Прафесару — прафесарава, слесару — слесарава?
Прафесару — прафесарава, слесару — слесарава?
Прэм’ера аўтарскай рубрыкі Леанiда Заiкi: Незалежная экспертыза Гэтай публiкацыяй мы пачынаем серыю iнтэрв’ю з вядомым незалежным беларускiм эканамiстам, палiтолагам, кiраўнiком аналiтычнага цэнтра "Стратэгiя" Леанiдам Заiкам. Тэмы для гутарак выбраны, што называецца, жыццёвыя, якiя тым цi iншым бокам закранаюць пераважную большасць жыхароў нашай краiны. Адразу адзначым, што думкi i меркаваннi Леанiда Фёдаравiча не заўсёды супадаюць з поглядамi рэдакцыi па тым цi iншым пытаннi. Тым не менш мы, як i нашы чытачы, цэнiм аналiтычны талент, эрудыцыю, незаангажыраваны i па меры магчымасцi аб’ектыўны падыход (вядома, у яго разуменнi) пры разглядзе злабадзённых i неадназначных праблем, неардынарнасць ацэнак з’яў i фактаў, iмкненне i здольнасць Л. Заiкi быць шчырым у выказваннях.Першая наша сустрэча прысвечана сацыяльна-эканамiчнай тэме з разраду вечных — заработнай плаце. — Леанiд Фёдаравiч, у свядомасцi значнай часткi насельнiцтва моцна сядзiць стары як свет стэрэатып, што зарплата нiколi не была i не будзе справядлiвай. Колькi разоў даводзiлася чуць "аўтарытэтнае" меркаванне: чым вышэй пасада начальнiка, тым менш працы i больш грошай плацяць. А колькi iснуе тайных i яўных носьбiтаў мараў уладкавацца на такую работу, каб клопатаў i абавязкаў было мiнiмум, а плацiлi б па максiмуму. Для iх самае салодкае слова "сiнекура". Цi можа ўвогуле зарплата быць справядлiвай? — Зарплата справядлiвая (i то адносна) iснуе там, дзе функцыянуе больш-менш адладжаны рынак працы. Менавiта ён рэгулюе адносiны памiж работадаўцам i працаўнiком. Гэта значыць, што калi попыт на тыя цi iншыя прафесii i спецыяльнасцi, на пэўныя катэгорыi работнiкаў у краiне павышаны, то i прапановы па iх зарплаце адпаведна прывабныя. Сёння ў Беларусi будаўнiчы бум i адсюль амаль ажыятажны попыт не толькi на будаўнiчыя матэрыялы, але i паслугi брыгад будаўнiкоў. Таму цяпер аплата iх працы на 30—40 працэнтаў вышэйшая, чым яна павiнна была быць у нармальным стане будаўнiчай сферы. Нярэдкiя выпадкi, калi самыя што нi ёсць радавыя будаўнiкi нярэдка нiзкай квалiфiкацыi i з дрэннымi звычкамi, не з адным звальненнем за п’янку на працоўным месцы, свае паслугi ацэньваюць не менш як у тысячу долараў штомесяц. I многiя вымушаны ў разгар сезона масавай сядзiбнай забудовы наймаць такiх "прафесiяналаў". Бо лепшыя ўжо даўно разабраныя. Скажыце, гэта справядлiвая аплата працы? З iншага боку, зарплата прафесарскага-выкладчыцкага персаналу нашых ВНУ — прыкладна 600 долараў. — Днямi звярнуў увагу на аб’яву на рэкламным шчыце аўтобуснага прыпынку ў цэнтры Мiнска аб запрашэннi на работу слесараў i токараў. Зарплата абяцалася ад мiльёна рублёў. Побач аб’ява аб наборы персаналу па ўборцы вулiц, прасцей кажучы, дворнiкаў — зарплата ад 500 тысяч. I разам з тым iснуе шмат вельмi патрэбных грамадству прафесiй, за якiя плацяць капейкi. Гэта, напрыклад, медыцынскiя сёстры, малодшы персанал бальнiц i палiклiнiк, бiблiятэкары. Сярод апошнiх, напрыклад, зарплата маладых спецыялiстаў пасля атрымання вышэйшай адукацыi ў межах 300 тысяч. Аб якiм прэстыжы неабходных, але нiзкааплатных спецыяльнасцяў, можна гаварыць? — Гаварыць, я думаю, усё ж трэба. I ў першую чаргу ў рэчышчы павышэння зарплаты. Яе ўзровень, на жаль, яшчэ ў многiм залежыць ад менталiтэту грамадства, шкалы яго каштоўнасцяў. На мой погляд як эканамiста, нiзкая зарплата сацыяльных работнiкаў, супрацоўнiкаў тых жа бiблiятэк сведчыць аб тым, што iмi ў нас нiхто ўсур’ёз не цiкавiцца. Як, дарэчы, i прафесарамi. Калi меркаваць па iх зарплаце, то складваецца ўражанне, што яны таксама нiкому не патрэбныя, акрамя сваiх студэнтаў. — Строгi вы, Леанiд Фёдаравiч... Значыць, прафесару — прафесарава, слесару — слесарава? У сэнсе, што чалавек пасля заканчэння ВНУ, аспiрантуры, абароны дзвюх дысертацый i чалавек з адукацыяй прафтэхвучылiшча атрымлiваюць амаль аднолькавыя грошы. Прычым палову i больш зарплаты квалiфiкаваны, скажам, слесар-сантэхнiк, рабочы-будаўнiк, калi ён не лайдак i выпiвоха, можа зарабiць прыватным чынам. А вось прафесару ВНУ не проста знайсцi дадатковы заробак. — Я пытанне паставiў бы больш шырока — аб адэкватнай аплаце складанай працы спецыялiстаў вышэйшай i часам унiкальнай квалiфiкацыi: тых жа выкладчыкаў ВНУ з навуковымi ступенямi i навуковымi дасягненнямi, таленавiтых медыкаў, дызайнераў, канструктараў, лётчыкаў i iншых. Iнакш кажучы, надышоў час дастойна плацiць за талент, розум, высокi прафесiяналiзм. Згодны, сёння прадстаўнiкам старой прафесуры цяжка знайсцi падпрацоўку ў якасцi бiзнэс-кансультанта г. д. А вось асобныя маладыя здольныя i спрытныя прафесары i дацэнты навучылiся час ад часу зарабляць за межамi Беларусi вялiкiя грошы — здараецца ў дзень ад трох да пяцi тысяч долараў! Такiя шалёныя грошы плацяць у Маскве i Кiеве за правядзенне карпаратыўных семiнараў для вядомых прыватных фiрмаў з мiльярднымi абаротамi. Скажам, за семiнар па маркетынгу цi мерчындайзiнгу — майстэрству выкладкi тавараў у вялiкiх магазiнах. За лекцыi па камунiкацыях, чалавечым капiтале i iншай моднай зараз праблематыцы вядзення бiзнэсу можна зарабiць да тысячы долараў у дзень. — Але гэта, пагадзiцеся, адзiнкавыя i непаказальныя факты. Тым не менш высокiя заробкi ў суседнiх краiнах вабяць многiх беларусаў маладога i сярэдняга ўзросту. Думаю, па прыклады не трэба далёка хадзiць. Тая ж Расiя... Чым у перспектыве гэта нам пагражае? — Па маiх даных, ужо цяпер за межамi Беларусi на пастаяннай цi часовай аснове працуе амаль мiльён нашых суайчыннiкаў. Так, многiя едуць на заробкi ў Расiю, дзе сёння вялiкi i нарастаючы дэфiцыт квалiфiкаванай працоўнай сiлы. Сёння разрыў у аплаце працы памiж беларусамi i расiянамi складае 30 працэнтаў на карысць апошнiх. Я думаю, хутка гэты разрыў павялiчыцца ўдвая. У Крамлi плануюць давесцi сярэднюю зарплату ў 2012 годзе да 1200 долараў. Навукоўцы i ўрачы будуць зарабляць па 2000 долараў. Магчымасцi для гэтага там ёсць. У нас для дасягнення такiх паказчыкаў няма фiнансавых рэсурсаў. I мы сутыкнёмся з праблемай вымывання кадраў. У суседняй Лiтве гэта праблема ўжо паўстала ва ўвесь рост. Адтуль столькi моладзi (па некаторых ацэнках амаль 800 тысяч) выехала на заробкi ў заможныя краiны Еўрасаюза, што гэта ўжо замiнае нармальнаму развiццю эканомiкi. У Беларусi ёсць рызыка паўтарыць прыклад Лiтвы. — Адкуль увогуле ў нас вытокi працоўнай мiграцыi? — Мiграцыя квалiфiкаванай працоўнай сiлы ў свеце — з’ява заканамерная. У нас, маю на ўвазе былы СССР, першымi паспрабавалi замежнага хлеба маракi. Вандроўнiкi па натуры, яны спачатку працавалi на савецкiм флоце за 800 долараў у месяц, пасля развалу СССР падалiся ў Польшчу за 1500—2000 долараў, цяпер многiя электрамеханiкi, навiгатары з адпаведнай адукацыяй i квалiфiкацыяй зарабляюць ад 2500 да 10 000 долараў на замежных суднах. Ну чым не спакуса для маладога чалавека з глыбiнкi? Добра зарабiць можна i на многiх iншых работах за мяжой. Скажам, у Германii, дзе сярэдняя стаўка 29 еўра ў гадзiну. — Аналогii з развiтымi краiнамi замежжа не заўсёды карэктныя, аднак адну хачу правесцi. На Захадзе вялiкая патрэба, нават дэфiцыт, квалiфiкаваных медыцынскiх сясцёр. Прычым у такiх краiнах, як Вялiкабрытанiя, Францыя. Натуральна, зарплату прапаноўваюць дастойную. Чаму такая ўвага да медыцынскага персаналу? — Гэта звязана з тым, што на Захадзе медыцынская сястра ўспрымаецца ў грамадстве вельмi сур’ёзна. Яна па сутнасцi з’яўляецца памочнiкам урача, на ёй ляжыць догляд хворых, яна можа працаваць са складанай апаратурай i г. д. Там самы блiзкi чалавек у хворага пасля аперацыi — медыцынская сястра. Як вядома, на Захадзе медыцына платная, а таму людзi гатовыя плацiць немалыя грошы за якасны догляд. Усё проста i зразумела. — Заробленыя беларусамi за мяжой грошы прывозяцца дамоў? — У асноўным так. Яны, зноў жа па маiх падлiках, за мяжой зарабляюць у сярэднiм 500 мiльёнаў долараў. За год — 6 мiльярдаў. Невыпадкова цяпер у нас станоўчае сальда ў сферы валютна-абменных аперацый. Людзi сёння здаюць больш наяўнай валюты, чым набываюць. Гэта нармальная эканамiчная рэакцыя насельнiцтва ва ўмовах стабiльнасцi нацыянальнай валюты. — У нас ўжо робяцца пэўныя захады па зарплаце. Аб’яўлена аб намерах паступовага павышэння яе штомесячнага сярэдняга ўзроўню да 700, а можа i да 1000 долараў. Гэта рэальна? — Я разумею Прэзiдэнта Беларусi i Ўрад краiны ў iх жаданнi эканамiчнымi метадамi не дапусцiць вялiкiх страт працоўнай сiлы. Таму ўладам варта арыентавацца на паказчык у 1000 долараў. — Лёгка сказаць. Але дзе ўзяць грошы? Надрукаваць i выклiкаць усплёск iнфляцыi? У нас жа няма шматмiльярдных звышпрыбыткаў ад продажу газу, нафты, рознай iншай сыравiны. — Выйсце адно — зарабляць. На мой погляд, рэальна паступова зрабiць зарплату ў 1000 долараў у асноўным за кошт росту нашага экспарту. У нас ёсць выдатныя шанцы ўмела сыграць на росце цэнаў на харчаванне, калiйныя ўгнаеннi, атрымлiваць дадатковую валюту ад продажу нашай сельгастэхнiкi, аўтамабiляў, iншай складанай прадукцыi. Цэны на iх растуць на сусветным рынку. На мой погляд, наспеў час больш выгадна выкарыстоўваць прыродны патэнцыял Беларусi. Так, у нас няма цёплага мора, шматкiламетровых пясчаных пляжаў, значнай колькасцi сонечных дзён. Затое беларускi клiмат падыходзiць для еўрапейцаў. Чаму б у нас не стварыць шырокую сетку камфартабельных мiжнародных пансiянатаў з падрыхтаваным на ўзроўнi еўрапейскiх стандартаў медперсаналам для рэкрэацыi пенсiянераў-iншаземцаў. Напрыклад, у Вiцебскай вобласцi, дзе шмат прыгожых азёраў i цудоўныя ландшафты. — Насамрэч? — Дарэмна iранiчна ўсмiхаецеся. Гэта ўпаўне сур’ёзная i перспектыўная эканамiчная мадэль. Пры належным падыходзе яе ўкараненне дазволiць зарабляць вялiкiя грошы. Колькi прыкладаў, калi беларусы з вышэйшай адукацыяй (сярод iх мой знаёмы з дыпломам рэжысёра народнага тэатра) едуць у Iталiю даглядаць нямоглых старых за 800—900 еўра ў месяц. А так бы да нас везлi на лячэнне i догляд заможных iншаземцаў. Калi ў iншых краiнах на гэтым робяць вялiкiя грошы, дык чаму нам не паспрабаваць? Мы ж знаходзiмся ў цэнтры Еўропы, праз нашу краiну iдуць асноўныя дарогi кантынента. Хопiць Беларусi быць вядомай у свеце выключна як тэрыторыя трактараў, МАЗаў i халадзiльнiкаў. Нам, каб знайсцi грошы на iстотнае павышэнне зарплаты, трэба шукаць рэальныя шляхi дасягнення гэтай мэты. Гутарыў Леанiд Лахманенка. Фота Пятра ФАМІНА.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Гэтай публiкацыяй мы пачынаем серыю iнтэрв’ю з вядомым незалежным беларускiм эканамiстам, палiтолагам, кiраўнiком аналiтычнага цэнтра "Стратэгiя& |
|