Замест "арыстакратаў" фартуна выбрала "чырвоных д’яблаў"
Замест "арыстакратаў" фартуна выбрала "чырвоных д’яблаў"
У англійскiм фiнале Лiгi чэмпiёнаў "Манчэстар Юнайтэд" змог перамагчы "Чэлсi" толькi ў футбольнай латарэi — 1:1 (6:5) Сёлетнi фiнал Лiгi чэмпiёнаў, на маю думку, стаў класiчным урокам для ўсiх прадстаўнiкоў i аматараў гульнi № 1, бо матч у Маскве даказаў шэраг няпiсаных футбольных правiлаў. Самы распаўсюджаны выраз, маўляў, прагнозы — справа няўдзячная, не губляе сваёй актуальнасцi. Беларускi легiянер Аляксандр Глеб тры сезоны правёў у англiйскай прэм’ер-лiзе, выходзiў на поле супраць "арыстакратаў" i "чырвоных д’яблаў", але не ўгадаў пераможцу. Ён ставiў на каманду Рамана Абрамовiча, прычым казаў, што лонданцы выйграюць з лiкам 2:1 цi 1:0. Экс-настаўнiк "Чэлсi" Жазэ Маурынью наогул не рашыўся назваць уладальнiка Кубка чэмпiёнаў напярэдаднi фiналу, хоць ведаў патэнцыял сваiх былых падначаленых. Угадаў пераможцу Юрый Пунтус. Аднак пасля фiналу настаўнiк МТЗ-РІПА прызнаўся мне, што i "Чэлсi" пры такой гульнi заслугоўваў вiкторыi. "Пенальцi — гэта заўжды латарэя. Выконваць адзiнаццацiметровыя iгракi маглi да ранiцы, — заўважыў трэнер, — i хто ведае, якiм бы быў лiк пры iншым раскладзе?" Букмекеры ж у асноўным лiчылi фаварытам чэмпiёнаў Англii, але варта было капiтану "Чэлсi" Джону Тэры ўдала выканаць адзiнаццацiметровы i — Кубак бы трапiў у iншыя рукi. I цi верылi вы, шчыра кажучы, што лепшы бамбардзiр Лiгi чэмпiёнаў Крышцiяну Раналду не рэалiзуе пасляматчавы пенальцi? Безумоўна, можна спiсаць яго промах на вялiкае хваляванне i адказнасць, але цi апраўдвае гэта памылку самага верагоднага ўладальнiка "Залатой буцы", якога жадаюць мець у сваiм складзе ўсе клубы свету? Тым больш, што менавiта партугалец адкрыў лiк у фiнале. I калi ён змог забiць з гульнi, то чаму разгубiўся тэт-а-тэт з варатаром сапернiкаў? Фiнал ужо не перапiшаш. I я нi ў якой меры не хачу пакрыўдзiць балельшчыкаў "Манчэстар Юнайтэд", якi ў трэцi раз стаў лепшым у Еўропе. У футболе перамагае мацнейшы i любiмец фартуны, а яна на гэты раз выбрала "чырвоных д’яблаў". Нельга не адзначыць i неверагодны сэйв галкiпера "МЮ" Ван дэр Сара (менавiта ён прынёс перамогу клубу), якi яшчэ раз даказаў, што добры варатар — палова каманды. У прынцыпе, камплiмент можна накiраваць i ў адрас яго калегi Пятра Чэха, якi таксама не раз выручаў сваю каманду. Аднак самай вялiкай пахвалы заслугоўвае, бясспрэчна, сэр Алекс Фергюсан. Шматгадовы рулявы "Манчэстар Юнайтэд", дзякуючы вопыту i мудрасцi, зноў зрабiў сваю дружыну наймацнейшай i ў Англii, i ў Еўропе. Дарэчы, неўзабаве пераможцы могуць здабыць яшчэ адзiн тытул у матчы за Суперкубак Еўропы, дзе "МЮ" сустрэнецца з уладальнiкам Кубка УЕФА, пiцерскiм "Зенiтам" (гульня адбудзецца 29 жнiўня ў Манака). Спадзяюся, што гэты паядынак не ўступiць фiналу Лiгi чэмпiёнаў па эмоцыях. Будзе цiкава паглядзець, як родапачынальнiкi футбола справяцца з "рускай рулеткай". Iрына ПРЫМАК.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У англійскiм фiнале Лiгi чэмпiёнаў "Манчэстар Юнайтэд" змог перамагчы "Чэлсi" толькi ў футбольнай латарэi — 1:1 (6:5) |
|