"Шэрыя" сотавiкi па-за законам?..
"Шэрыя" сотавiкi па-за законам?..
З 1 лiпеня аператарам мабiльнай сувязi прапануецца блакаваць тэлефоны са змененымi iдэнтыфiкацыйнымi нумарамi З пачатку наступнага месяца Генпракуратура прапанавала ў дагаворы, якiя заключаюць аператары сотавай сувязi, увесцi норму, згодна з якой у выпадку высвятлення, што тэлефон мае "перашыты" нумар, адмаўляць яго ўладальнiку ў прадастаўленнi паслуг, паведамiў на сустрэчы з журналiстамi Генеральны пракурор Беларусi Рыгор Васiлевiч. Паводле слоў Рыгора Васiлевiча, падобная мера дапаможа ў прафiлактыцы крадзяжоў сотавiкаў. Справа ў тым, што кожны пяты зарэгiстраваны крадзеж у краiне — гэта крадзеж сотавых тэлефонаў. Да таго ж падчас праверкi праваахоўнiкамi аператараў сотавай сувязi выявiўся цiкавы факт: некалькi соцень тысяч тэлефонаў мелi перабiтыя iдэнтыфiкацыйныя нумары, а на тэлефоне з адным iндэнтыфiкацыйным нумарам было зарэгiстравана... 27 тысяч тэлефонных апаратаў. Улiчваючы "папулярнасць" такiх крадзяжоў, праваахоўнiкi i маюць намер зрабiць бессэнсоўнымi падобныя злачынствы. Грамадзянам жа, якiя, зразумела, не хочуць апынуцца ў патавай сiтуацыi, Рыгор Васiлевiч прапанаваў не купляць "левыя" тэлефоны. Акрамя таго, ён паведамiў, што Генпракуратура накiравала прадстаўленне ў Мiнiстэрства сувязi i iнфарматызацыi аб узмацненнi кантролю за працай аператараў сотавай сувязi. Аналагiчны дакумент быў дасланы i сотавым аператарам. Закранаючы крымiнагенную сiтуацыю ў краiне, Рыгор Васiлевiч зазначыў, што меры, якiя прымаюцца пракуратурай, паўплывалi на замацаванне станоўчых тэндэнцый па знiжэннi дынамiкi злачынстваў. Летась, напрыклад, колькасць зарэгiстраваных злачынстваў знiзiлася на 5,8 працэнта, а цяжкiх i асаблiва цяжкiх — больш як на 14 працэнтаў. Сёлета за 5 месяцаў знiжэнне гэтага паказчыку склала 6,9 працэнта. Асаблiва ён адзначыў памяншэнне сёлета колькасцi хулiганцтваў (мiнус 26,4 працэнта), разбояў (мiнус 19,2), рабаўнiцтваў (мiнус 18,7) i крадзяжоў (мiнус 11,3 працэнта). Паводле яго слоў, па ўзроўнi злачыннасцi сумнае лiдарства за Магiлёўскiм раёнам, Чыгуначным раёнам Вiцебска, Брэсцкiм раёнам, Бярэзiнскiм i Партызанскiм раёнам горада Мiнска. Што датычыцца карупцыйных злачынстваў, то пракуратура па-ранейшаму прымае комплексныя меры па барацьбе з гэтай "навалай". Толькi сёлета дасягнута павелiчэнне на 15,5 працэнта колькасцi падобных выяўленых злачынстваў. Пры гэтым з 470 да 501 узрасла колькасць выяўленых фактаў хабарнiцтва. Аднак, падкрэслiў Генпракурор, праблемай застаецца кампенсацыя ўрону, якi быў нанесены карупцыйнымi злачынствамi: рэальная iх кампенсацыя склала 8,3 працэнта. Закрануў пракурор i такое "балючае" для аўтааматараў" пытанне, як штрафы за ваджэнне аўтамабiляў у нецвярозым стане. Яго пункт гледжання на гэту праблему ўжо шырока "рэкламаваўся" ў СМІ — гэта павелiчэнне штрафаў. Каб iншыя законапаслухмяныя грамадзяне адчувалi сябе бяспечна на дарозе, Рыгор Васiлевiч лiчыць, што велiчыня штрафу павiнна быць вялiкай — да 1000 базавых велiчынь. Мiж iншым, адпаведныя нормы ўтрымлiваюцца i ў праекце падрыхтаванага Генпракуратурай законапраекта аб змяненнi ў Крымiнальны кодэкс. Летась, дарэчы, больш за тысячу беларусаў былi паўторна затрыманы за кiраванне аўто ў нецвярозым стане. Прычым тут жанчыны не саступаюць мужчынам: зафiксаваныя выпадкi, калi прадстаўнiцы слабай паловы, як i моцнай за гэта парушэнне затрымлiвалася не ў першы раз — а ў трэцi цi чацвёрты. Паведамiў Генпракурор i пра тое, што яго ўстановай падрыхтавана шэраг змяненняў у крымiнальнальнае заканадаўства. У прыватнасцi, на яго гуманiзацыю. Так, паводле слоў Рыгора Васiлевiча, у праекце дакумента прадугледжана вызваленне ад крымiнальнай адказнасцi пры прымiрэннi бакоў, калi бок, што нанёс урон, яго кампенсаваў. Прапануе Генпракуратура знiзiць i мiнiмальную меру пакарання за хабарнiцтва: калi зараз артыкулам КК прадугледжваецца мiнiмальная мера пакарання за гэтае злачынства ад 5 гадоў пазбаўлення волi, то ў праекце яна "замацоўваецца" на мяжы ад 3 гадоў. Iгар ШЧУЧЭНКА.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
З 1 лiпеня аператарам мабiльнай сувязi прапануецца блакаваць тэлефоны са змененымi iдэнтыфiкацыйнымi нумарамi |
|