Якiм быць беларускаму мундзiру?
Якiм быць беларускаму мундзiру?
Эксклюзіў Журналіст "Звязды" гутарыць пра ваенную форму з членам Геральдычнага савета пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь Віктарам Ляхарам(Заканчэнне. Пачатак у нумары за 6 чэрвеня.) Па прускiм узоры З выбраннем каралём Рэчы Паспалiтай Станiслава Панятоўскага ў 1764 годзе ў краiне пачалiся ваенныя рэформы. Нягледзячы на процiдзеянне суседзяў (Прусii, Аўстрыi i Расii), у Вялiкiм княстве Лiтоўскiм распачалi будаўнiцтва войска, якое адпавядала еўрапейскаму ўзроўню. З 1776 года створана 8 новых пяхотных палкоў (рэгiментаў). Пры выбары крою мундзiра за ўзор узяты "агульнаеўрапейскi" прускi мундзiр. Усе палкi атрымалi сiне-блакiтныя мундзiры, белыя камзолы, чорныя шляпы-бекорны, панчохi, гетры, башмакi. Афiцэры насiлi боты, галоўным адрозненнем у iх былi шалiк, эпалеты i цямляк на шпазе. Для салдатаў i афiцэраў абавязковым было нашэнне парыкоў. У армейскага мундзiра — свой "стыль" У пачатку ХIХ стагоддзя армiя перайшла на прынцып усеагульнага воiнскага абавязку. Армейскi i цывiльны мундзiры пачынаюць "разыходзiцца" адзiн ад другога, а шыкоўны афiцэрскi мундзiр, наадварот, наблiжаецца да салдацкага. У 1802 годзе пры цару Аляксандру I на падставе фрачнага пакрою адзення ўзнiк ваенны, а пазней i цывiльны мундзiр. З 1802 па 1855 год у Расiйскай iмперыi насiлi наступную ўнiформу: мундзiр i вiцмундзiр, сюртук, мундзiрны фрак, шынель. У 1812 годзе на землях колiшняга ВКЛ па загаду Напалеона для Вялiкай армii сярод iншых палкоў быў сфармiраваны i 17-ы ўланскi. Унiформу для рэкрутаў з Вiленскага, Завiлейскага, Браслаўскага, Упiцкага i iншых беларускiх i лiтоўскiх паветаў завозiлi з Польшчы. Уланы 17-га палка атрымалi тыповыя сiнiя мундзiры з чырвонымi манжэтамi, каўнерам, лампасамi рэйтузаў. Радавыя насiлi чырвона-сiнi пояс-кушак. На плячах — эпалеты залацiстага колеру з бахрамой. Пояс i партупея афiцэраў былi абшыты залатым галуном i ўпрыгожаны гербам "Пагоня". Вялiкая выява "Пагонi" змяшчалася i на ўланскiм кiверы. У другой палове 1817 года быў сфармiраваны Асобны Лiтоўскi Корпус Расiйскай армii. У лютым 1831 года, хутчэй па палiтычных матывах (з-за паўстання 1830—1831 гадоў) корпус быў перайменаваны ў 6-ы пяхотны. Пасля гэтага нацыянальная сiмволiка i колер мундзiраў былi заменены. Пад аховай колеру У канцы ХIХ стагоддзя змянiлiся ўмовы i правiлы вайны. Грэбаванне да стварэння якаснага баявога адзення на навуковай аснове каштавала тысяч салдацкiх жыццяў. У рускай армii ў 1907 годзе з’яўляецца ўнiформа ахоўнага колеру, зручная для вядзення бою. Традыцыйны мундзiр з аксэсуарамi саступае месца ахоўнаму паходнаму кiцелю афiцэраў i кашулi-гiмнасцёрцы нiжнiх чыноў. Фуражкi насiлi з казырком зялёнага колеру, з раменчыкам у кавалерыi, коннай артылерыi i ва ўсiх афiцэраў. Кавалерыстам пакiнулi брыджы шэра-сiняга колеру, казакам — шаравары з лампасамi традыцыйных колераў. У такой форме беларускi салдат уступiў у Першую сусветную вайну. Пагоны на плячах Падчас грамадзянскай вайны на Беларусi некаторыя часцi армii выкарыстоўвалi ў якасцi воiнскай сiмволiкi герб "Пагоня". У 1-й Слуцкай стралковай брыгадзе ў 1920 годзе былi чырвоныя пятлiцы з серабрыстай "Пагоняй" у афiцэраў (малюнак 8). Радавыя стралкi насiлi старое абмундзiраванне, цывiльнае адзенне, самаробныя фрэнчы з пагонамi (якiя былi адменены адразу пасля рэвалюцыi). З-за недахопу форменных выкарыстоўвалiся "грамадзянскiя" гузiкi. Форму перапаясвалi скуранымi рамянямi. Паверх брыджаў накручвалi абмоткi i, калi не хапала абутку, насiлi лапцi. Галаўнымi ўборамi служылi суконныя фуражкi. Брыгада мела ўласны сцяг з залацiстай тканiны з гербам "Пагоня". Афiцэры насiлi англiйскае цi амерыканскае абмундзiраванне, розныя варыянты кукардаў з "Пагоняй". Зорка i шлем-"багатырка" Байцы рэгулярных часцей Чырвонай Армii насiлi абмундзiраванне старой армii, цывiльнае адзенне, камандзiры i камiсары — часам скураныя курткi, англiйскiя i амерыканскiя фрэнчы. Каб падкрэслiць прыналежнасць да Рабоча-Сялянскай Чырвонай Армii, Рэўваенсавет увёў асаблiвы нагрудны знак адрознення чырвонаармейца i камандзiра ў выглядзе лаўрова-дубовага вянка, паверх якога размяшчалася вялiкая пяцiканцовая зорка, пакрытая чырвонай эмаллю. У цэнтры зоркi знаходзiлася эмблема — плуг i молат. У лiпенi 1918 года ўвялi значок-кукарду на галаўныя ўборы, малюнак якога ў красавiку 1922 года змянiлi: замест плуга i молата ўвялi серп i молат. У снежнi 1918 года былi зацверджаны суконныя знакi адрознення для камсаставу ў выглядзе чырвоных зорак, квадратаў i ромбаў, якiя размяшчалiся на левым рукаве. У красавiку 1919 года была ўведзена вядомая ўсiм "будзёнаўская" ўнiформа з суконным шлемам ("фрунзаўкай", "багатыркай"). На суконнай кашулi нашывалiся каляровыя палоскi па родах войскаў: пара на каўнер i тры пары — на грудзях. У адзiным стылi быў вырашаны i шынель. У 1920 годзе зацверджаны новыя нарукаўныя знакi iндывiдуальнага колеру i формы для кожнага роду войск. Ужо ў 1922 годзе гэта форма была ўдасканаленая: змянiлiся пакрой суконнага шлема, да суконнай кашулi дадалi пятлiцы i нарукаўны клапан па роду войск. На працягу перадваеннага часу ўнiформа ўдасканальвалася i вiдазмянялася. Форма армii-пераможцы Другая сусветная вайна заспела беларускiх салдатаў Чырвонай Армii ва ўнiформе ўзору 1935 года. Знакi адрознення ў выглядзе пятлiц былi адменены ў 1943 годзе ў сувязi з увядзеннем пагонаў. Гiмнасцёрка колеру хакi, а для аўтабранятанкавых войскаў — шэра-стальнога колеру, узору 1924 года з нагруднымi кiшэнямi i стаяча-адкладным каўнерам, была на 8—12 сантыметраў даўжэй за рукаў. У якасцi абутку выкарыстоўвалiся чаравiкi з абмоткамi. Фуражкi выдавалiся ўсiм катэгорыям ваеннаслужачых, пiлоткi — для камбiнаванага нашэння са стальным шлемам. Зiмой выдавалiся двубортныя шынялi на кручках з ромбападобнымi пятлiцамi, зiмовы шлем-будзёнаўка, боты. Увядзенне пагонаў прымусiла вярнуцца да стаячага каўняра, на якi нашывалiся пятлiцы. На плячах мацавалiся каляровыя з кантам пагоны. Менавiта ў такой форме ўвесь свет запомнiў армiю-пераможцу. I баявая, i паўсядзённая Цяперашняя паўсядзённая форма ваеннаслужачых Узброеных Сiлаў Рэспублiкi Беларусь удасканальваецца i развiваецца так жа, як жыве i iдзе наперад краiна, грамадства, армiя. Адкрытыя мундзiры з нагруднымi накладнымi кiшэнямi i бакавымi ўразнымi — распаўсюджаны варыянт ва ўсiх армiях свету. Адрозненнi бываюць толькi ў колерах, асаблiвасцях крою i аддзелкi. Гэтаму кiцелю хутка споўнiцца стагоддзе, прыдатны ён для паўсядзённага нашэння ў "гарадскiх умовах", таму яго пакiнулi афiцэрам i генералам органаў ваеннага кiравання, установам Узброеных Сiлаў, ваеннаслужачым роты Ганаровай варты i некаторым iншым. У вайсковых часцях носяць камуфляваную ўнiформу не толькi ў якасцi баявой, але i паўсядзённай, толькi iншага крою i расфарбоўкi. На малюнку 12 — прыклад сучаснага выкарыстання гiстарычнай сiмволiкi — афiцыйныя геральдычныя сiмвалы: герб Гомельскай вобласцi (а) i герб Рэчыцы i Рэчыцкага раёна, зацверджаныя ў кастрычнiку 2005 года. Гiстарычнаму мундзiру быць? — Вiктар Аляксандравiч, дык якi ж мундзiр, на ваш погляд, можна лiчыць беларускiм? — Усе пералiчаныя, бо яны палiты крывёй абаронцаў Белай Русi. Мы паставiлi ў адзiн шэраг салдата выбранецкай пяхоты ХVI стагоддзя, драгуна ХVII стагоддзя, гвардзейца 1717 года, салдата 1794 года, улана Лiтоўскага палка 1812 года, лейб-гвардзейца Лiтоўскага палка 1840 года, слуцкага паўстанца 1919 года, байца Чырвонай Армii 1920 года, салдата 1945 года, радавога Узброеных Сiлаў Рэспублiкi Беларусь... Варыянт, як кажуць, рабочы, i можа быць дапоўнены. Прадбачу, як нехта замахаў рукамi, маўляў, якiя слуцкiя паўстанцы, яны ж з Чырвонай Армiяй ваявалi? Дазвольце спытаць: цi дараслi мы памятаць i тых, i гэтых як Расiя — "белых" i "чырвоных", а Амерыка — "паўднёвых" i "паўночных"?! Усё гэта — таксама наша гiсторыя, няхай часам i вельмi трагiчная i супярэчлiвая. Але ў краiны на скрыжаваннi Ўсходу i Захаду iншай i не можа быць. Колькi разоў нам адводзiлася месца "поля бою", колькi разоў знешняя вайна фактычна азначала i вайну ўнутры краiны? Ужо нiхто не аспрэчвае, што пэўная частка беларусаў у вайне 1812 года ваявала на баку Напалеона. Чаму ж тады не гаварыць праўду i пра больш познiя часы?.. — Асабiста мне iмпануе варыянт, калi б ваеннаслужачыя роты Ганаровай варты прадстаўлялi — праз унiформу — некалькi гiстарычных эпох, а не скiроўвалiся да нейкай адной, як, напрыклад, мы або Расiя... — Чаму б i не. Прыкладна так, дарэчы, вырашана пытанне ў Польшчы, дзе варта выстаўляецца ў гiстарычных касцюмах розных эпох. На мой жа погляд, пры правядзеннi воiнскiх рытуалаў, масавых мерапрыемстваў за аснову нацыянальнага гiстарычнага мундзiра можна ўзяць мундзiры салдат 1794 года — часоў паўстання пад кiраўнiцтвам Тадэвуша Касцюшкi. Пры агульнаеўрапейскiм кроi яны адрознiвалiся нават ад унiформы кароннага войска Рэчы Паспалiтай, а элементы ўнiформы адлюстроўвалi дзяржаўныя сiмвалы ВКЛ. Гэта будзе правiльным i з iдэалагiчнага пункту гледжання, бо Касцюшка — афiцыйны нацыянальны герой Рэспублiкi Беларусь. Пакуль жа форма роты Ганаровай варты, на жаль, слаба адрознiваецца ад большасцi аналагiчных падраздзяленняў у армiях краiн СНД. Вылучаецца ў добры бок тут хiба толькi Малдова. Хоць у свой час быў створаны праект унiформы з нацыянальным каларытам, традыцыйным для большасцi краiн свету. Але ён так i не быў увасоблены ў жыццё. — Вы сказалi i пра цяперашнi адкрыты кiцель, якi распаўсюджаны ва ўсiм свеце. Цi магчыма ўнясенне ў яго нацыянальнай адметнасцi? — Калi б праца над нацыянальным гiстарычным мундзiрам была б даведзена да лагiчнага завяршэння, думаю, некаторыя распрацоўкi можна было б выкарыстаць, каб надаць нацыянальны каларыт i будзённай унiформе ваеннаслужачых. Сяргей РАСОЛЬКА.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Журналіст "Звязды" гутарыць пра ваенную форму з членам Геральдычнага савета пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь Віктарам Ляхарам |
|