21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Жураўліны досвiтак Уладзiмiра Карызны

26.08.2009 10:12 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Жураўліны досвiтак Уладзiмiра Карызны

Ён перакананы: вытокi паэзii — у народнай песнi

Больш за дзвесце вершаў паэта Уладзiмiра Карызны пакладзена на музыку А. Багатыровым, Ю. Семянякам, Я. Глебавым, Д. Смольскiм, I. Лучанком, Э. Ханком, Л. Захлеўным, iншымi выдатнымi беларускiмi кампазiтарамi. Многiя песнi надзвычай папулярныя: "Беларусь мая сiнявокая", "Люблю цябе, Белая Русь", "Салавей спявае", "Зорачка мая". 

Жытнёвае поле, лясы i азёры,

Крынiчанька ў лузе i ў небе жаўрук —

Услухайся толькi, усё тут гаворыць:

Люблю цябе, Белая, Белая Русь.

<...>

Тут трэба ля гэтых азёр нарадзiцца,

I слухаць гаворку, i бачыць зару,

Каб сэрцам i доляй навек прычасцiцца

К табе, мая чыстая Белая Русь. 

Адносiны да роднай зямлi, да Беларусi — Бацькаўшчыны! — у Карызны асабiстыя i асаблiвыя. Па-сыноўску трапяткiя. Колькi беларусаў услед за паэтам прамаўляла i спявала:

Я табой, зямля,

Заварожаны

I належу адзiнай табе! 

*  *  *

Мабыць, невыпадкова Уладзiмiр Iванавiч Карызна ўвайшоў у гiсторыю як адзiн з аўтараў Дзяржаўнага Гiмна Рэспублiкi Беларусь...

— Першы ваш верш быў апублiкаваны ў "Чырвонай змене" ў 1956 годзе. А ўвогуле, цi памятаеце, калi вершы пачалi пiсацца?

— Яны пачалi ўзнiкаць, калi яшчэ i ў школу не хадзiў. Помню, як мне было сумна, калi бацькi пайшлi на гулянку, а мяне пакiнулi аднаго. Мама папрасiла маю родную цётку Марусю, Марыю Захарэвiч — толькi яна не Георгiеўна, як наша народная артыстка, а Канстанцiнаўна — каб яе малодшая сястра Галя мяне закалыхала... А тады была мода класцi дзяцей спаць на печы: холадна — позняя восень цi зiма — не давяралi ложку. А печ — вялiкая, цёплая... Галя на 10 гадоў старэйшая за мяне, закалыхала — i пабегла... А я, малеча, прачнуўся: цiха, цёмна, нiкога няма. Я лямпу не запалю — малы. I злезцi з печы не магу. Я ў плач. I такiя рытмы ў душы нараджалiся...

Або яшчэ моцны ўспамiн. Бацька на руках мяне нёс, а на плячы каса: iшоў касiць i ўзяў мяне з сабой. Гэта было яшчэ да вайны, але i цяпер памятаю пах той ранiцы, спевы птушак у небе... Бацька пасадзiў мяне ў пракос i стаў падграбаць траву. А там жывыя птушачкi! "Ты ж iх не чапай". У гэты час нешта здрыганулася ў душы. Я адчуў, што ўсё гэта — Радзiма: птушачкi, бацькавы рукi, пах пракосаў. Зямля, дзе я жыву. "Зямны рай", — гаварыла мама.

Неба чыстае i глыбокае

I бярозавы цiхi гай —

Беларусь мая сiнявокая,

Беларусь мая, родны край.

Песня "Беларусь мая сiнявокая" напiсана ў 1958 годзе.

— Паўстагоддзя назад!

— Сiнявокая — значыць не толькi прыгожая, азёрная... Гэта i сiнiя вусны, сiнiя рукi ад холаду, ад пакутнага лёсу. Няпростым быў шлях нашай Беларусi... Помню, як плугi цягалi мама з цёткай Марусяй — коней не было. Як яны градкi пеставалi, як памiдорчык чакалi, агурочак. Курачка знясецца — мама хворай суседчынай дзяўчынцы: "Выпi яечка"... Апошняй скварачкай, апошнiм кавалачкам дзялiлiся. Прынясе мёду цётка Марыя Пiнчук...

*  *  *

— Мне было тры гады, калi пачалася вайна. Не раз маглi загiнуць i ад палiцаяў, i ад немцаў. Бацька быў сувязным, i варожыя сiлы гэта ведалi, хацелi вылавiць. Мы, мацi i дзецi, былi заложнiкамi — проста з-пад носу немцаў уцяклi. На канi нас адвезлi ў партызанскi край. Уздзеншчына, вёскi Слабада, Зорка, Зарэчча... Мацi мая, Нiна Канстанцiнаўна, з 1917 года, ёй было 25 гадкоў. Божухна, сама дзiцятка яшчэ — а ўжо трое дзяцей: я з 1938 года, брат з 1940-га, сястра з 1941-га...

Помню балотца, дзе мы хавалiся. Летам жылi ў лесе, прыходзiла восень, халадала, перабiралiся ў вёску. Хто на падлозе спаў, хто на печы... Але месца ўсiм не хапала. Аднойчы мама з Галяй вырашылi: пойдзем у свой шалашык у лес. Трэба прайсцi балота, там ляжалi асiнавыя лазi (ссечаныя маладыя асiнкi). Я ўвязаўся з iмi iсцi. Прайшлi па кладачцы па дрыгве... Ляглi спаць у шалашы. Сярод ночы я прачнуўся: нешта шэпчуцца мацi i Галя, напалоханыя. Аказалася, ваўкi iдуць! Пiлiпаўка — акурат iх пара. Сталi нервавацца: што рабiць? Уцякаць? Цi палiць вогнiшча (у шалашы быў порах i запалкi, бацька пакiнуў)?.. А ваўкi пераклiкаюцца... Робiцца вусцiшна i дзiка. (Часам цяпер, як слухаю некаторых сучасных выканаўцаў, успамiнаю выццё тых ваўкоў на Пiлiпаўку)... Не сталi палiць порах — пабеглi. Са страху ледзь знайшлi кладкi. Паўзлi: мацi наперадзе — я за ногi яе трымаю — Галя мяне за ногi трымае, каб не звалiўся ў дрыгву. Прыходзiм у хату ў Слабадзе — мама ў слёзы...

Да самага вызвалення Беларусi ў лесе, у балоце хавалiся — як i iншыя партызанскiя сем’i. Пасля, у 1944 годзе, вярнулiся ў сваю вёску — Закружка яшчэ жывая была. Мы зайшлi ў хату... Было гарачае, спякотнае лета, немцы адступалi — далi трасiруючымi кулямi па хатах. А стрэхi саламяныя... Хата наша гарэла на вачах. Мы ўцяклi: каля свiрна былi ямы, дзе бралi жвiр, пясок на будоўлю, — там схавалiся, адсядзелiся... Але засталiся без нiчога.

Бацька партызанiў у атрадзе iмя Варашылава, быў знаёмы з Васiлём Iванавiчам Казловым. Пасля вызвалення Беларусi ён прапанаваў бацьку iсцi да яго шафёрам. Бацька яго вазiў з паўгода, а потым Казлоў накiраваў яго дырэктарам Мiнскай птушкафабрыкi. Але вясковец, селянiн — ну што яму ў горадзе рабiць? Паехалi ў родную Закружку, бацька стаў будавацца (пра гэта мая паэма "Родны дом").

 

*  *  *

— На вашым творчым рахунку звыш 30 кнiг. Усе iх назвы — метафарычна-паэтычныя: "Край мой сiнявокi", "Жураўлiны досвiтак", "Цiшыня баразны", "Душы разгуканай мелодыя"...

— Гэта мае глыточкi! Iмкнуўся называць паэтычныя зборнiкi па-беларуску душэўна. "Жураўлiны досвiтак" — тут не толькi вобраз, тут фiласофiя жыцця... Увогуле я працiўнiк фiласофскай паэзii, якую трэба чытаць са слоўнiкам, мазгi ўключаць-выкручваць. Калi чытаеш Пушкiна, Ясенiна, Купалу, Коласа, Панчанку, iншых вялiкiх паэтаў — усё проста, зразумела i ў той жа час як глыбока. Вось сапраўдная фiласофiя!

Агурочкi, гарбузочкi, лён, бульбачка, вiшанька, яблынька — гэта таксама паэзiя. Глядзiш на такую прыгажосць — i працаваць хочацца. Паэзiя — гэта сустрэча з багаццем роднага краю.

Якая радасць — прачнуцца

У мацi на сене мурожным!

Заглянуць у шчылiны мкнуцца

Яблыкi неасцярожна.

 

I вецер, як раньш, з асалодаю

Травiнкай казыча вусны.

Жаўрукову мелодыю

Каваль выкоўвае ў кузнi. 

Для мяне ключык да паэзii — народная песня. Купала на ёй вучыўся: "Явар i калiна" — адтуль. Мой боль паэтычны, i маё натхненне, i мае пошукi — таксама адтуль.

— Што для вас песня?

— Аснова культуры народа. Душа фармiруе песню! Песня можа "ўзяць у рукi" i асобнага чалавека, i ўвесь народ. На другi дзень пасля пачатку вайны была напiсана песня "Вставай, страна огромная!" (верш Лебедзева-Кумача, музыка Аляксандрава). Гэта песня праводзiла на фронт — i надавала веру ў Перамогу.

*  *  *

— Уладзiмiр Iванавiч, у вас больш як 50 песень "аўтарскiх", дзе вы аўтар i вершаў, i музыкi...

— Да песнi я цягнуўся з малых гадоў. Бацька ўмеў на балалайцы iграць — усе песнi, папулярныя ў той час: i народныя, i песнi Дунаеўскага, Макравусава, Захарава, Блантэра... У нас быў чырвоны патэфон i больш за сотню пласцiнак. З трох гадоў я помню арыю iндыйскага госця з оперы "Садко" Рымскага-Корсакава... Бацька завядзе патэфон, пасадзiць мяне на стол — i яны з мамай спакойна ўпраўляюцца па гаспадарцы, ведаючы: 15—20 хвiлiн, пакуль не скончыцца спружына, я са стала не злезу i нiкуды не ўцяку. Той чырвоны патэфон палiцаi ў вайну забралi, але бацька — хоць i не танная была рэч — зноў купiў патэфон. Помню, мацi як пачуе музыку, усё кiдае: "Хоць полечку станцую!". Так добра запомнiў мамiны хромавыя боцiкi, тата пашыў — i як спрытна ў iх яна танцавала! Якое было захапленне танцам! Нездарма пазней, праз гадоў 20, калi пачалi згасаць маладосць i сiлы, калi я жанiўся, мацi з жалем сказала маёй жонцы:

— Алачка, польку я ўжо танцаваць не магу — усё, значыць, старая, трэба памiраць.

Полька выпрабоўвала сiлу фiзiчную, здатнасць жыць, з сярпом хадзiць... А песня выпрабоўвала любоў да роднага краю, да людзей.

Навальнiцамi

Лозы нiцыя

Прытуляюцца да зямлi,

Дзе i мы з табой

Пад крынiчныя

Звоны сiнiя ўзраслi. 

*  *  *

— Вы вучылiся музыцы?

— Не, музычнай школы паблiзу не было. Пасля вайны ўвогуле нялёгка жылося. Грошай у калгасе не давалi, "працаднi" ставiлi. Мама прадавала яйкi, малако. А яшчэ i ў калгас трэба было здаць 200 лiтраў малака... Я скончыў 10 класаў у 1956 годзе, ужо бясплатным было навучанне ва ўнiверсiтэце. Нават плацiлi стыпендыю (я нярэдка атрымлiваў павышаную), далi iнтэрнат бясплатна. Мы вучылiся, i былi такiя шчаслiвыя!

 

Пасля першага курса паехаў на цалiнныя землi ў Казахстан, зарабiў грошай. I не касцюм купiў, якога не было, не чаравiкi, якiх таксама не было. Купiў акардэон. I пачаў вучыцца iграць.

— Як вы ацэньваеце сучасную песню?

— Яе амаль няма. Тое, што называецца шоў-бiзнэсам... Чалавек не ведае нотаў, няма слыху, затое ёсць грошы... У Маскве "раскручаны" кампазiтар на канцэрце сядзiць на сцэне за раялем i нiбыта iграе, а на самай справе iдзе фанаграма. Музыку яму пiшуць хлопцы з Сiбiры за грошы.

*  *  *

— Некаторыя лiчаць, што вызначэнне "паэт-песеннiк" прынiжае паэзiю.

— А цi многiм па сiлах напiсаць такiя песнi, як "Бывайце здаровы!", "Ой, бярозы ды сосны"?! Адам Русак — напiсаў. Ён скончыў Ленiнградскую кансерваторыю, 30 гадоў iграў у прафесiйным аркестры.

...Русак быў на канiкулах, развiтаўся на Нёмане з бацькамi, ехаў у цягнiку — i напiсаў "Бывайце здаровы!". Там 28 куплетаў!

— Гэта песня лiчыцца народнай...

— Ён даслаў верш у газету "Правда". Надрукавалi, але прозвiшча не паставiлi, вырашылi — словы народныя. (А што, Ясенiн хiба не народны? Някрасаў не народны? А Купала, Колас, Багдановiч не народныя?..). На рускую мову верш пераклаў Мiхаiл Iсакоўскi, таму яго i лiчылi аўтарам, хаця аўтар — Адам Русак.

— Вы добра ведалi Адама Герасiмавiча?

— Мы сябравалi... Ён напiсаў Iсакоўскаму, што гэта яго верш. Атрымаў лiст з прабачэннямi. З таго часу абвяшчаецца: верш Русака, пераклад Iсакоўскага.

Хаця, сапраўды, песню "Бывайце здаровы" спяваюць рускiя — як рускую народную, украiнцы — як украiнскую народную. Генiяльная, канешне, песня... Песня дапамагае кампазiтару стаць кампазiтарам, паэту — паэтам.

*  *  *

— Як вы пазнаёмiлiся з жонкай?

— Пасля заканчэння фiлфака БДУ паехаў настаўнiчаць на Браслаўшчыну. Паглядзеў на карту Беларусi — i сам выбраў.

— Самую сiнявокую Беларусь!

— Паехаў туды з акардэонам. Вёў беларускую i рускую мовы i лiтаратуры, у дадатак — класнае кiраўнiцтва, музыка... У гэты ж час прыслалi пiянерважатую Алiну Iванаўну. Я ўбачыў: танцуе здорава, любiць музыку, сiмпатычная. Зайшоў аднойчы да яе на кватэру — яна чытае Шата Руставелi "Вiцязь у тыгравай шкуры" на грузiнскай мове. Што за кнiжка, адкуль мова?.. Расказала: бацька сышоўся з другой жанчынай у час вайны, а мацi з’ехала з афiцэрам у Тбiлiсi. Алiна там скончыла 7 класаў... Мацi яе магiлёўская, з вёскi Карзуны.

Дарэчы, у Браславе жыў Цанава, грузiн, аднафамiлец таго самага ката-Цанавы, у райфо працаваў — дзесьцi раз на месяц прыязджаў, каб па-грузiнску пагаварыць.

— А не забылася яна мову?

— Помнiць. I калi хто патэлефануе са старых знаёмых — па-грузiнску размаўляюць.

— Калi збiраецеся на хатнiя святы, спяваеце?

— Я бяру акардэон — абавязкова. Кампазiтарам стаў наш сын Уладзiмiр. Ён скончыў музвучылiшча, кансерваторыю. У яго ёсць сiмфанiчныя творы, харавыя, рамансы, больш за сотню песень, у тым лiку i на мае вершы.

Унуку Ваню 15 гадоў, ён iграе на вiяланчэлi, стыпендыят Спецыяльнага фонду Прэзiдэнта, унучка Насця заканчвае школу, яна скрыпачка. Мае ўнукi — лаўрэаты прэстыжных мiжнародных конкурсаў. Старшыня журы II Мiжнароднага конкурсу выканаўцаў на струнных смычковых iнструментах iмя М. Ельскага, знакамiты вiяланчалiст Кiрыл Родзiн (Расiя) сказаў пра Iвана, якi спаборнiчаў у дарослай групе, хоць сам у сярэдняй: "Гэта — сапраўдны Гран-пры!..". А вiяланчэль яму падарыў сусветна вядомы музыкант i дырыжор Уладзiмiр Спiвакоў.

*  *  *

У кнiгарнях з’явiлася кнiга выбранай лiрыкi Уладзiмiра Карызны "Доля Русь наша Белая", выпушчаная выдавецтвам "Мастацкая лiтаратура" ў серыi "Беларуская паэзiя ХХ стагоддзя". У прадмове акадэмiк Уладзiмiр Гнiламёдаў пiша: "Я хацеў бы адзначыць дзве гранi таленту паэта i яго светаўспрымання. Адна — здольнасць адчуваць i бачыць супярэчнасцi свету, негатыўныя, балючыя з’явы, другая — iмкненне да гармонii, прыгажосцi, да iдэальнага боку жыцця". I сапраўды, з якiм болем паэт гаворыць:

Калi мову сваю

Забываеш —

Ты душу сваю

Забiваеш,

Ты чужынцу

Радзiму збываеш.

У рабства

цiхенька

сам адплываеш...

*  *  * 

— Вы ведзяце дзённiк, пiшаце ўспамiны?

— Не. Хаця ў жыццi было шмат цiкавага. I з Танкам мы сябравалi, i з Багатыровым, з Семянякам. 13 гадоў я працаваў на радыё ў музычнай рэдакцыi. Ёсць што ўспомнiць. Але не ўсё i варта ўспамiнаць. Чытаючы дзённiкi нашых класiкаў, думаю пра тое, што не ўсё трэба i гаварыць.

...Пра што абавязкова ўзгадаў бы? Пётр Мiронавiч Машэраў гаварыў, што "Люблю цябе, Белая Русь" — яго любiмая песня.

Ведаеце, што асаблiва сагравае сэрца? Аднойчы па радыё прагучала заяўка: перадайце народную песню "Зорачка мая", музыка Захлеўнага, словы Карызны. Найвялiкшая радасць, калi песня ўспрымаецца як народная.

Таццяна ПАДАЛЯК.

Ад рэдакцыi. 25 мая Уладзiмiр Iванавiч Карызна адзначыць 70-гадовы юбiлей. Шчыра вiншуем! 

Фота Марыi Жылiнскай i з сямейнага архiва Уладзiмiра Карызны.

На здымках: Уладзімір Карызна з сынам; Уладзiмiр Карызна (злева) з мацi Нiнай Канстанцiнаўнай, сястрой Iнай, братамi Iванам i Жэнем. 1952 год. 

 

 

 

 

 

 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Больш за дзвесце вершаў паэта Уладзiмiра Карызны пакладзена на музыку А. Багатыровым, Ю. Семянякам, Я. Глебавым, Д. Смольскiм, I. Лучанком, Э. Ханком,
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика