21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

На мяжы немагчымага з абмежаванымi магчымасцямi

26.08.2009 10:19 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

На мяжы немагчымага з абмежаванымi магчымасцямi

Чэмпiёнку Паралiмпiйскiх гульняў у Турыне па лыжных гонках, вiцэ-чэмпiёнку свету па адаптыўным веславаннi Людмiлу Валчок лёс быццам бы спецыяльна выбраў для сваiх жорсткiх эксперыментаў: спачатку складаная траўма пазваночнiка, якая змянiла ўсё жыццё, i раўнадушша навакольных да яе жадання вярнуцца ў спорт i быць запатрабаванай у новым жыццi. Потым — перамога на Пар-алiмпiядзе, якая таксама ўсё перавярнула. Але i выпрабаваннi славай яна вытрымала з годнасцю, захаваўшы здольнасць глядзець на жыццё з аптымiзмам i бачыць праблемы, хутчэй, не ўласныя, а тых, хто побач.

Лэдзi i джэнтльмены

Я прыязджаю на iнтэрв’ю да Люды Валчок i высвятляецца, што спачатку мы на машыне едзем па майстра, якi ўстановiць тэлефон у яе новай кватэры. Майстар, маўляў, сам прыйсцi не паспявае, у яго шмат заказаў... Адна справа пад’ехаць па майстра ў суседнi мiкрараён звычайнаму чалавеку, i зусiм iншая — чалавеку ў iнвалiднай калясцы. Навошта Люда на гэта пагадзiлася? Першае ўзрушэнне мяне чакае, калi Людмiла спускаецца, дакладней саскоквае па прыступках у пад’ездзе, якiя вядуць ад лiфта. Такiя прыступкi ёсць лiтаральна ва ўсiх шматпавярховiках, i нiякага намёку на пандусы. У маiм доме iх, напрыклад, роўна дзевяць. Гэта я дакладна памятаю яшчэ з тых часоў, калi пераадольвала iх як мiнiмум двойчы на дзень з дзiцячай каляскай. Яшчэ большае ўзрушэнне мяне чакае, калi мы вяртаемся i Людмiла самастойна забiраецца па прыступках.

Майстар, трэба сказаць, нiколькi не збянтэжаны такой увагай да сябе i плюхнуўшыся на задняе сядзенне машыны, пачынае бясконцую размову на тэму "Як добра жылося раней, у кожнай другой кватэры чакаў накрыты стол..." Устаноўка тэлефона, дарэчы, скончылася хутчэй, чым паспеў закiпець чайнiк. Людмiла запрашае госця за стол i размова, дакладней, маналог на тэму "А вось раней..." працягваецца, i вялiкая колькасць заказаў нашага майстра, здаецца, нiколькi не бянтэжыць i ён ужо нiкуды не спяшаецца. Здзiўляюся яшчэ, як Людмiла перасiлiла сваю гасцiннасць i не прапанавала джэнтльмену адвезцi яго па наступным адрасе, чаго ён, па ўсiм было вiдаць, вельмi ад яе чакаў...

У новую кватэру Людмiла засялiлася ў вераснi мiнулага года. І што характэрна, тры месяцы ў доме не працаваў лiфт. На трэцi паверх гаспадыня на калясцы паднiмалася па лесвiцы самастойна. Увогуле яе актыўнасцi можа пазайздросцiць здаровы чалавек — да таго, як з’явiўся аўтамабiль, на аўтобусе ў iншы канец горада яна ездзiла ў аўташколу. Гэта па выхадных, а кожны дзень, як звычайна, — на ранiшнюю i вячэрнюю трэнiроўкi, паралельна здаючы сесiю ў iнстытуце. "Усе вадзiцелi тралейбусаў i аўтобусаў ведалi мае маршруты. Спынiцца iмкнулiся блiжэй да бардзюра. Яны мяне дагэтуль пазнаюць, калi бачаць недзе ў горадзе. I на пратэзны завод на 10-м тралейбусе ездзiла, i на метро... А што рабiць? Проста хочацца жыць як усе, дакладней, як многiя, а не браць прыклад з тых, хто складвае рук i п’е: "Я такi няшчасны, i жыццё не склалася".

Набыццё аўтамабiля зусiм не азначала знiкнення з жыцця паралiмпiйскай чэмпiёнкi грамадскага транспарту. Дагэтуль на трэнiроўкi яна нярэдка дабiраецца на аўтобусе — суседзi паркуюць свае аўтамабiлi настолькi шчыльна, што пад’ехаць на калясцы да свайго немагчыма. Праўда, нядаўна для Людмiлы зрабiлi стаянку. Яна дэманструе мне ў акно пляцоўку з надпiсам сiняй фарбай на асфальце "Iнвалiдная". "Я i сама яе не адразу заўважыла. Зразумела, што i суседзi не бачаць, асаблiва ўвечары, калi цёмна. Учора прыехала позна з трэнiроўкi, а маё месца занятае. Прыпаркавацца няма дзе. I сварыцца з суседзямi не хочацца. У нас добрыя адносiны, выклiкаць ДАI i штрафаваць iх я проста не магу..."

Цывiлiзаваная краiна Германiя

Нядаўна Людмiла разам з асабiстым трэнерам Тамарай Шыманскай вярнулася са збораў з Германii. Прэзiдэнцкi спартыўны клуб выдзелiў ёй сродкi на набыццё спартыўнага iнвентару, а дакладней лодкi, для падрыхтоўкi да пекiнскай Паралiмпiяды. Трэнiроўкi ў гэтай краiне запомнiлiся тым, што Людмiла ледзь не пазбавiлася сваёй каляскi. Вярнуўшыся аднойчы да берага, яна зразумела, што каляскi няма, а сядзенне плавае ў вадзе. Прапажу першай заўважыла Тамара Мiкалаеўна, i рабочыя веславальнага канала шукалi цi то выкрадзеную, цi то ўтопленую каляску. "Да вечара я не ведала, што мне рабiць i дзе цяпер дастаць новую каляску. Гэта ж адзiны сродак, на якiм я магу перамяшчацца. А ўвечары прыехалi вадалазы i дасталi маю каляску з канала. Так што мая каляска прайшла агонь, ваду i на дне паляжала. Яна ўсё вытрымлiвае: усе мае прыступкi, бардзюры, перашкоды... Трэнер Кацi Карстэн Норберт казаў потым, што яму сорамна за сваю краiну, дзе ў iнвалiда аднялi ногi. Так i не знайшлi мы вiноўнiка, якi так канкрэтна яе ўтапiў. Тут мы займаемся, усялякiя людзi ходзяць, i тыя, што п’юць, i тыя, што хулiганяць, але маю каляску нiхто i пальцам нiколi не крануў..."

З сям’ёй Кацярыны Карстэн Людмiла пазнаёмiлася ў Мюнхене падчас мiнулагодняга чэмпiянату свету па акадэмiчным веславаннi, дзе яна заваявала "серабро" i лiцэнзiю ў Пекiн. Падчас сёлетняга збору Людмiла жыла ў гасцiнiцы побач з домам знакамiтай беларускi. "I Каця, i яе муж вельмi простыя, непераборлiвыя людзi. Так, як працуе Каця, не працуе, напэўна, нiхто — рыхтуецца яна вельмi сур’ёзна. У iх дома ўсё прыстасавана для спартыўнай падрыхтоўкi — ёсць трэнажорная зала, пакой для доктара, пакой для спарынг-партнёршаў — Каця часта запрашае нашых дзяўчат, каб адной не было сумна, бо псiхалагiчна таксама вельмi складана вытрымлiваць такiя нагрузкi. Немцы крыху iншыя, чым мы, цiхiя, спакойныя i не надта схiльныя да размоў, я разумею Кацю, якой не хапае роднай мовы i кантактавання. Часта да мяне прыходзiла i Кацiна Аляксандра — дзяцей там мала, ёй таксама не хапае кампанii".

Траўма перакрэслiла ўсё

Займацца спортам Людмiла Валчок пачала ў пачатковых класах. У Смiлавiчах была адзiная спартыўная школа з адзiным вiдам спорту — лёгкай атлетыкай. Паступова ў бегу на доўгiя дыстанцыi спартсменка дасягнула нядрэннага вынiку. Далейшы працяг знаёмы ўсiм у спартыўным асяроддзi: Люда апынулася на даху двухпавярховага будынка iнтэрната, каб паправiць тэлевiзiйную антэну, i аступiлася... "Шок быў для ўсiх. У тым лiку i для Сяргея Мiкалаевiча (Давыдзiка, трэнера Л. Валчок па лёгкай атлетыцы. — Аўт.) — ён моцна за мяне перажываў, не кожны бацька так зможа. Траўма перакрэслiла ўсё. Але здарылася тое, што здарылася, i гэтага не змянiць. Пасля траўмы ўсё ў жыццi стала па-iншаму. Але мне хочацца жыць паўнавартасна, i я да гэтага iмкнуся. Я не люблю ныць, i цярпець не магу, калi хтосьцi мяне шкадуе. Ды i навошта мяне шкадаваць, няўжо я так дрэнна выглядаю? Часам лаўлю на сабе жаласлiвыя позiркi, калi па прыступках саскокваю. Нядаўна адна бабулька мяне пашкадавала ў магазiне: "Ай, iнвалiд, якая ты няшчасная". А мая сяброўка прамовiла: "Сказала б я гэтай бабулi, што ты самы шчаслiвы чалавек з усiх, але яна не паверыць".

Пасля траўмы былi доўгiя чатыры гады, калi Люда iмкнулася вярнуцца ў спорт, дакладней у iнва-спорт. "Я ўдзельнiчала ва ўсiх спаборнiцтвах, якiя праводзiлiся ў краiне. Паднiмала штангу — падняла на майстра спорту, плавала, штурхала ядро, ганялася на калясках. Я не магла сядзець на месцы. Але майго стану нiхто не бачыў. Не хочацца нiкога асуджаць. Я ў калясцы, i трэнiраваць мяне праблематычна, вельмi шмат абмежаванняў. Таму нiхто i не браў на сябе адказнасць вазiцца са мной. Я i сама не ведаю, цi ўзяла б каго-небудзь, калi б у такой сiтуацыi аказаўся мой вучань. Знайшоўся адзiн трэнер, якi прапанаваў мне займацца плаваннем: "Хацелася б на вас паглядзець, магчыма, штосьцi i атрымаецца". А пасля спаборнiцтваў, дзе я паўдзельнiчала, мы павiталiся i разышлiся. А ў мяне на той час ужо з’явiлiся нейкiя спадзяваннi. Зразумела, што не тая тэхнiка, трэба было ўсё мяняць, працаваць трэба было. Так я вельмi моцна "абламалася" са спортам".

Людмiла вырашыла канчаткова забыць пра спорт i працаваць з дзецьмi-iнвалiдамi ў рэабiлiтацыйным цэнтры пад Мiнскам. Перад чарговай уласнай рэабiлiтацыяй яна прыехала адпачыць дадому ў Смiлавiчы. На наступны дзень раздаўся тэлефонны званок. Тамара Шыманская расказала, што яны шукаюць дзяўчынку-калясачнiцу для лыжнай эстафеты. Так доўга Людмiла iмкнулася вярнуцца ў спорт, а нарэшце знайшлiся людзi, якiя самi яе паклiкалi. Але на гэты раз яна адмовiлася: "Я не хачу, мне ўжо прапаноўвалi ў плаванне". Але Тамара Мiкалаеўна аказалася ўпартай i настойлiвай, за што зараз ёй Людмiла бязмежна ўдзячная. Яна ўгаварыла маму, а тая ў сваю чаргу прапанавала дачцэ проста з’ездзiць у Раўбiчы i паспрабаваць патрэнiравацца, а калi не спадабаецца, вярнуцца дадому. Так Людмiла засталася ў лыжных гонках. "Мне падабаецца займацца тым, чым я займаюся. Я люблю сваю працу, менавiта вось такую. Мне трэба, каб пульс быў за 200, пастаянны рух, калi не будзе руху, я проста патухну".

На Паралiмпiйскiх гульнях у Афiнах Тамара Шыманская звярнула ўвагу на адаптыўнае веславанне, вельмi падобнае на веславанне акадэмiчнае, i прапанавала Людмiле развiваць гэты вiд спорту ў нашай краіне. Дапамог i асабiста мiнiстр спорту i турызму Аляксандр Грыгараў. "Я асабiста да яго падышла. "А што вы нам абяцаеце?" — спытаў міністр. "Спорт непрадказальны, я не ведаю, што атрымаецца, але рызыкнуць трэба. Трэба скарыстацца момантам зачапiцца за лiцэнзiю i ўзяць яе". Міністр пагадзiўся i мiнiстэрства кампенсавала нам паездку на спаборнiцтвы, а Прэзiдэнцкi клуб — арэнду лодкi". На чэмпiянаце свету Людмiла заваявала сярэбраны медаль.

Алiмпiяда, якая перавярнула жыццё

Але да гэтага была перамога на Паралiмпiядзе ў Турыне. "У мяне ёсць тое, аб чым я не магла раней нават марыць. Гэта мая кватэра, гэта домiк у Чэрвеньскiм раёне, якi належыць маме.

Я прыйшла са спорту для здаровых i спачатку скептычна ставiлася да iнваспорту. Але калi паглядзела, на што людзi здольныя, я нават пачала ганарыцца, што сама iм займаюся. Людзi з абмежаванымi магчымасцямi выконваюць штосьцi такое, што не кожны здаровы зможа (i на горных лыжах катаюцца, i ў хакей гуляюць, i бегаюць на пратэзах), на мяжы немагчымага.  У маiм жыццi Алiмпiяда ўсё перавярнула з ног га галаву. Гэта i шчаслiвыя мама i брат, якiя сустракалi мяне ў аэрапорце. Якое для мяне гэта было шчасце! Той аэрапорт я запомнiла на ўсё жыццё, хоць мяне з любых спаборнiцтваў сустракаюць блiзкiя. I дзеля такiх момантаў, дзеля мамы, якая перажыла маю траўму, я здольная на многае. I вельмi хачу iх яшчэ парадаваць".

Алена АЎЧЫННIКАВА.  

 

 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Чэмпiёнку Паралiмпiйскiх гульняў у Турыне па лыжных гонках, вiцэ-чэмпiёнку свету па адаптыўным веславаннi Людмiлу Валчок лёс быццам бы спецыяльна выбр
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика