"Свецiмся" i будзем?
"Свецiмся" i будзем?
Зварот у карпункт Заўсёды прыемна, калi чытачы тэлефануюць у карпункт i прапаноўваюць нейкiя цiкавыя тэмы для будучых публiкацый. Чытачка з Аршанскага раёна была вельмi эмацыянальнай, але нiчога не патрабавала. "Проста, калi газеце патрэбна тэма для дыскусii, мо, напiшыце пра мае думкi?" — адзначыла яна. Гаворка пра флiкеры. Яе i мужа, калi яны ўвечары пайшлi ў госцi, аштрафавалi за тое, што на iх адзеннi не было флiкераў. Знаходзiлiся яны на дарозе, якая не была асветлена. "Ды навошта так рабiць супрацоўнiкам ДАI? — пытаецца Валянцiна Паўлаўна. — I цi праўда, што ў iх ёсць адпаведны план па штрафах?" У ДАI УУС Вiцебскага аблвыканкама мне неаднаразова гаварылi пра адсутнасць "планаў па штрафах". Пытанне наконт колькасцi аштрафаваных пешаходаў за адсутнасць флiкераў засталося без каментарыяў. Маўляў, не трэба лiшняй увагi да гэтага пытання, галоўнае — прафiлактычная работа. Калi калегi на прэс-канферэнцыi расказвалi пра розныя гiсторыi наконт штрафаў, то абяцалi разабрацца, калi пакрыўджаныя звернуцца ў ДАI пiсьмова. Напрыклад, на апошнiм прыпынку маршрутнага таксi ўсiх, хто выходзiў з салона машыны без флiкераў, штрафавалi. Нават у вiцебскiх трамваях ёсць над дзвярыма надпiс, якi нагадвае аб неабходнасцi мець флiкер тым, хто выходзiць i, адпаведна, становiцца пешаходам. Мой калега, якi цяпер працуе ў Маскве, доўга смяяўся, калi праз некалькi гадоў пасля нашай апошняй сустрэчы ўбачыў мяне ў горадзе з "флiкерам" на сумцы. Адзначыў, што ў Маскве i наогул у Расii такога няма. Прасiў падарыць на памяць. Дарэчы, пра масквiчоў. У знаёмай вiцябчанкi сваякi "заказалi" флiкеры на сувенiры. "Прыязджай у госцi, толькi вазьмi з сабой "гэтыя штучкi" — прасiлi яе. Колькi бываў у Польшчы, не бачыў флiкераў на адзеннi прахожых. "Затое ў Швецыi яны абавязковыя", — канстатавала сяброўка. Самае цiкавае, што тыя ж мiлiцыянеры не ўтойваюць, што ў Еўропе, дзе вельмi сур’ёзна ставяцца да пытанняў бяспекi грамадзян, праблему "флiкерызацыi" вырашылi iншым шляхам — у самiм адзеннi ўжо ёсць гэтыя элементы. Нашы вытворцы, як заўсёды, напэўна, не вельмi спяшаюцца. Колькi разоў меў размовы па тэме з кiраўнiкамi прадпрыемстваў. Аказваецца, каб нават "нiтка свяцiлася", трэба мноства папер падпiсаць, узгаднiць. Ды i "тэхналагiчны працэс" трэба мяняць. I добрых прыкладаў у краiне, калi ўсё-такi змаглi "светлавое" адзенне паставiць на канвеер, — адзiнкi. А пакуль што... Ну, не смешна: iдзе добра апрануты чалавек, а на рукаве яго пiнжака "элемент", якi вельмi нагадвае павязку з "цырымоннай працэсii". I побач iдуць такiя ж грамадзяне. Можна паспрачацца, але, значнага панiжэння траўматызму i смяротнасцi на дарогах у нас няма. Так, кожнае выратаванае жыццё — гэта дасягненне. Але мо лепш трэба асвятляць вулiцы, не шкадаваць для гэтага грошай? Напэўна, мiнчанам у светлым i добраўпарадкаваным горадзе гэтага не зразумець? I флiкер iм не вельмi неабходны ў адрозненне ад правiнцыялаў? Калi хочаце абмеркаваць гэтую тэму, тэлефануйце ў карпункт, пiшыце... Аляксандр ПУКШАНСКI.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Заўсёды прыемна, калi чытачы тэлефануюць у карпункт i прапаноўваюць нейкiя цiкавыя тэмы для будучых публiкацый.
|
|