У грыбковых iнфекцый пазногцяў хуткага лячэння няма
У грыбковых iнфекцый пазногцяў хуткага лячэння няма
Лечымся з розумам Лета — цудоўны час. Моры-азёры, сонца, пляжы. I нiякiх думак аб хваробах. Але не заўсёды трэба страчваць пiльнасць. Вось, напрыклад, такая дакука, як грыбок можа прычапiцца да вас на пляжы. А пазбавiцца ад яе вельмi няпроста. Больш падрабязна аб грыбковых iнфекцыях скуры ступняў (мiкозы ступняў) нам расказаў загадчык амбулаторнага дэрматавенералагiчнага аддзялення № 4 Мiнскага клiнiчнага скурвендыспансэра Уладзiмiр Яромiч. Самi па сабе мiкозы быццам бы i не з’яўляюцца сур’ёзнай праблемай — ад гэтага не памiраюць. Але з iншага боку, паталогiя далёка не бяскрыўдная. Своечасова нераспазнаная i нялечаная мiкатычная iнфекцыя скуры можа садзейнiчаць распаўсюджванню хваробы на iншыя ўчасткi цела. Ды i самi па сабе мiкозы ступняў прыносяць шмат нязручнасцяў iх уладальнiку, iстотна пагаршаючы якасць жыцця. Скура падэшваў з часам патаўшчаецца, перасыхае, трэскаецца, а балючыя i нярэдка кроватачывыя трэшчыны ўскладняюць хаду. Пацыенты з грыбковымi iнфекцыямi скуры пакутуюць ад розных псiхалагiчных станаў з-за касметычных i фiзiчных праяў iнфекцыi. Як правiла, найбольшай рызыцы заражэння спрыяюць цяпло i вiльгаць. Таму часта людзi атрымлiваюць iнфекцыю ў месцах агульнага карыстання: лазнi, душавых, басейнах, на пляжах, у спартыўных залах. Доўгае нашэнне цеснага, нязручнага, дрэнна вентылюемага абутку таксама можа быць прычынай iнфекцыi. Заражэнне магчымае i дома, дзе ёсць адзiн або некалькi членаў сям’i з захворваннем. Перадача iнфекцыi адбываецца i праз прадметы хатняга ўжытку: тапачкi, манiкюрныя нажнiцы, ручнiкi. Развiццю грыбковай iнфекцыi садзейнiчаюць розныя дэфармацыi ступняў, парушэнне кровазвароту ў сасудах ног, цукровы дыябет, вузкiя мiжпальцавыя прамежкi, павышаная патлiвасць скуры ступняў, мiкратраўмы. Захворванне пачынаецца часам спакваля, непрыкметна i доўжыцца дзесяцiгоддзямi. Але без лячэння амаль нiколi не праходзiць, а часам, бывае, прыводзiць да такiх ускладненняў, як экзэма, алергiзацыя арганiзма, далучэнне другаснай гнойнай iнфекцыi, рожыстае запаленне. Як толькi ў чалавека з’явiлiся нейкiя змяненнi на пазногцевых пласцiнках, на скуры — варта занепакоiцца. Спачатку, як правiла, пашкоджваецца скура мiжпальцавых складак ступняў, якая чырванее, запаляецца, пачынае свярбець, што часта прымаецца за банальную апрэласць. Потым з’яўляюцца пухiркi, якiя лопаюцца, ператвараюцца ў эрозii i трэшчынкi. Пасля iх загойвання ў мiжпальцавых складках можна ўбачыць лушчэнне скуры. Паступова ў працэс уцягваецца скура падэшваў, бакавых паверхняў ступняў, якая становiцца сухой з прыкметнымi раўчукамi. Пры доўгiм цячэннi грыбковай iнфекцыi на падэшвах утвараюцца трэшчыны, адбываецца патаўшчэнне скуры. Аб грыбковым парушэннi пазногцевых пласцiнак можна меркаваць па змяненнi iх знешняга выгляду — колеру, празрыстасцi, таўшчынi. Памутненне пазногцяў, з’яўленне белаватых, жаўтаватых, шэрых цi цёмных участкаў пазногцевай пласцiнкi ў выглядзе палос цi плям, iх падоўжаная цi папярэчная счэрчанасць, "з’едзенасць" свабоднага краю, станчэнне аж да адарвання, цi, наадварот, патаўшчэнне да ступенi падабенства з кiпцюрамi драпежных птушак — усе гэтыя сiмптомы сведчаць аб верагодным пашкоджаннi пазногцевай пласцiнкi грыбковай iнфекцыяй. Грыбковая iнфекцыя можа пашкоджваць не толькi скуру i пазногцi пальцаў ступняў, але i кiсцяў, а ў некаторых выпадках — скуру тулава, валасiстую частку галавы. — Калi вы заўважылi ў сябе падобныя сiмптомы, — папярэджвае У. Яромiч, — не адкладвайце вiзiт да дэрматолага, якi перад прызначэннем лячэння паставiць дыягназ з дапамогай лабараторнага даследавання. Я хацеў бы засцерагчы людзей ад самалячэння. Нягледзячы на тое, што ў аптэках ёсць мноства процiгрыбковых прэпаратаў, толькi дэрматолаг можа комплексна ацанiць стан пацыента з грыбковай iнфекцыяй. I толькi спецыялiст зможа падабраць iндывiдуальны метад лячэння для кожнага. Усё залежыць ад таго, якi грыбок выклiкаў паталогiю i якiя часткi цела ён пашкодзiў. Калi, напрыклад, мiжпальцавы кандыдоз лечыцца даволi лёгка пры дапамозе звычайных мазяў, то грыбковыя iнфекцыi пазногцевых пласцiнак патрабуюць больш пiльнай увагi. Усё залежыць ад стадыi захворвання. На пачатковай стадыi ад непрыемнасцяў пазбавiцца адносна проста. Але, як правiла, людзi на гэтым этапе звычайна не звяртаюцца да спецыялiстаў — проста не надаюць значэння дробным змяненням сваiх пазногцяў i хваробу запускаюць. З цягам часу гэта паталогiя пашыраецца i пазногцевая пласцiнка пашкоджваецца практычна поўнасцю. Калi ж больш як дзве трэцi пазногця знаходзiцца пад уплывам грыбка, то хваробу вельмi складана будзе вылечыць вонкавымi сродкамi — спатрэбiцца прымяненне ўнутраных прэпаратаў. А яны цяпер — вельмi нятаннае задавальненне, i прымаць iх трэба доўгi час. Хуткага лячэння iнфекцый пазногцяў не бывае. Прымяняць, напрыклад, вонкавыя прэпараты трэба да таго часу, пакуль не адрасце новая пазногцевая пласцiнка. У сярэднiм жа яна расце 1 мм за 10 дзён. Вось i лiчыце, калi паталогiя пазногця дасягае 0,5 см, то лячэнне зойме 50 дзён. А калi ўзяць увесь пазногаць вялiкага пальца ступнi — а яго даўжыня складае ад 1,5 да 2 см — то карыстацца супрацьгрыбковым прэпаратам давядзецца 150—200 дзён. Прафiлактыка мiкозаў ступняў i анiхамiкозаў * Штодзённа мыйце ногi цёплай вадой з мылам цi пенiстым антысептычным сродкам у выглядзе воднага мыла "Цiтэал". * Сачыце за тым, каб вашы ступнi былi сухiя. Старанна выцiрайце ногi пасля душа, асаблiва памiж пальцамi, выкарыстоўваючы асобны iндывiдуальны ручнiк для ног. Калi вы ўжо заразiлiся грыбком, выкарыстоўвайце кожны ручнiк толькi адзiн раз пасля мыцця. * Сачыце за чысцiнёй дывановых пакрыццяў, падлогi, ваннай, прадметаў iндывiдуальнага выкарыстання (манiкюрных i педыкюрных iнструментаў, губак, мачалак), рэгулярна апрацоўвайце iх мыйнымi сродкамi ("Гiгiена", "Пемалюкс", "Белiзна" i iнш.). * Пацыентам, якiя перахварэлi на мiкоз ступняў, у гарачы час года паказана вонкавае супрацьрэцыдыўнае лячэнне процiгрыбковымi крэмамi, мазямi. Звычайна 2—3 курсы па два тыднi з перапынкам памiж iмi на 7 дзён. * Калi ў сям’i ёсць людзi, хворыя на мiкоз, то лячыцца лепш адначасова, каб не заражаць адно аднаго паўторна. * У лазнях, басейнах i спартзалах нiдзе не павiнна ступаць ваша неабутая нага. * Пасля пляжа трэба прыняць душ з мачалкай i мылам. I яшчэ. Калi вам прызначана лячэнне па прычыне мiкозу ступняў цi анiхамiкозу, трэба памятаць аб дэзiнфекцыi абутку, iнакш усе намаганнi могуць не прывесцi да жаданага вынiку. Да пачатку лячэння правядзiце дэзiнфекцыю ўсяго абутку, якi вы не носiце ў дадзены момант. На працягу лячэння адзiн раз у месяц апрацоўвайце той абутак, якi вы носiце. Для гэтага надзеньце гумавыя пальчаткi. Ватным тампонам, намочаным у 40-працэнтным растворы фармалiну (прадаецца ў аптэцы), пратрыце паверхню абутку. Пакiньце тампон унутры. Абутак змясцiце ў полiэтыленавы пакет, шчыльна завяжыце яго i пакiньце на 48 гадзiн. Потым апрацаваны абутак дастаньце з пакета i праветрыце да знiкнення паху (не менш чым на трое сутак). Замест фармалiну можна выкарыстаць 40-працэнтны раствор воцату, прыгатаваўшы яго з воцатнай эсенцыi. Таксама можна прадэзiнфiкаваць абутак 1-працэнтным растворам хлоргексiдзiну бiглюканату, перавагай якога з’яўляецца адсутнасць непрыемнага паху (прадаецца ў аптэцы). Вольга ШАЎКО.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Лета — цудоўны час. Моры-азёры, сонца, пляжы. I нiякiх думак аб хваробах. Але не заўсёды трэба страчваць пiльнасць. Вось, напрыклад, такая дакука, як
|
|