Героi i прататыпы Сяргея Трахiмёнка
Героi i прататыпы Сяргея Трахiмёнка
Сённяшнi госць "Звязды" — чалавек "шматаспектны" i ў многiм незвычайны. Мяркуйце самi Сяргей Трахiмёнак — прызнаны майстар вострасюжэтнай прозы, аўтар папулярных дэтэктываў "Гульнi капрызнай дамы", "Дэтэктыў на зыходзе стагоддзя", "Груз нябесны", "Заказ на дваццаць пятага". Ён аўтар i сатырычнай аповесцi "Мiленiум у Аўсюках", i драматычнай "Рэха забытай вайны". Па яго сцэнарыях зняты дакументальныя фiльмы "Справа лейтэнанта Прыблагiна", "Эцьен. Вяртанне", "Кент, або Вялiкая гульня "маленькага шэфа", "Спадарожнiкi "Сатурна". За сцэнарый фiльма "Крыху смялейшы за iншых" ён атрымаў прыз "За ўдалы выбар героя" на Нацыянальным фестывалi беларускага кiно ў Брэсце. Гэта адносна творчасцi. Але ж Сяргей Аляксандравiч не толькi пiсьменнiк, сакратар Саюза пiсьменнiкаў Беларусi (СПБ). Контрразведчык, палкоўнiк у адстаўцы. Доктар юрыдычных навук, прафесар, аўтар навуковых работ у галiне метадалогii забеспячэння бяспекi сацыяльных сiстэм. Скажу шчыра: калi выпадкова прачытала сцiслыя бiяграфiчныя звесткi пра лiтаратара С. Трахiмёнка, была не на жарт заiнтрыгавана. І напрасiлася на iнтэрв’ю... У дадатак яшчэ высветлiлася: гэта спартсмен са стажам, анекдотчык з бездакорным пачуццём гумару, калекцыянер эпiграм i шаржаў... на самога сябе. Табуiраванай была толькi адна тэма: асабiстае жыццё. Дэтэктыўшчык. I не толькi... — Калiсьцi вы сказалi, што кожны пiсьменнiк праходзiць у сваiм станаўленнi 4 этапы: першы — этап неасэнсаванай некампетэнтнасцi, другi — асэнсаванай некампетэнтнасцi, трэцi — асэнсаванай кампетэнтнасцi i чацвёрты — неасэнсаванай кампетэнтнасцi. На якiм этапе вы зараз, Сяргей Аляксандравiч? — Думаю, на апошнiм. Я не ведаю, як у мяне ўсё атрымлiваецца, таму лаўлю кайф ад напiсанага. Неўсвядомленая кампетэнтнасць: ты ўсё можаш, а якiм чынам — не ведаеш. — Ведзяце статыстыку: колькi кнiг выйшла? — Прыкладна 11 цi 12. Не хачу iх дакладна лiчыць: калiсьцi цыганка сказала, што я напiшу 50 кнiг — куды ж спяшацца?! — Апошнiм часам дэтэктывы некаторых "брэндавых аўтараў" пякуцца, нiбы аладкi — хутка i ў вялiкай колькасцi. Вось i ходзяць размовы пра "лiтаратурных рабоў"... — Я i сам сутыкаўся з гэтай з’явай. Адно з маскоўскiх выдавецтваў папрасiла даслаць новы дэтэктыў. Напiсаў досыць рэзкi дэтэктыў пра заказныя забойствы — калi жыццё становiцца таварам i спосабам зарабiць. Накiраваў рукапiс у выдавецтва. Праз пару тыдняў тэлефануе загадчык аддзела прозы: "Мы ж вас прасiлi дэтэктыў для камерцыйнага праекта". Гавару: там труп на трупе! "Не, вы напiсалi "злачынства i пакаранне", а не камерцыйны дэтэктыў". Папулярна патлумачылi, як бывае. Адзiн дзяцюк прапануе сюжэт, за iм два "лiтнегры" кладуць усё на паперу, а потым рэдактары дапрацоўваюць — i ў мяккай вокладцы з усiх вакзалаў Расii ён са свiстам разыходзiцца... Запярэчыў: хлопцы, вы транслюеце бязглуздзiцу. Пiсьменнiцкая фантазiя павiнна мець пэўную мяжу. А шызафрэнiя — гэта не пiсьменнiцтва, а хвароба, паталогiя. "Але ж гэта карыстаецца попытам!". — "Раскручаныя" пераважна жаночыя iмёны дэтэктыўшчыц... — Дык сярод чытачоў такой "прадукцыi" — у асноўным жанчыны!.. Для канторы-брэнда гэта спосаб зарабляць грошы. Бо пiсьменнiк — ён то ў форме, то не. Адно атрымалася, другое не. А тут "пад iмя" можна гнаць усё што заўгодна... Аднак да лiтаратуры гэта не мае нiякага дачынення. — Раскажыце пра работу над фiльмам "Крыху смялейшы за iншых". — Вельмi рады, што гэта 40-хвiлiнная дакументальная стужка была высока ацэнена журы VI Нацыянальнага фестывалю беларускага кiно, якi праходзiў у кастрычнiку мiнулага года ў Брэсце. Я i рэжысёр атрымалi спецыяльны прыз "За ўдалы выбар героя". Герой сапраўды дастойны — Уладзiмiр Карпаў. Але мяне цiкавiла не яго пiсьменнiцкая дзейнасць, не пасады — а вельмi цяжкi, трагiчны лёс гэтага чалавека. Ён заканчваў Ташкенцкае ваеннае вучылiшча i за два тыднi да выпуску быў арыштаваны па 58-м артыкуле. Апынуўся ў лагеры, на фронт трапiў праз штрафную роту, праз страшныя выпрабаваннi. Тым не менш, на Трэцiм Беларускiм фронце ён, будучы камандзiрам узвода пешай разведкi, за вельмi кароткi перыяд здабыў 79 "языкоў" — фактычна выканаў тры "нормы" Героя Савецкага Саюза. Ён чалавек вельмi сцiплы. Сказаў: "Я не супермен, я быў проста крыху смялейшы за iншых...". Памежжа i раздарожжа — Сяргей Аляксандравiч, вы ўзначальваеце прыёмную камiсiю Саюза пiсьменнiкаў Беларусi (СПБ) — многiм адмовiлi? — На момант з’езда СПБ — 19 чалавек. Увогуле прырост нашай арганiзацыi быў адчувальным, бо многiя аўтаматычна пераходзiлi са "старога" пiсьменнiцкага саюза ў наш. Разам з тым актыўна працавалi абласныя арганiзацыi СПБ, асаблiва Мiнскае гарадское аддзяленне. Справа ў тым, што iснаваў у пэўным сэнсе "адкладзены попыт", таму што кiраўнiцтва папярэдняга саюза, па вялiкiм рахунку, занялося ўдзелам у палiтычных рухах — i чыста творчай пiсьменнiцкай работы амаль не вялося: ацэнка маладых аўтараў, прыём... Калi ўзнiк наш саюз, яны таксама актывiзавалi сваю работу. Вядзецца прыём фактычна "ў пiку" саюзу-апаненту. — Хачу ўдакладнiць: цi не было ўсё ж памылкай стварэнне новай пiсьменнiцкай арганiзацыi? Можа, больш лагiчна было б проста перавыбраць кiраўнiцтва? — Калi 11 гадоў, прыкрываючыся табой, членам пiсьменнiцкага саюза, наладжваюць нейкiя акцыi i атрымлiваюць за гэта замежныя гранты — i не ўзгадняюць усё з большасцю... Колькi можна?! Ну, займайцеся сваiмi справамi — толькi асобна ад нас. Плакаць з гэтай нагоды не трэба. Магчыма, гэта раздзяленне павiнна было адбыцца даўно. Нiчога страшнага ў гэтым няма. У Расii, напрыклад, пяць асноўных пiсьменнiцкiх арганiзацый, а ўвогуле iх каля 20. Калi ёсць iдэйная аснова для саюза, можна дзялiцца. У нас яна ёсць. Але чамусьцi часам чуеш: там дрэнныя пiсьменнiкi, у нас добрыя... Гэта дзяцiнства — паказваць пальцам i гаварыць: я добры, а хтосьцi дрэнны. У нас падстава для падзелу была "цывiлiзацыйная". ...Увогуле я асцярожна стаўлюся да гэтай тэмы — каб мяне не ўпiкалi: маўляў, прыйшоў "збоку"... Але, не пакутуючы на аберацыю свядомасцi (як вучоны, як пiсьменнiк), чалавек "збоку" лепш бачыць працэсы i праблемы: "знутры", можа, i складана iх разгледзець. Пра гэта мне не аднойчы гаварылi. Я напiсаў кнiжку "Мiленiум у Аўсюках". — Не ў Аўцюках? — Мне патрэбна была пэўная лiтаратурная свабода — каб цалкам да Аўцюкоў не прывязвацца. Тым больш, У. Лiпскi пiсаў аб Аўцюках. А я — аб Аўсюках. Пiсьменнiцкая фантазiя: у мяне райцэнтр Малiнкавiчы, а не Калiнкавiчы, я ўвёў i дадатковы фактар — ваенны аэрадром, якi з развалам СССР "сышоў на нiшто"... Я прыехаў у Беларусь — i ўражаны быў беларускiм характарам. Сябраваў з акадэмiкам Падлужным Аляксандрам Iосiфавiчам. — На якой мове вы размаўлялi? — Прайшоў у яго 46-гадзiнны курс навучання беларускай мове. Ён стварыў яго для рускамоўных i калi набiраў першую групу, я адразу запiсаўся. Быў нiбыта паддоследны трус... З таго часу мы пасябравалi. I калi пiсаў "Родную крывiнку", мне трэба было шмат беларусiзмаў, каб уплесцi iх у рускую мову. Кансультаваўся з Падлужным. I гаварылi мы пра феномен Аўцюкоў. Ён сказаў: гэта культурнае памежжа, побач Украiна. Суседзi называюць адно аднаго хахламi i бульбашамi i расказваюць анекдоты... На памежжы лепш бачыцца спецыфiка нацыянальнага характару. Унутры Беларусi не так яна заўважная. "А ты ўвогуле прыехаў здалёк, так што можаш лепш i адно, i другое бачыць". Здаецца, мне ўдалося адлюстраваць беларускi характар, якi ва ўмовах Чарнобыля, кiнутага аэрадрома, дзе засталiся ёмiстасцi з газай, якая пачынае распаўсюджвацца па ваданоснаму слою, ад чаго прападае лес... Тым не менш чалавек захоўвае вось гэты хiтры гумар. Адна ўлада, другая — а ён заўсёды сам па сабе. Ён заўсёды тут. Крыху толькi падфарбаваўся — бо трэба ж неяк жыць... Бiяграфiя — Адкуль вы родам, Сяргей Аляксандравiч? — З горада Карасук Новасiбiрскай вобласцi. А прадзед з Беларусi: паверыў у сталыпiнскую рэформу, таму i пакiнуў родныя мясцiны... Нядаўна быў у Полацку, прыехаў на станцыю Загацце. У мемуарах дзеда значыцца фальварак за дзве вярсты ад гэтай станцыi. — Ваш дзед пiсаў мемуары? — Ён быў чалавек адукаваны. Калi пайшоў на пенсiю ў 1957-м, напiсаў сваю бiяграфiю. У 1911 годзе (яму было 14) бацькi пераехалi ў Енiсейскую губерню. Скончыў установу, якая рыхтавала настаўнiкаў для царкоўнапрыходскiх школ. Калi мабiлiзавалi на фронт у Першую сусветную вайну, ён трапiў у школу ротных фельчараў... Быў ён камунiстам з 1920 года... Дзед Васiль гаварыў, што наша прозвiшча, магчыма, — гэта зрусiфiкаваны варыянт. Першапачатковы, беларускi — Атрахiмёнак. У Загаццi мы са старшынёй сельсавета знайшлi аднаго Атрахiмёнка, якi, на жаль, памёр у мiнулым годзе. Служба — Як вы, Сяргей Аляксандравiч, выбiралi прафесiю? — Пасля заканчэння школы ў 1967 г. паехаў паступаць у Омск у iнстытут фiзiчнай культуры: з 6 класа сур’ёзна займаўся спортам. Дзякаваць Богу, не паступiў. — Не здалi нарматывы? — Не. Я паступаў на баскетбол — i ўпершыню сутыкнуўся з адносiнамi ў спорце. Конкурс быў вялiкi, але ўсе загадзя ведалi, што паступяць юнакi — члены юнацкай зборнай Расii па баскетболу, усе гэтыя двухметровыя хлопцы. Экзамены можна было i не здаваць... Першы мой шок i сутыкненне з жыццём. Год папрацаваў на заводзе i пайшоў у армiю... Я тройчы служыў у армii. Спачатку ў брыгадзе аховы Мiнiстэрства абароны ў Маскве. — У элiтных войсках! — Паркетныя, цi як iх называлi, — каралеўскiя... Пасля тэрмiновай службы скончыў Свярдлоўскi юрыдычны iнстытут. У 1978-м мяне, афiцэра запасу, прызвалi на 2 гады зампалiтам роты — тады будавалi БАМ, узмацнялi кiтайскую гранiцу... Праз паўгода перавялi ў ваенную юстыцыю, я быў следчым пракуратуры Новасiбiрскага гарнiзона. А потым, у 1981-м, мяне прызвалi ўжо ў Камiтэт дзяржбяспекi, скончыў вышэйшыя курсы КДБ СССР. — Вас, прабачце, не абурае, калi гавораць "кэдэбэшнiк"? — Гэта страшная ўшчэрбнасць, калi пiсьменнiка ацэньваюць не па яго кнiгах, а ў адпаведнасцi са структурамi, у якiх ён служыў... Са снежня мiнулага года я, дарэчы, пакiнуў пасаду дырэктара НДI тэорыi i практыкi дзяржаўнага кiравання. Зараз вольны стралок. У мяне перыядычна так бывае. У 2000 годзе я пакiнуў службу ў Савеце Бяспекi i зарабляў на хлеб чытаннем лекцый у юрыдычных ВНУ. Вера — З цiкавасцю прачытала ваш артыкул "Нацыянальныя элiты ў этнацывiлiзацыйным выжываннi: этап фармiравання звышдзяржаў". Вы робiце ўпор на тым, што паняццi "бяспека" i "культура" ўзаемазвязаныя... — Так яно i ёсць. Вельмi небяспечнае насаджэнне iншай культуры, iншага стылю жыцця. Руйнаваць спаконнае — значыць пазбаўляць нашу прастору выжывальнасцi. А мы чамусьцi прызналi пэўную сваю непаўнацэннасць — хаця мы самадастатковыя. Сутыкненне цывiлiзацый заўсёды небяспечнае, калi яны маюць iдэалагiчна розныя падмуркi: абавязкова хтосьцi кагосьцi прыцiсне. Няварта iсцi на ланцугу праектаў "Заўтра мы будзем жыць добра (дрэнна). Не думаю, што Гасподзь прывёў чалавецтва дзеля таго, каб набiць жывот. Калi дэвiз грамадства "сытасць i дабрабыт", дык праз нейкi час яно становiцца не здольным сябе абаранiць — у самым шырокiм сэнсе. Прынамсi, чым больш iнтэнсiўна чалавек сябе абазначае, тым больш прырода яму супрацiўляецца. Ёсць меркаванне, што Савецкi Саюз не выйшаў з крызiсу, разбурыўся толькi таму, што ён рэальна падышоў да рэалiзацыi праекта павароту паўночных рэк на поўдзень. Прырода зруйнавала тую дзяржаўную структуру, якая магла гэта зрабiць. — Значыць ёсць штосьцi боскае ў гэтым? Вы, дарэчы, верыце ў Бога? — Так, я веру ў Бога. Спорт — Вы па-ранейшаму займаецеся спортам? — Так. Нядаўна быў у Новасiбiрску на Усерасiйскiм кубку генерал-лейтэнанта Валкоўскага па тайквандо. Гэта разнавiднасць каратэ, якая (адзiная) з’яўляецца алiмпiйскiм вiдам спорту. З Васiлём Валкоўскiм мы знаёмы з 1976 года, ён як прафесiянал быў пачынальнiкам развiцця ўсходнiх адзiнаборстваў, а я займаўся як аматар. Унiкальныя асабiстыя якасцi гэтага чалавека спрыялi паспяховай кар’еры, у канцы 90-х ён быў названы ў Расii "Чалавекам года" ў намiнацыi "Барацьба са злачыннасцю". Спаборнiцтвам па тайквандо адзначылi яго 60-годдзе. — Вы былi ў якасцi ўдзельнiка? — Не, мяне запрасiлi як аднаго з пачынальнiкаў усходнiх адзiнаборстваў i аўтара кнiгi "Заказ на дваццаць пятага", дзе прататыпам галоўнага героя з’яўляецца менавiта Валкоўскi. — Вы па-ранейшаму ў адзiнаборствах? — Гадоў 15 займаюся "рускiм стылем", у нас добрая школа. I мае колiшнiя вучнi, выпускнiкi Iнстытута нацыянальнай бяспекi, ужо iнструктары. Калi ты малады, рыхтуеш сябе да экстрэмальных сiтуацый. Калi табе за 40, займаешся гэтым дзеля падтрымання фiзiчнай формы. А калi табе пад 60, дык разумееш, што праз гэта ты можаш бачыць i спазнаваць свет... За пачуццё гумару! — Хто ваш любiмы пiсьменнiк, каго можаце чытаць у любым настроi, з любой старонкi? — Лягчэй сказаць, каго так i не прачытаў. У бацькоў была добрая бiблiятэка, мацi шмат чытала — хацела, каб я ўзяўся за 30-томнiк Дзiкенса. Але... Доўга думаў, чаму такое несупадзенне. Раптам высветлiлася, што я нарадзiўся з iм у адзiн дзень. Можа, я новае ўвасабленне Дзiкенса — дык навошта буду яго чытаць?! (смяецца). Апошнiм часам менш чытаю. — Мяркуючы па творах, вы iграеце на гiтары, спяваеце? — Не. Нiколi не пiсаў вершы — i ў якасцi своеасаблiвай кампенсацыi збiраю песнi i вершы сваiх сяброў. — Досыць часта ў творах вы ўжываеце слова "квасiць". А як наконт гэтага? — Да "квашання" я не далучыўся, каб сапраўды па-сiбiрску было — калi людзi выпiваюць вядро i гавораць: "О, як добра!". У дзяцiнстве—юнацтве я займаўся спортам i рэжымiў, прывык... — Анекдоты расказваеце? — Не толькi расказваю. — Самi сачыняеце? — Калi чытаў лекцыi, выкарыстоўваў анекдоты ў якасцi апорных сiгналаў. Напрыклад, у аўдыторыi адны хлопцы, многiя нежанатыя. Расказваю пра тое, што "жаночая мадэль" выжывання больш гнуткая i эфектыўная. Аўдыторыя пачынае хiхiкаць: iснуе пэўны сэксуальны цэнтрызм. I тады — анекдот. "Калi ласка, пакажыце жанчыну, якая б выйшла замуж за мужчыну толькi таму, што ў яго прыгожыя ногi? Такiх жанчын няма, бо ў выжываннi—гнездаваннi, у рэалiзацыi сваёй праграмы гэта не галоўная прыкмета. Затое колькi мужчын робiць выбар з-за прыгожых ног!". Адным штрыхом, дзякуючы анекдоту, можна праiлюстраваць цэлую тэму... Увогуле я збiраю анекдоты. Мяркую выпусцiць кнiжку "Анекдоты ад Трахiмёнка". — Уласныя? — Не, анекдот — гэта фальклор. У мяне будуць анекдоты, якiя выкарыстоўваў у якасцi апорных сiгналаў i якiя мяне закранулi, уразiлi, зачапiлi. Больш таго, хачу "разрадзiць" анекдоты эпiграмамi i шаржамi на самога сябе. — У вас назбiралася для гэтага дастаткова эпiграм? А некаторыя iх баяцца, утойваюць... — Гэта ж цiкава! Пермскi паэт Юра Белiкаў быў у Мiнску, прапанаваў: "Пойдзем пасядзiм дзе-небудзь". Не, кажу, заўтра выступаем перад аўдыторыяй — якiм я буду? Пайшоў дадому, а ён, мабыць, "пасядзеў". Сустракаемся — "У якасцi пакарання напiсаў на цябе эпiграму!" После первого стакана Вспухло слово на губах. Трах! — да это ж Челентано. Челентано — это Трах! — Вось такiя смешныя рэчы я збiраю. Прынамсi, мастачка Нiнэль Шчасная сказала: "У цябе такое доўгае прозвiшча, ажно чатыры склады. Давай зробiм табе псеўданiм Сяргей Трах". Не, кажу, бацька даў мне гэта прозвiшча, няварта яго скарачаць... Таццяна ПАДАЛЯК.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Сённяшнi госць "Звязды" — чалавек "шматаспектны" i ў многiм незвычайны. Мяркуйце самi
|
|