А што вы ведаеце пра Першую сусветную?
А што вы ведаеце пра Першую сусветную?
Забытая вайна? "ЗВЯЗДА" ўжо ўздымала на пачатку чэрвеня на сваiх старонках тэму стварэння мемарыялу ахвярам Першай сусветнай вайны (чытайце нумар ад 04.06.2008). Тады мы расказвалi пра былыя вайсковыя могiлкi ў Мiнску ў Старажоўцы i пра перспектыву ўшанавання памяцi салдатаў, якiя там былi пахаваныя. Паводле слоў чыноўнiкаў, добраўпарадкаванне гэтага памятнага месца мусiць пачацца ўжо сёлета. Цi спраўдзяцца гэтыя задумы — хутка пабачым. А сёння мы працягваем распачатую справу — i прапануем вашай увазе гутарку пра тую амаль забытую вайну ды пра яе наступствы з Дзмiтрыем ШЛЯХЦIНЫМ, старшым навуковым супрацоўнiкам Нацыянальнага музея гiсторыi i культуры Беларусi.— Дзмiтрый, дык адкуль жа ўзялася Першая сусветная? — Першая сусветная вайна — гэта вынiк складвання iмперыялiстычнай сiстэмы ў 2-й палове ХIХ — пачатку ХХ стагоддзя. У тыя часы ўжо канчаткова сфармiравалася каланiяльная сiстэма, каланiяльныя рынкi збыту памiж вялiкiмi дзяржавамi былi падзеленыя, а эканомiка пачала паступова заходзiць у тупiк, бо для яе далейшага развiцця патрэбны былi новыя рынкi збыту, а iх ужо не было. Да таго ж у краiн было шмат прэтэнзiй адзiн да аднаго: Германiю цiкавiла тэрыторыя Польшчы i Прыбалтыкi, а таксама не падабаўся моцны ваенна-марскi флот Англii, Францыя хацела ўзяць рэванш за паражэнне ў франка-прускай вайне i адагнаць Германiю ад сваiх афрыканскiх калонiй, балканскiя дзяржавы таксама мелi кожная свае iнтарэсы... Карацей, сiстэма ўзаемаадносiнаў была вельмi складанай. Любая зачэпка магла стаць пачаткам вайны. Дыпламаты ўжо нiчога не маглi зрабiць, бо Еўропа была настолькi мiлiтарызаваная, што вайна здавалася нават неабходнай, каб унесцi разрадку ва ўзаемаадносiны. I нарэшце фармальная зачэпка была знойдзена: забойства ў Сараеве аўстра-венгерскага спадчыннiка крон-прынца Фердынанда. Ну, здаецца, забiлi. Ну, падумаеш, нейкi там Гаўрыла Прынцып, гiмназiст са сваiмi поглядамi... А вось — Аўстра-Венгрыя аб’яўляе вайну Сербii. За Сербiю ўступаецца Расiя. У адказ — Расii аб’яўляе вайну Германiя... I далей, як снежны камяк — дзяржавы абменьваюцца дэкларацыямi аб аб’яўленнi вайны або пачатку ваенных дзеянняў. А вось тут i пачалося самае непрадказальнае. Бо нiводзiн еўрапейскi военачальнiк, няхай у яго хоць сем пядзяў лоб, няхай ён тройчы маршал i двойчы герой, не ведаў, якой гэтая вайна будзе насамрэч. Нi германская, нi англiйская, нi французская тактыкi, па сутнасцi, сябе не апраўдалi. Усё, што адбылося пасля, адбылося так, а не iнакш, менавiта з-за таго, што армii не ведалi, як ваяваць з такiм выдатным узбраеннем, якога не было ў ХIХ стагоддзi, i як яго выкарыстоўваць на такiм вялiзным тэатры ваенных дзеянняў. — А што адбывалася на тэрыторыi Беларусi, як тут развiвалiся падзеi? — На ўсходнiм фронце, а ў адносiнах да Заходняй Еўропы наш фронт усходнi, расiйская армiя спачатку спрабавала правесцi ўсходне-прускую аперацыю, аднак яна аказалася няўдалай — за прамежак часу са жнiўня 1914 па канец жнiўня 1915 года Расiя згубiла Ўсходнюю Прусiю i Польшчу. А ў пачатку верасня 1915 года немцы прыйшлi i на беларускiя землi. Расiйская армiя на гэтым фронце прыносiла вялiкiя ахвяры, каб скаваць сiлы працiўнiка i стварыць умовы для баявых дзеянняў саюзнiкаў па Антанце (Англii i Францыi) на захадзе. Самай буйной аперацыяй на нашай тэрыторыi быў Свянцянскi прарыў, праведзены германскай армiяй на паўночным захадзе Беларусi. Немцы паспрабавалi ўвайсцi ў стык памiж дзвюма армiямi i такiм чынам прабiць брэш. Iм спачатку пашанцавала гэта зрабiць, аднак расiйскае камандаванне кiнула ўсе магчымыя рэсурсы, каб гэты прарыў лiквiдаваць. I ён быў лiквiдаваны. З таго моманту лiнiя ўсходняга фронту практычна не змянялася да 1917 года i праходзiла праз Дзвiнск—Паставы—Смаргонь—Баранавiчы—Пiнск. Такiм чынам фронт падзялiў Беларусь на дзве часткi. I армii цягнулi адсюль практычна ўсё, бо забеспячэнне было не самым лепшым. Сапраўды, навошта чакаць, пакуль аб’явяцца эшалоны з Цэнтральнай Расii, а тым больш з Сiбiры, калi гэта ўсё можна ўзяць тут шляхам рэквiзiцый? Таму эканомiка на нашай зямлi была падарваная цалкам, а ўсе дасягненнi за апошнi перыяд зноў зведзеныя да мiнiмуму. Калi ўспомнiць войны Вялiкага княства Лiтоўскага з Маскоўскай дзяржавай у XVI стагоддзi, Лiвонскую вайну, Паўночную вайну, вайну 1812 года, то яны ўсе праводзiлiся на тэрыторыi Беларусi, таму наогул дзiўна, што ў нас i насельнiцтва прырастала, i эканомiка неяк развiвалася. I вось iзноў вайна, толькi ўжо Першая сусветная. У прыфрантавой паласе не было нават коней нармальных, каб зямлю ўзараць, бо самых лепшых пазабiралi вайскоўцы ў падводы. Карацей, становiшча тут было найцяжэйшае. — Як ставiлiся вайскоўцы да насельнiцтва Беларусi? Цi была рознiца памiж адносiнамi немцаў i рускiх? — Вайскоўцы паўсюль ставяцца да ўсяго аднолькава. Чалавек з ружжом заўсёды знойдзе сабе харчаванне, i рознiцы тут нiякай няма. Iншая справа, што ў расiйскай армii служылi беларусы. I згадзiцеся, што паводзiць будзеш сябе трохi па-iншаму, калi твая вёска, напрыклад, за тры кiламетры, i ты ведаеш, чаго каштавала выкупiць гэтую зямлю, апрацаваць i гэтак далей. — Дзмiтрый, а чаму вайна закончылася менавiта так, а не iнакш? Якi фактар стаў асноўным для перамогi? — Асноўным фактарам было вычарпанне сiлаў, бо Першая сусветная вайна — гэта вайна на выжыванне. Чыя эканомiка выжыве, у каго хопiць цярплiвасцi i рэзерваў. Асноўная праблема Германii ў гэтым плане заключалася ў тым, што ў яе толькi адзiн выхад да мора, якi быў надзейна перакрыты брытанскiм флотам. Па сушы яна таксама падвезцi нiчога не магла, бо практычна поўнасцю была абкружана франтавой паласой. Таму Германii даводзiлася шляхам напружвання ўнутраных рэсурсаў захоўваць баланс памiж ваюючымi бакамi. Даходзiла нават да казусаў, калi тэлефонныя кабелi даставалiся з зямлi, i з iх знiмалi свiнцовую абалонку, бо свiнец быў патрэбны для вытворчасцi куляў i начынкi некаторых боепрыпасаў. У пякарнях у цеста падмешвалi ўсё што заўгодна, абы панiзiць колькасць затратнай мукi... Германiя магла разлiчваць толькi на свае сiлы, а, напрыклад, у Расii былi бязмежныя абшары Сiбiры, Каўказ з нафтай, У Англii — вялiкi флот, якi мог падвезцi неабходнае з калонiй. I недзе з канца 1916 года Германiя пачала выдыхацца, калi ўжо былi прызваны ў войска ўсе чэргi рэзервiстаў, i такiм чынам, менавiта канчатковае знясiленне Германii i падвяло яе да перамiр’я, а потым i да заключэння мiру. — Кажуць, што менавiта Першая сусветная вайна дапамагла некаторым нацыям — напрыклад, палякам, венграм — атрымаць сваю дзяржаўнасць. А што атрымала ў гэтым плане ад вайны Беларусь? — Я лiчу, што для стварэння сваёй дзяржаўнасцi ў Беларусi ўмоў не было. Па-першае, тэрыторыю перасякала лiнiя фронту. Па-другое, на што абаперцiся нацыянальнаму ўраду? У адрозненне ад Польшчы, сваiх нацыянальных узброеных фармiраванняў у Беларусi створана не было. Польскi легiянер ведаў, што ён змагаецца за незалежнасць Польшчы, бо ён быў iдэалагiчна апрацаваны. А тут жа бедныя салдаты былi расцягнуты памiж вялiкай колькасцю партый, хоць памiж iмi былi i нацыянальна-дэмакратычныя. Да таго ж нам патрэбныя былi знакамiтыя беларускiя военачальнiкi. А такiх не было. Былi этнiчныя беларусы, аднак яны не ўсведамлялi сябе часткай нацыянальна-дэмакратычнага руху, а служылi Расiйскай iмперыi i яе iдэалогii. Па-трэцяе, важна было i меркаванне вялiкiх дзяржаў. Калi б, напрыклад, Англiя i Францыя сказалi, што так, нас цiкавiць беларуская дзяржава, то можа яна i была б створана. Нават i сёння, калi вы хочаце аб’явiць сваю незалежнасць, трэба знайсцi 2—3 вялiкiя дзяржавы, якiя вас падтрымаюць. А так хоць тройчы абгрунтуйце сваё гiстарычнае права на незалежнасць, правядзiце хоць 50 рэферэндумаў — вас нiхто не прызнае. Напрыклад, у тыя часы было вiдавочна, што Польшча будзе незалежнай дзяржавай, Чэхаславакiя i Венгрыя таксама, а беларускiя тэрыторыi разглядалiся выключна як арэна барацьбы памiж Польшчай i Расiяй. Дый, нарэшце, i само насельнiцтва мала цiкавiлася палiтыкай. Бытавыя ўмовы былi настолькi цяжкiмi, што простаму беларусу было ўсё роўна, у якой дзяржаве жыць... — Добра, незалежнасць мы сваю атрымалi, хоць i на некалькi дзесяцiгоддзяў пазней... Таму давайце лепей пагутарым пра тое, як паўплывала Першая сусветная вайна на далейшы лёс чалавецтва... — Наогул, Першая сусветная вайна — адна з самых страшных. З такой вайной чалавек сутыкнуўся ўпершыню. Да гэтага войны былi не такiмi: альбо займалi меней часу, альбо адбiралi меней жыццяў. А ў Першую сусветную загiнула столькi, колькi ў XVIII i XIX стагоддзях разам, а тое i больш. Тут упершыню была прыменена зброя масавага паражэння — газавая зброя. Гэта мела велiзарнае псiхалагiчнае ўздзеянне на людзей. Уявiце сабе, што на вас iдзе нейкае воблака, i вы ўспамiнаеце, што ўнтэр-афiцэр расказваў нешта пра газавыя атакi... Жах! Былi выпадкi, калi падраздзяленнi адмаўлялiся здымаць процiвагазы нават калi быў звычайны туман. А што адчувалi маладыя афiцэры, якiя толькi выйшлi са сваiх вучылiшчаў i акадэмiй i адразу сутыкнулiся з тым, што батарэя артылерыi магла знiшчыць дывiзiю за пяць хвiлiн, што два кулямёты маглi выкасiць брыгаду, што чалавечае жыццё нiчога не каштавала, што афiцэр мог загадаць закiдаць варожыя дзоты трупамi, каб проста заткнуць кулямёты?.. Гэта было вельмi складана ў псiхалагiчным плане для чалавека, якi яшчэ не быў унутрана гатовы да шалёнага ХХ стагоддзя. Да наступнай вайны, Другой сусветнай, чалавек быў ужо маральна падрыхтаваны, бо з расказаў бацькоў, дзядоў ведаў i пра мабiлiзацыi, i пра эшалоны з салдатамi, i пра кучы трупаў, i пра горы пустых гiльзаў ад артылерыйскiх снарадаў... Без Першай сусветнай не было б Другой сусветнай, i таго, што мы маем цяпер, таксама не было б. Развiццё нацыянальных рухаў ва ўсiм свеце, змены ў эканомiцы, выхад у лiдары ЗША — усё гэта вынiкi Першай сусветнай вайны. — Давайце iзноў вернемся ад высокiх матэрый, да нашай гаротнай зямелькi, прычым амаль у лiтаральным сэнсе: чаму так адбылося, што ад немцаў засталося па лiнii былога фронту шмат вайсковых бетонных збудаванняў, а рускiя ўмацаваннi ў асноўным былi з зямлi ды дрэва? — Ну, не толькi драўляныя, былi дастаткова магутныя расiйскiя ўмацаваннi i з бетону ў паўночна-заходняй Беларусi, аднак яны, на жаль, не даследаваныя. А што датычыцца немцаў, то яны разумелi, што вайна тут асела дастаткова глыбока, што рускiя будуць трымацца тут хоць зубамi, таму сiстэму бетонных умацаванняў палiчылi вельмi зручнай. Да таго ж у iх i магчымасцi былi — дастатковая колькасць матэрыялаў i iнжынернага комплексу. Расii было цяжэй, бо ў часы вайны яе транспартная сiстэма разладзiлася канчаткова, бо не вытрымала вайсковага напружання... — А можа пару адрасочкаў найбольш цiкавых збудаванняў тых часоў падкажаце? — Небяспечна. Бо кожны год прыязджаеш i бачыш усё новыя i новыя ямкi. А такi помнiк трэба даследаваць належным чынам, бо кожная гiльза, кожны асколак можа iстотна павялiчыць нашыя веды пра падзеi, якiя разгортвалiся тут. А капальнiкi-аматары такiя помнiкi проста знiшчаюць. З кожнай такой ямкай у нас усё меней i меней застаецца фактаў... Дый насельнiцтва не ўсведамляе каштоўнасцi адгалоскаў Першай сусветнай. Я, памятаю, бачыў, як адной каскай вароты падпiралi, у двух касках у бабкi герань у двары стаяла. А такая каска ў Расii долараў 200 каштуе. Цi во бочачка ад процiвагаза: у нас яе вельмi любiлi выкарыстоўваць як тару пад салiдол. У мiнулым годзе я з археолагамi ездзiў у паўночна-заходнюю Беларусь, дык хлопчык прывалок каску расiйскую часоў Першай сусветнай, у якой былi дзiркi прабiтыя — служыла добрым друшляком. У адной вёсцы дык у кожнай гаспадарцы ёсць швайкi для заколкi кабаноў, зробленыя з нямецкiх штыкоў, прычым кожны — адмысловым чынам! "А што, — кажуць мужчыны, — i дзед мой калоў, i прадзед, i бацька, i я, i сын мой калоць будзе...". Зараз можна над гэтым пасмяяцца, але ўявiце сабе разруху, якая была пасля вайны, калi народ быў вымушаны такiм чынам выжываць... I так i перадаецца з пакалення ў пакаленне. Таму i не ведаеш, за якi канец палкi трэба брацца: альбо культурны ўзровень насельнiцтва ўзнiмаць спачатку, альбо драконаўскiя меры ўводзiць... А калi вярнуцца да помнiкаў Першай сусветнай, то скажу, што прафесiйна раскапаць сiстэму бетонных умацаванняў вельмi складана. Бо трэба правесцi iнжынерныя работы, каб выявiць, у якiм стане знаходзяцца збудаваннi, а потым усе дасканала перакапаць, а паколькi сiстэма такiх умацаванняў можа расцягнуцца на некалькi кiламетраў, то гэта проста грандыёзная праца, на якую трэба вельмi шмат грошай i часу. I патрэбны прафесiяналы з дзяржаўнай сферы, а не прыватныя асобы, хай яны сябе i называюць ахоўнiкамi гiсторыi, бо раскрыццё помнiкаў такога кшталту патрабуе вельмi сур’ёзнага i грунтоўнага падыходу. Але такiх прац цяпер не вядзецца з-за галоўнай праблемы — фiнансавай. Хоць вельмi цiкава было б раскрыць якiя-небудзь умацаваннi, музеефiкаваць iх, зрабiць цiкавымi турыстычнымi аб’ектамi. А пакуль рэшткi ад Першай сусветнай вайны даследуюць у асноўным аматары-краязнаўцы: звяртаюцца ў Расiю па архiўныя дакументы, пiшуць артыкулы, публiкуюць. А каб дзяржава ўзяла пад ахову помнiк, то трэба спачатку даказаць, што ён з’яўляецца каштоўнасцю. А iншы раз гэта даказаць можна толькi праз даследаванне. Ну й, напрыклад, раскапалi сiстэму ўмацаванняў, знайшлi для гэтага грошы. А што потым рабiць? Пакiнуць так? Зрабiць музей? Дык каб ён акупiўся за кошт турыстаў, трэба, каб гэта была сапраўдная турыстычная Мека... Таму iснуе пункт гледжання, што хай яно будзе само ў сябе закансервавана, мо болей захаваецца да тых часоў, калi ў нас з’явяцца рэальныя магчымасцi. У нас шмат цiкавых аб’ектаў, якiя пакуль нiкому не вядомыя, ну, мо за выключэннем леснiкоў ды мясцовых жыхароў. Трэба вывучаць умацаваннi пад Смаргонню, збудаваннi ў раёне Свянцянскага прарыву... — А як лiчыце, наколькi рэальна з’яўленне якой-небудзь дзяржаўнай праграмы па вывучэннi такой "спадчыны" ад Першай сусветнай вайны? — Эх... Мяркую, што ў блiжэйшыя часы нерэальна, бо культура патрабуе для сябе дастаткова шмат сродкаў, аднак не дае матэрыяльнай аддачы. На сёння мы такой раскошы дазволiць сабе не можам... — Можа тады пабудаваць якi-небудзь мемарыяльны комплекс у памяць пра ахвяраў Першай сусветнай вайны? — Так, безумоўна. У Смаргонi, напрыклад, зроблена вельмi шмат для ўвекавечання памяцi загiнулых салдатаў. Аднак гэта прыватная iнiцыятыва, гэта не той узровень. У Мiнску, напрыклад, ёсць на Востраве слёзаў помнiк воiнам-iнтэрнацыяналiстам, а чаму беларусы, якiя служылi ў расiйскай iмператарскай армii, не вартыя такога ж мемарыяльнага аб’екта высокага дзяржаўнага ўзроўню? Хай ён будзе i не ў сталiцы, а на перыферыi, але хай гэта будзе важны аб’ект, хай будзе ўпiсаны ў турыстычныя маршруты i хай прыцягвае ўвагу. На жаль, такога комплексу ў нас цяпер няма, бо Першай сусветнай вайне ў савецкi перыяд не надавалася вялiкага значэння. — Дзе можна было б стварыць такi мемарыяльны комплекс, як мяркуеце? — Тая самая Смаргонь, напрыклад, але на iншым узроўнi. Раён Нарачы, дзе вельмi шмат пахаванняў салдатаў. Паўднёва-заходняя Беларусь, пра якую я ўжо неаднаразова ўзгадваў. Можна зрабiць музей на аснове якога-небудзь помнiка фартыфiкацыi, але гэта вельмi складана ў грашовым плане. Вось толькi я лiчу, што аб’ект не павiнен быць камерцыйным, там не трэба ладзiць авiясалонаў, паказальных баёў i гэтак далей. Гэта павiнна быць месца, куды б чалавек прыйшоў, паглядзеў, паразважаў, нешта пераасэнсаваў ды памянуў тых, хто тут калiсьцi ваяваў... — Нешта накшталт Хатынi? — Можа быць i так. Бо калi бачыш усе гэтыя бетонныя ўмацаваннi, якраз Хатынь i ўспамiнаецца сваiм архiтэктурным рашэннем, сваёй цiшынёй... — Дзякуй вам, Дзмiтрый, за гутарку. Можа што хочаце сказаць яшчэ напрыканцы? — Хачу запрасiць усiх 27 чэрвеня а 16-й гадзiне на адкрыццё выставы "Батальны лубок i ваенны плакат" у фiлiял Нацыянальнага музея гiсторыi i культуры Беларусi "Дом-музей I з’езда РСДРП". На гэтай выставе, прысвечанай 90-годдзю заканчэння Першай сусветнай вайны, будуць прадстаўленыя 22 лубочныя плакаты i 15 паштовак iнфармацыйнай i сатырычнай тэматыкi, з дапамогай якiх абуджалася пачуццё патрыятызму сярод салдатаў i насельнiцтва. Акрамя таго, у нашым музеi ёсць шмат рэчаў, звязаных з гэтай вайной: фотакарткi пачатку ХХ стагоддзя, калекцыя плакатаў, розныя рэчы ўдзельнiкаў вайны — галаўныя ўборы, ранцы, патронныя падсумкi, дэталi абмундзiравання, рыдлёўкi, кiркi, штыкi, халодная i агнястрэльная зброя i яшчэ шмат чаго. Частку з гэтага можна будзе паглядзець на выставе, так што чакаем вас — выстава будзе працаваць да 21 верасня штодня (акрамя панядзелка) з 11:00 да 19:00. Гутарыў Павел БЕРАСНЕЎ.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
"ЗВЯЗДА" ўжо ўздымала на пачатку чэрвеня на сваiх старонках тэму стварэння мемарыялу ахвярам Першай сусветнай вайны (чытайце нумар ад 04.06.
|
|