзяржаўных патрэб. Потым камерсанты здавалi жывёлу на мясакамбiнаты, атрымлiвалi гатовую прадукцыю i экспартавалi за мяжу. I гэта не поўны пералiк парушэнняў, выяўленых падчас пракурорскiх праверак. Па iх вынiках пракурор Мiнскай вобласцi Мiхаiл Снягiр унёс прадстаўленне кiраўнiцтву аблспажыўсаюза. У гэтым дакуменце Мiхаiл Снягiр патрабуе прыняць неадкладныя меры па лiквiдацыi выяўленых парушэнняў заканадаўства. Мiкола ДЗЯБЁЛА.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У сiстэме спажывецкага таварыства Мiнскай вобласцi амаль 2 гады не нагадвала аб сваiм iснаваннi антыкарупцыйная камiсiя.
|
|