"Небяспечныя сувязi" пад музыку
"Небяспечныя сувязi" пад музыку
Культасвета Знакамiты скандальны раман французскага пiсьменнiка Шадэрло дэ Лакло, якi амаль два стагоддзi ўзбуджае чытацкую цiкавасць, не раз быў перакладзены на мову кiно. А вось у фармаце мюзiкла ён увасоблены ўпершыню. За рэалiзацыю гэтага праекта ўзялася беларуская творчая каманда — мастацкi кiраўнiк прадзюсарскага цэнтра "Спамаш", кампазiтар Уладзiмiр Кандрусевiч, акцёр i рэжысёр (ды яшчэ дэпутат Палаты прадстаўнiкоў Нацыянальнага сходу Беларусi) Генадзь Давыдзька, мастак-пастаноўшчык Венiямiн Маршак. Вопыт сумеснай работы ў гэтых людзей не першы — яны ўжо ставiлi разам дзiцячы мюзiкл "Афрыка", якi дагэтуль з поспехам iдзе ў некалькiх беларускiх тэатрах. Але "Байкер" — менавiта так называецца беларуская пастаноўка, у якой дзеянне перанесена ў сучаснасць — абяцае стаць новым словам у гiсторыi мюзiклаў. Пачаць хоць бы з таго, што даволi лёгкi жанр пастаноўшчыкi збiраюцца выкарыстаць... для барацьбы з "папсой". "Мы хочам зрабiць вельмi жорсткую гiсторыю, з вялiкай колькасцю вострых момантаў, перцу. Усё будзе горка, нават гумар, — разважае рэжысёр-пастаноўшчык Генадзь Давыдзька. — Гледача трэба адарваць ад "папсы", усiх гэтых тра-ля-ля, i паказаць, што хопiць "трапаць" слова "каханне" па ўсiх кутах, з нагоды i без. Ёсць у мяне тайная задума — спачатку разбэсцiць гледача, даць адчуць, якi салодкi i прывабны парок, а потым пакараць за гэта адчуванне i ачысцiць душу. Па жанру гэта ўвогуле будзе аптымiстычная трагедыя, гэткая своеасаблiвая лазня для душы. Хочацца спадзявацца, што глядач будзе выходзiць з залы крыху iншым, больш уважлiвым да тых, хто яго кахае i каго кахае ён". Другая адметнасць — мюзiкл плануецца зрабiць не маштабным i поўным дарагiх дэкарацый, а камерным i досыць малабюджэтным. Пастаноўка, паводле слоў аўтараў, разлiчаная пераважна на залы да 1 тысячы гледачоў, каб не ўразiць усiх вонкавай пышнасцю, але стварыць своеасаблiвую, "тэатральную" атмасферу. Не ставiцца мэта i камерцыйнай паспяховасцi "Байкера". Хоць фiнансавы бок справы заўчасна не раскрываецца, але пастаноўшчыкi пацвердзiлi, што першаснае для iх — зрабiць якасную мастацкую пастаноўку, а не акупляльнае шоў. Па сюжэту, у цэнтры мюзiкла "Байкер" дзве моцныя асобы — гаспадыня начнога клуба Элеанора i папулярны рэжысёр, ён жа байкер Франк. Жадаючы адпомсцiць сваiм ворагам, абодва задумваюць складаную iнтрыгу, але ўсе карты i планы блытае каханне... Усё гэта — з вялiкай колькасцю эмацыянальнай, насычанай музыкi, пластычных сцэн, харэаграфiчных пастановак, яркiх касцюмаў, вiдэаэфектаў i блiскучых дыялогаў. Ролi галоўных персанажаў, дарэчы, атрымалiся настолькi напружанымi i тэхнiчна складанымi для выканання, што iх выконваюць два саставы акцёраў. Элеанору па чарзе ўвасабляюць спявачка Венера i маладая артыстка ПЦ "Спамаш" Дарыя, а на ролю байкера Франка цудоўна падышоў удзельнiк каманды КВЗ "ЧП", салiст гурта "One hell thing" Ван Хельсiнг (Iван Вабiшчэвiч). "За два месяцы рэпетыцый у мяне адчуванне, што я прайшоў 5 гадоў тэатральнай школы. I ўсё гэта — дзякуючы рэжысёру", — адзначае Ван Хельсiнг. У iншых ролях — а ўсяго ў мюзiкле 6 асноўных персанажаў i трупа з 12 прафесiйных танцораў — занятыя маладыя беларускiя артысты, а таксама амаль усе выканаўцы з прадзюсарскага цэнтра "Спамаш". Iм, з аднаго боку, давялося вучыцца не толькi спяваць, але i рухацца, iграць, жыць на сцэне; з другога — некаторыя партыi адмыслова былi прапiсаныя пад канкрэтных выканаўцаў. Прэм’ера мюзiкла ў Мiнску запланаваная на сярэдзiну восенi, пляцоўка для паказу пакуль што выбiраецца. Але да гэтага ў артыстаў не будзе часу разняволiцца — цяпер завяршаюцца рэпетыцыi (пераважна на "гасцявых" сцэнах, бо свайго памяшкання ў трупы няма), і ўжо пачаўся перадпрэм’ерны тур "Байкера" па Беларусi. Першае выступленне адбылося ў Гродне, далей на чарзе — Брэст, Бабруйск, Магiлёў, Маладзечна, Вiцебск. Ёсць памкненнi паставiць мюзiкл на сцэне "Славянскага базару", а пазней — за межамi Беларусi. Так што ў хуткiм часе паглядзiм, якiя яны, гэтыя "Небяспечныя сувязi" ў сучасным прачытаннi... Вiкторыя ЦЕЛЯШУК.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Знакамiты скандальны раман французскага пiсьменнiка Шадэрло дэ Лакло, якi амаль два стагоддзi ўзбуджае чытацкую цiкавасць, не раз быў перакладзены на |
|