"Калi афарбаванае палiва пралiлi, яно раз’ела асфальт..."
"Калi афарбаванае палiва пралiлi, яно раз’ела асфальт..."
Рэха публікацыi Да тэмы афарбаванага палiва, якое выкарыстоўваецца цяпер у сельскай гаспадарцы, i магчымага ўплыву на здароўе людзей, што кантактуюць з iм, мы ўжо некалькi разоў звярталiся. Ва ўсiх выпадках — па зваротах чытача С.В. Пратасевiча з вёскi Вароцiшчы Уздзенскага раёна, якi якраз i сцвярджаў, што ўплыў гэты ёсць i пералiчваў сiмптомы пасля кантакту з афарбаваным палiвам. Афiцыйныя адказы на запыты рэдакцыя атрымлiвала з некалькiх iнстанцый, у тым лiку — i з Мiнiстэрства аховы здароўя, якое скаргу чытача на нездавальняючыя санiтарна-гiгiенiчныя ўмовы працы i пражывання праверыла з выездам на месца, правёўшы лабараторна-iнструментальныя даследаваннi паветра рабочай зоны i атмасфернага паветра ў вёсцы. Калi коратка гаварыць пра сутнасць усiх гэтых рэагаванняў, дык яны зводзiлiся да таго, што афарбаванае палiва на санiтарна-гiгiенiчныя ўмовы працы i пражывання не ўплывае, а самi фарбавальнiкi, што выкарыстоўваюцца для iдэнтыфiкацыi бензiнаў, дызельнага палiва i мазуту, вырабляюцца ў адпаведнасцi з еўрапейскiмi стандартамi i маюць сертыфiкат бяспекi. Здавалася б, праблема вычарпаная, прынамсi, такое ўражанне складалася на падставе шматлiкiх папер, якiя атрымала рэдакцыя. Але яшчэ да публiкацыi ў поўным аб’ёме ўсiх гэтых звестак у рэдакцыю звярнулася жыхарка вёскi Рочавiчы Стаўбцоўскага раёна Алена Яцкаўна Цярэня. Жанчына працуе аператарам АЗС у аднайменным з назвай населенага пункта СВК. I мае самы непасрэдны кантакт з афарбаваным палiвам, якое для запраўкi тэхнiкi выкарыстоўваецца ў гаспадарцы. Заяўнiца сцвярджала, што гэта палiва ўплывае на яе здароўе i здароўе напарнiцы. — Прытупляецца памяць, назiраецца пяршэнне ў роце, пякуць вусны i г.д. Паводле слоў механiзатараў, яны таксама адчуваюць сябе не вельмi добра пасля кантактаў з афарбаваным палiвам, чаго раней нiколi не было — не першы ж год працуюць. Ды i я сама не адзiн год адпрацавала на АЗС, проста так гаварыць не стала б. Неяк выпадкова пралiлi такое палiва, дык яно лiтаральна раз’ела асфальт, — гаварыла Алена Яцкаўна. На гэты раз афiцыйны запыт мы вырашылi накiраваць у Рэспублiканскi цэнтр гiгiены, эпiдэмiялогii i грамадскага здароўя. Днямi атрымалi адтуль адказ. Большую частку ў iм займаюць усё тыя ж тлумачэннi: чаму i кiм праводзiцца афарбоўка палiва, гаворыцца пра бяспеку i адпаведнасць еўрапейскiм стандартам самiх фарбавальнiкаў. "Дзяржаўнай установе "Мiнскi абласны цэнтр гiгiены, эпiдэмiялогii i грамадскага здароўя" даручана разгледзець зварот жыхаркi в. Рочавiчы Стаўбцоўскага раёна А.Я. Цярэнi з правядзеннем лабараторных даследаванняў на працоўным месцы. Пра вынiкi разгляду звароту заяўнiк будзе праiнфармаваны". Пакуль гэтых канкрэтных вынiкаў няма, гаварыць нешта заўчасна. А вось пытанне, на якое пакуль нiхто чамусьцi не даў адказу, здаецца, задаць можна i нават трэба яшчэ раз. Калi сцвярджаецца, што афарбаванае палiва такое бяспечнае для здароўя людзей i для самой тэхнiкi (а чуткi на гэты конт гуляюць самыя розныя), чым тады тлумачацца звароты людзей па гэтай праблеме? Як вынiкае са зваротаў, аператары АЗС, механiзатары на працягу шэрагу гадоў дагэтуль мелi кантакт са звычайным палiвам i нiколi нiякiх праблем у iх не ўзнiкала. Нi медыцынскiх, нi псiхалагiчных. Магчыма, справы якраз у апошнiм. I ўсё роўна — чым гэта тлумачыцца?.. Сяргей РАСОЛЬКА.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Да тэмы афарбаванага палiва, якое выкарыстоўваецца цяпер у сельскай гаспадарцы, i магчымага ўплыву на здароўе людзей, што кантактуюць з iм, мы ўжо нек
|
|