"Як жывеш, аграгарадок?"
"Як жывеш, аграгарадок?"
Акцыя "Звязды" — пад такой назвай у канцы сакавiка "Звязда" змясцiла вялiкую падборку матэрыялаў, у якiх аналiзавалiся многiя аспекты пераўладкавання жыцця ў вёсках. Многiя чытачы даслалi свае меркаваннi па тэме. Сярод пошты — i афiцыйнае паведамленне ад зацiкаўленага ведамства. Асноўнымi мэтамi Дзяржаўнай праграмы адраджэння i развiцця вёскi на 2005—2010 гады (далей — Праграма) з’яўляюцца адраджэнне i развiццё вёскi на аснове ўмацавання эканомiкi, павышэння даходаў сельскага насельнiцтва, узроўню сацыяльна-бытавога i iнжынернага ўпарадкавання сельскiх населеных пунктаў, захавання i аздараўлення экалогii ў iх i рацыянальнага выкарыстання дзяржаўных i iншых iнвестыцый. У мэтах рэалiзацыi Праграмы штогод зацвярджаюцца мерапрыемствы i каштарыс расходаў на яе фiнансаванне, дзе вызначаюцца адказныя за выкананне мерапрыемстваў, устанаўлiваюцца памеры i крынiцы фiнансавання. Канцэнтрацыя матэрыяльных i грашовых рэсурсаў на будаўнiцтве, добраўпарадкаваннi аграгарадкоў i iншых аб’ектаў сацыяльнай i вытворчай iнфраструктуры садзейнiчае фармiраванню неабходных умоў для жыццезабеспячэння сельскага насельнiцтва, надання прывабнасцi вясковаму ладу жыцця i працы. На фiнансаванне Праграмы ў 2005—2007 гадах накiроўвалiся ўласныя крынiцы арганiзацый, бюджэтныя сродкi, а таксама прыцягвалiся крэдыты банкаў i сродкi iнвестараў. Фiнансавыя сродкi выкарыстаны на будаўнiцтва жылля, развiццё камунальнай гаспадаркi, газiфiкацыю, электрыфiкацыю, палiвазабеспячэнне, мадэрнiзацыю тэлефоннай сувязi, развiццё ў сельскай мясцовасцi транспартнай iнфраструктуры, транспартнага абслугоўвання, адукацыi, аховы здароўя, фiзiчнай культуры i спорту, бытавога абслугоўвання, гандлю i грамадскага харчавання. У вынiку праведзеных мерапрыемстваў за 2005—2007 гады ў рэспублiцы створана 666 аграгарадкоў, у тым лiку ў Брэсцкай вобласцi — 105, Вiцебскай — 102, Гомельскай — 108, Гродзенскай — 102, Мiнскай — 133 i Магiлёўскай вобласцi — 116. У сфармiраваных аграгарадках створаны сацыяльная, iнжынерна-транспартная i вытворчая iнфраструктуры ў адпаведнасцi з зацверджанымi пашпартамi i нарматывамi дзяржаўных сацыяльных стандартаў па абслугоўваннi насельнiцтва рэспублiкi. У вынiку рэалiзацыi ў 2005—2007 гадах мерапрыемстваў Праграмы палепшаны жыллёвыя ўмовы сельскага насельнiцтва за кошт будаўнiцтва жылых дамоў i выканана заданне па ўводзе iх у эксплуатацыю за прайшоўшыя тры гады, забяспечана далейшая газiфiкацыя дамоў, палепшылася забеспячэнне вясковых спажыўцоў электраэнергiяй, амаль цалкам забяспечаны стацыянарнай або мабiльнай сувяззю сельскiя населеныя пункты, праводзiцца рэканструкцыя i рамонт мясцовых аўтамабiльных дарог, аказваецца садзейнiчанне беспрацоўным ва ўладкаваннi на пастаянную працу на вакантныя i створаныя рабочыя месцы ў мэтах забеспячэння занятасцi жыхароў сельскай мясцовасцi, ствараюцца ўстановы дашкольнай адукацыi новага тыпу, адкрыты гiмназii, лiцэi, арганiзаваны бальнiцы сястрынскага догляду, палепшылася гандлёвае абслугоўванне, пашырылася сетка паслуг, праводзiцца мэтанакiраваная работа па прыцягненнi вясковай моладзi да заняткаў спортам i турызмам. Значныя сродкi ўкладзены ў развiццё вытворчай сферы АПК i, асаблiва, аб’ектаў, размешчаных у аграгарадках. Працягваецца работа па спецыялiзацыi i iнтэнсiфiкацыi сельскагаспадарчага прадпрыемства, удасканальваннi сiстэмы стымулявання работнiкаў, занятых у сельскагаспадарчай вытворчасцi, i, асаблiва, спецыялiстаў. Вынiкi 3 гадоў сведчаць аб стварэннi стартавай базы для далейшага развiцця i паспяховага выканання заданняў Праграмы. Намеснiк Мiнiстра эканомікі У.К. Адашкевiч.
Думаць, а потым рабiць Размова пра аграгарадкi, здаецца, ужо нагнала аскому, але ўсё ж варта вяртацца да яе, бо ўсе мы разумеем: ёсць надзвычай сур’ёзная праблема, бо пытанне стаiць аб лёсе нашай вёскi. Згубiм вёску — у што ператворыцца наша краiна? Таму так важна прадумаць усё да дробязяў, не зацыклiвацца на гучных назвах, а дабiцца разумнай арганiзацыi жыцця большай часткi нашага насельнiцтва. Пад узвядзенне аграгарадкоў паступаюць вялiкiя грошы, якiя на месцы iмкнуцца максiмальна выкарыстаць, а якая будзе аддача, задумваюцца не заўсёды. Калi будуюцца катэджы за 100 тысяч долараў, а затым бясплатна раздаюцца работнiкам i з часам становяцца iх маёмасцю, то можна падумаць, што наша краiна найбагацейшая ў свеце, калi можа дазволiць сабе такое. А як людзi ставяцца да аграгарадкоў? Той, хто атрымаў дом, можа паскардзiцца, што нешта ў iм не так, але ў цэлым такiя людзi — за аграгарадкi i бясплатнае жыллё. А чалавек, якi аддаў гаспадарцы не адзiн дзесятак гадоў i дом узводзiў сам, то вельмi часта настроены негатыўна, яго хвалюе найперш заробак. Бо агульныя грошы можна пусцiць на аплату працы, а можна набудаваць палацаў для выбраных, якiя яшчэ невядома як будуць працаваць у далейшым. I кiраўнiкi сельгаскааператываў iдуць па шляху найменшага супрацiўлення. Замест таго, каб прыцягваць спецыялiстаў высокай зарплатай, яны стараюцца прывязаць iх да гаспадаркi жыллём, раздачай катэджаў. Таму старшынi СВК за ўзвядзенне дамоў па дзяржаўнай праграме, але хацелi б, каб крэдыты выплачвалi жыльцы. Але ўзнiкае праблема: як тады прымусiць чалавека працаваць у гаспадарцы? Адказ вiдавочны — прыстойным заробкам. Усё вышэйсказанае не з’яўляецца вызначальным, бо часта не бяруцца да ўвагi асаблiвасцi канкрэтнага населенага пункта, сельгаскааператыва, раёна. Чыгунка Баранавiчы—Лунiнец падзяляе Ляхавiцкi раён на дзве зоны. На захадзе раскiнулася палеская — лес ды балота, а на ўсходзе пралягае "нясвiжская града", колiшнiя радзiвiлаўскiя землi, на якiх СВК рэгулярна збiраюць самыя высокiя ў вобласцi ўраджаi. А вось гаспадаркi "Куршынавiчы", "Свяцiцкi", "Лiпнянка" i iншыя з палескай зоны знаходзяцца ў цяжкiм эканамiчным становiшчы i там аграгарадкамi сiтуацыю не выправiш. Найперш неабходна забяспечыць людзей працай i зарплатай хоць бы ў 300 тыс. рублёў. — У нас пяцьдзесят сем’яў днём п’юць гарэлку, а ноччу iдуць красцi ў сельгаскааператыў, — паскардзiўся старшыня аднаго СВК, — вунь, якi ўжо год дзiцячы садок нiкому не патрэбен, Дом культуры таксама пустуе, а мне кажуць, што ў нас ужо аграгарадок. У СВК "Ляхавiцкi" такiх праблем няма i цэнтральную сядзiбу Русiнавiчы можна лiчыць аграгарадком у поўным значэннi гэтага слова. На зарплату работнiкi гаспадаркi не наракаюць, а калi пачынаецца ўборка бульбы, то едуць на заробкi не толькi з райцэнтра, але i з Баранавiчаў. У плане будаўнiцтва дамоў па дзяржпраграме "Ляхавiцкi" лiдзiруе ў раёне. I калi адзiн СВК мае магчымасць штомесяц выплачваць узносы ў 20—30 млн рублёў, то другой гаспадарцы i частка гэтай сумы — непасiльны цяжар. А цягнуць крэдытную лямку давядзецца на працягу 40 гадоў. I ёсць верагоднасць, што за гэты час некаторыя СВК (у лепшым выпадку) увогуле знiкнуць. Ды i такiя доўгатэрмiновыя крэдыты пад мiзэрны працэнт не ўмацоўваюць фiнансавую сiстэму краiны. Крэдыты павiнны выплачваць не сельгаскааператывы (увесь калектыў), а той, хто атрымаў дом. I гэта будзе справядлiва. Кiраўнiкi на месцах выбралi правераную схему — не праяўляць нiякай iнiцыятывы. Прынята пастанова ўзводзiць аграгарадкi — заварушылiся, а калi б скiнулi зверху рашэнне ствараць конезаводы, то з такiм жа энтузiязмам узялiся б за iх. I што, у аграпрамысловым комплексе ў нас усё вырашана i сельская гаспадарка iдзе прамой дарогай развiцця — наўкол калгасныя палi з прылепленымi да iх фермерскiмi лапiкамi i так назаўсёды? Безумоўна, не! Сельскай гаспадарцы патрэбна iнiцыятыва, новыя iдэi i дзелавыя людзi — вёска будзе развiвацца. Павел Сцяпанаў, Ляхавiцкi раён. Лiст па тэме Я пераехала б у вёску, але... Паважаная рэдакцыя "Звязды". Пiша вам вiцябчанка Таццяна Пацапнёва. Мне за трыццаць. Свой узрост не ўтойваю. Жыццё склалася добра: клапатлiвы муж, дзецi — наша агульнае сямейнае шчасце. Выпiсваю вашу газету першы год. Прапанавалi на пошце, i я не адмовiлася. Упэўнена, што нашым дзецям, а iх у мяне двое: сын Артур вучыцца ў другiм класе, дачушцы Ганне толькi 1,5 года, неабходна добра ведаць нашу беларускую мову. Таму i вырашыла стаць вашай падпiсчыцай. На жаль, пакуль што сама я дрэнна ведаю родную мову. Але як было мне прыемна перакладаць беларускiя словы на рускую мову, калi наш сваяк — пенсiянер Уладзiмiр Сланiмскi, якi прыехаў у госцi з Расii (на мой погляд, з самага прыгожага горада суседняй краiны — Санкт-Пецярбурга), прасiў растлумачыць, што значыць гэтае беларускае слова, яшчэ адно... Прачытала ў "Звяздзе" артыкулы, прысвечаныя аграгарадкам, у тым лiку i той, што напiсаў ваш уласны карэспандэнт па Вiцебскай вобласцi. Калi не памыляюся, артыкул меў назву з пытаннем — "Як хочацца вярнуцца ў аграгарадок?" Я ў дзяцiнстве кожнае лета праводзiла ў звычайнай беларускай вёсцы ў Вiцебскiм раёне. Не хачу называць яе канкрэтна, тым болей што нiчога асаблiвага ў гэтай вёсцы няма. Мацi мая адтуль родам. Выйшла ў свой час замуж за бацьку, якi жыў у Вiцебску, i стала гарадской. I дзядзькi, цёця — усе родам з вёскi. Мая вясковая бабуля выхавала пяцярых дзяцей. На жаль, некалькi гадоў таму яна пайшла з жыцця. Там, у вёсцы, я пазнаёмiлася з будучым мужам Эдуардам. Ужо ў Вiцебску пажанiлiся. Тут нарадзiлiся дзеткi. Шчыра адзначу, што, калi б мне заўтра прапанавалi пераехаць на пастаяннае месца жыхарства ў вёску, я адмовiлася б. Але падумала б пераехаць, калi прапанавалi добры заробак. Я — рабочая на адным з вiцебскiх абутковых прадпрыемстваў. Безумоўна, калi б у вёсцы мне прапанавалi працаваць па маёй спецыяльнасцi i каб зарплата была значна большая, я мо i пераехала б. Калi б плацiлi ў месяц мiнiмум 1 мiльён беларускiх рублёў, далi б дом вялiкi i ўтульны альбо вялiкую кватэру, чаму б не стаць сельскай жыхаркай? Верагодна, i жывёлу трымалi б: курэй, коз, але не карову, бо клопатаў шмат з ёй. Мае сяброўкi, што i зараз жывуць у вёсцы, расказвалi, што дамы для спецыялiстаў часта будуюць быццам бы для справаздачы. Там, як мне расказалi, холадна i вiльготна. I потым я сама ў гэтым упэўнiлася, калi прыходзiла ў госцi. Пра аналагiчнае няўтульнае жыллё я чула i ад жыхароў iншых сельскiх населеных пунктаў. Няўжо нельга падчас праектавання сур’ёзна i ўважлiва даследаваць глебу, зрабiць аналiз таго, цi адпавядае месца для будаўнiцтва? Мой муж — будаўнiк. Прафесiя зараз вельмi запатрабаваная. I, безумоўна, наўрад цi ў вёсцы ён зможа зарабляць столькi, як зараз у горадзе. А многiя ягоныя знаёмыя працуюць будаўнiкамi ў Расii, дзе плацяць за гэтую цяжкую працу яшчэ больш, чым у Вiцебску. Не сакрэт, што ў сельскiх крамах выбар прадуктаў i тавараў параўнальна небагаты. А колькi разоў я сама тут бачыла прадукты, тэрмiн ужывання якiх прайшоў. У горадзе, думаецца, такiя выпадкi бываюць рэдка. Вольны час... Вядома ж, нельга параўноўваць у гэтым пытаннi вёску i горад. Хай у першым выпадку нават ёсць нядрэнны Дом культуры, але хочацца i ў тэатр схадзiць, i кiно новае паглядзець, а не такое, што па тэлевiзары даўно круцяць! А медыцына? Хай нават у аграгарадку будзе новае медыцынскае абсталяванне, але не сакрэт, што добрыя спецыялiсты імкнуцца працаўладкавацца ў гарадах, ды i выпускнiкi медыцынскiх устаноў "збягаюць" у горад, калi адпрацуюць пасля размеркавання колькi патрабуецца па закону. А калi б iм стварылi добрыя ўмовы для жыцця ў вёсцы, напэўна, не пажадалi б працаваць у гарадах? У iдэале, я думаю, будуць найбольш перспектыўныя аграгарадкi, што знаходзяцца недалёка ад вялiкiх гарадоў. Напрыклад, пад Вiцебскам ёсць Альгова — гэта былы калгас "Чырвонай армii", дзе i зарплаты добрыя, i ўмовы жыцця нядрэнныя. А пажадаеш гарадскiх "прывiлей", калi ласка, сядай на гарадскi рэйсавы аўтобус, i праз некалькi хвiлiн ты ўжо ў Вiцебску. А аграгарадок Ноўка, да якога пешшу можна хутка дайсцi з абласнога цэнтра. Думаецца, што аграгарадкi, хай не хутка, але змогуць праз некалькi гадоў стаць сапраўднымi цэнтрамi "сельскай цывiлiзацыi". На жаль, многiя з вяскоўцаў, якiя працуюць, выпiваюць. Таму кожны добрасумленна працуючы павiнен стаць для кiраўнiкоў гаспадарак, сельсаветаў "штучным таварам", якi трэба захоўваць, чалавекам, пра якога неабходна клапацiцца, ставiцца да яго з павагай. Прабачце, калi што не так напiсала, але думаю, што шчырая дыскусiя па тэме адраджэння вёскi пойдзе толькi на карысць. Таццяна ПАЦАПНЁВА, г. Вiцебск.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
— пад такой назвай у канцы сакавiка "Звязда" змясцiла вялiкую падборку матэрыялаў, у якiх аналiзавалiся многiя аспекты пераўладкавання жыцця |
|