Расонскi тупiк?
Расонскi тупiк?
Шаснаццаць гадоў таму на карце краiны павiнна была з’явiцца кропка новага насельнага пункта — у Юхавiцкiм сельсавеце Расонскага раёна, на месцы колiшняга хутара ва ўрочышчы Ваўнейкi. Але дагэтуль яе няма, хоць там увесь час жывуць людзi. Лепей зiрнуць на саму карту i адшукаць на поўначы Вiцебшчыны куточак, дзе раку Нiшчу перасякае беларуска-расiйская мяжа. У гэтым лясным тупiку пасялiлiся два чалавекi — легальна i на законнай падставе — сямейная пара Юрый i Тамара Байковы, колiшнiя жыхары вёскi Юхавiчы — першыя з тагачасных фермераў. Сучасная тапанiмiчная служба магла б улiчыць гэты факт найноўшай гiсторыi i маленькай кропкай пазначыць на карце цiхае лясное паселiшча. Многiя адкрываюць для сябе гэты куток выпадкова. Напрыклад, турысты-байдарачнiкi, акаляючы хутар па рацэ. Цi рыбакi. Неўзабаве прыйдуць сюды i пешыя вандроўнiкi, бо тэрыторыя ландшафтнага заказнiка Чырвоны Бор уваходзiць цяпер у культурна-турыстычную зону. Адкрыццё гэтае дорыць незвычайнае знаёмства. Хiба не цiкава даведацца, што жыццё насельнiкаў хутара цалкам падпарадкаванае сiлам матухны-прыроды: яны жывуць без электрычнасцi, а значыць, без радыё i тэлевiзара. Іхнi дом — невысокi дашчаты буданок, абабiты рубероiдам. I калi летам ён яшчэ можа служыць сховiшчам, дык як у iм жывецца ў зiмовыя маразы?.. А яшчэ лясныя драпежныя насельнiкi, хiба не страшна з iмi сустракацца? Юрый i Тамара заўсёды адказваюць, што нiякiмi маразамi iх не напалохаеш, печка добра грэе, яны прызвычаiлiся не звяртаць увагi на розныя дробязi. Што датычыцца ваўкоў i лiс, дык госцi яны тут нярэдкiя. Асаблiва раней кожны жнiвень не праходзiў, каб ваўкi не зарэзалi авечку. Але ваўкоў баяцца — у лес не хадзiць. Вельмi важна, з якiм настроем успрымаеш жыццё. Калi б яны былi iншымi, следу iхняга тут даўно б не засталося. Час, праведзены ў далечынi ад людзей, шмат пра што гаворыць. А пачынаўся ён у далёкiм 1991-м, калi нараджаўся фермерскi рух i мясцовы калгас са свайго землезапасу выдзелiў тры ўчасткi. Байковы выбралi лясны куток. Амаль за два дзесяткi кiламетраў прыгналi свой статак з 5 кароў (гналi ўвесь дзень), развялi вогнiшча i заначавалi пад бярозаю. Гэты факт Байковы нiколi не прамiнаюць распавесцi. — З сабою мы мелi толькi соль, запалкi, малаток i цвiкi, — кажа гаспадар. — Тры—чатыры месяцы жылi каля вогнiшча, пакуль не ўзвялi сваю "хiбарку". Ужо за два першыя гады iснавання новага фермерскага падворка дойны статак павялiчыўся да 15 галоў. I гаспадары вывозiлi на кiрмаш у расiйскi Себеж (у беларускiя Расоны складаней дабрацца) штораз па 80 лiтраў малака i столькi ж тварагу, добра разыходзiлiся iхнiя масла i смятана. Юрый спадзяваўся на крэдыт ад дзяржавы, але так i не атрымаў яго. А потым у Расii здарыўся дэфолт i вывозiць ствой тавар на кiрмаш стала зусiм нявыгадна. Але Байковы не разгубiлiся i перайшлi цалкам на земляробства. Цяпер на хутары Ваўнейкi расце бульба, капуста, садовыя сунiцы. Радыска ў парнiчку з’яўляецца ўжо напрыканцы сакавiка, гурочкi — у красавiку. Юрый i Тамара працуюць, як кажуць, не пакладаючы рук. З блiжэйшай расiйскай вёскi Даласцы прыходзiць дачка i частку зелянiны — цыбулю, радыску адносiць на продаж. На падворку вольна разгульваюць чароды свойскай птушкi, клеткi запоўненыя трусамi. Замест буйной жывёлы дойным статкам цяпер з’яўляюцца козы, ёсць конь. — Нам патрэбен трактар i каровы, а працаваць мы яшчэ можам i маглi б шмат карысцi прынесцi дзяржаве, — з аптымiзмам разважаюць лясныя фермеры. Яны яшчэ спадзяюцца, што расонскiя ўлады падтрымаюць iх працоўны энтузiязм. Пры сустрэчы адразу кiдаецца ветлiвасць, жывая гаворка i нават iнтэлiгентнасць гаспадара. Нiякай падазронасцi ў яго позiрках i рухах я не адчуў. Доўгiя гады ў аддаленасцi ад людзей не наклалi на яго адбiтак, не зрабiлi замкнёным. Ледзь я з’явiўся на падворку, першым пытаннем ад гаспадароў было — цi не хачу гарбаты, малака? Жыццё без сувязi, пошты, жывых штодзённых зносiнаў сёння i ўявiць нельга. Байковы ж без гэтых набыткаў чалавецтва абыходзяцца вельмi лёгка. Няма святла — такой бяды. Ёсць свечкi. Ёсць печ-плiта i таму заўсёды гарачыя i сняданак, i вячэра, цёпла ў пакойчыку. I ўсё ж я заўважыў сярод рэчаў невялiкi тэлевiзар. Гаспадар патлумачыў, што ёсць у iх i генератар, але паколькi ён працуе на бензiне, выкарыстоўваюць рэдка, у самых неабходных выпадках. А наконт сувязi сiтуацыя апошнiм часам змянiлася да лепшага — з’явiўся мабiльнiк. Цяпер, дзякуючы антэне МТС, часцей чуюць голас дачкi, могуць замовiць неабходныя прадукты, паведамiць навiны. Некаму жыццё Тамары i Юрыя падасца дзiўным, экзатычным. А нехта i пазайздросцiць: жыць на самым беразе чыстай лясной ракi i мець уласную лодку-казанку не кожнаму дадзена. Побач возера, журавiнавыя балоты, ягадныя бары. Не кажучы пра цiшыню i чыстае паветра. I ўжо з гэтай прычыны планаў вярнуцца ў вёску ў Байковых няма. На развiтанне спытаўся, што прывезцi, калi раптам зноў тут апынуся? — Нiчога нам не трэба, вось толькi хлеба з кменам, калi можна, ён вельмi смачны... Напэўна, яны мелi на ўвазе лепшы з нашых хлябоў — "Нарачанскi". Анатоль Кляшчук. Фота аўтара. Расонскi раён.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Шаснаццаць гадоў таму на карце краiны павiнна была з’явiцца кропка новага насельнага пункта — у Юхавiцкiм сельсавеце Расонскага раёна, на месцы колiшн |
|