Долару прадракаюць банкруцтва?
Долару прадракаюць банкруцтва?
Чуткi наконт таго, што ў хуткiм часе амерыканскi долар можа замянiць новая адзiная паўночнаамерыканская валюта амера, — тэма, якая ўсплыла летась на паверхню пасля сустрэчы ў жнiўнi лiдараў ЗША, Канады i Мексiкi. Iдэя кантынентальнага аб’яднання, якая абмяркоўвалася кiраўнiкамi трох найбуйнейшых дзяржаў кантынента, дала некаторым спецыялiстам нагоду выступiць з ашаламляльным меркаваннем-прагнозам: маўляў, размова iдзе не толькi аб стварэннi ў будучым аналага Еўрасаюза, але i аб плане па банкруцтве амерыканскага долара. На карысць гэтай версii яны ўзгадалi i той факт, што знешнi доўг ЗША iмклiва павялiчваецца. А гэта, сцвярджаюць асобныя эксперты, гаворыць пра наступнае: урад Злучаных Штатаў трацiць грошы з мэтай канчатковага банкруцтва краiны. Падобнае развiццё сiтуацыi нанясе сакрушальны ўдар па сусветнай эканомiцы, улiчваючы арыенцiр мноства краiн на долар. Змрочныя перспектывы, пра якiя распавядаюць "выкрывальнiкi" магчымай змовы, у стане выклiкаць панiку i сярод насельнiцтва, якому пустыя "зялёныя" паперы ў такiм выпадку не патрэбныя — людзi захочуць як мага хутчэй абмяняць iх на больш надзейную валюту. I ў гэтай справе галоўнае — не спазнiцца... I ўсё ж такi, пра тое, наколькi рэальна, што праект амера — не чыясьцi фантазiя, а сапраўды можа быць уведзены ў дзеянне, мы вырашылi запытацца ў экспертаў. Як лiчыць намеснiк дырэктара Цэнтра сiстэмнага аналiзу i стратэгiчных даследаванняў НАН Беларусi Георгiй Грыц, магчымасць таго, што амерыканцы паспрабуюць такiм чынам пакараць увесь свет — можа здарыцца не пры нашым жыццi. — Сёння каля 70 працэнтаў разлiкаў сусветнага гандлю вядуцца i кацiруюцца ў доларах ЗША, — тлумачыць эксперт. — Таму казаць пра тое, што, дапусцiм, пачынаючы з 1 студзеня 2009 года там будзе ўведзена новая валюта, — несур’ёзна. Тым больш, што сiтуацыя з амерыканскiм дзяржаўным доўгам цяпер мае тэндэнцыю да знiжэння: за апошнiя восем гадоў ён зменшыўся. Iншая справа, якiмi шляхамi гэта дасягаецца. У першую чаргу, гэта змяншэнне намiнальнага кошту долара. Гэта значыць, Злучаныя Штаты такiм чынам павысiлi канкурэнтаздольнасць сваёй эканомiкi. — Цiкава, а каму выгадна распаўсюджваць чуткi наконт планаў у блiжэйшай будучынi па дэфолце долара i ўвядзеннi амера? — Я думаю, што гэта, хутчэй за ўсё, чуткi фiнансавых спекулянтаў, якiя хочуць зарабiць грошы, у тым лiку i на росце кошту энергарэсурсаў. Сур’ёзныя эканамiсты наўрад цi будуць успрымаць размовы пра змову аб банкруцтве долара. А вось эксперт "Звязды", дэкан эканамiчнага факультэта БДУ, прафесар Мiхаiл Кавалёў "прыпiсвае" аўтарства "праекту" аб замяшчэннi долара на новую адзiную валюту тым людзям, якiя не любяць Амерыку. — Усё ж такi для Амерыкi падобны крок — палiтычнае падзенне ў вачах усяго свету, — лiчыць прафесар. — Нават, калi гэта эканамiчна выгадна, ЗША не пойдуць на рэзкую дэвальвацыю курса сваёй валюты. Паводле маiх звестак, наадварот, тыдзень таму iшлi перамовы памiж амерыканскiмi i еўрапейскiмi фiнансавымi ўладамi i яны дамовiлiся ўтрымаць долар. Вы бачыце, за апошнi тыдзень долар крыху памацнеў. Амерыканцы не могуць дапусцiць, каб iх iмiдж ва ўсiм свеце так моцна пацярпеў. Я не выключаю i таго, што згаданыя чуткi сталi i вынiкам перадвыбарнай барацьбы ў ЗША. Зразумела, што ў палiтычнай барацьбе выкарыстоўваецца i курс долара, i пазiцыi кандыдатаў па гэтым пытаннi. Аднак яшчэ раз падкрэслю, Амерыцы рэзка дэвальваваць долар было б фантастычна выгадна — яна б адным рухам управiлася з усiмi гiганцкiмi накопленымi знешнiмi даўгамi. А больш за ўсё ад гэтага б страцiлi Кiтай, Японiя, Расiя. Але мяркую, што гэта абсалютна немагчыма. Iгар ШЧУЧЭНКА.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Як лiчыць намеснiк дырэктара Цэнтра сiстэмнага аналiзу i стратэгiчных даследаванняў НАН Беларусi Георгiй Грыц, магчымасць таго, што амерыканцы паспраб
|
|