21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Уладзімiр Пiлiпенка: "Праз тры гады тэмпы будаўнiцтва жылля трэба павялiчыць удвая.

26.08.2009 10:21 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Уладзімiр Пiлiпенка: "Праз тры гады тэмпы будаўнiцтва жылля трэба павялiчыць удвая.

У чэрвенi быў падпiсаны Указ Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь № 291 "Аб некаторых пытаннях развiцця будаўнiчай галiны". Дадзеным дакументам зацверджаны запланаваныя аб’ёмы будаўнiцтва жылля ў нашай краiне на 2009—2011 гады. Перад будаўнiчай галiной указам пастаўлена даволi складаная задача — дасягнуць у 2011 годзе аб’ёмаў будаўнiцтва ў памеры 10 мiльёнаў квадратных метраў жылля. 

Цяпер у краiне будуецца каля 5 мiльёнаў квадратных метраў жылля. Каб дасягнуць амаль двухразовага павелiчэння ўзводзiмага жылля, неабходна аператыўна нарошчваць магутнасцi галiны, якiх у будаўнiчым комплексе зараз не хапае. Аб тым, якiм чынам будзе выконвацца пастаўленая задача, мы папрасiлi расказаць дырэктара Рэспублiканскага ўнiтарнага прадпрыемства "Інстытут НIПТIС iм. Атаева С.С." кандыдата тэхнiчных навук, дацэнта, замежнага члена Расiйскай акадэмii будаўнiчых навук, члена-карэспандэнта Мiжнароднай iнжынернай акадэмii Уладзiмiра Мiтрафанавiча ПIЛIПЕНКУ. У размове ўзяў удзел намеснiк дырэктара iнстытута па навуцы Леанiд Мiкалаевiч ДАНIЛЕЎСКI.

— Для выканання патрабаванняў Прэзiдэнта па нарошчваннi тэмпаў будаўнiцтва жылля ў 2006 годзе навукоўцамi была распрацавана i прынята Саветам Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь комплексная праграма развiцця матэрыяльна-тэхнiчнай базы будаўнiчай галiны на 2006—2010 гады, — гаворыць дырэктар. — Сёлета Мiнiстэрствам з удзелам спецыялiстаў нашага iнстытута была падрыхтавана новая рэдакцыя гэтай праграмы, дзе прапiсаны больш высокiя паказчыкi. Калi ў першапачатковым выглядзе дакумента прадугледжвалася здаць у эксплуатацыю 6,2 мiльёна квадратных метраў жылля ў 2010 годзе, то па новай версii праграмы ў 2011 годзе трэба будаваць ужо 10 мiльёнаў жыллёвых "квадратаў".

— Што трэба зрабiць для выканання гэтай задачы ў першую чаргу?

— Сёння неабходна правесцi карэнную мадэрнiзацыю з iстотным павелiчэннем магутнасцяў усiх домабудаўнiчых камбiнатаў i заводаў зборнага жалезабетону. Цяпер на гэтых прадпрыемствах амартызацыя абсталявання дасягае амаль 100 працэнтаў, бо аднаўленнем тэхнiчнай базы камбiнатаў не займалiся каля 20 гадоў. Маральна састарэлi i прымяняемыя iмi тэхналогii i канструкцыйныя мадэлi ўзводзiмых дамоў. Старое iнжынернае абсталяванне дамоў ужо не стыкуецца з сённяшнiмi патрабаваннямi па энергазберажэннi i камфорту кватэр. Калi выкарыстоўваць у будаўнiцтве дамоў якасныя герметычныя вокны, то пачынае даваць збоi сiстэма вентыляцыi, якая ў свой час распрацоўвалася з улiкам вентыляцыi праз вокны. Сёння выкарыстанне сучасных шклопакетаў прыводзiць да ўзнiкнення ў кватэрах цяжкага паветранага асяроддзя, павышаецца яго адносная вiльготнасць з дапушчальных 50 да 70—80 працэнтаў i павялiчваецца канцэнтрацыя вуглякiслага газу.

Менавiта таму, ствараючы новыя канструкцыйныя сiстэмы будынкаў, трэба выкарыстоўваць зусiм новае iнжынернае абсталяванне па сiстэме вентыляцыi, ацяплення i гэтак далей. Цяпер перад нашым iнстытутам пастаўлена грандыёзная задача па распрацоўцы канструкцыйных сiстэм новага пакалення.

Iнстытутам вядзецца паглыбленая мадэрнiзацыя ўсiх канструкцыйных сiстэм будынкаў, якiя сёння выпускаюць домабудаўнiчыя камбiнаты, гэта:

— 90-я серыя ва ўсiх яе мадыфiкацыях;

— 108-я серыя (выпускаецца Вiцебскiм ДБК);

— 152-я серыя (Гомельскi ДБК).

Распрацавалi цалкам новую канструкцыйную сiстэму на базе зборнага каркаса, яна зарыентавана на заводы зборнага жалезабетону. Вызначана, што сёння гэтыя заводы будуць займацца i масавым будаўнiцтвам жылля. Па гэтых напрамках iнстытутам разгорнута даволi аб’ёмная дзейнасць.

— У апошняе дзесяцiгоддзе ў большасцi краiн СНД сiстэма домабудаўнiчых камбiнатаў была амаль цалкам парушана. Улiчваючы недахопы зборнага жылля, у свой час кiраўнiцтва айчыннай галiны нават разглядала пытанне закрыцця домабудаўнiчых камбiнатаў i пераходу на маналiтнае i каркаснае будаўнiцтва...

— Пры ўсiх сваiх вiдавочных недахопах зборнае домабудаванне мае шэраг пераваг. У прыватнасцi, больш хуткiя тэмпы ўзвядзення i значна меншы сабекошт. Пад уздзеяннем гэтых фактараў у Беларусi было вырашана ад буйнапанэльнага домабудавання не адмаўляцца, а правесцi яго мадэрнiзацыю. У краiне сёння дзейнiчае 14 домабудаўнiчых камбiнатаў — 8 падпарадкоўваюцца Мiнiстэрству архiтэктуры i будаўнiцтва, астатнiя знаходзяцца ў камунальнай уласнасцi аблвыканкамаў.

Мы вывучылi вопыт заходнееўрапейскiх краiн i высветлiлi, што тэхналогiя зборнага домабудавання актыўна развiваецца ў Германii, Швецыi, Фiнляндыi, Iспанii i Iталii. У гэтых краiнах выкарыстоўваюцца такiя тэхналогii, якiя дазваляюць пераналаджваць абсталяванне пад тыя канструкцыйныя сiстэмы, якiя на дадзены момант iм патрэбны. Вiдавочна, што нам сёння трэба арыентавацца на перадавыя заходнiя тэхналогii.

Распрацаваная комплексная праграма развiцця матэрыяльна-тэхнiчнай базы будаўнiчай галiны прадугледжвае на дзеючых домабудаўнiчых камбiнатах правесцi поўную замену састарэлага тэхналагiчнага абсталявання на новае сучаснае з гiбкiмi тэхналогiямi. Сучасныя формы маюць плоскi паддон i магнiтныя барты, дзе выкарыстоўваецца камп’ютарная разметка. У гэтым выпадку магчыма мяняць канструкцыйную сiстэму без замены тэхналагiчнага абсталявання. Тэхналогii гэтых сiстэм распрацоўваюцца навукоўцамi НIПТIСа сумесна са спецыялiстамi заводаў. Абсталяванне будзе закупляцца ў Германii, Iталii i Фiнляндыi.

Сёлета Мiнiстэрства пачала падобную мадэрнiзацыю на чатырох домабудаўнiчых камбiнатах — у Вiцебску, Гомелi, Магiлёве i Светлагорску. Адметнасць запланаванай мадэрнiзацыi заключаецца ў тым, што яна будзе ажыццяўляцца паралельным напрамкам, без памяншэння магутнасцяў домабудаўнiчых камбiнатаў.

Для павелiчэння магутнасцяў будаўнiчай галiны запланавана пабудаваць i новыя домабудаўнiчыя камбiнаты. Напрыклад, у Мiнску будзе наладжана вытворчасць магутнасцю каля 400 тысяч квадратных метраў жылля. Гэты завод узводзiцца пад распрацаваныя нашым iнстытутам канструкцыйныя сiстэмы зборнага каркаса. Запланавана, што завод будзе пабудаваны даволi хутка — на працягу трох гадоў.

Рэканструкцыя "хрушчовак" — мiкрараёнамi 

— Даследаваннi, праведзеныя ў Беларусi i за яе межамi, сведчаць аб тым, што жыллёвы фонд пабудоў 60—70-х гадоў мiнулага стагоддзя "з’ядае" энергii ў 2—3 разы больш, чым сучасныя жылыя дамы. Так званыя "хрушчоўкi" сёння маральна i тэхнiчна састарэлi...

— Праблемай рэканструкцыi старога жылля спецыялiсты "НIПТIСа" пачалi займацца каля 15 гадоў таму, — расказвае Уладзiмiр Пiлiпенка. — У гэтым накiрунку мы працуем сёння ў межах пастановы № 45 Саўмiна, дзе вызначаны аб’ёмы рэканструкцыi, а таксама зацверджана прынцыповая лiнiя на тое, што рэканструкцыя павiнна весцiся комплексна цэлымi жылымi масiвамi. Такi метад рэканструкцыi старога фонду быў распрацаваны намi, як найбольш рацыянальны i эфектыўны.

Сёння распрацаваны канструкцыйныя сiстэмы хуткага мантажу дабудовы будынкаў з 5 паверхаў да 9-павярховых дамоў. Iнстытут прапаноўвае варыянты рэканструкцыi "хрушчовак" з пашырэннем корпуса, паралельным правядзеннем перапланiроўкi будынкаў. Надбудову мансардаў са скарочанымi тэрмiнамi неабходна ажыццяўляць у летнi перыяд, да пачатку сезона моцных дажджоў.

Рэканструкцыя дазваляе не толькi захаваць iснуючы жыллёвы фонд, але i на 60—80 працэнтаў павялiчыць яго памеры за кошт надбудовы мансардаў i дабудовы да iх дадатковых аб’ектаў. Асобныя дамы, сапраўды, можна i знесцi. Тут галоўнае: спалучыць рэканструкцыю старога жыллёвага фонду з будаўнiцтвам новага жылля. Комплексная рэканструкцыя iндустрыяльнай жылой забудовы дае iстотны эканамiчны i сацыяльны эфект.

Абсалютна новае жыллё патрабуе будаўнiцтва iнжынерна-транспартнай iнфраструктуры (яе кошт складае прыкладна трэць ад кошту самога дома), а значыць i сабекошт будынка павялiчваецца на трэць. У старых мiкрараёнах дарогi, камунiкацыi i ўстановы сацкультбыту ўжо ёсць, хоць i патрабуюць рэканструкцыi. Акрамя таго, з часам патрэба ў тым цi iншым канкрэтным аб’екце ў мiкрараёне знiкае, на яго месцы ўжо магчыма будаваць жылы дом, цi сучасны аб’ект iншага профiлю. Усё гэта можна пралiчыць пры складаннi бiзнэс-плана развiцця раёна на перспектыву. Пры такiм комплексным падыходзе паралельна вырашаецца адразу некалькi задач — старому жыллёваму фонду надаюцца сучасныя спажывецкiя якасцi, у старым мiкрараёне ўзводзiцца новае жыллё (больш таннае, чым аналагiчнае ў новым раёне), добраўпарадкоўваецца iнжынерна-транспартная iнфраструктура.

Спецыялiсты "НIПТIСа" ўжо распрацавалi адпаведны алгарытм, якi дазваляе па розных пераменных крытэрыях пралiчыць найбольш эфектыўны i танны спосаб рэканструкцыi мiкрараёна. Прынамсi, комплексная рэканструкцыя з’яўляецца перспектыўнай, бо дазваляе прыцягнуць i сродкi прыватных iнвестараў.

— Бывае, што капiтальны рамонт зацягваецца. Работы па рэканструкцыi запланавана праводзiць без высялення жыльцоў?

— Намi распрацавана тэхналогiя, якая зараз удасканальваецца, па капiтальным рамонце без высялення. Гэта няпростая тэхналогiя, яна патрабуе i тэхналагiчнай падрыхтоўкi, i своечасовага выдзялення сродкаў. Мы вывучылi нямецкi вопыт капiтальнага рамонту, дзе работы па адным пад’ездзе ажыццяўляюцца на працягу толькi аднаго тыдня. Выконваць капрамонты з такой "касмiчнай" хуткасцю можна i ў нашай краiне. Разам з тым для паспяховага ажыццяўлення менавiта такога капрамонту ўжо ў першапачатковым перыядзе трэба мець амаль увесь аб’ём даволi буйных фiнансавых сродкаў.

— Асобныя "гарачыя" галовы прапануюць усе "хрушчоўкi" ў краiне пазносiць, а на iх месцы ўзвесцi новыя вышынныя дамы. Такi варыянт таксама разглядаецца?

— Для правядзення такiх радыкальных мерапрыемстваў сёння ў нашай краiне няма адпаведных сродкаў. Агульная плошча жылля пяцiпавярховых "хрушчовак" складае сёння па краiне каля 25 мiльёнаў квадратных метраў. Знос усiх старых дамоў i будаўнiцтва на iх месцы сучаснага жылля ацэньваецца спецыялiстамi iнстытута ў аб’ёме каля 20 мiльярдаў долараў. Такiх свабодных фiнансавых сродкаў у нашай краiне няма.

— Што варта зрабiць, каб паскорыць правядзенне рэканструкцыi старых пяцiпавярховак?

— Неабходна далейшае ўдасканаленне i аднаўленне заканадаўча-прававой базы па гэтым накiрунку, што зараз i робiцца. Напрыклад, сёння рэканструкцыя цi капiтальны рамонт жылля будзе ажыццяўляцца, калi з iм згодны 50 працэнтаў жыхароў дома плюс адзiн. Раней для правядзення такiх работ неабходна было дасягнуць стопрацэнтнай згоды жыхароў дома.

Попыт на энергазберагальныя тэхналогii дэманструюць рэгiёны 

Паводле задання Мiнбудархiтэктуры прафесiяналы з "НIПТIСа" распрацавалi канкрэтны варыянт "цёплага дома" ў буйнапанэльным выкананнi, дзе задача эканомii энергii вырашана ў комплексе. Эксперыментальны дзевяцiпавярховы энергазберагальны дом быў летась пабудаваны "МАПIДам" у сталiчным раёне Чырвоны Бор.

— Усе кватэры без аддзелачных работ "цёплага дома" былi даволi хутка прададзены на аўкцыёне. Усе жыхары, што жывуць у гэтым доме, задаволены тэмпературным рэжымам i свежым паветрам, — расказвае карэспандэнтам "Звязды" намеснiк дырэктара УП "Iнстытут НIПТIС" Леанiд Данiлеўскi. — Пасля здачы дома жыхарам мы правялi цеплавiзiйнае абследаванне будынка, каб выявiць патаемныя дэфекты будаўнiцтва, калi яны ёсць, i месцы павышанай уцечкi цяпла. Абследаванне выявiла стабiльную аднароднасць сцяны, якасныя стыкi панэляў i цёплыя вокны. У доме выкарыстоўвалiся два вiды вокнаў — суперцёплыя, якi ўдвая цяплейшыя за стандартныя, i звычайныя. З мэтай эканомii ў пад’ездах былi ўстаноўлены звычайныя вокны. Цеплавiзiйная праверка паказала, што праз вокны новага пакалення выходзiць мiнiмум цяпла. Саму аконную каробку i аконныя створкi зрабiлi з камбiнаванага матэрыялу (два слаi дрэва, а памiж iмi эфектыўны ўшчыльняльнiк), выкарысталi энергазберагальны шклопакет, дзе дзве шыбы, з трох iснуючых, маюць напыленыя слаi, якiя адбiваюць iнфрачырвоныя промнi, а значыць, вяртаюць цяпло ў кватэру. Унутры пакет запоўнены iнертным газам аргонам. Пры ўцяпленнi сцен быў выкарыстаны прынцып сэндвiча (шматслойны), замянiлi нягiбкiя металiчныя злучэннi на гiбкiя. Акрамя таго, для тарцавых кватэр, перакрыццяў першых i апошнiх паверхаў прымянiлi больш эфектыўныя матэрыялы.

Сёння каля паловы ўсёй цеплавой энергii з любой кватэры выкiдваецца з адпрацаваным паветрам праз сiстэму вентыляцыi. Гэта вельмi нерацыянальна. Патрэбна было вярнуць цяпло i адначасова забяспечыць нармальную цыркуляцыю паветра. Iнстытут распрацаваў i ўкаранiў у эксперыментальным доме дастаткова танную сiстэму прымусовай вентыляцыi, якая дазволiла вяртаць назад да 90 працэнтаў цеплавой энергii. Даследаваннi ў гэтым накiрунку вялiся каля 10 гадоў i былi фiнансаваны Мiнiстэрствам архiтэктуры i будаўнiцтва Беларусi.

— Як жа працуе новы механiзм вентыляцыi?

— У звычайных дамах буйнапанэльных масавых серый i дамах старога жыллёвага фонду адпрацаванае паветра выходзiць праз вентыляцыйныя шахты. А вось прыток свежага паветра прадугледжваўся праз аконныя форткi i нават шчылiны. Пасля масавай устаноўкi ў дамах шклопакетаў нармальная цыркуляцыя паветра ў кватэрах парушылася. Павысiўся ўзровень вiльготнасцi паветра, канцэнтрацыя вуглякiслага газу, з’явiлася цвiль. Вольны тып вентыляцыi ўжо не спраўляўся з пастаўленай задачай. Новая сiстэма складаецца з двух вентылятараў i цеплаабменнiка, яна ўстанаўлiваецца ў кожнай кватэры, мае аўтаматызаваную сiстэму кiравання i дазваляе рэгуляваць рэжым паветранага абмену, яго тэмпературу i вiльготнасць.

— Праца па распрацоўцы энергазберагальнага жылля атрымала свой працяг у iншых рэгiёнах Беларусi, — расказвае далей Леанiд Данiлеўскi. — Зараз вядзецца праектаванне дома з адпаведнымi энергазберагальнымi паказчыкамi, але ў iншай канструкцыйнай сiстэме, калегамi з прадпрыемства "Гроднаграмадзянпраект". Будаўнiцтва такога энергазберагальнага дома ў гэтым горадзе пачнецца ўжо сёлета. Зараз вядуцца перамовы з Вiцебскам i Наваполацкам аб удзеле нашых распрацовак i спецыялiстаў пры праектаваннi энергаэфектыўнага жылля ў гэтым рэгiёне.

Сёння распрацоўкамi УП "НIПТIС" актыўна пачалi цiкавiцца кiраўнiкi ўпраўлення жыллёва-камунальнай гаспадаркi Магiлёва. Там было прынята рашэнне не аб новым будаўнiцтве цёплага дома, а аб энергаэфектыўнай рэканструкцыi iснуючых будынкаў. Гэта рашэнне надзвычай важнае, бо iстотна пашыраецца спектр выкарыстання сучасных энергазберагальных тэхналогiй. У сiстэме жыллёвага фонду Беларусi прысутнiчае цяпер большасць так званых "халодных" будынкаў, якiя былi пабудаваныя да 1995 года. Агульны аб’ём гэтых будынкаў налiчвае прыкладна 180—190 мiльёнаў квадратных метраў жылля агульнай плошчы. Калi па аб’ёмах гэтага фонду ажыццявiць цеплавую рэканструкцыю будынкаў, з давядзеннем iх параметраў да энергаэфектыўнага дома, то будуць задзейнiчаны сапраўды вельмi вялiкiя рэзервы энергазберажэння.

У Магiлёве, у прыватнасцi, была дасягнута дамоўленасць аб рэканструкцыi невялiкага iнтэрната з надбудовай двух паверхаў лёгкiх канструкцый. З iнтэрната будзе зроблены жылы дом з параметрамi энергаэфектыўнага будынка.

У наступных дамах энергаэфектыўнага накiрунку спецыялiсты iнстытута збiраюцца iстотна знiзiць затраты на гарачае водазабеспячэнне. Так адбылося, што ў эксперыментальным доме ў сталiчным раёне Чырвоны Бор на гарачае водазабеспячэнне выдаткоўваецца энергii амаль у 1,5 раза больш, чым iдзе на ацяпленне. А энергiю трэба эканомiць на ўсiх этапах i ва ўсiх сферах спажывання. Цяпер у экспертаў УП "НIПТIС" падрыхтавана некалькi тэхнiчных рашэнняў, якiя могуць дазволiць знiзiць энергаёмiстасць гарачага водазабеспячэння мiнiмум удвая.

— Упэўнены, што сёння наспела неабходнасць уводзiць новыя стандарты па цеплаахове будынкаў. Пытанне змянення нарматываў страт цеплавой энергii будынка з’яўляецца цяпер, бадай, самым актуальным. Мы разлiчваем, што ў наступным годзе будзе цалкам гатовы распрацаваны iнстытутам тэхнiчны кодэкс праектавання энергаэфектыўных будынкаў, — гаворыць Леанiд Мiкалаевiч.

Будучыня за нанатэхналогiямi 

Далей ён працягвае:

— Цяпер перад намi пастаўлена задача стварыць новы ўцяпляльны матэрыял, здольнасць якога ўтрымлiваць цяпло будзе ў 10 разоў большай, чым у iснуючых узорах. Першыя эксперыментальныя вырабы гэтых матэрыялаў сёння намi ўжо атрыманы. Гутарка iдзе аб парашкова-вакуумным iнавацыйным прадукце, якi ў заходнiх краiнах пачынае атрымлiваць спажывец. Мы збiраемся наладзiць вытворчасць гэтага матэрыялу ў Беларусi да канца 2010 года. Пры стварэннi такiх матэрыялаў выкарыстоўваюцца апошнiя распрацоўкi нанатэхналогiй.

Новы матэрыял таўшчынёй усяго ў 1 сантыметр выконвае ацяпляльную функцыю падобных матэрыялаў памерам да 10 сантыметраў. Прымяненне матэрыялаў такой якасцi дазволiць выконваць любыя складаныя задачы ў сферы будаўнiцтва i абслугоўвання жылля.

Падрыхтоўка маладых прафесiяналаў 

— Недзе 10—12 гадоў таму ў iнстытуце заўважылi праблему кадраў, — расказвае дырэктар УП "Iнстытут НIПТIС" Уладзiмiр Пiлiпенка. — Сярэднi ўзрост супрацоўнiкаў навуковай установы наблiзiўся да 50 гадоў. Неабходна было шукаць "лекi", каб спынiць гэту тэндэнцыю. Пачалi рабiць прэзентацыi перад выпускнiкамi ВНУ, пасля чаго да нас штогод трапляла 5—10 маладых спецыялiстаў. Каб адшукаць для iнстытута лепшых прафесiяналаў, запрасiлi на працу i студэнтаў 3-га курса. Яны працавалi ў нас на чвэрць — цi паўстаўкi па 2—3 гады i такiм чынам рыхтавалiся да самастойнай працы.

Асаблiва цеснае супрацоўнiцтва ажыццяўляе "НIПТIС" з кiраўнiцтвам БНТУ. На будаўнiчым факультэце ўнiверсiтэта адкрыта кафедра рэканструкцыi будынкаў i забудоў. Цяпер з дэканам факультэта Мiкалаем Голубевым працягваюцца перамовы аб увядзеннi ў БНТУ спецыялiзацыi па праектаваннi будынкаў i пабудоў.

Гэтыя актыўныя намаганнi прывялi да таго, што ў апошнiя часы iнстытут штогод прымае на працу каля 20—30 маладых спецыялiстаў. Сёння з 370 работнiкаў iнстытута больш за 170 чалавек — гэта маладыя спецыялiсты ва ўзросце да 35 гадоў. Значыць, калектыў мае перспектыву.

Матэрыял падрыхтавалi Сяргей КУРКАЧ,

Веранiка ХIЛЬКЕВIЧ, Яўген ПЯСЕЦКI (фота).

 

Запрашаем да супрацоўнiцтва:

УП "Iнстытут НIПТIС iм. Атаева С.С."

220114, г. Мiнск, вул. Ф. Скарыны, 15. Тэл. 263 81 91. Факс 263 51 21

E-mail: up-niptis@rambler.ru

 

 

 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У чэрвенi быў падпiсаны Указ Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь № 291 "Аб некаторых пытаннях развiцця будаўнiчай галiны". Дадзеным дакументам за
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика