Агароджваннi бяспекi ў метро з’явяцца толькi з будаўнiцтвам трэцяй лiнii?
Агароджваннi бяспекi ў метро з’явяцца толькi з будаўнiцтвам трэцяй лiнii?
Пытанне дылетанта ...Прыгадваю, як гадоў колькi таму позна ўвечары, фактычна ўначы, вярталiся дадому на метро пасля салюту ў гонар Дня Незалежнасцi. Лета, цёпла, шмат моладзi, якая ўжывала, прычым, не толькi пiва. На пероне хутка збiраецца натоўп, а электрычкi ўсё няма. Заднiя рады нацiскаюць i пярэднiм робiцца нiякавата, бо iх выпiхваюць лiтаральна на край перона. Нецвярозую моладзь спынiў нечы крык пра магчымае паўтарэнне трагедыi на Нямiзе... Тады, напэўна, упершыню i прамiльгнула думка, што няблага было б устанавiць на станцыях уздоўж перонаў нейкую агароджу. За мiнулы час, асаблiва з уводам у эксплуатацыю новых станцый, здаецца, пасажыраў метро паболела, асаблiва ў гадзiну пiк. На перасадачных станцыях, бывае, цягнiкi адначасова падыходзяць з абодвух напрамкаў, i тады на пероне, як кажуць, яблыку няма дзе ўпасцi. Таму думкi пра агароджваннi бяспекi неяк мiжволi пачалi ўзнiкаць апошнiм часам усё часцей. Тым больш што некалькi гадоў таму пластыкам (думаецца, у тых жа мэтах) "нарасцiлi" ўваход у тунэль на станцыi "Кастрычнiцкая", якi "навiсае" над пуцямi. З 9 чэрвеня, як мы ўжо ведаем, на перасадачным вузле Мiнскага метрапалiтэна вядзецца рэканструкцыя — будзе павялiчана колькасць эскалатараў. Работы будуць доўжыцца да пачатку верасня, "Кастрычнiцкая" на гэты час будзе зачыненая. А цi магчыма за гэтыя некалькi месяцаў устанавiць памянёныя вышэй агароджаннi бяспекi хоць бы на адной гэтай станцыi — карыстаючыся выпадкам i ў якасцi эксперыменту? Гэта дылетанцкае пытанне я i задаў шэрагу спецыялiстаў. А заадно i ўвогуле пацiкавiўся iх меркаваннем па азначанай тэме. Забягаючы наперад, зазначу, што ўсе суразмоўцы ў адзiн голас назвалi агучаную карэспандэнтам праблему складанай, якая патрабуе дэталёвай прапрацоўкi, а iдэю наконт "эксперыментальнай" устаноўкi, як ужо гаварылася, дылетанцкай. Але аб усiм па парадку. Напачатку, думаю, трэба коратка патлумачыць чытачам, што ж маецца на ўвазе пад агароджваннямi бяспекi на платформах станцый. Устанаўлiваюцца яны (прынамсi, мы гаворым пра вопыт некаторых заходнiх краiн) непасрэдна перад выхадам з цягнiкоў, аддзяляючы платформу ад пуцей. Канструкцыя можа быць выраблена з металу i процiўдарнага шкла або з празрыстага пластыку. Прынцып дзеяння просты: цягнiк спыняецца, прычым дзверы яго вагонаў абавязковы павiнны супасцi з дзвярыма агароджвання. Гэтыя дзверы па чарзе адчыняюцца, i людзi маюць магчымасць зайсцi ў вагоны або выйсцi з iх. Агароджваннi маюць дадатак "бяспекi", бо якраз i прызначаны забяспечваць яе для пасажыраў, а таксама прадухiляць магчымыя спробы ў метро самагубстваў. Эдуард Жукаў, начальнiк "Мiнскметрабуда": — Такiя агароджваннi бяспекi маюць распаўсюджванне ў некаторых заходнiх краiнах, напрыклад, у Францыi. У краiнах СНД, здаецца, iх няма. У нас гады два-тры таму, калi не памыляюся, спрабавалi ўшчыльную заняцца гэтай праблемай, было нават рашэнне гарвыканкама, аднак потым усё неяк сцiхла. Пытанне гэта няпростае, патрабуе дэталёвай прапрацоўкi, аднак тэхнiчна вырашальнае. Калi будзе прынята такое рашэнне, як генпадрадчыкi мы рэалiзуем гэтую iдэю, калi спатрэбiцца — з прыцягненнем субпадрадчыкаў. Адказваючы на ваша пытанне наконт эксперыментальнай устаноўкi агароджванняў бяспекi... Адразу ўзнiкнуць пытаннi: куды ўводзiць аўтаматыку — спатрэбяцца спецыяльныя памяшканнi, кабелi, пульты; цi "састыкуецца" яна з аўтаматыкай цягнiкоў... Калi коратка, на мой погляд, аптымальны варыянт — укараняць агароджваннi бяспекi на тых станцыях метро, якiя будуюцца, так будзе нашмат прасцей вырашаць патрэбныя задачы. А з цягам часу, магчыма, вернемся i да дзеючых станцый. Таму найбольш рэальнай бачыцца сiтуацыя, што ўкараненне агароджванняў бяспекi пачнецца з запуску трэцяй лiнii метро. Валерый Чэканаў, дырэктар ААТ "Мiнскметропраект": — Нiчога ўдалага ў вашай прапанове наконт магчымасцi скарыстаць час рэканструкцыi на перасадачным вузле для ўстаноўкi на платформе станцыi "Кастрычнiцкая" агароджванняў бяспекi я не бачу. Усё нашмат больш сур’ёзна i патрабуе значна больш часу. Напрыклад, узяць вентыляцыю — сiстэма павiнна быць пракладзена па ўсёй лiнii, не гаворачы пра тое, што на самой "Кастрычнiцкай" яна таксама павiнна быць зроблена наноў. Другое пытанне — дакладнасць спынення цягнiка. Яна павiнна быць на зусiм iншым узроўнi. Цяпер, напрыклад, цягнiк можа спыняцца з дакладнасцю плюс—мiнус паўметра, а пры ўкараненнi агароджванняў бяспекi гэты паказчык дакладнасцi павiнен будзе складаць плюс—мiнус пяць—дзесяць сантыметраў. Таму самым рэальным будзе рабiць такiя сiстэмы бяспекi ўжо на трэцяй лiнii, якая павiнна запрацаваць у 2017 годзе. А колькi там таго часу засталося, не паспееце азiрнуцца?! Пакуль што нiякай iншай альтэрнатывы мне не бачыцца. Мiкалай Андрэеў, начальнiк Мiнскага метрапалiтэна: — Не лiчу ваша пытанне ўдалым, гэта нашмат больш складанае пытанне. Тым больш што на абсягах СНД такiх агароджванняў бяспекi, лiчыце, няма. Хiба толькi ў Пiцеры, ды i там яны рабiлiся яшчэ ў 1970-х гадах. У прынцыпе, я думаю, што рэальна звярнуцца да гэтай праблемы можна будзе з пачаткам будаўнiцтва трэцяй лiнii метро. Тады з’явяцца дадатковыя перасадачныя вузлы, i плынi пасажыраў будуць пераразмеркаваны. Вы былi ў Маскве ў метро, бачылi там колькасць пасажыраў? Таму паўсюдна, у тым лiку i ў метро, найперш трэба захоўваць бяспеку самiм людзям. Карыстаючыся выпадкам, мы пацiкавiлiся ў Мiкалая Трафiмавiча, як iдзе рэканструкцыя перасадачнага вузла. — Усе работы выконваюцца па графiку. Эскалатары ўжо дэмантаваныя. Сяргей РАСОЛЬКА.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
...Прыгадваю, як гадоў колькi таму позна ўвечары, фактычна ўначы, вярталiся дадому на метро пасля салюту ў гонар Дня Незалежнасцi. Лета, цёпла, шмат м |
|