Маленькія радасцi пры маленькiм вадаёме
Маленькія радасцi пры маленькiм вадаёме
Зямля — гэта рай, падораны нам Прыродай, i чалавеку вельмi важна знайсцi ў iм свой куточак Калi ў вас ёсць хоць нейкi лапiк зямлi для адпачынку, а на iм няма маленькага вадаёма, то вы многае губляеце, i не толькi ў эстэтычным плане. Тры гады таму на сваёй дачы я выкапаў дэкаратыўны вадаём памерам 2х2 метры, пасярэдзiне закапаў 200-лiтровую бочку, усё зацэментаваў, зрабiў невысокую дэкаратыўную сценку з аднаго боку, паставiў лаўку i атрымаўся куточак, дзе можна пасядзець пры вадзе. Наўкол касачы балотныя i сiбiрскiя, каны, папараць, дзiвасiл, лотаць, мята... Можна адпачыць i паназiраць. Адкуль у вадзе з’явiлiся слiмакi рознай формы, балотныя жабы i нават зялёная квакша — жаба, якая лазiць па дрэвах, — невядома. Паступова наўкол вадаёма стварылася своеасаблiвая бiясiстэма. Прылятаюць вераб’i папiць вады i пакупацца, давялося ўбачыць i плiску, а што да пчолаў i восаў, то ад iх шум стаiць, як каля вулля. Завiталi i шэршнi, прылятаюць па адным — набяруць вады i цяжка ўзлятаюць. Насякомае сур’ёзнае. Стары, якi да вайны служыў у польскай кавалерыi, расказваў. Аднойчы iх эскадрон iшоў маршам уздоўж лесу, i тут напалi шэршнi. Праз хвiлiну, як той ураган, яны расшматалi кавалерыстаў на некалькi кiламетраў. Адзiн чалавек загiнуў. У шэршня не ўкус, а як удар кувалды. Той, хто зведаў яго, гаворыць, што шэршня лепш не чапаць, а ў цэлым — гэта даволi мiралюбiвая iстота, занятая сваёй справай — лоўляй розных насякомых. У мiнулым годзе мяне чакаў сюрпрыз. Вада была празрыстай, i ўвагу прыцягнулi чорныя кропачкi, якiя варушылiся, а праз колькi дзён убачыў, што гэта апалонiкi. Ішоў час, яны падрасталi i ўжо ўсё дно ад iх стала чорным. Давялося апалонiкаў падкормлiваць. Бывала, кiнеш хлеба цi адваранай бульбы — тут жа аблепяць. Цiкава назiраць было, калi ў апалонiкаў адраслi лапкi i пачалi адвальвацца хвосцiкi. Трэба выходзiць на сушу, але малюсенькай жабцы надзвычай цяжка гэта зрабiць. Выпаўзе на бераг i назад у ваду; зноў на сушу... i з кожным разам на нейкi сантыметр усё далей ад стыхii, у якой нарадзiлася. Я перажываю за жабак, а жонка з вёдрамi туды-сюды — палiвае капусту кальрабi, брусельскую, брокалi, цвятную, белакачанную... Нiхто яе не прымушае, я нават адгаворваю, але кожны чалавек — гаспадар свайго лёсу... Дзесьцi на пачатку жнiўня ўсе апалонiкi пакiнулi вадаём i ўсе, здавалася, супакоiліся. Але неяк ноччу я выйшаў з хаты, уключыў лiхтар i аслупянеў. Няма куды нагу паставiць — паўсюдна скачуць жабкi! Думаў, што ў мяне вывелiся лугавыя цi балотныя жабы, а аказалася, што гэта рапухi — жабы, якiя хаваюцца пад карчамi, каменнем i добра нам вядомыя. Скура ў рапухi хоць i пакрытая бугаркамi i на выгляд жаба непрыцягальная, але надзвычай карысная i нават занесена ў Чырвонаю кнiгу. Закралася авантурыстычная думка: "А можа, стварыць эксперыментальную ферму па развядзеннi гэтых рапух ды пастаўляць iх на Захад!?" Сёлета маленькiх рапух на агародзе мноства. Хоць большасць i не перазiмавала, але тыя, што выжылi, ужо памерам з гузiк. Жывуць гэтыя жабы да 40 гадоў, так што i пасля мяне экалагiчная сiтуацыя на агародзе будзе пад поўным кантролем. Прырода — вялiкi рэгулятар i ў ёй усё мудра. Хваляваўся: а што будзе, калi i сёлета выйдзе на бераг з майго вадаёма столькi ж земнаводных? А гэтым летам — нiводнага апалонiка. Праўда, у мяне цяпер iншы клопат. Упусцiў у ваду двух карпаў памерам у далонь. Выратаваў iм жыццё, бо рыбу прывезлi на продаж, а яны ў адказ адгрызлi сцяблiны гарлачыка. I яшчэ прыкмецiў, што мае карпы дужа любяць сыр "Галандскi". Толькi пакрышыш, як ужо няма. Не ведаю, як рыба на сыры прыбаўляе ў вазе, але рэнтабельнасць тут з мiнусам. Пад зiму карпаў трэба выпусцiць у раку, бо ў вадаёме пад лёдам затхнуцца, а з’есцi не змагу — прывык... Неяк зайшоў сусед, ён трымае каня i ўсiм дачнiкам наўкол заворвае соткi, паглядзеў на вадаём, нiчога не сказаў, але, адыходзячы, пакруцiў галавой. I за гэта дзякуй, хоць на гэты раз не павучаў, як жыць. Жонка таксама любiць паглядзець на ваду, але разам з гэтым iншым разам скажа: "Вось прыйдзе ў гэтую хату другi гаспадар i з матам будзе ў яму ад твайго вадаёма скiдваць попел i смецце". Магчыма, так i будзе, але мяне радуе гэты дзень, гэтая хвiлiна, бо жыццё такое кароткае. Сымон Свiстуновiч.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Зямля — гэта рай, падораны нам Прыродай, i чалавеку вельмi важна знайсцi ў iм свой куточак
|
|