21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Бялыніцкая заступнiца

26.08.2009 10:20 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Бялыніцкая заступнiца

Людзi са старажытных часоў лiчаць цудатворным знакамiты абраз Бялынiцкай Божай Мацi  

Карманоўская хата

...Старая хата каля возера ў вёсцы Карманоўка. Слiва каля ганка, разныя аканiцы на вокнах, сакавiтая зелянiна няскошанай навокал травы. Няма нi назвы вулiцы, нi нумара дома. Але менавiта гэту хату пакажа цiкаўнаму турысту любы вясковец як мясцовую славутасць. Таму што яна ў Карманоўцы адзiная, якая цудам уцалела пасля жорсткага абстрэлу ў час вайны.

— Мне было тады 8 гадоў, — узгадвае гаспадыня шчаслiвай хаты Аляксандра Данiлаўна Салавей. — Партызаны злавiлi двух немцаў i трымалi iх у Карманоўцы. А потым яны альбо ўцяклi, альбо iх адпусцiлi — не памятаю. Але неўзабаве прыляцелi нямецкiя самалёты помсцiць. Я з малымi братам i сястрой якраз была ў гэтай хаце, якая за тым часам належала Фёдару Аўсiевiчу i яго сям’i. Наш татка быў у партызанах, а мацi пайшла на хаўтуры. Наляцелi самалёты i пайшлi бамбiць...

Бабуля памятае кожнае iмгненне таго страшнага дня. Яна ходзiць па падворку i паказвае:

— Тут быў калодзеж, якi выбухам разбурыла. На месцы агароджы — вялiзная ямiна ад бомбы. На гэтым месцы валяўся човен, пад якiм мы, дарослыя i дзецi, беглi ад хаты да акопа ў садзе, а потым ў зямлянку ў лесе. Кулямёт стракатаў, рвалiся бутэлькi з гаручай вадкасцю. Стопка, дзе захоўвалася бульба, i пуня адразу згарэлi. Карманоўку бамбiлi два днi, потым абстрэльвалi з зямлi. Усё гарэла i кiпела! Спалiлi ўсю вёску. А гэта хата засталася стаяць, хоць i ўся пашкулюбатая.

Так сталася, што ўцалелую будынiну набыў бацька Аляксандры Данiлаўны: яна каштавала тады немалых грошай — 25 тысяч дарэформенных рублёў. Сям’я шчаслiва пражыла ў ёй паўстагоддзя. Нягледзячы на цяжкае жыццё, небяспечныя хваробы i хранiчныя нястачы, выгадавалiся чацвёра дзяцей. Бацька прыйшоў з вайны жывы: разам з жонкай яны дажылi да старасцi. Iх дзецi i ўнукi дамовiлiся памiж сабой нiколi не прадаваць шчаслiвую хату, якая стала легендай i сямейным талiсманам.

Абразок пад дахам

Сёння ў гэтай карманоўскай хаце нiхто пастаянна не жыве: толькi сваякi часам прыязджаюць адпачыць на возера, падыхаць свежым паветрам. Там ёсць мэбля: сялянскiя драўляныя лавы — iх тут называюць канапамi, шафка для посуду старога ўзору, тахта з драўляным аздабленнем нiбыта з даваеннай кiнастужкi i чорна-белы тэлевiзар "Рассвет-307". У куту — абраз з рушнiкамi, на сценах — старыя фотакарткi ў вялiкiх рамках.

На столi i цяпер можна пабачыць сляды ад куль. Гiсторыя, якая здарылася ў вайну, i сёння хвалюе людзей.

— Нiбыта загавораная хата, цi не так?

— Хто яго ведае? Можа, проста пашанцавала?

— Ну канешне! Усе хаты побач згарэлi, а яна засталася! Вы хоць ведаеце, што такое пажар у вёсцы? Агонь перакiдваецца iмгненна, захавацца немагчыма! А яна ўзяла i засталася! Цуд!

Старшыня Эсьмонскага сельскага Савета дэпутатаў Алег Вiктаравiч Салавей — сын Аляксандры Данiлаўны. Карманоўская хата, дзе жылi яго дзед i бабуля, — самая любiмая ў яго жыццi. У маленстве, насуперак патрабаванням мацi, Алег пасля школы ўцякаў у Карманоўку.

— Мне тут падабалася, — узгадвае Салавей. — I жыць тут было цiкава i лёгка. На гэтым месцы ахоплiваюць нейкiя станоўчыя эмоцыi. I калi яно i праўда зачараванае, то па-добраму.

I самае галоўнае: аднойчы дзед расказаў Алегу Вiктаравiчу, што калi рамантаваў хату пасля вайны i лiквiдаваў сляды абстрэлу, то знайшоў прыхаваны пад дахам невялiкi абразок.

— Куды ён падзеўся — невядома, — працягвае Салавей. — Ды i нельга было за часам атэiзму ўсё гэта абмяркоўваць услых. Я нават не ведаю, што гэта быў за абраз. I цi быў ён насамрэч?

Анёл i манахi

— Безумоўна, быў абразок! — лiчыць бялынiцкi журналiст i краязнаўца Мiхась Карпечанка, якi цiкавiцца таямнiцамi бялынiцкага краю. — I я так мяркую, што гэта быў абраз Бялынiцкай Божай Мацi. I мясцовыя людзi, i шматлiкiя паломнiкi пакланялiся многiя стагоддзi гэтаму цудатворнаму абразу.

Прычым зафiксаваны выпадкi ратавання менавiта ад агню, падкрэслiвае Мiхась. У 1889 годзе, расказваецца ў "Чудесных случаях исцелений, происшедших от Белыничской иконы", у вёсцы Заполле, што на Чэрвеньшчыне, загарэўся сялянскi дом. Агонь вось-вось павiнен быў перакiнуцца на суседнюю хату, дзе селянiн Франц Дашкевiч разам з усёй сям’ёй слёзна малiўся аб ратаваннi. Хата дзiвосным чынам уцалела, i яе гаспадар выканаў свой зарок пакланiцца абразу ў Бялынiчах.

Абраз Бялынiцкай Божай Мацi шануюць i каталiкi, i праваслаўныя ўсходняй Беларусi. Праўда, легенда аб з’яўленнi цудатворнага абраза рознiцца ў дзвюх хрысцiянскiх канфесiй.

Паводле каталiцкай версii, у XVII стагоддзi абраз узнiк у Бялынiцкiм кармелiцкiм кляштары. Манахi шукалi ў акрузе мастака, якi б мог напiсаць абраз Божай Мацi, але без поспеху. Урэшце яны звярнулiся з малiтвай да Бога, i неўзабаве ў кляштар прыйшоў у вобразе юнака-паломнiка анёл, якi i напiсаў на дошцы твары Божай Мацi i Дзiця Хрыста неверагоднай прыгажосцi.

Паводле версii праваслаўных, абраз прывезлi ва ўсходнiя землi ў XIII стагоддзi манахi з Кiева. Яны беглi ад нашэсця Батыя i па Дняпры ды Друцi дабралiся да месца, дзе цяпер Бялынiчы. Паданне гаворыць, што ўначы ад абраза сышло дзiвоснае ззянне. Адсюль i назва паселiшча — ад "белыя ночы".

А гiсторыя сведчыць, што Бялынiчы былi цэнтрам рэлiгiйнага жыцця, паломнiкi масава iшлi да цудатворнага абраза. За савецкiм часам яго перадалi ў Магiлёўскi краязнаўчы музей, аднак далейшы лёс абраза невядомы. Лiчыцца, што ён знiк разам з Крыжом Ефрасiннi Полацкай i iншымi каштоўнасцямi ў 1941 годзе.

Цяпер вядома нямала спiсаў (гэта значыць — копiй) знакамiтага абраза Бялынiцкай Божай Мацi. Але i iх, асаблiва што датычыцца старажытных, народ лiчыць цудатворнымi.

Абраз захавала Матрона

Старажытныя храмы ў Бялынiчах былi разбураны. Толькi некалькi гадоў таму ў раённым цэнтры адкрылася праваслаўная царква ў гонар Бялынiцкай Божай Мацi. Тутэйшая жанчына Матрона зрабiла новай царкве падарунак: яна 70 гадоў у сваёй хаце за печкай захоўвала ў спецыяльнай нiшы ў сцяне, абабiтай жалезам, абраз Бялынiцкай Божай Мацi.

Прыхаджанкi аздобiлi яго карункамi ды сплялi ўпрыгажэнне з белых пацерак, падобнае на тое, якое намалявана на палатне. Яшчэ адзiн старажытны спiс Бялынiцкай Божай Мацi — у алтарнай частцы. Абраз, прастрэлены ў некалькiх месцах, паказаў айцец Валерый.

— Цудаў, звязаных з нашымi абразамi, шмат, — запэўнiвае святар. — Бялынiцкая Божая Мацi адзронiзваецца яшчэ i тым, што пра яе трэба толькi падумаць i папрасiць дапамогi, каб атрымаць яе ласку.

Апiсаннi цудаў, якiя здарылiся яшчэ да рэвалюцыi, можна знайсцi ў Акафiсце (праслаўленнi) Бялынiцкай Божай Мацi, якi чытаюць у царкве штонядзелю i ў святочныя днi.

Напрыклад, святар вылечыўся ад сухотаў, калi ў сне папрасiў аб збаўленнi Бялынiцкую Божую Мацi. Магiлёўскi чыноўнiк у дарозе захварэў на халеру: яго ледзь жывога дацягнулi на золку да бялынiцкага храма, ён перапоўз парог i страцiў прытомнасць, але пасля службы выйшаў здаровым. Жонка мешчанiна са Смаленшчыны нараджала мёртвых немаўлятаў, i толькi пасля абету штогод бываць у Бялынiчах i пакланяцца цудатворнаму абразу нарадзiлiся здаровыя дзецi.

Ёсць i сучасныя гiсторыi цудаў. У Бялынiчах распавядаюць пра людзей, якiя атрымлiвалi дапамогу ў няшчасцях ды пазбаўлялiся ад хваробаў (у тым лiку ад ракавых пухлiнаў), з якiмi не маглi справiцца медыкi.

— Я вылечылася малiтвай ад страшнай хваробы, — абражаецца на недавер прыхаджанка Бялынiцкай праваслаўнай царквы. — Я прыйшла да веры, адчула абарону Божай Мацi, яна дала мне вялiкую сiлу i сваю ласку.

Крыж на гары, крынiца ля ракi

Настаўнiца-пенсiянерка Святлана Мiхайлаўна Вiннiкава вядзе заняткi ў дзiцячай нядзельнай школе. Яна расказвае сваiм выхаванцам гiсторыю абраза Бялынiцкай Божай Мацi i пра дар, якi яна робiць вернiкам, калi тыя звяртаюцца па дапамогу.

Святлана Мiхайлаўна пачынае свой расповед ад Iльiнскай гары. Там усталяваны знак: "Адсюль пачыналiся Бялынiчы". А ўбаку, пасярод бэзавых кустоў, стаiць старажытны каменны крыж. На iм ёсць знакi, якiя, аднак, сёння прачытаць немагчыма. Невядомая клапатлiвая рука нанесла некалькi слаёў фарбы на крыж: раней ён быў нябесна-блакiтны, цяпер — карычнева-чырвоны.

— Крыж быў усталяваны на месцы, дзе з’явiўся i заззяў абраз Бялынiцкай Божай Мацi, — тлумачыць Вiннiкава. — Ён, кажуць, знаходзiцца глыбока ў зямлi. Мы тут хочам паставiць каплiцу — на гэта ў праваслаўных ёсць блаславенне.

Ад Iльiнскай гары трэба iсцi да ракi Друць, на беразе якой б’е Багародзiцкая крынiца. Дабрацца да яе няпроста, бо трэба абыходзiць агароджы прыватных надзелаў. На беразе стаiць драўляны дамок: абраз у кiёце, букет палявых кветак. На сцяне словы велiчання ў гонар Бялынiцкай Божай Мацi — Святлана Мiхайлаўна iх прапявае, а потым ўмываецца i п’е ваду.

— Праўда, смачная? — рытарычна пытаецца яна. — I нясе Божы дар. I глядзiце, якая цiкавая iгра вады ў рацэ: цячэнне крута паварочвае ў месцы крынiцы.

Святыня вернецца дадому

У вынiку якога павароту гiсторыi знiк сапраўдны абраз Бялынiцкай Божы Мацi? Нiхто не ведае напэўна.

— Ёсць версiя, што апошнi настаяцель кармелiцкага касцёла Люцыян Гадлеўскi адчуваў, што хутка давядзецца аддаць абраз праваслаўным (так i адбылося), i схаваў арыгiнал, выставiўшы яго копiю, — расказвае Мiхась Карпечанка. — Таму верагодна, што выява Бялынiцкай Божай Мацi ўсё ж знаходзiцца ў нашых краях.

Краязнаўцу хочацца верыць, што сапраўдны абраз недзе тут. Напрыклад, у падземных хадах. I хоць падчас капання каналiзацыйных траншэяў гадоў 15 таму падземныя хады так i не выявiлiся, але яны сапраўды iснавалi, на гэта ёсць сведчаннi. Муж Святланы Мiхайлаўны Вiннiкавай, калi быў вучнем — а школа месцiлася ў манастырскiм будынку, — разам з сябрамi ўвайшоў у падземны ход i бачыў труны манахаў па баках. Але стала цяжка дыхаць, расказваў ён жонцы, хлопчыкi вярнулiся, i дарослыя лагiчна забаранiлi iм небяспечную забаву.

А, можа, абраз знаходзiцца ў прыватнай калекцыi? Альбо на Захадзе, альбо на Ўсходзе. I калi адшукаюць Крыж Ефрасiннi, знойдзецца i бялынiцкi абраз?

— Святыня, якая вярнулася дадому! — марыць Карпечанка. — Бялынiчы б зноў сталi месцам паломнiцтва. Спадзяюся, што наш абраз вернецца. Няма нiчога тайнага, якое калi-небудзь не стала б яўным.

— Аднак па сутнасцi са сваiмi просьбамi i бедамi мы звяртаемся не да абраза, а да Божай Мацi, — нагадвае Святлана Мiхайлаўна. — Праз абраз нясём да Яе сэрца i любоў.

Ад старажытнасцi да нашых дзён

Спiсы абраза Бялынiцкай Божай Мацi сёння ёсць у многiх беларускiх цэрквах. У Шклоўскi Свята-Праабражэнскi храм выявы трапiлi пасля закрыцця царквы ў Бялынiчах. Жанчыны ў царкве расказваюць, як шклоў-цы i за савецкiм часам штогод ездзiлi пакланiцца Бялынiцкай Божай Мацi, i многiя давалi зарок дайсцi да Бялынiчаў пешшу.

Магiлёўская праваслаўная епархiя летась аднавiла традыцыю хрэсных ходаў. Упершыню з дарэвалюцыйных часоў дзве сотнi вернiкаў прайшлi пешшу ад Магiлёва да Бялынiчаў з абразам Бялынiцкай Божай Мацi.

У Магiлёўскiм мастацкiм музеi iмя Паўла Масленнiкава адкрылася пастаянная экспазiцыя "Захаваная спадчына". Цэнтр яе — спiс абраза Бялынiцкай Божай Мацi XVIII стагоддзя. Яго прадаў музею прыватны калекцыянер з Магiлёва. Сродкаў на набыццё не хапала — абраз каштуе вялiкiх грошай. Упершыню ахвяраваннi зрабiлi прыватныя асобы, i першым — старшыня Магiлёўскага аблвыканкама Барыс Батура.

А ў 2002 годзе ў Бялынiчаў з’явiўся новы афiцыйны герб. Яго аўтарка — бялынiцкая мастачка Ларыса Журавовiч. На блакiтным полi герба — залатая выява Бялынiцкай Божай Мацi, заступнiцы i апякункi.

Iлона Iванова.

Бялынiцкi раён — Магiлёў.

 

 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Людзi са старажытных часоў лiчаць цудатворным знакамiты абраз Бялынiцкай Божай Мацi
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика