У год смерцi вяселлi не спраўляюць
У год смерцi вяселлi не спраўляюць
Забытае? Новае? Вечнае! Надзея Якаўлеўна з Уздзенскага раёна задала наступнае пытанне: "22 лiстапада мiнулага года ў мяне памерла мацi. Мой сын (унук памерлай бабулi) збiраецца жанiцца ў лiпенi гэтага года. Цi можна ў гэты час ладзiць вяселле?" Практычна кожны дарослы чалавек жыве адначасова ў некалькiх сiстэмах вымярэння часу. З аднаго боку, ён падпарадкоўваецца агульнай плынi часу, у якой жыве фактычна ўсё чалавецтва: бягучы год — гэта 2008 год з дня нараджэння Iсуса Хрыста. I ўсе мы суадносiм не толькi найбольш значныя, але i паўсядзённыя падзеi жыцця з гэтым вектарам-плынню. Нехта загадзя, наперад ведае, што 22 чэрвеня скончыць вучобу ў школе цi ва ўнiверсiтэце; нехта ўжо пачаў падрыхтоўку да вяселля, якое адбудзецца ў самы незвычайны (праз прызму нумаралогii) дзень гэтага года — 08.08.2008 г. З другога боку, кожны з нас мае свой уласны каляндар, якi адлiчвае самыя розныя прамежкi часу (перыяды, цыклы), якiя маюць важнае значэнне толькi для нас. Напрыклад, муж i жонка, якiя пражылi ў пары 25 гадоў, маюць права святкаваць сярэбранае вяселле. I так бясконцая колькасць сваiх кропак адлiку часу. Паралельна з гэтым у нашым жыццi iснуюць яшчэ два вельмi важныя календары, з якiмi мы суадносiм перш за ўсё святочныя падзеi. Адзiн з iх (той, адзiны, якi, ўласна кажучы, i мае права называцца календаром) парадкуе, сiстэматызуе, вызначае паслядоўнасць гадавых народных, царкоўных або дзяржаўных (свецкiх) святаў. Сярод iх Каляды, Новы год, Вялiкдзень, Дзень Перамогi, Купалле i iнш. Гэты каляндар спрыяе аб’яднанню i ўзаемаразуменню вялiкай колькасцi людзей. Напрыклад, свята Трох Каралёў яднае каталiкоў, Узнясенне — праваслаўных, Дзень Перамогi — людзей розных рэлiгiй, але перш за ўсё тых, хто змагаўся супраць фашысцкай чумы ХХ стагоддзя Здарылася так, што каляндар, якi быў створаны ў 46 г. да н. э. Юлiем Цэзарам, i аб’ядноўвае, i раз’ядноўвае еўрапейскае супольнiцтва. Справа ў тым, што Праваслаўная царква вядзе адлiк часу якраз па юлiянскiм календары. Аднак у сваiм грамадскiм жыццi мы карыстаемся новым стылем, уведзеным у 1583 г. главой каталiцкай Царквы Грыгорыем ХIII. У вынiку складалася не зусiм зразумелая сiтуацыя: калi ў сям’i муж католiк, а жонка праваслаўная, то яны адзначаюць адно i тое ж хрысцiянскае свята двойчы. Акрамя каляндарных святаў, у нашым жыццi iснуе яшчэ адно кола падзей, якое называецца сямейна-родавымi святамi i абрадамi i якое ўступае ў складаныя адносiны з гадавым календаром. Да гэтых абрадаў мы адносiм найперш дзень нараджэння, вяселле i пахавальна-памiнальныя рытуалы, а таксама абрады, звязаныя з будаўнiцтвам i асваеннем новай хаты. Кожны з пералiчаных святочна-абрадавых комплексаў па-свойму суадносiцца з гадавым кола- зваротам падзей. Мы яшчэ раз акцэнтуем увагу на тым, што названыя намi сямейна-родавыя абрады — гэта складаны i працяглы комплекс рытуальных дзеянняў, правiлаў, прадпiсанняў, перасцярог, абмежаванняў i катэгарычных забарон. I ўсе яны без выключэння, ахоплiваюць перыяд часу працягласцю... у адзiн год! Звярнiце ўвагу: цыкл каляндарных святаў ахоплiвае год, i кожнае з сямейна-родавых святкаванняў таксама доўжыцца роўна год. Усе мы прызвычаiлiся i добра памятаем, што пасля смерцi чалавека жалобныя сталы ладзяць на 3-i, 9-ы i 40-ы днi i ў год. Яшчэ раз падкрэслiваем: пасля смерцi чалавека памiнкi ладзяць некалькi разоў на працягу першага года. Насамрэч аказваецца, што i ўсе астатнiя сямейна-родавыя святкаваннi расцягваюцца на цэлы год. Давайце па парадку. У вашай сям’i нарадзiлася дзiця. З гэтага дня i на працягу года сям’я будзе прытрымлiвацца шэрагу абмежаванняў, звязаных з працэсам "ужыўлення" нованароджанага ў склад сям’i i Роду. Асноўныя ж падзеi будуць прымеркаваны да тых дзён, якiя звязаны з унiверсальным рытмам 0—3—9—40—1 год. Так, на працягу трох першых дзён пасля з’яўлення немаўляцi нi адзiн з членаў сям’i нiкому нiчога не пазычаў; на дзевяты дзень праводзiлi абрад першага рытуальнага купання дзiцяцi; на саракавы дзень дзiця хрысцiлi i спраўлялi абрад хрэсьбiнаў; да года дзiця не стрыглi. Не паказвалi ў люстэрка, а яго рэчы не перадавалi iншым дзецям. А самае галоўнае, што дзень нараджэння чалавека станавiўся дадатковым святам (для сям’i i Роду) у сiстэме ўсiх каляндарных падзей. Iншая святочна-абрадавая сiтуацыя. Род збiраецца ладзiць вяселле аднаму са сваiх маладых прадстаўнiкоў. Але гэта родавая падзея павiнна дакладна суадносiцца з прыродна-касмiчнымi, сацыякультурнымi i маральна-этычнымi патрабаваннямi (сiстэмай каштоўнасцяў), якiя сканцэнтраваныя ў народна-хрысцiянскiм календары. Сярод iх наступныя: у высакосны год лепш не жанiцца, у пост маладых не будуць вянчаць у царкве. Вяселле лепш не спраўляць у маi на апошняй фазе Месяца (на сходнi). Гэта значыць, што каляндарны год меў як спрыяльныя, такi i неспрыяльныя перыяды для гуляння вяселляў. Такiм чынам, вяселле падпарадкоўвалася каляндарным падзеям i цалкам залежала ад iх. Акрамя таго, момант шлюбавiн зноў-такi распачынаў новы этап у жыццi маладажонаў i iх сваякоў, якi структурыраваўся ў адпаведнасцi з ужо вядомым нам унiверсальным рытмам. Вяселлi доўжылiся тры днi, на дзевяты дзень спраўлялi "пярэзвы" ("Блiны", "падвясёлкi"), а з гэтага часу i да саракавога дня ў маладых быў "мядовы" месяц. Нiводная сям’я не пазбегне яшчэ адной падзеi, якая таксама багата абстаўлена рытуаламi. Калi памiраў чалавек, то на трэцi дзень яго хавалi, а пасля гэтага спраўлялi хаўтуры: "трацiны", "дзевяцiны", "саракавiны" i "ўгодкi". Аднак смерць чалавека — у параўнаннi з днём нараджэння i вяселлем — надзялялася самым высокiм статусам, таму гэта жалобная падзея на цэлы год ... адмяняла ўсе — i каляндарныя, i сямейна-родавыя — святы. Адным з першых дзеянняў пасля смерцi блiзкага чалавека было спыненне ходу насценнага (агульнасямейнага) гадзiннiка, што якраз i сведчыла: на наступны год (кропка адлiку — дзень смерцi) сям’я выключаецца з усiх святкаванняў: яна ў жалобе. Менавiта таму ў тых сем’ях не фарбуюць яйкi ў чырвоны колер перад Вялiкаднем. Яшчэ раз удакладняем правiла нашай шматвяковай традыцыi: на працягу года сям’я памерлага не можа прымаць удзел нi ў якiх святкаваннях, а таксама не распачынаюць нiякiх рамонтна-будаўнiчых работ. У гэтай сувязi, шаноўная Надзея Якаўлеўна, вашай сям’i лепш сесцi за стол перамоў з вашай будучай раднёй з боку нявесты i знайсцi выйсце-паразуменне, якое будзе задавальняць абодва бакi. Магчыма, сваёй смерцю бабуля дала ўнуку знак — падумай i не прымай паспешлiвага рашэння. Мала таго, што год высакосны, то яшчэ i смерць самага блiзкага чалавека быццам бы выступаюць супраць цi то часу правядзення, цi то самога вяселля. На жаль, наша моладзь не заўсёды прыслухоўваецца да такiх папярэджанняў. Яна ладзiць свята толькi для сябе, не думаючы пра тое, што сэрца мацi разрываецца ад неабходнасцi зрабiць выбар: не пакрыўдзiць сына i не зганьбiць памяць аб роднай мацi. Больш за тое, нам вядомы шматлiкiя сем’i, якiя былi створаны вось пры такiх абставiнах i якiя аказалiся зусiм недаўгавечнымi. Таму можа лепш устрымацца ад непрадказальных i неабгрунтаваных эксперыментаў? Аксана КАТОВIЧ, Янка КРУК.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Надзея Якаўлеўна з Уздзенскага раёна задала наступнае пытанне: "22 лiстапада мiнулага года ў мяне памерла мацi. Мой сын (унук памерлай бабулi) зб |
|