21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Блізняты, двайняты, або Вiват, "мацi народа"

26.08.2009 10:21 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Блізняты, двайняты, або Вiват, "мацi народа"

На 36 кватэр майго пад’езда тыпавой панэльнай дзевяцiпавярхоўкi чатыры сям’i маюць двайнят. Гэта намнога больш, чым сярэднестатыстычны паказчык, такое вось супадзенне. Праўда, цяпер засталося тры, бо дачка гаспадынi двухпакаёвай кватэры на сёмым паверсе нядаўна пераехала з мужам i блiзняткамi ў асобнае жыллё. А самыя старэйшыя двайняты на пад’езд — iх суседзi, дочкi Галiны i Уладзiмiра. Прыгажунi, моднiцы, яркiя брунеткi — могуць упрыгожыць сваiмi здымкамi любы глянцавы часопiс. Цяпер дзяўчатам крыху за трыццаць, а лёсы складваюцца вельмi па-рознаму.

Суседцы маёй, Галiне Пятроўне, яны далiся вельмi цяжка. Аднойчы расказвала, якiмi хваравiтымi раслi дзяўчаткi. Нарадзiлiся яны ў той час, калi пра памперсы, пральныя машыны-аўтаматы, мiкрахвалевыя печы нiхто не чуў. Спадзявацца ва ўсiм даводзiлася толькi на свае рукi. Дзецi з’явiлiся на свет раней тэрмiну, хварэлi часта, дапамагчы не было каму, бо iншагароднiмi маладымi спецыялiстамi яны з мужам жылi ў iнтэрнаце. Не спала мацi з iмi практычна два гады, з бальнiц не вылазiлi. За першыя тры гады, паводле вызначэння Галiны, яна пастарэла гадоў на дзесяць—пятнаццаць. Пайшлi ў школу — пачалiся новыя праблемы, i толькi ў сярэднiх класах дзяўчынкi нарэшце перараслi многiя хваробы, сталi добра вучыцца. "Хто не ведае, таму не раскажаш", — любiць паўтараць Галiна Пятроўна, хоць па жыццi яна, хутчэй, аптымiст, чым песiмiст. Такiя цяжкасцi хутка забываюцца, iх у той цi iншай меры праходзяць ўсе жанчыны, якiя гадуюць дзяцей. Потым звычайныя сямейныя радасцi акупляюць з гакам нават двайныя клопаты першага этапа.

Так i ў сям’i маiх суседзяў усё iшло сваiм парадкам: пераехалi з iнтэрната ў новую кватэру, потым адзначалi выпускны баль дачок, хвалявалiся ў час сесii. Але выраслi дзяўчаты, скончылi школу, i кожная пайшла сваёй дарогай. Надзея стала майстрам-цырульнiкам, Валянцiна мае ўжо дзве адукацыi i паспяхова працуе ў будаўнiчай фiрме. Першая выйшла замуж i выхоўвае трохгадовага сына, а другая, вiдаць, болей засяроджаная на сваёй кар’еры. Мацi ж вельмi перажывае, прафесiйныя поспехi дачкi перасталi ўражваць, калi той перавалiла за трыццаць. Зусiм зразумела, што мацi хочацца, каб яе дачка ўладкавала асабiстае жыццё, нарадзiла дзетак. Хоць i значна старэйшая па ўзросце, Галiна, здараецца, дзелiцца са мной сваiмi думкамi, перажываннямi як з каляжанкай — мацi двойнi. У гэтым сэнсе памiж намi адчуваецца роднаснасць душаў. Нiбыта два суайчыннiкi сустрэнуцца ў далёкiм замежжы, i iм заўсёды знойдзецца аб чым пагаварыць. Таму яна i кажа "хто не ведае, таму не раскажаш" у надзеi на разуменне. А я заўсёды падбадзёрваю, кажу, што i ў Валянцiны ўсё неўзабаве складзецца. Сапраўды, прыгажуня, разумнiца i заслугоўвае самай лепшай долi.

Прыводжу адну з многiх знаёмых мне гiсторый, каб падкрэслiць, што далёка не заўсёды падобныя знешне, народжаныя ў адзiн дзень людзi маюць падобныя лёсы. Часта даводзiлася чытаць пра падабенства жыццёвых калiзiй, пра тэлепатычную сувязь памiж блiзнятамi. Бадай што хрэстаматыйнымi сталi гiсторыi дзвюх немак i двух амерыканцаў. Эрыка i Герда Вагнер былi разлучаныя Другой сусветнай вайной. Але жыццё абедзвюх — чарада супадзенняў. Шмат гадоў яны насiлi адну i тую ж прычоску, аддавалi перавагу аднолькаваму стылю адзення, любiлi аперэту, нават цяжарнымi былi аднолькавую колькасць разоў. Амерыканцы Джым Спiнгер i Джым Люiс таксама выраслi паасобку. Потым высветлiлася, што абое былi жанатыя двойчы, у абаiх першых жонак звалi Лiнда, а другiх — Бэцi, абое курылi цыгарэты адной маркi, адначасова завялi сабе сабак i далi iм аднолькавыя мянушкi. Гэтыя даследаваннi ўпершыню апублiкавалi канадскiя вучоныя, яны ж настойваюць на сваёй версii тэлепатыi памiж блiзнятамi, падобнасцi iх мыслення i эмоцый. Безумоўна, мае права на жыццё i такая тэорыя. Але ж, як казаў класiк, "сухая тэорыя, мой дружа". Асабiста я падобную тэорыю ўспрымаю амаль як казку, легенду. Бываюць жа супадзеннi ў зусiм чужых людзей, узяць хоць бы тых жа двайнiкоў. Здараецца, што ў розных рэгiёнах, розных краiнах жывуць абсалютна падобныя людзi. А, бывае, i дзве сяброўкi маюць, на здзiўленне, падобныя лёсы. Што ўжо казаць пра блiзнят. Дарэчы, трэба адрознiваць: блiзняты зараджаюцца з адной яйцаклеткi мацi, i заўсёды бываюць падобнымi, а двайняты — з дзвюх клетак, i падабенства не абавязкова ярка выражанае. Калi ж верыць астролагам, якiя часта сцвярджаюць, што лёс чалавека вызначаюць зоркi ў час яго нараджэння, то жыццёвыя дарогi ўсiх двайнят i трайнят павiнны быць аднолькавымi. Але жыццё багацейшае за ўсе тэорыi i версii. I аўтар гэтых радкоў у гэтым пытаннi можа выступаць не тэарэтыкам, а практыкам, бо мае сын i дачка нарадзiлiся з рознiцай у адну хвiлiну.

Яны не болей падобныя адзiн на аднаго, чым любыя брат i сястра. Можа, ад таго, што з самага пачатку я настройвалася на тое, што дзецi не будуць аднолькавыя, не дапускала нават думкi пра аднолькавае адзенне, яны i атрымалiся зусiм розныя. Пытанне пра адзенне адпала само сабой, таму што нарадзiлiся хлопчык i дзяўчынка. Любяць яны розныя стравы, чытаюць розныя кнiжкi, дачка гадзiнамi сядзела б за камп’ютарам, а сын любiць усё жывое — катоў, сабак, бабулiных курэй. Пеўня аднойчы за лета ён выдрэсiраваў так, што той не злазiў з рук, насiў у дзюбе кветачку. Словам, дачка аддае перавагу сучаснаму, iнтэлектуальнаму, а сын — жыццёваму, зямному.

Вядома, многа ў iх i агульнага, асаблiва гэта праяўлялася ў дашкольным узросце. Напрыклад, дачка нiколi не гуляла з лялькамi, яна iх цярпець не магла, гуляць любiла з машынамi, трактарамi, як яе брат. Памятаю даўнi выпадак, як напярэдаднi новага года зайшла мая прыяцелька i прынесла iм невялiкiя падарункi — машынку i ляльку. Я тады была на працы. Дачка пазванiла мне i сказала: "Цёця Марына прынесла Сярожу машынку, а мне — нiчога". Тая лялька нават не iшла ў залiк. Не насiла прынцыпова мая моднiца i сукенак. Ёсць нават здымак з аднаго вясновага ранiшнiку ў садку, на якiм усе чыста дзяўчынкi ў прыгожых сукеначках, а мая — у святочным касцюме з блузы i штаноў. Аднак усё гэта я адношу на iх дзiцячую салiдарнасць, калектывiзм, яны ж з першага дня кожную хвiлiну былi разам. Потым гэта выправiлася, згладзiлася, калi пайшла ў школу, падрасла, стала ўсведамляць сябе дзяўчынкай. Пазней узнiклi iншыя праблемы, як i ва ўсiх. Сын асаблiва не задумваецца, што яму апрануць: што ёсць, тое i добра. А юная паненка нiколi не адзене, што не адпавядае яе густу.

Па статыстыцы, у свеце жыве каля мiльёна блiзнят. Прыкладна кожныя 85-я роды шматплодныя. Ад чаго залежыць зараджэнне ў арганiзме жанчыны двух або больш арганiзмаў, навуцы дакладна невядома. У адным з расiйскiх часопiсаў аднойчы давялося чытаць сцвярджэнне вучонага медыка на аснове яго асабiстых назiранняў. Доктар пiсаў, што ў абсалютнай большасцi жанчын паспяванне дзвюх яйцаклетак адначасова можа справакаваць недахоп кальцыю ў арганiзме. Так што, калi не хочаце станавiцца гераiчнай мамай двойнi, на ўсякi выпадак ешце больш прадуктаў, багатых на кальцый. Адна мая знаёмая доктар-гiнеколаг перакананая, што павелiчэннем колькасцi шматплодных родаў, а лiк iх у апошнiя гады прыкметна расце, прырода спрабуе абаранiць сябе ад нашага змяншэння нараджальнасцi. Выходзiць, прырода сама як бы ратуе дэмаграфiчную сiтуацыю.

Прырода ратуе, а грамадства не спяшаецца выказаць салiдарнасць з прыродай. Маю на ўвазе сацыяльную падтрымку бацькоў, якiя забiраюць з раддома больш за адно дзiця. Праўда, апошнiм часам прынятыя ў нашай краiне заканадаўчыя акты гарантуюць дапамогу сем’ям трайнят. Гэтыя сем’i аўтаматычна становяцца шматдзетнымi i маюць некаторыя льготы пры будаўнiцтве жылля. Пры нараджэннi трайнят у дапамогу маме прызначаюць няньку. Першы год такая дапамога вельмi патрэбная. У савецкiя часы, калi жыллё было бясплатным, пры нараджэннi двойнi або тройнi кватэру давалi без чаргi. Гэтым самым падкрэслiвалася паважлiвае стаўленне грамадства да тых, каму прырода падарыла шчодрую мiласць. Цяпер нешта падобнае ў стаўленнi засталося хiба што ў афрыканскiм племенi гун, дзе мацi блiзнят атрымлiвае асаблiвы пажыццёвы статус. Кожны павiнен вiтаць яе рытуальнай фразай, якая ў перакладзе абазначае нешта накшталт "Няхай жыве мацi народа".

У памянёнага народа iснуе павер’е, што з’яўленне блiзнят або двайнят прыносiць шчасце i дастатак. У некаторых мясцовасцях нашай краiны, як сведчаць этнографы i фалькларысты, iснавалi забабоны процiлеглай накiраванасцi, калi шматплодныя роды лiчылiся прадвеснiкам бяды. Але гэта, на шчасце, у далёкiм мiнулым. Цяпер двух- або трохмесныя каляскi выклiкаюць замiлаванне ў прахожых. Варта толькi памятаць будучым бацькам блiзнятак, што каляскi не ўваходзяць нi ў дзверы, нi ў лiфт, што клопаты i бяссонныя ночы будуць у квадраце, а ўсе пакупкi ў двух экзэмплярах. Але ўсё гэта трэба перажыць, перацярпець, перамагчы. Паверце, яно таго вартае.

Святлана ЯСКЕВIЧ.

 

 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
На 36 кватэр майго пад’езда тыпавой панэльнай дзевяцiпавярхоўкi чатыры сям’i маюць двайнят. Гэта намнога больш, чым сярэднестатыстычны паказчык, такое
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика