Хораша там, дзе мы ёсць
Хораша там, дзе мы ёсць
Надзеннае Людскiя перамяшчэннi — адзiн з найбольш рэальных i эфектыўных спосабаў вырашэння дэмаграфiчных праблем у сучасных умовах. Калi кiраваць iм па-майстэрску Паведамленнем пра тое, што колькасць насельнiцтва скарачаецца, а само яно няўхiльна старэе, узмацняючы пры гэтым нагрузку на працуючых, сёння ўжо нiкога не здзiвiш. Праблемы гэтыя знаёмыя як спецыялiстам, так i абывацелям не толькi ў нас — у многiх краiнах свету. У Беларусi для рэгулявання гэтых працэсаў прынятая Нацыянальная праграма дэмаграфiчнай бяспекi на 2007—2010 гады. У Год здароўя больш увагi — да той часткi праграмы, што скiраваная на фармiраванне здаровага ладу жыцця i паляпшэнне сiстэмы аховы здароўя жыхароў краiны. Мiграцыя таксама не застаецца ў ценi. Тым больш, што прыток iмiгрантаў для многiх краiн — адзiнае рашэнне праблемы дэпапуляцыi (устойлiвага змяншэння колькасцi насельнiцтва) i недахопу працоўных рук ва ўмовах, калi натуральным прыростам выправiць становiшча немагчыма. Як справы з людскiмi перамяшчэннямi ў Беларусi, высвятляем разам з Лiдзiяй Iванчыкавай — начальнiкам Дэпартамента па грамадзянству i мiграцыi Мiнiстэрства ўнутраных спраў Беларусi. У кампетэнцыi ведамства — выкананне падпраграмы "Аптымiзацыя мiграцыйных працэсаў", у прыватнасцi той яе часткi, што датычыцца знешняй мiграцыi. — Сярод асноўных задач падпраграмы — не толькi скарацiць эмiграцыю квалiфiкаваных спецыялiстаў, але i стымуляваць зварот на радзiму тых з iх, што доўгi час працавалi за мяжой па кантракту. Варта забяспечыць станоўчае сальда знешняй мiграцыi — да 5 тыс. чалавек штогод. Запланаваны падпраграмай штогадовы прырост насельнiцтва разлiчаны на падставе iснуючай статыстыкi з улiкам верагоднага прытоку iмiгрантаў у краiну ў наступныя гады. Такая колькасць не з’яўляецца максiмальнай. Тым не менш неабходнасцi ў квотах iмiгрантаў пакуль не было. Мiнiстэрства ўнутраных спраў актывiзавала працу па знешняй мiграцыi яшчэ ў 2006 годзе. Па яго iнiцыятыве было ўдасканалена заканадаўства ў адпаведных сферах. Пашыраны пералiк падстаў для атрымання дазволу на пастаяннае пражыванне ў Беларусi спецыялiстаў, у якiх краiна мае патрэбу, а таксама этнiчных беларусаў. Iншаземцы, якiя маюць падставы для атрымання беларускага грамадзянства, i нашы суграмадзяне, што вяртаюцца на радзiму, могуць аформiць дакументы для ўезду на пастаяннае пражыванне ў спрошчаным парадку. Прымяненне новага заканадаўства прынесла плён: у 2006 годзе дазвол на пастаяннае пражыванне ў Беларусi атрымалi 5 626 iншаземцаў i асобаў без грамадзянства. Летась пазiтыўную тэндэнцыю ўдалося захаваць — пастаяннымi жыхарамi нашай краiны сталi яшчэ 4 676 чалавек. Акрамя таго, ёсць i людзi, якiя афармляюць дазвол на часовае пражыванне ў краiне — яго потым можна падаўжаць. Як высветлiлася, колькасць такiх "часовых" жыхароў Беларусi апошнiм часам iстотна павялiчылася: параўнайце, 8930 чалавек — у 2006 годзе i ажно 20 295 — у 2007‑м. Тлумачыцца ўсё проста: у адпаведнасцi з новай рэдакцыяй закона аб прававым становiшчы iншаземных грамадзян i асобаў без грамадзянства яны могуць атрымаць дазвол на часовае знаходжанне (да 90 сутак), часовае пражыванне (да аднаго года) i пастаяннае пражыванне. Дагэтуль жа было толькi часовае i пастаяннае пражыванне. — У адпаведнасцi з мiжнароднай статыстыкай мiграцыi асоба, якая пераязджае ў другую краiну на год i больш, з’яўляецца доўгатэрмiновым мiгрантам i ўлiчваецца пры статыстычным даследаваннi, — даводзiць Лiдзiя Iванаўна. — У нас жа статыстычнаму ўлiку падлягаюць толькi тыя, хто атрымаў дазвол на пастаяннае пражыванне. Таму Мiнiстэрства ўнутраных спраў сумесна з Мiнiстэрствам статыстыкi i аналiзу прымаюць меры па ўхiленнi гэтых прабелаў у заканадаўстве. Зразумела, гэта далёка не адзiная праблема, з якой сутыкаюцца ведамствы падчас рэалiзацыi праграмы. На думку Лiдзii Iванчыкавай, адзiн з важных недахопаў — па-ранейшаму недастатковы ўзровень узаемадзеяння памiж дзяржаўнымi органамi ў кiраваннi мiграцыйнымi патокамi. Аднак гэта не азначае, што супрацоўнiцтва наогул няма. Паводле iнiцыятывы Мiнiстэрства замежных спраў, замежныя ўстановы Беларусi (дыпмiсii i консульствы) скiраваныя на тое, каб прыцягнуць у дзяржаву працоўную сiлу з iншых краiн i вярнуць на радзiму суайчыннiкаў. Пры гэтым падраздзяленнi па грамадзянстве i мiграцыi актыўна супрацоўнiчаюць з камiтэтамi занятасцi, каб новыя грамадзяне краiны запаўнялi вакантныя працоўныя месцы ў тых раёнах Беларусi, што не карыстаюцца попытам у карэнных жыхароў. А каб быў стымул — ахвотнiкам працаваць у аграпрамысловым комплексе Беларусi плануецца прадастаўляць жыллё. Мiнiстэрства ўнутраных спраў таксама праводзiць шырокую растлумачальную працу сярод мiгрантаў аб прававым становiшчы iншаземных грамадзян у Беларусi з улiкам новага заканадаўства. — На жаль, вопыт у сферы кiравання мiграцыйнымi патокамi ў нашай краiне пакуль вельмi нязначны, — падкрэслiла Лiдзiя Iванаўна. — Найбольшая ўвага надаецца нацыянальнай бяспецы, у прыватнасцi, процiдзеянню незаконнай мiграцыi i кантролю за знаходжаннем замежных грамадзян на тэрыторыi Беларусi. Справа ў тым, што незаконная мiграцыя ўскладняе крымiнагенную сiтуацыю ў грамадстве, а значыць, пагражае бяспецы дзяржавы. Органы мiграцыйнага кантролю дзейнiчаюць настолькi актыўна, што "злачынцы змушаны ствараць каналы нелегальнай мiграцыi ў абход Беларусi", — адзначыла Лiдзiя Iванчыкава. На фоне таго, што "нелегалаў" становiцца ўсё менш, агульная колькасць iншаземцаў у Беларусi расце. Летась у органах унутраных спраў было зарэгiстравана больш як 170 тыс. iншаземцаў (пры тым, што ў 2005 годзе iх было каля 106 тыс.). Цяпер, калi экалагiчная мiграцыя ўжо не такая актуальная для Беларусi, як адразу пасля аварыi на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыi ў 1986 годзе, на першы план выйшла мiграцыя iнтэлектуальная. Праблема iнтэлектуальнай мiграцыi закранула як развiтыя краiны свету, так i тыя, што развiваюцца. Павышаная мiграцыйная актыўнасць высокаквалiфiкаваных спецыялiстаў i навуковых супрацоўнiкаў характэрная i для Беларусi. У эпоху эканамiчнай глабалiзацыi гэтыя працэсы натуральныя. Разнастайнасць меркаванняў па ацэнцы маштабаў i наступстваў iнтэлектуальнай iмiграцыi з Беларусi надзвычай шырокая. Гэта звязана, перш за ўсё, з тым, што ў краiне адсутнiчала дакладная афiцыйная iнфармацыя аб колькасцi беларускiх вучоных i спецыялiстаў, якiя выехалi за мяжу на пастаяннае пражыванне цi знаходзяцца там часова, аб геаграфii iх выезду i працаўладкавання. Мэтанакiраваныя даследаваннi пачалiся з 1996 года. Iх рэгулярна праводзяць у Цэнтры манiторынгу мiграцыi навуковых i навукова-педагагiчных кадраў (цэнтр гэты — структурнае падраздзяленне Iнстытута сацыялогii Нацыянальнай акадэмii навук Беларусi). Створаны банк даных, якi пастаянна абнаўляецца. Вядзецца ўлiк людзей, якiя паехалi за мяжу для працы па кантракце цi на доўгачасовую стажыроўку. Вынiкi даследаванняў паказалi, што апошнiм часам адбываюцца значныя змены ў характары знешнiх мiграцыйных працэсаў у навуковай сферы. Змяняецца i сама структура мiграцыйнага патоку. Расце колькасць беларускiх грамадзян, якiя праходзяць навучанне ў замежных унiверсiтэтах. Многiя з iх арыентаваныя на далейшую працу за мяжой. Сумарная колькасць эмiгрантаў-вучоных i выкладчыкаў ВНУ за 1996—2006 гады склала 767 чалавек (з iх 52 доктары навук, 295 кандыдатаў навук). Каб спынiць страты высокаквалiфiкаваных кадраў, прымаецца шэраг мераў, накiраваных на якаснае паляпшэнне iх дзейнасцi. Гэта пачало прыносiць плён: адзначаны выпадкi вяртання беларускiх вучоных. Так, у 2004—2006 гадах у навуковыя арганiзацыi НАН Беларусi вярнулiся 14 высокаквалiфiкаваных даследчыкаў, якiя доўгi час працавалi за мяжой. На жаль, пра масавую рэпатрыяцыю беларускiх вучоных i спецыялiстаў з-за мяжы гаварыць пакуль рана. Кажуць, рыба шукае, дзе глыбей, а чалавек, дзе лепей. Таму перамяшчэнне з краiны ў краiну ў пошуках лепшай долi — безумоўна, працэс натуральны. Якi пры гэтым яшчэ i шмат плюсоў мае: беларускiя спецыялiсты за мяжой пераймаюць самыя перадавыя тэндэнцыi, набываюць карысны вопыт, павышаюць квалiфiкацыю. Ды i праца iншаземцаў у нашай краiне (у тым лiку i ў такiх сферах, якiя не карыстаюцца асаблiвым попытам у беларусаў), безумоўна, будзе карыснай. Варта толькi аптымiзаваць гэтыя працэсы дзяржаўным рэгуляваннем. А якая была дынамiка руху ў Беларусь i з яе раней — 10, 20 гадоў таму? — У 1990-я гады XX i ў пачатку XXI стагоддзя асноўны па аб’ёму мiграцыйны паток складаў абмен насельнiцтвам Беларусi з краiнамi СНД i Балтыi, — расказвае Лiдзiя Iванчыкава. — Сальда мiграцыi жыхароў з былых рэспублiк СССР было найвялiкшым у 1992 годзе, калi яно склала амаль 66 тыс. чалавек, пасля паступова знiжалася, i мiграцыйны прырост скарацiўся да 4 676 чалавек у 2007 годзе. У 1990‑я гады ў Беларусь масава вярталiся тыя, хто раней выехаў на працу цi вучобу ў другiя рэспублiкi былога СССР, i за гэтыя гады не згубiў сваёй сувязi з ёй. Дынамiка мiграцыйных патокаў гэтага перыяду была абумоўленая шэрагам разнапланавых фактараў: распад СССР, абвастрэнне канкурэнцыi на рынках працы краiн з насельнiцтвам тытульных нацыянальнасцяў, узнiкненне нацыянальных канфлiктаў у многiх рэспублiках былога СССР. Беларусь жа карысталася асаблiвай папулярнасцю ў мiгрантаў, паколькi была адзiнай з рэспублiк, дзе не было сур’ёзных мiжнацыянальных канфлiктаў. Усё ж такi беларуская талерантнасць — не пусты гук. Акрамя таго, эканамiчны спад у Беларусi быў меншым у параўнаннi з iншымi краiнамi былога СССР, да таго ж, у некаторых раёнах рэспублiкi былi свабодныя працоўныя месцы. З 2000 года, калi выехалi ўсе, хто быў цвёрда настроены на выезд, дадатнае сальда мiграцыi стала змяншацца. Знiжэнню прытоку людзей з краiн СНД i Балтыi садзейнiчала таксама спыненне ваенных дзеянняў у асноўных зонах узброеных канфлiктаў, спад нацыяналiстычных настрояў, стабiлiзацыя сацыяльна-эканамiчнага развiцця i адаптацыя насельнiцтва да новых умоў жыцця ў большасцi краiн постсавецкай прасторы. Як высветлiлася, у 1990 годзе свайго пiку дасягнула беларуская эмiграцыя — тады адмоўнае сальда мiграцыi склала каля 34 тыс. чалавек (гэта найвялiкшая колькасць за ўсю гiсторыю суверэннай дзяржавы). У наступныя гады аб’ёмы эмiграцыi рэзка скарацiлiся. — Гэта звязана з тым, што значная частка сем’яў, цвёрда арыентаваных на выезд, выехала адразу пасля зняцця абмежаванняў, — тлумачыць начальнiк Дэпартамента па грамадзянству i мiграцыi. — У вынiку ў апошнiя 10 гадоў у мiграцыйным абароце насельнiцтва Беларусi колькасць тых, хто выязджае ў iншыя краiны, раўнамерна знiжаецца да адносна стабiльнага ўзроўню ў 8—11 тысяч чалавек за год. Жыхарамi Беларусi часцей за ўсё становяцца расiяне, украiнцы i казахi (прыблiзна 90 працэнтаў з тых, хто прыбывае ў наш край). Дарэчы, на iх радзiму таксама выязджае пераважная большасць беларускiх эмiгрантаў. Такi вось узаемны абмен атрымлiваецца. Што да далёкага замежжа, то ў фаворы ў беларускiх эмiгрантаў — ЗША, Iзраiль, Канада, Германiя, Польшча. З-за асаблiвасцяў геаграфiчнага становiшча ў Беларусь прыбывае яшчэ мноства транзiтных мiгрантаў. Пры тым, што ў Беларусi падтрымлiваецца атмасфера мiжкультурнага дыялогу, мiжнацыянальнай прыязнасцi, усё ж прасцей iнтэгравацца ў наша грамадства, на думку Лiдзii Iванчыкавай, iмiгрантам з краiн СНД i Балтыi: — У дэмаграфiчным плане менавiта яны з’яўляюцца тым мiграцыйным патэнцыялам, на якi наша краiна можа разлiчваць у перспектыве i якi адначасова з’яўляецца найбольш пажаданым з пункту гледжання сацыяльна-эканамiчных i геапалiтычных iнтарэсаў. Ала МАЧАЛАВА.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Людскiя перамяшчэннi — адзiн з найбольш рэальных i эфектыўных спосабаў вырашэння дэмаграфiчных праблем у сучасных умовах. Калi кiраваць iм па-майстэрс |
|