Адам Глобус. PLAY.BY. Вёска
Адам Глобус. Літаратар, мастак і выдавец. Напісаў двадцаць аўтарскіх кніжак паэзіі і прозы, найбольш вядомыя сярод их — «Парк», «Койданава», «Толькі не гавары маёй маме» і «Дамавікамерон». Ягоныя вершы і апавяданні перакладаліся на асноўныя мовы свету і на такія экзатычныя, як асецінская ды каталонская. Сёлета ў Маскве выйшлі выбраныя творы Глобуса ў зборніку пад назваю «Лирика BY». Нягледзячы на ўсё гэта, кажа, што добрых жанчын у яго было больш, чым добрых вершаў.
Як яна далёка ад мяне, мая вёска. Тая вёска, дзе пражылі мае дзяды, прадзеды і прапрадзеды. Здавалася б, сеў ды паехаў, і праз якіх дзве-тры гадзіны ты ў вёсцы, ты ў сваёй Варакомшчыне. Не едзеш, адкладаеш, бо ніякай пільнай патрэбы адведаць вёску ў цябе няма, а ты жывеш актуальным і тэрміновым, неадкладным і выгодным. Якая патрэба ў адведванні старой вёскі, дзе ні дзеда, ні бабы даўно няма? Ніякай відавочнай патрэбы няма, але ж нейкая сіла цягне цябе туды, нейкія галасы клічуць.
Сніцца яна табе часта. Сніцца яна кепска. Хаты паўрасталыя ў зямлю па самыя коміны. Чужыя бруднатварыя бабы ў тых земляных хатах жывуць. Ад тых хат ты кіруешся на рэчку, на тваю Ятранку, а яна поўная высокай вады. Плынь глыбокая, але празрыстая, вада чыстая і насычаная сонцам, такая чыстая вада ў Ятранцы, што ты можаш разглядаць кожную пяшчынку на дне. Ты разглядаеш, а з-за вербаў за табою цікуюць старыя мурзатыя бабы. Табе робіцца кепска, і ты прачынаешся. Ты ляжыш і думаеш, што, як толькі пацяплее, як сыйдзе снег і пойдзе трава, ты абавязкова выберашся ў вёску, у сваю Варакомшчыну. Туды, дзе некалі даўно-даўно пасвіў пакорлівых авечак і вялікіх кароў, дзе лавіў срэбнабокіх плотак і паласатых акунёў, дзе прыносіў з лесу кашы маслятаў. Ты засынаеш са светлай душою, з вераю ў хуткае падарожжа. Раніца поўніцца будзёнымі абавязкамі, і пра сваю вёску ты забываеш. Ты б і не выбраўся ў Варакомшчыну, каб не дзятлаўскія гімназісты. Табе патэлефануюць з мястэчка Дзятлава і запросяць у гімназію. Ты прыедзеш, бо адмаўляць дзецям — апошняя справа. Дзеці зладзяць чытанне сваіх першых навуковых прац, прысвечаных творчасці твайго бацькі. Ты будзеш сядзець і слухаць, як тата любіў свой край, як цудоўна ён апісаў сваю вёску і сваіх вяскоўцаў. Пасля цябе правядуць у музей, дзе з-за шкла на цябе зірнеш ты сам. Бог мой, як жа гэта страшна, калі ў музеі ты глядзіш сам на сябе! Такое адчуванне, быццам ты даўно памёр, і нехта іншы стаіць сярод настаўнікаў і гімназістаў. Ад цябе жывога засталася адно маленечкая шэрая фотакартачка… Ты пахваліш гімназістаў і настаўнікаў, пахваліш дырэктара гімназіі і падзякуеш яму за моцную каву. Ты выедзеш з Дзятлава, паедзеш у бок Наваельні, а за Наваельняю спынішся, выйдзеш з машыны. Ты зойдзеш у сваю вёску, у сваю Варакомшчыну. Пасыплецца дождж. Дробны, халодны, занудлівы дождж пасыплецца на вёску. Табе заўсёды снілася сонечная і цёплая Варакомшчына. А вярнуўся ты ў халодную і мокрую шэрую вёску. На якое імгненне табе падасца гэта несправядлівым, але ты скорышся, бо адчуеш, як расплываешся ў гэтай шэрасці і дажджы. Адчуеш, як трава прарастае праз цябе, а кроплі дажджу ляцяць скрозь тваё цела. Ты станеш адным цэлым са сваёю вёскаю, з дзедавым домам і са сваёю зямлёю. Згадаюцца кроплі, якія сыпаліся з поўнага вядра ў глыбокі каладзеж. Вядро цяжкае, вада крыштвальна-чыстая і ледзяная. Кроплі сыплюцца ў калодзеж. Дождж. Малюнак Адама Глобуса У шэрым дажджы, у шэрай вёсцы сваёй ты ўбачыш празрыстыя цені. Ты пабачыш тых, каго даўно няма, хто пакінуў наш цяжкі свет. Ты ўбачыш сваіх дзядзькоў, ты ўбачыш бацьку і дзеда з бабаю. Усе яны будуць займацца будзённымі і патрэбнымі справамі. Дзядзькі пілавацьмуць дровы, дзед ставіцьме новы плот, баба карміцьме курэй. Гаварыцьме за ўсіх іх будзе твой бацька, ён і скажа, што ты вінен гэтай зямлі і гэтай вёсцы, ты вінаваты нашай Варакомшчыне, і ты мусіш адрабіць тое, што вінаваты, мусіш апісаць і намаляваць вёску… Насланнё. Каб ушчэнт не змокнуць, ты вернешся да машыны і з’едзеш са сваёй вёскі, з’едзеш са сваёй Варакомшчыны. Ты з’едзеш, каб вярнуцца. Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Адам Глобус. |
|