Архiвы гараць. Пенсiйныя звесткi... вяртаюцца?
Архiвы гараць. Пенсiйныя звесткi... вяртаюцца?
Твае правы Больш за 70 тысяч жыхароў i нязначная адлегласць ад сталiцы — нават пры ўсiм жаданнi назваць "глыбiнкай" Пухавiцкi раён цяжка. Напэўна, адсюль i параўнальна невялiкая колькасць скаргаў на парушэннi працоўнага заканадаўства. I тым не менш давялося пераканацца яшчэ раз: па-сапраўднаму няпростыя пытаннi ўзнiкаюць заўсёды. Як атрымаць разлiк пасля выканання работы па дагавору падраду, уваходзяць або не ў працоўны час планёркi, цi павiнен плацiць штраф вадзiцель, якога накiравалi ў рэйс без тэхагляду, урэшце, як можна змянiць нулявы пенсiйны каэфiцыент, калi за пэўны "адрэзак" работы не захавалiся архiўныя звесткi аб зарплаце — гаворка аб усiм гэтым i iншым iшла падчас "выязной прыёмнай" Дэпартамента дзяржаўнай iнспекцыi працы Мiнiстэрства працы i сацыяльнай абароны. "Датэрмiновая" планёрка з пацвярджэннем Даволi цiкавая сiтуацыя. У арганiзацыi афiцыйны працоўны дзень пачынаецца ў восем, а вытворчая планёрка — у сем гадзiн ранiцы. Цi павiнны аплачваць час правядзення планёркi? — Рэжым працоўнага часу вызначаецца ў працоўным дагаворы цi ў правiлах унутранага працоўнага распарадку i адлюстроўваецца ў табелi ўлiку працоўнага часу, — адзначае намеснiк дырэктара Дэпартамента дзяржiнспекцыi працы Iрына Шыляева. — Адпаведна, калi кiраўнiк запрашае на "датэрмiновую" планёрку, гэта павiнна быць дакументальна зафiксавана, а сам час планёркi — аплачаны. Калi ж планёрка нiдзе не фiксуецца, то прыходзiць на яе цi не — ужо выбар работнiка. Кропку ставiць кiраўнiк Спыненне цi працяг кантракта — праблема актуальная паўсюль. Адзiн з прыкладаў. Жанчына, якой вызначылi III групу iнвалiднасцi, працягвае працаваць. Аднак тэрмiн кантракта заканчваецца 31 мая, i, як высветлiлася, падпiсваць новы нiхто не збiраецца. Цi мае тут рацыю наймальнiк? — Паводле нашага заканадаўства, пасля заканчэння тэрмiну кантракта наймальнiк мае поўнае права працягнуць цi не працягнуць яго выключна па ўласным меркаваннi i да таго ж без якiх-небудзь тлумачэнняў, — заўважае Iрына Шыляева. — Прычым у дадзеным выпадку група iнвалiднасцi якiх-небудзь "iльгот" не дае. Тры гады на спрэчкi Чалавек падпiсаў дагавор падраду на аздабленне вытворчых памяшканняў i выканаў сваю работу. Прэтэнзiй з боку заказчыка тут няма. Але няма... i разлiку. — Трэба мець на ўвазе, што дзейнасць па грамадзянска-прававых дагаворах не "падпадае" пад Працоўны кодэкс, таму ўсе пытаннi нявыплаты ўзнагароджанняў у дадзеным выпадку трэба вырашаць толькi ў гаспадарчых судах, — распавядае Iрына Шыляева. — Прычым звяртацца ў суд тут можна на працягу трох гадоў, а пры звароце неабходна прадставiць сам дагавор i акт выканання работ. Лiквiдатар выбiрае сам Чым блiжэй лета — тым больш пытанняў наконт адпачынкаў. I, у прыватнасцi, цi павiнен быў улiчыць наймальнiк пажаданнi наконт часу прадастаўлення працоўнага водпуску лiквiдатару катастрофы на Чарнобыльскай АЭС? — Паводле артыкула 168 Працоўнага кодэкса, наймальнiк абавязаны прадаставiць водпуск у летнi або iншы зручны час грамадзянам, якiя бралi ўдзел у лiквiдацыi наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС у 1986—1989 гадах у зоне эвакуацыi цi ў 1986—1987 гадах у зоне першачарговага або наступнага адсялення, — падкрэслiвае Iрына Шыляева. — Праўда, тут ёсць адзiн важны нюанс — лiквiдатар павiнен паведамiць аб месяцы свайго будучага адпачынку загадзя, падчас складання графiку водпускаў на год. Калi ж графiк ужо складзены, то змянiць яго цяпер можна толькi па дамоўленасцi з наймальнiкам. Каму штраф за тэхагляд? З-за фiнансавых цяжкасцяў арганiзацыя своечасова не правяла тэхагляд, але накiравала аўтамабiль у рэйс. Вадзiцель "даехаў" толькi да першага паста ДАI, а там, зразумела, аштрафавалi. Хто тут павiнен несцi адказнасць? — Непасрэдна ў пратаколе вадзiцель павiнен быў запiсаць, што ён не згодны са штрафам, паколькi атрымаў няспраўную тэхнiку — у такiм выпадку адказнасць будзе ўжо несцi механiк, якi выпусцiў машыну на лiнiю, — кажа начальнiк Мiнскага абласнога ўпраўлення дэпартамента дзяржiнспекцыi працы Iван Карчэўскi. — I, да слова, варта заўважыць, што накiраванне ў рэйс на тэхнiчна няспраўным аўтамабiлi — гэта стварэнне прамой пагрозы жыццю i здароўю вадзiцеля. А ў гэтых варунках наш Працоўны кодэкс дае кожнаму поўнае права проста адмовiцца ад выканання даручанай работы. Умовы дыктуюць бюджэты Дапамога да Дня Перамогi ўжо стала традыцыяй, не стаў выключэннем i гэты год. Праўда, тут адразу ж з’явiлася пытанне. Сёлета ў сталiцы матэрыяльную падтрымку ў тым лiку аказалi былым вязням. А вось у Мiнскай вобласцi — не. — Сёлета на Мiншчыне матэрыяльная дапамога да свята Перамогi таксама прадастаўлялася некаторым катэгорыям — iнвалiдам i ўдзельнiкам Вялiкай Айчыннай вайны, размiнёрам вызваленых тэрыторый ў 1943—1945 гадах, асобам, што былi ўзнагароджаныя ордэнамi i медалямi за самаахвярную працу падчас вайны ў тыле, блакаднiкам Ленiнграда, сем’ям ваеннаслужачых, партызан i падпольшчыкаў, якiя загiнулi або прапалi падчас вайны без вестак, асобам, якiя працавалi на аб’ектах супрацьпаветранай абароны, на будаўнiцтве абарончых збудаванняў, марскiх баз, аэрадромаў i iншых ваенных аб’ектаў у тылавых межах дзеючых франтоў, на прыфрантавых участках чыгункi i аўтадарог, членам экiпажаў суднаў транспартнага флоту, што былi iнтэрнiраваны ў пачатку Вялiкай Айчыннай у порты iншых дзяржаў, — адзначае намеснiк старшынi Камiтэта па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне Мiнскага аблвыканкама Алена Кузьмiна. — Сапраўды, былых вязняў у гэтым спiсе няма. Прычым меншы, у параўнаннi са сталiцай, пералiк тлумачыцца наступным — матэрыяльная дапамога выдаткоўваецца з мясцовых бюджэтаў, а магчымасцi мясцовых бюджэтаў у кожным рэгiёне розныя. I падобную акалiчнасць трэба лiчыць аб’ектыўнай — часам зусiм не аднолькавая дапамога ветэранам аказваецца нават у двух суседнiх сельсаветах аднаго i таго ж раёна. Iльгота ёсць. Аднак па норме Цi не самай папулярнай тэмай апошняга года застаюцца льготы. Цi датычацца скiдкi па аплаце ацяплення iнвалiда I групы, якi жыве асобна ад працаздольных дзяцей? I калi так, то чаму льгота распаўсюджваецца не на ўсю жылплошчу? Мiж тым, сiтуацыя тут такая. Калi iнвалiд I групы жыве асобна ад працаздольных дзяцей i вядзе з iмi розныя гаспадаркi, то права на льготы па аплаце ацяплення ў яго захавалася. Аднак распаўсюджваецца гэта льгота не на ўсю, а толькi на нармаваную агульную жылплошчу — 20 квадратных метраў. Адпаведна, 50-працэнтнай скiдкi па аплаце за ацяпленне астатнiх метраў кватэры цяпер няма. Прапiска перашкодай не бывае Не меншая цiкавасць сёлета — да адраснай сацыяльнай дапамогi. Скажам, цi можа разлiчваць на яе сям’я з чатырох чалавек, дзе жонка даглядае маленькiх дзяцей, а муж не працуе i навучаецца на платнай аснове? Зрэшты, адказ тут адназначны. Калi муж вучыцца за ўласныя сродкi, то адрасную падтрымку на сям’ю не прызначаць. I яшчэ выпадак. Муж i дзецi прапiсаныя ў Пухавiцкiм раёне, а жонка — у Гомелi. Куды такая сям’я можа звярнуцца па адрасную падтрымку? Варта адразу заўважыць, што гэта праблема — цалкам вырашальная. Жонка разам з iншымi членамi сям’i мае права звярнуцца па падтрымку па месцы фактычнага пражывання, у Пухавiцкiм раёне. Праўда, пры гэтым сацыяльныя службы раёна абавязкова высветляць, цi не рабiўся падобны зварот адначасова i ў Гомелi. Як пазбавiцца нуля? У арганiзацыi, дзе працаваў чалавек, некуды знiклi ведамасцi на выплату зарплаты за 1993—1994 гады. Калi прыйдзецца выходзiць на пенсiю, заробкi за "страчаны" адрэзак улiчаць за нуль. А ў сваю чаргу гэта прывядзе да змяншэння "пенсiйнага" каэфiцыента ў цэлым. — Паколькi страта дакументаў адбылася не па вiне работнiка, па аднаўленне звестак аб заробках можна звярнуцца ў суд, — заўважае Алена Кузьмiна. — Прычым трэба падкрэслiць: зараз аднавiць iнфармацыю для разлiку каэфiцыента магчыма па нейкiх ускосных доказах (звестак аб выплаце прафсаюзных цi партыйных узносаў, ранейшых разлiковых лiстках i г.д.), па паказаннях сведкаў цi нават па сярэдняй зарплаце работнiкаў пэўных прафесiй i пасад у той жа перыяд. Сяргей ГРЫБ, Пухавiцкi раён.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Больш за 70 тысяч жыхароў i нязначная адлегласць ад сталiцы — нават пры ўсiм жаданнi назваць "глыбiнкай" Пухавiцкi раён цяжка. Напэўна, адсю |
|