Мясцовыя далікатэсы, альбо Што палохае ў райдарах беларускiх артыстаў?
Мясцовыя далікатэсы, альбо Што палохае ў райдарах беларускiх артыстаў?
Лета, пайшлi "базары" пра тое, чаго хочуць зоркi, i якой незвычайнай увагi да сябе патрабуюць, каб падкрэслiць тую самую сваю "зорнасць". І зразумела, калi замежныя цi расiйскiя. Але ж i нашы, беларускiя, дазваляюць сабе нейкiя жаданнi, якiя могуць таксама нечым здзiвiць арганiзатараў канцэртаў, напрыклад, таго ж "Славянскага базару". Нядаўна мы даведалiся, што, маўляў, нашы таксама не промах, па райдары морапрадукты заказваюць... А чаму б i не? Яны ж носяць высокае званне артыстаў, некаторыя — заслужаных цi народных. I маюць права не толькi на тое, каб быць любiмымi, а па-чалавечы могуць мець нейкiя прыхiльнасцi, якiя адлюстроўваюць у сваiх райдарах. Хоць бы чыста тэарэтычна. Але як гэта бывае ў нашых артыстаў на практыцы, мы паспрабуем разабрацца. Магу спяваць, а магу i не спяваць Райдарам артыста называюць пералiк умоў i патрабаванняў да арганiзатараў. Па сутнасцi, гэта тыя ўмовы, без якiх канцэрт не адбудзецца. Таму што калi нешта не так, то артыст можа нават адмовiцца ад выступленняў, не вяртаючы перадаплату. У кожнага выканаўцы свой райдар, спiс патрабаванняў, якiя павiнны забяспечвацца падчас арганiзацыi канцэрта. I ў кожнага выканаўцы iх два — тэхнiчны i бытавы. З тэхнiчнымi райдарамi зразумела: пералiк марак мiкрафонаў, манiтораў, "комбiкаў" i iншай гукавой i светлавой апаратуры, якая неабходная для выступлення, сцэнiчнага абсталявання. Менавiта ўсе гэтыя складаныя рэчы ўплываюць на якасць канцэрта. Пры складаннi бытавога райдара зоркi праяўляюць фантазiю, жадаючы выканання сваiх капрызаў. Але яшчэ некалькi дзесяцiгоддзяў таму нi пра якiя райдары нiхто не чуў. Усе сялiлiся ў аднолькавыя гатэлi. I хiба толькi народныя артысты маглi прэтэндаваць там на лепшыя (паводле савецкiх уяўленняў ) нумары, тыпу "люкс". Вазiць iх маглi з шыкам хiба што на аўтамабiлi "Волга", калi не ўвогуле на аўтобусе. Харчавалiся за ўстаноўленыя законам "сутачныя". Дзе там было да праяў нейкай iндывiдуальнасцi. I многiя артысты, якiя памятаюць тыя часы, i цяпер не дураць галаву рознымi замарочкамi. Iх хочуць бачыць — i гэта галоўнае. Нагадаюць хiба што пра трохразовае харчаванне, напрыклад, Уладзiмiр Вiнакур цi гурт "Самацветы". Гэта ж галоўнае патрабаванне для беларускага гурта "Сябры". Але з адной агаворкай — пажадана рыбнае меню. Неверагодна — вось яны, нашы "капрызныя" артысты! У грымёрцы iм трэба вада, чай, кава, цукар, сок, "Баржомi". Чытаю райдар "Сяброў" — ён зусiм не засакрэчаны — i разумею, адкуль у iх гэта ўзнiкла. Напрыклад, ездзiць удзельнiкi гурта хочуць на мiкрааўтобусе i аўто прадстаўнiчага класа. Нiчога дзiўнага: гурт, якi часта выступае за межамi Беларусi, у прыватнасцi ў Расii, для працы там (i ўласна адтуль) з’явiлiся звычайныя чалавечыя пажаданнi. Цi не? Хiба некага сёння можна здзiвiць прыхiльнасцю да рыбных страў, якiя больш карысныя i дазваляюць лепш падтрымлiваць форму? Зрэшты, чаму тым жа расiйскiм зоркам гэта дазволена, а калi гаворка пра беларускiх, то ўзнiкаюць нейкiя нюансы?.. Пра тое, што артыст — чалавек са сваiмi прыхiльнасцямi i нават капрызамi, усе даведалiся, калi разам з заходнiмi зоркамi на тэрыторыю былых краiн Саюза прыйшло само слова "райдар", спачатку такое страшнае i незразумелае, але пры падрабязным аналiзе нават карыснае. Гэта ацанiлi ў Расii, дзе склалася свая асаблiвая сiстэма шоў-бiзнэсу, перш за ўсё накiраваная на "чос" па гарадах i весях. З Расii — з любоўю Славуты расiйскi поп-кароль Фiлiп Кiркораў — ён жа кароль райдараў. Яго райдар называюць падручнiкам для маладых зорак. Калi ў горадзе няма сцэны, шырыня якой 15 метраў i глыбiня 10 метраў, то ён не паедзе ўвогуле. Маштаб не той. Акрамя таго, велiчыня зоркi добра адчуваецца на фоне маленькiх зорачак, можа таму да прыезду караля на заднiм плане сцэны павiнна быць зорнае неба. Аднак "зорныя" закiдоны Кiркораў найбольш дазвалае сабе ў замежных турнэ. Пра славутыя лiмузiны для Кiркорава ў Беларусi ўсе добра ведаюць, у прыватнасцi ў тым жа Вiцебску. Ды цi не адтуль усе даведалiся пра дзiўныя патрабаваннi Валерыя Лявонцьева: каб у нумары ў любы час дня магло быць створана адчуванне ночы. Жыць расiйскiя зоркi любяць у "люксах" дарагiх гатэляў. "Пяць зорак" папросiць Верка Сярдзючка. Алега Газманава ўвогуле задаволiць дзярждача цi апартаменты. Але калi такiх няма... Тады прадуманыя больш сцiплыя патрабаваннi. Асноўнае для вельмi многiх расiйскiх знакамiтасцяў, якiя едуць зарабляць грошы, — каб у нумары была прыбiральня i папера для яе, душ з гарачай вадой, чыстая пасцельная бялiзна i тэлевiзар. I каб нумар закрываўся на ключ. Раскошу ў выглядзе пяцiзоркавага гатэля i аўто прадстаўнiчага класа ўдаецца атрымаць далёка не заўсёды, калi ездзiш па прасторах сваёй вялiкай краiны. Цi СНД. Многiя расiйскiя знакамiтасцi патрабуюць свайго роду "фэйс-кантролю" пры стасунках з публiкай. Звычайным запiсам у райдарах стала патрабаванне аховы. Спявачка Валерыя хоча бачыць шасцярых цвярозых i акуратна апранутых ахоўнiкаў у суправаджэннi — хто ведае, можа жанчына ўсё яшчэ баiцца пераследу былога мужа?.. Ды ёсць i адваротны бок славы: занадта актыўныя фанаты. I штосьцi нi разу не даводзiлася чуць пра тое, што фанатаў баяцца беларускiя зоркi. Яны больш дэмакратычныя i даступныя, шчыра рады бачыць прыхiльнiкаў. Дзе б iх нi сустракалi — у Беларусi цi ў той жа Расii. Многiя нашы землякi ездзяць з гастролямi ў суседнюю краiну, i кранаюць людзей перш за ўсё сваiм прафесiяналiзмам, а не напускнымi "зорнымi" выкiдамi. Пра тое, як спявае гурт "Беларускiя песняры", мы можам узгадваць. А вось у Расii яго прасцей пачуць. I мiж iншым, тэхнiчны райдар гэтага гурта даволi складаны, патрабуе выдаткаў. I гэта не надзiманая выдумка — спяваюць нашы землякi "жыўцом", ствараючы шматгалосее. За што iх i паважаюць — сапраўды зоркi. — У Расii навучылiся паважлiва ставiцца да артыстаў, — гаворыць Анжэла Далiнiна, дырэктар творчага калектыву заслужанай артысткi Беларусi Iны Афанасьевай: — Яны ставяцца сур’ёзна i да сябе, i да iншых. Калi запрашаюць выступiць, то заўсёды агаворваецца гатэль, вагон, у якiм будзе зручна ехаць. I гэтыя патрабаваннi не лiчацца нейкiмi звышскладанымi. Да Iны ставяцца паважлiва, як да зоркi. А ў сваёй краiне, на жаль, мы часта адчуваем сябе як госцi, у адрозненне ад тых жа расiян, якiя прыязджаюць на буйныя фестывалi. Iм прасцей тут агаворваць усе пытаннi, усе клапоцяцца, як iх лепш прыняць, каб яны адчувалi сябе як дома. А мы сцiплыя... Мы на хатнiх канцэртах райдараў увогуле не выстаўляем. А трэба, каб яны былi. Хоць бы той бок, якi тычыцца грымёрак цi пiтва ў грымёрках. А калi працуеш у дзяржаўнай праграме, то ўвогуле не атрымлiваецца з нейкiмi патрабаваннямi. Але ж элементарная павага да сваiх артыстаў — таксама праява патрыятызму. А мы сябе не любiм самi... Купляйце беларускае Калi даведваешся пра райдары гасцей, то айчынныя артысты здаюцца папялушкамi. I тут становiцца зразумела, што жыццё беларускага артыста не такое зайздроснае. Нашы на гастролях па сваёй краiне не пускаюць пыл у вочы, да справы падыходзяць максiмальна рацыянальна, патрабуюць мiнiмум. — Мы працуем з пэўным колам беларускiх музыкантаў, i нiводнага разу не сутыкалiся з нейкiмi дзiўнымi, нерэальнымi жаданнямi, — адзначае прадзюсар "БМА-груп" Вiталь Супрановiч. — Калi робiм канцэрты ў Мiнску, то патрабаваннi ў артыстаў самыя мiнiмальныя, у асноўным гэта патрабаваннi па гуку. Мы працуем з пэўным колам музыкантаў — альтэрнатыўная музыка, рок. Тут увогуле людзi не разбэшчаныя, адэкватныя, са здаровым розумам. Але я не думаю, што беларусы ўвогуле могуць нешта незвычайнае патрабаваць. Доўга шукала нейкi "кампрамат", ну хоць бы на кагосьцi. I вось знайшла-такi: гурт "Без бiлета" не ў любую правiнцыю, напэўна, запросяць. Гэта ж проста нейкi... гламур: яны просяць каньяк. I каму будзеш тлумачыць, што гэты напой дапамагае звязкам, якiя працуюць у артыста падчас спеваў. А калi з жартам... Усё-такi атрымалася ў мяне знайсцi ну вельмi дзiўны для беларускага артыста райдар. Яго аўтарам стаў Fаt Jое (праект R“B i Hiр/Hор). I ўсяго толькi трэба для поўнага адчування сябе ў мастацтве: 15 порцый запечаных куранят, 15 порцый запечанай рыбы, свежая садавiна, дзве стравы з далiкатэсамi, але каб строга нiякай свiнiны, лiтровая бутэлька Hеnеssi. Але асаблiва мяне пераканаў у зорнасцi вось гэты пункт — у грымёрцы павiнны стаяць 36 толькi што зрэзаных кветак! Усё-такi прыемная рэч — гумар. I добра, калi вялiкiя маштабы недасягальных зорак часам ураўнаважваюцца падобнымi прыколамi нашага гарадка. На фоне такiх прыколаў разумееш, што райдар сапраўды часта можна разглядаць як медыцынскую картку, якая сведчыць аб наяўнасцi зорнай хваробы. I гледзячы на тых, хто надта капрызлiвы цi патрабавальны, неяк прасцей навучыцца любiць тых, хто памятае, што ён артыст, але застаецца найперш чалавекам у сваiх жаданнях. Але калi нехта скажа, што беларускiя зоркi таксама нечага хочуць, то рэзонна можна заўважыць: такая ў iх прафесiя. Маюць права. Цi маюць гумар. Альбо маюць гонар, што асаблiва важна ў краiне, якая ўмее прымаць гасцей. Нашы таксама маюць права на райдар — з морапрадуктамi цi без. Зрэшты, да морапрадуктаў можна аднесцi селядзец, крабавае альбо iкорнае масла ад "Санта-Брэмар", рыбную кансерву. Для некаторых жа таксама далiкатэсы. Нездарма многiя артысты разглядаюць райдар як дадатковую гарантыю таго, што на канцэрце яны будуць сябе добра адчуваць. I калi ёсць магчымасць, то чаму б не спынiцца ў лепшым гатэлi, есцi смачную ежу i працаваць на зручнай канцэртнай пляцоўцы? Будзе добры настрой — i канцэрт атрымаецца цудоўным. Калi артыст галодны, цi дрэнна адпачыў уночы, то чаго ад яго можна чакаць гледачу? Наўрад цi песень на "бiс" цi жартаў звыш нормы. Незалежна ад яго грамадзянства. Ларыса ЦIМОШЫК. А ў вас ёсць асаблiвыя патрабаваннi? — спыталi мы ў беларускiх артыстаў Мiхаiл Фiнберг, народны артыст Беларусi: — Я нiколi не ведаў слова "райдар", увогуле не ўжываю яго. Я непатрабавальны чалавек. Не ездзiў на казённых машынах i не карыстаўся шыкоўнымi нумарамi ў гатэлях. На "Славянскiм базары" я сялiўся год ад году ў сцiплым прафсаюзным гатэлi, у iншы пасялiўся тады, калi стаў членам журы. Я не пiшу, што павiнна быць у пакоi, дзе я пераапранаюся. Мяне нiхто спецыяльна не частуе. I калi ў Расiю еду на гастролi, то не выстаўляю складаных умоў. Нават вязу з сабой мiнскую каўбасу, бяру чай, каб было больш зручна. Па-iншаму ў мяне не атрымлiваецца. Вольга Зiнавая, дырэктар спявачкi Гюнеш: — Узрастаюць цэны ў крамах, натуральна, растуць затраты артыстаў. Прапарцыянальна мяняюцца i iх патрабаваннi. У кожнага яны свае. Што датычыцца нашых паслуг, то ў нас райдар даволi гiбкi. Мы працуем i для дзяржаўных структур, а гэта зусiм iншыя кошты i магчымасцi. У Расii працуем па iншых правiлах, чым тут. У Беларусi райдар можа быць розным у залежнасцi ад сiтуацыi. Нават па тэхнiцы. Адна справа, калi трэба выйсцi з адной песняй у "салянцы". Iншая — калi трэба адпрацаваць жывы канцэрт, тут ужо ўзнiкаюць складанасцi па гуку, зразумела, зусiм iншыя патрабаваннi да арганiзатараў такога канцэрта. Сяргей Кравец, артыст вясёлага жанру: — Я добра ведаю ўсiх нашых артыстаў i не магу ўспомнiць, каб патрабавалi нешта экзатычнае. Што могуць папрасiць — дык гэта чай, каву i ваду. З ежы ўвогуле нiхто нiчога не патрабуе. Магчыма, калi ў iх пытаюць пра пажаданнi, калi ёсць прапановы з боку арганiзатараў, то можна i выбраць. Я ўдзельнiчаў у мюзiкле "Прарок" у Расii, там усе былi нашы, але нiхто нiчога не патрабаваў. Гастраляваў у розных краiнах i звычайна калi што i прасiў, то ваду цi сок. Увогуле не маю звычкi есцi падчас канцэрта, цi калi вяду нейкае мерапрыемства. Я доўга быў арт-дырэктарам клуба i ведаю гэтую кухню з райдарамi. Нават маскоўскiя зоркi прасiлi садавiну, ваду, чай i, магчыма, бутэрброды. Нейкай асаблiвай ежы не было. Яшчэ i таму, што людзi сочаць за сабой, прытрымлiваюцца дыеты. Як я — трымаюся посту, i ведаю дакладна, што майму арганiзму трэба.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Лета, пайшлi "базары" пра тое, чаго хочуць зоркi, i якой незвычайнай увагi да сябе патрабуюць, каб падкрэслiць тую самую сваю "зорнасць
|
|