21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Яйка

26.08.2009 10:20 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Яйка

Сярэдзіна шасцiдзесятых гадоў мiнулага стагоддзя. Мы, малодшыя школьнiкi, па строга ўстаноўленым рэгламенце перайшлi са стану акцябрацкага ў стан пiянерскi, ходзiм у школу з чырвонымi гальштукамi на грудзях. А тут якраз i святая нядзелька — Вялiкдзень. У панядзелак большасць з нас на сняданак прынесла ў школу печаныя маткамi булкi i... чырвоныя яйкi. У час перапынку дружна налеглi на гэтую смакату. Але разуменне таго, што робiм нешта не ў адпаведнасцi з законамi юных пiянераў прысутнiчае. Таму шалупiнне акуратна зграбаем, высыпаем у сметнiцу. Званок. У класе з’яўляецца настаўнiца, пачынае ўрок. А сама праходжваецца па радах. Мiж iншым зазiрае i ў сметнiцу. А там чырвань розных адценняў. Яна пачынае — абавязана! — даводзiць нам пра шкоднасць гэтых прымхаў, рэлiгiйных забабонаў. Гаворыць доўга, але не злосна — неяк стомлена.

Так, тады змагалiся не толькi з самой рэлiгiяй, але нават i з чырванню яек на галоўнае, гадавое свята.

Успомнiўся раман Мiхаiла Шолахава "Узнятая цалiна". Дзед Шчукар дацямiў, што ўсе партыйцы ў хутары пры партфелях, маюць нейкiя пасады. А чаму б i яму не ўступiць, прыйшоў у калгасную кантору. Сакратар партыйнай ячэйкi Макар Нагульнаў, каб хутчэй адвадзiць старога, не ўцягваецца з iм у доўгую размову, пачынае:

— На пасху поп да цябе заходзiў?

— Само сабой.

— Ахвяраваў яму?

— Ну, вядома ж. Парачку яечак i, натуральна, кавалачак сальца, з паўфунта.

— Ты, значыць, у бога верыш i да гэтага?...

Падстава развярнуць старога знойдзена.

Нездарма разбуральнiкi старога свету i будаўнiкi новага, бязбожнага, абрынулiся на паэму Якуба Коласа "Новая зямля" з аглаблёвай крытыкай.

Вось у яго сям’я збiраецца ранiцой за святочным сталом. Па кнiжцы спяваюць патрэбныя радкi. А потым:

<І>Кантычка зноў iдзе пад бэльку.

Вiдэльцы дружна разбiраюць

I гуртам яйкi ачышчаюць,

I па кусочку iх бяруць,

Крыху падсольваюць, ядуць.

Вось бацька чарку налiвае

I вочы ўгору падымае.

— Дай, божа, за год дачакаць

Здаровым, вясёлым, жывым

I новы вялiкдзень таксама спаткаць

У добрым здаровейку ўсiм.

У святую нядзельку яда абавязкова пачынаецца са свянцонага ў царкве цi касцёле яйка, якое мачаюць у свянцоную ж соль. Ну а потым i дарослыя, а дзятва асаблiва, з гэтымi яйкамi святкуюць не адзiн дзень. Шмат з iмi забаў i традыцыйных дзеяў. Дарэчы, у нашай мясцовасцi да нядаўняга часу велiкодныя яйкi былi аднаго колеру, ды гаспадынi i не мудрагелiлi, фарбавалi iх у шалупiннi цыбулi. Не было ў нас пiсанак, маляванак, як, прыкладам, на Палессi. Гэта цяпер сталi з’яўляцца на яйках розныя малюнкi.

I сёння, думаю, няма цi практычна няма сям’i, нават самай атэiстычнай, дзе б на Вялiкдзень на стале не з’явiлася чырвонае цi iншага колеру, цi пiсанае яйка. Перад святамi попыт на яйкi ўзрастае ў разы. Яны знiкаюць з крамаў, на кiрмашах цэны падскокваюць. А ў халадзiльнiках растуць запасы гэтага простага прадукту. У часы, калi не было халадзiльнiкаў, захаваць iх была праблема. На мароз не вынесеш. Мацi збiрала ў час посту яйкi з-пад сваiх курэй i закопвала iх у попел, вядома ж, астуджаны, ды i попел з iскрынкамi агню называўся ў нас — прысок. Сем тыдняў посту захоўвалiся яйкi выдатна.

Напiсаў, што яйкi нельга выносiць на мароз, замарожваць. I ўспомнiўся любiмы ў юнацтве амерыканскi пiсьменнiк Джэк Лондан. Ёсць у яго апавяданне — "Тысяча тузiнаў". Па-руску тузiн — дюжина. 12 нейкiх аднолькавых прадметаў, рэчаў. Дык вось, герой Джэка Лондана дазнаўся, што на Алясцы, там, дзе панавала "залатая лiхаманка", вельмi дарагiя звычайныя яйкi, золаташукальнiкам яны як лекi i плацяць за iх залатым жа пяском. Вось i купiў, упакаваў ён тысячу тузiнаў яек, накiраваўся на Аляску. Уласна кажучы, сюжэт апавядання — дарога гэтага прадпрымальнiка да Аляскi — з небяспекамi, мучэннямi, пакутамi. Дабраўся. I першы ж пакупнiк заплацiў так, як чакалася. Толькi хутка вярнуўся. Купленыя яйкi аказалiся сапсаванымi. Узяўся прадпрымальнiк секчы памерзлыя яйкi — усе псаваныя. Скончылася яго эпапея вар’яцтвам.

Увогуле ж у беларускай мове раўнапраўна iснуюць дзве формы: яйка i яйцо. Таму ёсць устойлiвы выраз:

Сядзець на яйках, што азначае вялiкую нерухомасць.

Але ж i такое:

З-пад сучкi яйцо ўкрасцi — пра спрытнага злодзея.

Не варты выедзенага яйца — нешта пустое, у тым лiку i чалавек пусты.

Яйцо курыцу вучыць — гэта гаворыцца з адценнем неадабрэння, калi малады павучае старога. Мiж iншым, спрэчка пра першаснасць яйка цi курыцы выдуманая. Iснуюць жа законы эвалюцыi ўсяго жывога на планеце.

У Мiхаiла Булгакава, вельмi адметнага рускага пiсьменнiка чытачы ў асноўным вызначаюць раман "Майстар i Маргарыта". Ну, яшчэ "Сабачае сэрца". А ёсць у яго вельмi трагiчны i сiмвалiчна прарочы твор "Роковые яйца". Напiсаў па-руску, бо пераклад — фатальныя цi пагiбельныя — не зусiм тут падыходзiць. У маладой краiне Саветаў знайшоўся чалавек, якi зрабiў своеасаблiвы iнкубатар, у якiм з яек куры вырастаюць небывалых памераў, можна накармiць дыетычным мясам усiх. А ў краiне ж якраз выдахлi ўсе куры, эпiдэмiя нейкая. I вось для развядзення ў саўгас недзе на Смаленшчыне, дзе размясцiлi гэты iнкубатар, завезлi яйкi з-за мяжы. Ды памылiлiся — яйкi не курыныя, а страўсаў, змей, iншай усялякай нечысцi. Яйкi незвы- чайныя, паплямленыя, яшчэ дырэктар саўгаса званiў у Маскву i дапытваўся: мыць iх цi не. I яны, выхадцы з гэтых яек, так памножылiся, такiмi вялiзнымi выраслi, што вынiшчылi ўсiх людзей у акрузе, пайшлi наступам на Маскву. Пад Вязьмай у баях з грымучымi змеямi загiнула Конная армiя. У Маскве панiка, забiлi вучонага. I раптам у вераснi ўдарылi жудасныя маразы. Усе гады-пачвары загiнулi. Пiсаўся твор задоўга да вайны i гiбелi ў падмаскоўных прамерзлых сумётах нямецкага нашэсця.

Ды вернемся да нашага будзённага жыцця. У сямiдзесятыя—васьмiдзесятыя гады мiнулага стагоддзя вельмi часта жыхары райцэнтраў, мястэчак выязджалi ў калгасы i саўгасы для аказання шэфскай дапамогi. I касiлi, i капалi, i сушылi, i камянi збiралi — шмат якiя работы выконвалi. Але найчасцей не перараблялi. Гэта былi своеасаблiвыя пiкнiкi. З абавязковым калектыўным абедам. I вось у абед кожны вымаў са свайго "тармазка" назапашанае. У кожнага былi абавязкова вараныя яйкi. Без выключэнняў. Выпрастаюцца "тармазкi", i на агульным стале (засцеленай прама на зямлi цыраце) — вялiзная гурба яек. Першы быў наедак, ды i найпрасцейшы, бо нешта мясное было тады ў дэфiцыце. Тады i напiсалася:

Бутэрброды нашага народа —

Вернае, халоднае яйко...

Асобная тэма яйка i вайсковая служба, вайсковыя дзеяннi. У "Пятры I" Аляксея Талстога цар са сваiм войскам заграз пад Нарвай. Крэпасць узяць не ўдалося. А шведы ўжо на падыходзе. Цар сядзiць вечарам у роспачы.

"Царскi повар Фельтэн, мармычучы сабе пад нос, смажыў на шастку на лучынках яечню. З цяжкасцю дасталi дзесятак яек, — кухонны мужык верхам гнаў ледзь не да Ямбурга, — усе аказалiся тухлымi...

— Чаго ты мармычаш, ты iх перцам мацней, Фельтэн...

— Чую, ваша вялiкасць... Перцам!"

У кiнафiльмах пра вайну, ды i ў ваеннай кiнахронiцы распаўсюджаны сюжэт — немцы-захопнiкi шукаюць па вёсках курэй, ахвотна п’юць яйкi. А мацi са свайго дзяцiнства ўспамiнае iх патрабаваннi ў гаспадынь "млеко i яйко". Праўда, успамiнае i цукеркi, якiя раздавалi салдаты дзецям.

На другiм годзе маёй тэрмiновай службы быў выдадзены загад мiнiстра абароны СССР: салдатам у святочныя днi i нядзелi выдаваць два яйкi. Спачатку ў сталовай падавалi патэльню з яечняй. Але дзе там угледзiш: на дзесяць чалавек дваццаць яек цi менш? Потым прыйшло ўдакладненне: толькi варанымi.

На самым пачатку сваёй журналiсцкай працы блiзка сышоўся я з трыма пастаўчанамi. Па гадах яны былi бацькi мне. Але цi за ўменне слухаць, цi за што iншае прымалi ў сваю кампанiю. Усе трое ваявалi, потым адзiн быў дырэктарам вясковай школы, другi — старшынёй калгаса, трэцi — сакратаром сельсавета. Любiлi яны пасядзець дапазна за сталом, падняць чарку, паўспамiнаць, пажартаваць. Быў i такi, не зусiм бяскрыўдны жарт, калi ў iх кампанiю трапляў нехта староннi i не такi пажаданы. У час бяседы цiханька ў кiшэнi яго палiто, якое вiсела ў прыхожай, клалi сырыя яйкi. Чалавек апранаўся, развiтваўся. А гэта троiца развiтвалася вельмi ўжо шчыра, абдымалiся, ляпалi госця па плячах, па баках. Больш той не прыходзiў.

А яшчэ ж — яйка птушынае... У апошнi час з цiкавасцю сачу за творчасцю паэтэсы Валянцiны Аксак. Яе верлiбры чытаць няпроста, але асалода вялiкая. Вось, напрыклад, такi:

Адпуджанаю птушкаю з гнязда

ўспырхнула

зьнячэўленая думка,

у яйках стынуць

i марнеюць

усплескi гукаў,

не паспеўшы

словам стаць.

Памяншальна-ласкальнае да яйка — яечка. I пра прыгожую дзяўчыну, сустрэўшыся з якой, нельга не азiрнуцца, гавораць: iдзе — яечка з галавы не скоцiцца. Вось вам i простая рэч.

Алесь Касцень.

г. Паставы.

 

 

 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Сярэдзіна шасцiдзесятых гадоў мiнулага стагоддзя. Мы, малодшыя школьнiкi, па строга ўстаноўленым рэгламенце перайшлi са стану акцябрацкага ў стан пiян
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика