Тамашоўка — мяжа краіны
Тамашоўка — мяжа краіны
Наша прымежжа Вёска Тамашоўка мяжуе з дзвюма краiнамi. Па Заходнiм Бугу праходзiць дзяржаўная мяжа Рэспублiкi Беларусь з Польшчай, а крыху на поўдзень — мяжа з Украiнай. Дзейнiчае беларуска-ўкраiнскi пагранпераход "Тамашоўка—Пiшча" на трасе Брэст — Шацк.Гэтыя мясцiны здавён вызначалiся сваёй маляўнiчай прыродай, адметнай гiсторыяй. А ў 70‑я гады мiнулага стагоддзя Тамашоўку i суседнюю Камароўку знакамiтымi зрабiў першы касманаўт Беларусi Пётр Клiмук. Цяпер на радзiме двойчы Героя Савецкага Саюза адкрыты музей касманаўтыкi. У далiне Заходняга Буга, так званым урочышчы Гарынец, на поўнач ад Тамашоўкi археолагi знайшлi пасяленне старажытнага чалавека. Яшчэ ў перыяд неалiту тут жылi рыбакi i земляробы, прашчуры сучасных славян. У часы ВКЛ населены пункт Камароўка на беразе вялiкай суднаходнай ракi адыгрываў ролю своеасаблiвага мiжнароднага скрыжавання. У ХIХ стагоддзi свой фальварак тут абсталяваў пан Тамаш Замойскi. Адсюль, як лiчыцца, i пайшла назва Тамашоўка. У Тамашоўку можна трапiць i цягнiком. А вось станцыя называецца Ўладава. Горад з такой назвай добра вiдаць. Ён лiтаральна за лугам i невялiкiм возерам. Купалы яго храмаў блiшчаць на сонцы, прыкметныя абрысы будынкаў. Але ва Ўладаву, як некалi, не трапiш з Тамашоўкi. Горад цяпер польскi. Адзiны мост, якi звязваў станцыю з горадам, падарвалi ў часы апошняй вайны. Потым яго шмат разоў вырашалi аднавiць, але далей папер справа не пайшла. Вось так усё перамяшалася ў адной вёсцы. Многiя маюць сваякоў у Польшчы, iншыя — ва Ўкраiне. Але гэта iншыя дзяржавы, вакол мяжа. Уладава ўзнiкла з будаўнiцтвам чыгункi Расiйскай iмперыяй. Калi працягнулi рэйкi, тут расквiтнеў гандаль, ажывiлася будаўнiцтва. Асаблiвай падзеяй для гэтых мясцiн быў прыезд у 1914 годзе на станцыю Ўладава iмператара Мiкалая II. Гасудар наведаў тады дом iнвалiдаў салдатаў руска-крымскай вайны, адкрыты папярэднiкам Аляксандрам III. Цяпер на тым месцы, на жаль, акрамя адзiчэлай алеi нiчога не засталося. Толькi старажылы расказваюць, што чулi ад сваiх дзядоў i бацькоў, якога высокага ўзроўню быў гэты iнтэрнат для старых i хворых воiнаў. Побач былi асобныя могiлкi, дзе знаходзiлi апошнi спачын жыхары таго "пансiяната". Нiчога з гэтага не пакiнула апошняя вайна. Але турыстам тут абавязкова пакажуць не зусiм звычайныя для гэтых мясцiн могiлкi, дзе роўнымi радамi ўкладзены невялiкiя паўкруглыя плiткi. На гэтым месцы пахаваны 1346 салдатаў кайзераўскай Германii, Аўстра-Венгрыi, Польшчы i рускай армii, якiя загiнулi ў баях Першай сусветнай. Наогул зямля блiз Тамашоўкi i Камароўкi занадта шчодра палiтая крывёю. У 1942 годзе фашысты стварылi за вёскай гета, i 2200 яго вязняў знiшчылi. Iх брацкая магiла абазначана сцiплым манументам. А да пачатку вайны тут размяшчалася не адна, як цяпер, а дзве пагранiчныя заставы. 22 чэрвеня пагранiчнiкi ўступiлi ў няроўны бой i 10 гадзiн стрымлiвалi ворага. 33 салдаты i афiцэры — вартавыя гранiцы — засталiся навечна пад Тамашоўкай. Сёння блiз Тамашоўкi таксама знаходзiцца застава Брэсцкай чырванасцяжнай пагранiчнай групы. Застава цяпер ахоўвае дзве мяжы — польскую i ўкраiнскую. За дзесяцiгоддзi змянiлася многае, нават тэхналогii аховы мяжы. Сучасныя пагранiчнiкi, у адрозненне ад папярэднiкаў, у якiх галоўным былi зоркiя вочы i бiнокль, сочаць за непарушнасцю мяжы з дапамогай камп’ютара. На многiх участках устаноўлены камеры. Таму быць у дазоры — гэта яшчэ i быць за манiторам i счытваць iнфармацыю. Як гэта робяць дзяжурныя сяржант Дзмiтрый Зуб i радавы Ўладзiмiр Фралоў (на здымку). Дзмiтрый — брастаўчанiн, Уладзiмiр — з Гомеля. Хлопцы гаварылi, што цяпер, каб трапiць служыць на мяжу, трэба мець не толькi добрае здароўе, але i высокi бал атэстата. Яно i зразумела. А ў звальненне, калi такое здараецца, iм ёсць куды пайсцi. Тамашоўка сёння — суперсучасны аграгарадок. Мясцовае добраўпарадкаванне, малыя архiтэктурныя формы ўражваюць арыгiнальнасцю. Побач са школай узведзены спартыўна-аздараўленчы комплекс з басейнам, стадыёнам, спартыўнай залай. Дарэчы, цэны на сеанс у басейне, на трэнажорах нашмат нiжэйшыя за гарадскiя. Аграгарадок Тамашоўка — гэта яшчэ i наблiжаная да гарадской iнфраструктура, тутэйшыя гасцiнiца i рэстаран упэўнена трымаюць марку. I галоўнае, вяскоўцам ёсць дзе працаваць i зарабляць грошы. Адкрыты невялiкiя прадпрыемствы. ААТ "Камароўка" — перспектыўная гаспадарка. Як сказаў яе дырэктар Васiль Пракаповiч, летась сярэдняя зарплата працаўнiкоў склала 540 тысяч рублёў, сёлета яна ўжо 680 тысяч. Вядуцца вялiкая рэканструкцыя, будаўнiцтва. Для людзей узводзiцца не проста сучасныя, але i прыгожыя, зручныя дамы. Святлана ЯСКЕВIЧ. Брэсцкi раён.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Вёска Тамашоўка мяжуе з дзвюма краiнамi. Па Заходнiм Бугу праходзiць дзяржаўная мяжа Рэспублiкi Беларусь з Польшчай, а крыху на поўдзень — мяжа з Укра
|
|