Анёльскія галасы
Анёльскія галасы
Дзiцячы царкоўны хор з Хоцiмска едзе на XVІ Мiжнародны фестываль духоўнай музыкi "Магутны Божа". Магiлёў рыхтуецца да фестывалю, якi адкрыецца ў панядзелак, 23 чэрвеня. А ў гарадскiм пасёлку Хоцiмск, за дзве сотнi кiламетраў ад абласнога цэнтра, у праваслаўным храме Святой Троiцы штодня iдуць рэпетыцыi. Дваццаць юных харыстаў рыхтуюцца браць удзел ў фестывальным конкурсе. Нядзельная школка разам з дзiцячым хорам была створана роўна пяць гадоў таму. Iнiцыятарам стала музычны педагог Наталля Шчарбакова, iдэю падтрымаў настаяцель храма архiмандрыт Кiрыл. — Не ўсё было гладка адразу, — прызнаецца Наталля. — Не ўсе бацькi хацелi адпускаць дзяцей у царкоўную школу, але мы размаўлялi i пераконвалi. I цяпер — дзякуй Богу! Нядзельная школа месцiцца ў асобным будынку каля храма. Уся тэрыторыя тут патанае ў зелянiне i кветках. I зусiм не псуюць пейзаж шматлiкiя веласiпеды — айцец Кiрыл дазволiў дзецям арганiзаваць тут паркоўку для свайго транспарту. Таму не выклiкаюць вялiкага здзiўлення i ролiкавыя канькi, зваленыя у кучу каля ганка школы. "Трэба, каб дзецi займалiся i спортам", — тлумачаць выхавальнiкi. У светлых i прасторных пакоях нядзельнай школы — цэлы рой дзяцей i падлеткаў. Харавы калектыў рыхтуецца да малебна ў храме — айцец Кiрыл бласлаўляе выхаванцаў на ўдзел у мiжнародным фестывалi. Дзяўчаткi апранаюць белыя карункавыя хустачкi, якiя падарыў мясцовы прадпрымальнiк спецыяльна да фестывалю. А сiнiя камiзэлькi са спаднiцамi для харыстак — гэта праект айца Кiрыла. Ён са сваiмi памочнiкамi набыў тканiну, раскроiў i пашыў. "Мне гэта падабаецца: i яшчэ пашыем — iншай моды", — усмiхаецца архiмандрыт. Сярод 19 дзяўчынак — усяго адзiн хлопчык, у строгiм чорным строi i з моднай прычоскай. Андрэй Галушка цяпер прызнаецца, што спачатку саромеўся, а цяпер адчувае сябе цалкам нармальна ў дзявочым калектыве. Ён увогуле сур’ёзны малады чалавек: з прыходам у храм змянiлiся яго жыццё i светапогляд. У свае 14 гадоў Андрэй на дыскатэкi не ходзiць, а аддае перавагу духоўнай музыцы. — Мне падабаецца, — гаворыць падлетак. — Яна прыгожая i плаўная, i ад яе ўзнiкае лёгкасць. Дзецi распяваюцца пад кiраўнiцтвам Наталлi. Аднойчы, расказала жанчына, калi было адзiнока i сумна, проста зайшла у храм... ды так тут i засталася. Жыццё набыло новы сэнс, знайшлася праца для душы. Кiраўнiца здымае пантофлi, становiцца на табурэт, уздымае рукi i весела звяртаецца да дзяцей: "Давайма пакажам, на што мы здатныя!" Натхнёна гучыць "Ойча наш". — Я паклала малiтву на беларускай мове на песнапенне манахаў з Опцiнай пустэчы, — тлумачыць Наталля. — На фестывалi мы вырашылi паказаць два творы на беларускай мове. Мы яшчэ ўключылi ў праграму гiмн "Магутны Божа", якi даў назву магiлёўскаму святу духоўнай музыкi. Дзiцячае выкананне "Магутнага Божа" — замiлаванае, чуллiвае. Калi ў час малебна хор выконваў знакамiты рэлiгiйны гiмн беларусаў, то здалося, што пад скляпеннямi вялiкага храма заспявалi анёлы. Гэтаму ўражанню спрыяе ўпрыгажэнне лялечнымi анёламi, якiя зрабiлi выхаванцы дзiцячай школы. I ў Хоцiмску, i ў Магiлёве вельмi рады, што царкоўны дзiцячы хор будзе браць удзел у фестывалi. Гэта добрая i, у прынцыпе, рэдкая падзея: харавы калектыў з глыбiнкi прыязджае на прадстаўнiчы музычны форум. Хоцiмскiх харыстаў падтрымлiваюць бацькi, аргкамiтэт фестывалю, царкоўнае кiраўнiцтва. — Дзецi рэпетуюць штодня, упарта, — расказаў архiмандрыт Кiрыл. — Я ганаруся, што яны едуць на "Магутны Божа". Гэта вялiкая павага да нас. I ў нашым Хоцiмску — невялiкiм паселiшчы, якое месцiцца на краi Беларусi — знайшлiся самародкi, якiя могуць выявiць сябе ў вялiкiм свеце. Дзецi iмкнуцца, а нам усiм проста падабаецца, як яны спяваюць. — Гэта спакойная музыка, меладычная, — гаворыць 15-гадовая Таня Пыткiна. — У храме весела i радасна, лёгка спяваць. Тут можна забыцца на ўсе непрыемнасцi, нiхто не лаецца... — Калi спяваеш, то становiцца прыемна, нiбыта хмары рассейваюцца i сонейка свецiць ярка, — сказала маленькая Алiна Давыдзенка. — Я люблю дзяцей: яны бясшкодныя, бязвiнныя стварэннi, — усмiхаецца айцец Кiрыл. — Духоўныя спевы — гэта мастацтва. А ўвогуле мы iх тут хочам навучыць быць грамадзянамi Айчыны i добрымi праваслаўнымi хрысцiянамi. Я хачу, каб яны былi прыкладам маральнасцi. Каб яны перш за ўсё памяталi пра сваiх бацькоў i прытрымлiвалiся добрага ладу жыцця. Каб у iх сэрцы заўсёды гучала духоўная музыка. Iлона Iванова. г.п. Хоцiмск.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Дзiцячы царкоўны хор з Хоцiмска едзе на XVІ Мiжнародны фестываль духоўнай музыкi "Магутны Божа". |
|