Узгадаць кожнае iмя: апошняя спроба
Узгадаць кожнае iмя: апошняя спроба
Паўтара года таму Беларусь уключылася ў мiжнародны праект па ўвекавечаннi iмёнаў яўрэяў, якiя загiнулi ў перыяд Халакоста. Аўтар праекта — дырэктар Інстытута Катастрофы i Гераiзму яўрэйскага народа Яд Вашэм (Iерусалiм) паставiў перад сусветнай грамадскасцю, здаецца, невыканальную задачу: праз 60 гадоў пасля катастрофы ўзгадаць кожнага з шасцi мiльёнаў нявiнна забiтых. Тым не менш толькi ў Беларусi сiламi яўрэйскай абшчыны за паўтара апошнiх года былi ўвекавечаны 21 624 iмёны. Гэта работа працягваецца. Днямi ў Мiнску, Вiцебску i Бабруйску былi ўручаны граматы з падзякай валанцёрам — удзельнiкам праекта самiм старшынёй Савета дырэктараў мемарыяльнага комплексу Яд Вашэм Аўнерам Шалевам, якi наведаў нашу краiну ўпершыню. Многiя лiчаць гэты вiзiт генеральнага дырэктара Iнстытута Катастрофы пераломным у прызнаннi сусветнай грамадскасцю памераў трагедыi, якая адбылася на тэрыторыi нашай краiны. "Дваццаць гадоў таму я ўпершыню пабываў у мемарыяле Яд Вашэм, — сказаў старшыня Саюза яўрэйскiх грамадскiх аб’яднанняў Леанiд Левiн, — там убачыў карту свету з абазначанымi на ёй яўрэйскiмi гета ў гады Другой сусветнай вайны. На тэрыторыi Беларусi стаяла толькi адна кропка — у Мiнску. Але ўжо тады мне было дакладна вядома пра больш чым 200 гета на тэрыторыi нашай краiны. Фашысты знiшчылi тут больш за 800 тысяч яўрэяў, альбо адну сёмую частку ад агульнай колькасцi па ўсiм свеце — гэта вялiзная колькасць. Аднак пра гэта сусветная грамадскасць практычна не ведае". Лiсты сведак, запоўненыя сваякамi i блiзкiмi загiнулых, мемарыял Яд Вашэм збiрае з сярэдзiны 50-х гадоў. Гэтыя лiсты — сiмвалiчны помнiк ахвярам Халакоста — захоўваюцца ў Пантэоне Iмёнаў Яд Вашэм у Iерусалiме. У 2004 годзе на Iнтэрнэт-сайце Iнстытута катастрофы (www.yadvashem.org) апублiкаваны больш за 3 млн iмёнаў. Цэнтральная база даных iмёнаў ахвяраў Халакоста пераведзена на рускую мову. Цяперашняя праграма — апошняя спроба вярнуць iмё-ны людзей, якiя калiсьцi жылi, спадзявалiся, марылi, кахалi... — Назва мемарыяла Яд Вашэм паходзiць з Кнiгi прарока Iсаi: "...Iм дам i ў доме маiм i ў сценах маiх памяць i iмя (яд вашэм)... Якiя не знiшчацца", — патлумачыў на сустрэчы з мiнскiмi валанцёрамi — удзельнiкамi праекта Аўнер Шалеў. — У нашых архiвах захоўваецца больш за 80 млн дакументаў, якiя датычацца катастрофы. Сярод iх шмат дзённiкаў i лiстоў тых, хто загiнуў. I часцей за ўсё апошняе iх жаданне было: "Памятайце, што мы жылi, што мы жадалi ўнесцi ў гэты свет частку сябе"... Мы iмкнёмся аднавiць сувязь памiж нашымi дзецьмi i тымi, каго яшчэ помняць людзi. На жаль, час бязлiтасны. Тым не менш кожны дзень нехта ўзгадвае яшчэ iмя. Мемарыялам Яд Вашэм распрацавана спецыяльная праграма па ўвекавечаннi iмёнаў яўрэяў, забiтых на акупацыйных тэрыторыях былога СССР. Праект ажыццяўляецца ў Беларусi, ва Ўкраiне, у Расii, Малдове, Лiтве, Латвii, Эстонii i Iзраiлi. Цiкава, што дзякуючы праекту ўз’ядналiся некалькi тысяч сем’яў, члены якiх не ведалi, што нехта са сваякоў выжыў. — У Беларусi над праектам працуе каля ста валанцёраў, — паведамiла старшыня Рэспублiканскага фонду "Халакост" i кiраўнiк праекта па ўвекавечаннi iмёнаў яўрэяў, якiя загiнулi падчас Халакоста, Iна Герасiмава. — У 16 гарадах знаходзяцца нашы каардынатары. Мы збiраем сведчаннi, працуем з кнiгамi "Памяць", супрацоўнiчаем з мясцовымi ўладамi, архiвамi, музеямi, краязнаўцамi i школамi. На II Рэспублiканскi конкурс "Халакост. Гiсторыя. Урокi талерантнасцi", якi мы праводзiм пры падтрымцы Мiнiстэрства адукацыi i Упаўнаважанага па справах рэлiгiй i нацыянальнасцяў Рэспублiкi Беларусь, сёлета былi прысланы 990 работ. У гэтых работах — шмат новых спiсаў. Разам з тым, адзначае Iна Герасiмава, многiя людзi, якiя яшчэ памятаюць тых, хто жыў з iмi побач, суседзяў альбо сваякоў, проста не ведаюць, што яны могуць пра iх расказаць... Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Паўтара года таму Беларусь уключылася ў мiжнародны праект па ўвекавечаннi iмёнаў яўрэяў, якiя загiнулi ў перыяд Халакоста. Аўтар праекта — дырэктар Ін |
|