21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Самы самабытны "дырыжор" аўкцыёнаў

26.08.2009 10:21 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Самы самабытны "дырыжор" аўкцыёнаў

Гасцёўня

На апошнiм аўкцыёне ў Мiнску па продажы зямельных участкаў ва ўласнасць адзiн з удзельнiкаў таргоў так нiчога не купiў, але задаволена пакiдаў зал. Ён патлумачыў мне свой настрой такiм чынам: "Сёння не хапiла грошай, але гэты "жыўчык" пры бабачцы мяне так завёў... У наступны раз куплю абавязкова". Суразмоўца вёў гутарку пра прафесiйнага аўкцыянiста Вiктара Шалкевiча, якi лiчыцца зоркай беларускiх аўкцыёнаў. Сёння спадар Шалкевiч госць нашай рэдакцыi.

— Вiктар, вас называюць галоўным аўкцыянiстам Беларусi, якi можа прадаць амаль усё. Калi пачыналася ваша новая прафесiйная дзейнасць?

— Усё пачыналася недзе ў 90-х гадах, калi Мiжнародная фiнансавая карпарацыя па дамове з беларускiм Урадам прыйшла сюды i пачала праводзiць аўкцыёны па праграме малой прыватызацыi. Потым аўкцыёны ўжо сталi надзённай патрэбай. Шчыра кажучы, я быў не першым аўкцыянiстам. Калi стартавала праграма малой прыватызацыi, пачаў шукаць нестандартныя падыходы, каб зрабiць аўкцыёны больш цiкавымi. Тады мы рабiлi часам эксперыментальныя аўкцыёны з музыкай — калi пераможца таргоў iшоў падпiсваць пратакол i гукааператар уключаў святочны марш. Гэта было сапраўды здорава. Цяпер усё стала больш руцiнным. Першыя аўкцыёны мы часам праводзiлi ў вялiкiх палацах культуры, тады я клiкаў на дапамогу ўсё, што магло дапамагчы зрабiць з пратакольнага мерапрыемства маленькае шоў. Цiкавая пара была, сёння стаў жорсткi, больш дынамiчны час.

— Можа, вы падлiчвалi, якая сума грошай "вылецела" з-пад вашага малатка?

— Не, гэта немагчыма, мабыць... Каб падлiчыць тыя грошы, неабходна ўзняць паперы за апошнiя 15 гадоў.

— А колькi аўкцыёнаў правялi, ведаеце?

— Не, таксама не лiчу. Я нейкiм чынам спярша займаўся гэтай статыстыкай, але потым кiнуў, бо лiчба аўкцыёнаў цяпер, мабыць, вагаецца каля тысячы...

— Па якiм кошце з апошнiх аўкцыёнаў быў прададзены самы дарагi зямельны ўчастак?

— Быў такi выпадак, калi ў Мiнску прадавалi вельмi "смачны" кавалачак зямлi плошчай каля 9 сотак у раёне праспекта Пераможцаў, што побач з Камсамольскiм возерам. Тады кошт гэтага ўчастка зямлi павялiчыўся вельмi значна i быў прададзены за суму каля 900 мiльёнаў рублёў.

— Былi ў вашай практыцы складаныя аўкцыёны, калi абстаноўка абвастралася?

— Самыя складаныя, гэта, напрыклад, аўкцыёны самыя доўгiя. Сапраўды доўгiмi — калi ў мiнскiм гарадскiм цэнтры нерухомасцi праводзiцца аўкцыён на права заключэння дамовы арэнды тэрмiнам на 5 гадоў. Бывала часам, што там у зале не ўсе змяшчалiся. Сапраўды складанымi былi аўкцыёны з кватэрамi, што мы прадалi ў МАПiДаўскiм доме ў раёне Чырвонай Горкi. Там былi акрэслены складанасцi, бо час ад часу ўдзельнiкi iдуць на аўкцыён з цвёрдым настаўленнем, што ўсе тыя, хто сядзiць у зале насупраць — гэта ворагi, з якiмi трэба змагацца. Ворагi — камiсiя, вораг — аўкцыянiст. Гэта не так. У камiсii ўсе звычайныя людзi, я — як бачыце, без рагоў i капытаў. Разам з тым у аўкцыёне перамагае не абавязкова самы прыгожы цi добры чалавек, а менавiта той, хто дасць за прапанаваны лот больш грошай.

— На ваш погляд, калi быў самы ўдалы аўкцыён?

— Усе яны — мае "дзеткi". Яны няўдалымi не бываюць, таму што нiхто не бачыць той працы, што правёў аддзел прыватызацыi цi аддзел аўкцыёнаў. Гэта застаецца па-за вачыма людзей, што сядзяць у зале. Па аб’екце збiраюцца ўсе неабходныя паперы, робяцца фотаздымкi, размяшчаюцца аб’явы ў друкаваных выданнях. Праца аўкцыянiста — вяршыня айсберга, калi большасць усiх складанасцяў хаваецца недзе там... Галоўнае, мне гэтую працу не сапсаваць, а давесцi яе да лагiчнага вынiку.

— Не вельмi карэктнае пытанне пра грошы задаваць?

— На аўкцыёнах усё вакол грошай "танцуе". Слухаю.

— Заробак чалавека з малатком залежыць ад таго, як гаварлiваму аўкцыянiсту ўдалося "разварушыць" пакупнiкоў i "ўпiхнуць" iм нейкi аб’ект значна даражэй за першапачатковы кошт?

— Не, не залежыць. У мяне ёсць стабiльная стаўка. Адзначу, i дай гэта ўсiм пачытаць, не зайздросце, калi ласка, даходам аўкцыянiста. Яны не вялiкiя, няхай i не малыя, але не такiя, як вы думаеце. Стаўка стабiльная, цвёрдая, але яна нiколi не залежала i не залежыць ад вынiкаў аўкцыёнаў.

— Ваша фраза: "Не хвалюйцеся, панове пакупнiкi, вы ж мiльянеры!" — стала ўжо крылатай; а ўвогуле, багатыя сапраўды вельмi хвалююцца на аўкцыёнах?

— Паколькi я акцёр па адукацыi, то заўсёды стаўлю сябе на месца таго персанажа, якога мне часам удаецца сыграць. Тут тое самае. Я стаўлю сябе на месца людзей, якiя сядзяць у зале. Гэта здаецца, што ўсё звычайна. Аднак, калi чалавек атрымлiвае нумар, то мазгi ўжо працуюць зусiм па-iншаму. Багатыя — багатымi, але ёсць людзi, якiя вельмi неахвотна развiтваюцца са сваiмi грашыма. Побач могуць быць людзi, для якiх 50 мiльёнаў рублёў — гэта не грошы. Усё гэта бачна па людзях, якiя сядзяць у зале, якiмi вачыма яны на цябе глядзяць. Адным усё роўна, у iх там... я не ведаю, адкуль бяруцца такiя грошы. Другiм цяжка, бо, вiдаць, яны свае "рублiсы" доўгi час зараблялi, цi нават пазычылi ў каго. Нагадайце, як я там пакупнiкоў называў — панове? Звычайна я кажу "шаноўныя сябры". Заўсёды вы, газетчыкi, напалову сляпыя, цi напалову глухiя, а потым пасля вас нейкiя "крылаткi" з’яўляюцца. 

— Чаму вы вырашылi стаць аўкцыянiстам?

— Па-першае, гэта вельмi не руцiнны занятак у тым сэнсе, што ўвесь час бачыш новых людзей, новыя твары. Мяняецца камiсiя, мяняюцца пакупнiкi. Пры ўсiм пры тым, гэта ў нечым усё ж такi нагадвае тэатр. Гэта своеасаблiвы паказ. Галоўнае на аўкцыёне для мяне заключаецца не ў тым, каб сарваць кучу грошай, а каб усё адбывалася i прыгожа, i справядлiва. Да пакупнiка трэба падыходзiць падкрэслена сумленна. Iнакш нельга, бо мы на яго грошы разлiчваем. А яшчэ аўкцыён для мяне — кожны раз свята. Я павiнен рабiць свята для ўдзельнiкаў, я i раблю.

— За апошнiя гады як iстотна змянiўся кантынгент удзельнiкаў аўкцыёнаў?

— Стала вельмi шмат маладых так званых функцыянераў. Сярод пакупнiкоў на аўкцыёнах заўважаю часам вельмi маладых хлопцаў i дзяўчат, зусiм нават "зялёных", узрост якiх, напрыклад, ад 24 да 30 гадоў. Гэта таксама бывае, гэта знакi часу, што людзi знаходзяць сабе такiя хады, як можна дастаткова адкрыта зарабiць грошы. Няма цяпер тых малiнавых цi зялёных пiнжакоў, якiя сядзелi ў пачатку 90-х гадоў у зале, няма людзей "з пальцамi", няма "качкоў". Нармальныя, звычайныя людзi пачалi прыходзiць. Раней мы прадавалi акцыi, крамы ва ўласнасць, крамы ў арэнду, цяпер жа прадаём надзелы зямлi. Сёння гэта новыя рэчы, бо людзi хочуць добра жыць, хочуць будавацца, iх цягне жыць блiжэй да прыроды.

— Часам адбываецца так на аўкцыёне, што цана прададзенага лота робiцца нават даражэйшай за яго рынкавы кошт. Гэта вынiк жывой канкурэнтнай барацьбы, або iснуе нейкi iншы феномен, якi ўключаецца Шалкевiчам?

— Па-першае, гэта вынiк барацьбы, а па-другое — сапраўды жаданне чалавека набыць зямельны ўчастак, якi яму вельмi спадабаўся. Па-трэцяе, аб сваiх гiпнатычных здольнасцях я не ведаю нiчога, але тут пачынае працаваць нармальнае жаданне чалавека сябе паказаць. Логiка тут такая: калi я хачу, то абавязкова куплю.

— Цi былi такiя выпадкi, калi пасля аўкцыёнаў звярталiся няўдалыя ўдзельнiкi i абвiнавачвалi вас у тым, што не змаглi нешта набыць?

— Не, не было нiколi ў жыццi. Мне больш за ўсё падабаецца, калi яны падыходзяць потым, цiснуць рукi i кажуць: "Ну, вы нас сёння "абулi"... Я адказваю: "Гэта я вас "абуваў"? Гэта вы самi сябе "абулi". На аўкцыён трэба глядзець з розных бакоў. Адна справа, калi вы седзiце ў першым радзе i гледзiце толькi на мяне, другая справа, калi вы седзiце ззаду, i зусiм iншая карцiна назiраецца перада мной, калi я амаль зверху назiраю за ўсёй залай. Бачна, як нехта падскоквае, калi я агучваю новую цану, а потым ужо нiчога не разумее. Iншыя трапляюць у хвалю азарту i спынiцца ўжо не могуць... Сёння аўкцыёны сталi звычайнай паўсядзённай з’явай i гэта нармальна. Я нават праводзiў аўкцыёны недзе ў Карэлiчах, цi ў Свiслачы. Там таксама ёсць людзi, якiя хочуць купiць маёмасць, i райвыканкамы зацiкаўлены прадаць непатрэбную iм нерухомасць.

Сяргей КУРКАЧ.

 

 

 

 

 

 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
На апошнiм аўкцыёне ў Мiнску па продажы зямельных участкаў ва ўласнасць адзiн з удзельнiкаў таргоў так нiчога не купiў, але задаволена пакiдаў зал. Ён
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика