Пенагазасілiкатныя страсцi
Пенагазасілiкатныя страсцi
Адзiн мой знаёмы вырашыў зрабiць прыбудову да свайго дома, для чаго некалькi месяцаў яго сям’я збiрала грошы. І калi ўжо ўсё было гатова, рушыў у магазiн адкрытага акцыянернага таварыства "Гомельбудматэрыялы", што знаходзiцца ў абласным цэнтры на вулiцы Рошчынскай. Думаў чалавек пры гэтым, што дастаткова яму толькi зрабiць аплату за тыя пенагазасiлiкатныя блокi, i, калi ласка, пачынай будаўнiчыя работы. На справе ж аказалася зусiм iншае, а калi дакладней, дык ён вярнуўся адтуль у задуменнi, бо ад яго патрабавалi наступныя дакументы: дазвол на ўзвядзенне памяшкання раённай адмiнiстрацыi i справу забудоўшчыка, у якой павiнны быць указаны аб’ёмы таго памяшкання. Ды i гэта яшчэ не ўсё, таму што папярэдзiлi: трэба будзе запiсацца ў чаргу на атрыманне сценавых блокаў. Такiя правiлы. Пакуль чалавек выконваў рэкамендацыi работнiкаў магазiна, iшоў час, i ў пачатку сёлетняга студзеня ён адправiўся туды з надзеяй, што выпiша патрэбныя матэрыялы. Аднак зрабiць гэта яму не ўдалося, бо народу там сабралася на запiс столькi, што ён не адважыўся дарэмна трацiць гадзiны. Падумаў: можна пачакаць да лета, спяшацца няма куды. Таму i вярнуўся дадому. Наступны запiс на чаргу павiнен быў адбыцца 15 мая, i ў той дзень, з самай ранiцы, знаёмы зноў узяў курс на магазiн i ўжо на падыходзе да яго ў думках лаяў сябе: маўляў, якi ты дылетант! Бо народу сабралася процьма, хто пехатой прыбыў сюды, хто на легкавушках. Адны з Гомеля, другiя — са Жлобiна, трэцiя — з вёсак. Жанчыны, мужчыны, пажылыя, маладыя. Хто з вечара дзяжурыў, хто з ночы, а хто i раней. Сотнi людзей. I ўсiм — трэба. Калi да людзей выйшаў дырэктар магазiна (а да гэтага пенсiянер спрабаваў дабрацца да чалавека з натоўпу, якi рабiў запiс) i абвясцiў, што не ўсе з чаргi на працягу квартала атрымаюць блокi ПГС, той не захацеў чакаць вынiку: маўляў, у яго не гарыць, усяму свой час. Павiнен жа закончыцца гэты ажыятаж на будаўнiчыя матэрыялы, тады i ён — наперад. — Цi праўда, што так цяжка атрымаць блокi ў вашым магазiне? — пытаю ў яго дырэктара Генадзя Нiкiценкi, — i чаму ўтвараюцца чэргi? Будаўнiчы бум ахапiў народ, цi тут назiраецца нешта iншае? Можа ў прадпрыемства не хапае вытворчых магутнасцяў? Генадзь Васiльевiч пачынае расказ здалёк. А менавiта: адкрытае акцыянернае таварыства вырабляе такiя сценавыя матэрыялы, як сiлiкатныя камянi (з 1975 года) i пенагазасiлiкатныя блокi з 1990-га. Былi розныя сiтуацыi ў яго калектыву: прадпрыемства лiчылася сезонным i на зiму спынялася на папераджальныя рамонты, бо прадукцыя яго была незапатрабаванай. На яго памяцi (а працуе ён тут 27 гадоў) i такiя часы, калi кожнаму аддзелу прадпрыемства даводзiлiся планы рэалiзацыi яе, калi тыя пенагазасiлiкатныя блокi даводзiлася прадаваць у суседняй Расii ледзь не паштучна. Ды нiчога, выжылi, набралi неабходныя тэмпы, размахнулiся i ў будаўнiчай галiне выйшлi на перадавыя пазiцыi. Што гэта так, сведчаць вынiкi работы калектыву, аб чым у свой час расказвалася на старонках нашай газеты, i аб чым паведамiў генеральны дырэктар прадпрыемства Алег Сейбель, далучыўшыся да гутаркi. Вось канкрэтныя прыклады. Праектныя магутнасцi цэха блокаў ПГС — 160 тысяч кубаметраў у год. Увасабленне iнжынернай думкi, старанне ўсяго калектыву, мадэрнiзацыя вытворчасцi, шмат iншых фактараў прывялi да таго, што сёлета будзе выпушчана тых блокаў амаль 400 тысяч кубаметраў. Яны — самыя танныя сярод падобнай прадукцыi дзевяцi прадпрыемстваў рэспублiкi i карыстаюцца павышаным попытам не толькi ў Беларусi. "Гомельбудматэрыялы" ўжо двойчы пацвярджалi прэмiю Савета Мiнiстраў краiны па якасцi, уся прадукцыя атэставаная па ИСО-9001, а мiнералаватная плiта адзначана еўрапейскiм знакам якасцi СЕ. Калi ж гаварыць аб аб’ёмах вытворчасцi, дык яны цалкам задавальняюць патрэбнасцi Гомельшчыны да 2020 года, улiчваючы тыя абставiны, што ў наступным годзе на прадпрыемстве з’явiцца найноўшае iмпартнае абсталяванне, якое, на жаль, не вырабляецца нi ў Расii, нi ва Ўкраiне, нi ў Беларусi. — Калi, Алег Iванавiч, усё ў вас так добра з вытворчасцю (а мы ў гэтым нiколькi не сумняваемся), дык чаму ж у прыватнiкаў такiя прэтэнзii? Чаму чэргi? — Страсцi ў людзей, ажыятаж — толькi па пенагазасiлiкатных блоках. I гэтаму ёсць свае тлумачэннi. Па-першае, гэты матэрыял з’яўляецца высокацеплаправодным, яго можна параўнаць па ўказаным паказчыку з дрэвам, i людзi гэта ўлiчваюць ва ўмовах падаражэння электраэнергii i газу. Па-другое, попыт на блокi выклiканы i наступнымi прычынамi. У параўнаннi з 90-мi гадамi палепшылiся жыццё людзей, эканамiчная сiтуацыя, узраслi заробкi, банкi адкрылi сур’ёзныя крэдытныя лiнii, i народ ахапiў будаўнiчы бум. А тут якраз з’явiлася новае зямельнае заканадаўства (усё прадаецца праз аўкцыёны) i вядомы указ Прэзiдэнта № 667 аб тым, што калi да канца гэтага года выдзеленыя зямельныя ўчасткi не будуць забудаваныя, то гаспадары пазбавяцца iх, не маючы права на продаж. Вось адкуль той паток да магазiна. Летась падобнага не было. Мяркуем, што так будзе да канца года. Уявiце сабе, што да нас прыходзяць з дакументамi на забудову, якiя датуюцца нават васьмiдзесятымi гадамi. А мы ж, акрамя iндывiдуальных забудоўшчыкаў, павiнны цалкам забяспечыць матэрыяламi сельскае, грамадзянскае i прамысловае будаўнiцтва, на што нам спушчаны адпаведныя заданнi. — Такая сiтуацыя характэрна не толькi для Гомельшчыны. Але ў iншых абласцях такiх чэргаў, якiя збiралiся 9 студзеня i 15 мая, не было... — Не ведаем, як у iншых гарадах, а мы (можа гэта i было нашай памылкай) вырашылi ва ўмовах вось такой напругi, такога часовага дэфiцыту на блокi зрабiць водпуск iх людзям больш празрыстым, каб не даць перакупшчыкам волi. Таму калi ў iншых гарадах у чэргi запiсвалi кожны дзень, дык у нас — адзiн раз у квартал, на што i складалiся адпаведныя спiсы, якiя былi i ў магазiне, i ў давераных людзей ад чаргi. Па iх i працавалi. Хто не трапiў у iх на атрыманне матэрыялу ў гэты раз, быў запiсаны на наступны. Мы дзейнiчалi не ва ўрон справе, а прытрымлiвалiся прынцыпу сацыяльнай справядлiвасцi, за што i атрымалi па шапцы. — Гэта як? — На сярэднi статыстычны дом у двух узроўнях патрабуецца 80—100 кубаметраў блокаў. А прыходзяць некаторыя з тоўстымi кашалькамi i даюць заяўкi на 300—400 кубоў. Дык вось, з пенагазасiлiкатных блокаў у 300 кубаметраў можна пабудаваць аднапад’ездны пяцiпавярховы дом. Гэта, вядома, прыватнiк не робiць. Проста, карыстаючыся выпадкам, гэта значыць, дэфiцытам, пэўны грамадзянiн потым перапрадае той матэрыял чалавеку, якi ў iм адчувае пiльную патрэбу, i нажываецца на гэтым. А вясковец цi маладая сям’я, якая ўзяла крэдыт i не мае жылля, павiнны чакаць. Пры гэтых словах дырэктар магазiна прапанаваў мне самому ўпэўнiцца ў сказаным, паказаўшы ў рэкламнай газеце аб’яву аб продажы нейкiм прадпрымальнiкам каменя сiлiкатнага, блокаў ПГС i цэглы чырвонай. Звонiм яму па мабiльнiку i пытаем, цi можам купiць у яго тры паддоны блокаў з дастаўкай у названую намi прыгарадную вёску. А чаму ж не, адказвае ён i называе цану — 700 тысяч за паддон, а ўсяго з аплатай за транспарт — 2140 тысяч рублёў. Пачынаем падлiчваць i атрымлiваецца, што на тых трох паддонах, якiя змяшчаюць 8,52 кубаметра блокаў, той перакупшчык, якi набывае ў магазiне прадпрыемства тавар па дзяржаўных цэнах, наварвае 688 590 рублёў. А калi гэта дзесяць паддонаў (28,4 кубаметра блокаў), дык на халяву дастаецца 2 256 350 рублёў, калi ж 35 (99,4 кубаметра), дык лiчба падскоквае да 7 897 050 рублёў. Ёсць перакупшчыку за што старацца, ёсць! Дзеля гэтага яны iдуць на ўсё: здабываюць у сельсаветах даведкi аб тым, што iм трэба будаваць жыллё або самiм, або падбухторваюць на гэта таго цi iншага вяскоўца за пэўную аплату цi шукаюць iншыя шляхi да нажывы. Напрыклад, хто-нiхто стараецца купiць тыя блокi быццам бы для свайго ўласнага будаўнiцтва. Але ўсе гэтыя хiтрыкi (а калi не ўсе, дык многiя) у магазiне разгадваюць. Усе даныя аб атрымальнiках матэрыялу заносяцца ў камп’ютар, дырэктар неаднаразова выязджаў на месца забудовы i пераконваўся, што блокi хацелi выпiсаць не для сябе, а на продаж i г.д. Адным словам, кантроль быў, якi, аднак, з улiкам таго, што запiс на чаргу адбываўся ў адзiн дзень, быў некамфортным (скажам так) i для сумленных грамадзян. I ў магазiне гэта разумелi. Таму i звярталiся ў абласное ўпраўленне гандлю прыняць нейкiя часовыя рэгулюючыя меры на мясцовым узроўнi, каб на момант дэфiцыту ўстанавiць лiчбу максiмальнага водпуску блокаў прыватнiку. Але там заявiлi, што гэта супярэчыць Закону аб правах спажыўца, а ў мiлiцыi сказалi, што закона аб спекуляцыi ў нас няма. Тым не менш, папярэджаннi дырэкцыi магазiна аб тым, што яна мае намер па гэтым пытаннi звярнуцца ў органы па барацьбе з эканамiчнымi злачынствамi, дзейнiчалi: дзве групы перакупшчыкаў з Чачэрска i Рагачова спынiлi сваю дзейнасць. А ў дзень запiсу на чаргу 15 мая быў зафiксаваны цiкавы выпадак, якi аб многiм гаворыць. На iм прысутнiчалi два падатковыя iнспектары па просьбе дырэкцыi магазiна, i калi было аб’яўлена, што таму, хто будзе купляць блокi ў колькасцi звыш ста кубаметраў i заплацiць больш як 16 мiльёнаў рублёў, трэба запоўнiць дэкларацыю аб даходах, з 640 чалавек адсеялася адразу 89. На тое ж запаўненне згадзiлiся толькi 15 чалавек. I такiм чынам атрымалася, што ў спiсы на набыццё блокаў у гэтым квартале было ўключана 280 чалавек, а 271 — на наступны. Кожнаму з iх вызначаны канкрэтны дзень прыезду за таварам. I яшчэ даволi цiкавы момант. Калi 9 студзеня 21 тысяча кубаметраў блокаў была распiсана на 305 чалавек, дык 15 мая — на 551. Значыць, многiм перакупшчыкам перакрылi дарогу? I далi "зялёнае святло" тым, хто сапраўды адчувае пiльную патрэбу ў блоках? Напэўна, так. — За свае дзеяннi, якiя нiякiм чынам не служылi нашым карыслiвым цi ведамасным мэтам, мы падверглiся крытыцы, — падсумоўваюць размову Алег Iванавiч i Генадзь Васiльевiч. — I цяпер будзем працаваць па той жа схеме, як у iншых гарадах. Толькi каму гэта будзе выгадна? Адначасова мы звярнулiся ў аблвыканкам, каб было прынята рашэнне адпускаць у першую чаргу названыя будаўнiчыя матэрыялы шматдзетным сем’ям i тым, хто мае льготны крэдыт. Уладзiмiр ПЕРНIКАЎ.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Адзiн мой знаёмы вырашыў зрабiць прыбудову да свайго дома, для чаго некалькi месяцаў яго сям’я збiрала грошы. І калi ўжо ўсё было гатова, рушыў у мага
|
|