"там палова Оршы жыве..."
"там палова Оршы жыве..."
Свае 305-я ўгодкі ўрачыста адзначае сёлета адзiн з найпрыгажэйшых гарадоў свету Санкт-Пецярбург. Пра сувязi паўночнай сталiцы Расii з Беларуссю можна распавядаць доўга i шмат. Мая ж задача больш сцiплая: паказаць сувязь Пецярбурга з Оршай, дакладней, Оршы з Пецярбургам. Для загалоўка пазычыў словы свайго слыннага земляка Уладзiмiра Караткевiча з лiста, накiраванага iм увесну 1958 года ўнiверсiтэцкаму таварышу, кiяўлянiну Мiхаiлу Гальдштэйну. Працуючы ў той час настаўнiкам у Оршы, малады пiсьменнiк марыў пасля заканчэння цяжкага навучальнага года наведаць Ленiнград. "Лета будзе вольным. А потым магу i ў Пiцер з вамi паехаць, — пiша У. Караткевiч, — спынiцца там ёсць дзе: трэба будзе праз цётку Жэню спiсацца з яе знаёмымi. А не дык не, там палова Оршы жыве. Будзем там жуiраваць жыццём колькi ўлезе, думаю, што лепшае ў горадзе ты мне пакажаш" (пераклад з рускай мовы, лiст захоўваецца ў фондах Аршанскага музея У. Караткевiча). Зразумела, палова Оршы ў Пiцеры — мастацкае перабольшванне, хоць у даваенныя, i, асаблiва, у пасляваенныя гады шмат якiя нашы суайчыннiкi (у тым лiку i аршанцы) паехалi туды жыць i працаваць. Таму i сустракаюцца яны ў сучасным Санкт-Пецярбургу не так ўжо i рэдка: з 5,5 мiльёна гараджан беларусаў амаль 100 тысяч. Але пра аршанцаў сярод iх — крыху нiжэй. Спачатку пра гiстарычныя сувязi Пецярбурга i Оршы, якая, дарэчы, у тры разы старэйшая за юбiляра. Па-першае, сам заснавальнiк горада на Няве Пётр Вялiкi быў нашчадкам у адзiнаццатым калене аршанскага баярына Андрэя Кабылы. У ХІV ст. той выехаў з Вялiкага княства Лiтоўскага на службу да маскоўскага князя Сiмяона Iванавiча Гордага, а адзiн з яго сыноў Фёдар Кошка i стаў далёкiм продкам царскай дынастыi Раманавых. Па-другое, будаўнiцтвам заснаванага ў маi 1703 года Санкт-Пецярбурга непасрэдна кiраваў Аляксандр Меншыкаў. "Полудержавный властелин", пералiк пасад i званняў якога не ўмясцiўся бы ў некалькi дзесяткаў газетных радкоў, аказваецца, таксама меў беларускiя каранi (хоць радавод святлейшага князя падазрона цёмны). Аляксандр Пушкiн, якi глыбока вывучаў пятроўскую эпоху, згадвае пра тое, што А. Меншыкаў "адшукваў каля Оршы свой радавы маёнтак". I ўжо дакладна вядома, што ў 1709 годзе "счастья баловень безродный" дамогся ад польскага караля i вялiкага князя лiтоўскага Аўгуста II перадачы яму Аршанскага староства. А ў 1715 годзе набыў мястэчка Дуброўна. Невыпадкова, што ў поўным тытуле А. Меншыкава чытаем: "...губернатар Санкт-Пецярбургскi, староста Аршанскi". А калi ўжо згадваць аршанскiя каранi "птенцов гнезда Петрова", нельга не назваць iмя вiцэ-канцлера, барона Пятра Шафiрава. Яго бацька, Павел Шапiра, быў аршанскiм яўрэем, якi ў ХVII стагоддзi перасялiўся ў Маскоўскую дзяржаву. Дарэчы, яго сын стаў першым "выхадцам з яўрэяў", якiя дасягнулi высокiх дзяржаўных пасад у манархiчнай Расii. У першай палове ХIХ стагоддзя Санкт-Пецярбург i Оршу злучыла шашэйная дарога. Накiроўваючыся на поўдзень, праз Оршу праязджалi многiя выдатныя дзеячы расiйскай культуры. Сярод iх i Аляксандр Пушкiн, якi быў у Оршы двойчы: у 1820 годзе, калi накiроўваўся ў паўднёвую ссылку, i ў 1824 годзе, калі вяртаўся з яе. Галоўная вулiца Оршы ўжо ў пачатку ХIХ стагоддзя атрымала назву Пецярбургская (цяпер гэта вулiца Ленiна), бо выходзiла на Пецярбургскi паштовы тракт. Праўда, у Оршы не было i няма вулiцы Ленiнградскай, як у Пiцеры няма Аршанскай. Тым не менш, беларуская тэматыка ў тапанiмiцы паўночнай сталiцы Расii прысутнiчае. Больш за ўсiх "адзначаны" Вiцебск: ёсць Вiцебскi вакзал, Вiцебскi праспект i вулiца. Акрамя гэтага — Беларуская вулiца, Брэсцкi бульвар, вулiцы Касцюшкi i Канстанцiна Заслонава. Чыгунка злучыла Пецярбург i Оршу ў 1902 годзе. Тады ж Орша стала вузлавой станцыяй, найбуйнейшай не толькi ў Беларусi, але i ва ўсёй Расiйскай iмперыi. Паказальна, што менавiта ў Оршы пецярбуржцы робяць цяпер перасадку на цягнiкi, якiя iдуць у заходнiм накiрунку. Маючы ў сваiм распараджэннi некалькi гадзiн вольнага часу, яны, вiдаць, ужо генетычна валодаючы прыроджанай iнтэлiгентнасцю, звычайна выкарыстоўваюць iх для знаёмства з помнiкамi старажытнага горада, наведваюць яго музеi. Як вядома, Пецярбург валодае найбагацейшымi скарбамi гiстарычных рэлiквiй i культурных каштоўнасцяў усiх часоў i народаў. Маюцца ў горадзе на Няве i аршанскiя рарытэты. Напрыклад, у Дзяржаўнай публiчнай бiблiятэцы ёсць унiкальныя выданнi славутай Куцеiнскай друкарнi ХVII стагоддзя. А ў Цэнтральным дзяржаўным гiстарычным архiве захоўваюцца шматлiкiя дакументы ХVIII—пачатку ХIХ стагоддзя, якiя тычацца гiсторыi Оршы i наваколля. На жаль, працаваць з iмi цяпер вельмi дарагое задавальненне — за ўсё трэба плацiць. Так што шмат якiя тайны аршанскай даўнiны раскрыюцца даследчыкам не хутка. А шкада. За тры стагоддзi iснавання Пецярбурга ў iм жылi i жывуць сотнi тысяч ураджэнцаў Беларусi. Былi i ёсць сярод iх аршанцы. Прыгадаем некаторых. Карэнным ленiнградцам-пiцерцам стаў выдатны фiзiк Барыс Пятровiч Захарчэня. А з’явiўся на свет будучы вучоны ў 1928 годзе ў Оршы (у пасведчаннi аб нараджэннi горад яшчэ названы Воршай). Уся яго працоўная бiяграфiя была звязана з Фiзiка-тэхнiчным iнстытутам iмя Iофэ. Б. Захарчэня быў акадэмiкам Расiйскай АН, лаўрэатам Ленiнскай i Дзяржаўнай прэмii СССР. А яшчэ яго звязвала цеснае сяброўства з калегам, нобелеўскiм лаўрэатам Жарэсам Алфёравым (таксама, дарэчы, ураджэнцам Вiцебшчыны). Застаецца дадаць, што ў 1998 годзе iмем Захарчэнi была названа адна з малых планет Сонечнай сiстэмы. Зоркамi першай велiчынi спорту з’яўляюцца цяперашнiя пiцерцы, ураджэнцы Оршы Сяргей Каплякоў, плывец, алiмпiйскi чэмпiён i Антанiна Лангiна (Захарава), чэмпiёнка свету па рускiх шашках. Сярод ураджэнцаў Оршы — пецярбуржцаў — выкладчыкi i бiзнэсмены, мастакi i медыкi, ваенныя i дзяржаўныя служачыя. Некалькi гадоў таму Орша ўстанавiла партнёрскiя сувязi з Чырвонагвардзейскiм раёнам Санкт-Пецярбурга (вiдаць, i таму, што намеснiк кiраўнiка Адмiнiстрацыi i начальнiк упраўлення культуры — нашы землякi). Хочацца спадзявацца, што яны будуць плённымi i трывалымi. Вiктар Лютынскi, выкладчык гiсторыi Аршанскага дзяржаўнага механiка-эканамiчнага каледжа, краязнавец.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Свае 305-я ўгодкі ўрачыста адзначае сёлета адзiн з найпрыгажэйшых гарадоў свету Санкт-Пецярбург. Пра сувязi паўночнай сталiцы Расii з Беларуссю можна |
|